30.07.2018 / 08:07

Зялёны партал летась пісаў пра адкрыты зварот жыхароў Бараўлянскага сельсавета да дэпутатаў і прадстаўнікоў адміністрацыі наконт сітуацыі з сацыяльнай інфраструктурай і высечкай лесу. Які працяг мела гэта справа?

Як распавёў мясцовы актывіст Іван Вайтовіч, апошнім часам чыноўнікі фактычна перасталі адказваць жыхарам на звароты. З Міністэрстваў прыроды, лясной гаспадаркі, эканомікі, фінансаў, з Дзяржкантролю і нават з Адміністрацыі прэзідэнта звароты вяртаюцца на Мінаблвыканкам, а адтуль прыходзяць адпіскі. Маўляў, абмеркаванне Генплана раёна скончана, ён адпраўлены на экспертызу, у ліставанні больш не бачым неабходнасці.

Хаця жыхары яшчэ ў чэрвені 2017 года, падчас грамадскага абмеркавання, сабралі 1500 подпісаў супраць Генплана. А ўвосень таго ж года каля 6500 подпісаў пад зваротам наступнага зместу: «Мы, жыхары Бараўлянскага сельсавету, ЗА будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў (дзіцячых садкоў і школ, паліклінікі, фізкультурна-аздараўленчых аб’ектаў і г. д.) у крокавым дасягу, на пустырах, у полі, без высечкі лесу, у сувязі з вострай неабходнасцю будаўніцтва такіх устаноў. Далейшае ўшчыльненне шматпавярховай забудовы лічым магчымым толькі пасля задавальнення ўжо існага попыту ў сацыяльных установах».

Праблемы ў Бараўлянах ужо даўно мінскія, хоць тэрыторыя не ўваходзіць у межы сталіцы, як, напрыклад, пасёлак Сокал, а застаецца сельсаветам. Ходзяць чуткі, што супраць далучэння да сталіцы выступае лобі медыкаў, якія складаюць значную частку насельніцтва сельсавета і не хочуць губляць «сельскія» выплаты (у Бараўлянах дзейнічаюць шэраг медычных устаноў, у тым ліку дзіцячая і дарослая абласныя лякарні, рэспубліканскі анкацэнтр і шпіталь інвалідаў). Зрэшты, далучэнне да сталіцы наўрад ці вырашыць праблемы сельсавета.

У Бараўляны, як і ў Сокал, даўно ходзіць гарадскі транспарт, а вялікая частка людзей ездзіць на працу ў Мінск. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць гіпермаркеты буйных сетак “Гіпа”, “Белмаркет” і “Еўраапт”, кірмаш “Экспабэл”, будаўнічы гіпермаркет “Навасёлкін” – гандлёвых аб’ектаў хапае, а вось сацыяльных – не зусім. У Бараўлянах тры школы, перагружаныя мінімум у два разы. Акрамя таго, каля 2,5 тысяч школьнікаў і 1,2 тысячы дашкольнікаў наведваюць установы Мінска. З 2006 г. насельніцтва Бараўлянскага сельсавета павялічылася больш чым у тры разы, з 18 да 60 тысяч чалавек. Калі ад пачатку найбуйнейшы населены пункт сельсавета, пасёлак Лясны, уяўляў сабой медгарадок з інтэрнатамі і сацыяльным жытлом для работнікаў мясцовых медыцынскіх устаноў, то цяпер па ўсім сельсавеце вырасла камерцыйнае жытло, і на сёння ідзе каля 10 новых будоўляў. Праўда, адну школу таксама будуюць, у вёсцы Ляскоўка.

Яшчэ адну школу і дзіцячы садок планавалі на ўчастку лесу ля пасёлка Вопытны. А побач, на полі, як высветлілася – яшчэ адзін жылы квартал. Іван Вайтовіч заўважае, што па артыкуле 38 Кодэкса аб зямлі, высякаць лес пад забудову можна толькі калі для яе няма іншага месца. Атрымліваецца, у Вопытным Кодэкс парушаны. Высечку лесу пакуль спынілі. Стала вядома, што Міскбуд звярнуўся на геаграфічны факультэт БДУ па ацэнку ўплыву патэнцыйных школы і дзіцячага садка на навакольнае асяроддзе. Тым часам, у Вопытным праводзілі планавыя даследаванні біёлагі з Нацыянальнай акадэміі навук і знайшлі на тэрыторыі лесу, што прызначаецца пад высечку, тры віды, унесеныя ў Чырвоную кнігу. Гэта лілія курчаватая, грыб спарафіс курчавы і жук Борас Шнэйдэра.

Грыб спарафіс курчавы
Грыб спарафіс курчавы

Папуляцыя ліліі курчаватай (Lílium mártagon) месціцца на 3,5 гектарах лесу з 5,5 (а з іх 4,8 га, нагадаем, прызначана пад высечку). Гэта тэрыторыя рашэннем Мінскага райвыканкама ў студзені 2018 г. набыла ахоўны статус як месца бытавання віда, унесенага ў Чырвоную кнігу. Цяпер на тэрыторыі, што займае папуляцыя, забараняюцца  «суцэльныя і паступовыя высечкі галоўнага выкарыстання», выкарыстанне машын на вусенепадобных колах, стварэнне складаў лесаматэрыялаў, месцаў стаянкі і запраўкі тэхнікі, парушэнне цэльнасці глебы (за выключэннем лесаахоўных і супрацьпажарных работ, а таксама мерапрыемстваў па ахове віду) і шмат чаго яшчэ.

Лілія курчаватая
Лілія курчаватая

Але ж высечку лесу гэта не спыніць: рэдкую лілію могуць перасадзіць. На думку батаніка з НАН Ірыны Вяршыцкай, гэта было б памылкай: у лесе ля Вопытнага папуляцыя ліліі курчаватай добра ўкарэненая, і можна перасаджваць расліны, наадварот, туды.

Даследуючы папуляцыю ліліі курчаватай, іншы батанік з НАН Віталь Лукін выпадкова знайшоў пад карой сухіх дрэў у лесе ля пасёлка Вопытны лічынак рэдкага жука Борас Шнэйдэра (Boros schneideri).

Па словах навукоўца, пабачыць яго за межамі запаведнікаў, заказнікаў і нацыянальных паркаў – вялікая ўдача.

Раней сухастой лічыўся прыдатным толькі на дровы, але ў апошні час змяніліся падыходы да аховы біяразнастайнасці: больш за палову відаў, што занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі і суседніх краін, адносяцца да жыхароў мёртвай драўніны. Што да жука Борас Шнэйдэра, акрамя Чырвонай кнігі Беларусі ён унесены ў Дадатак II Дырэктывы Савета Еўропы 92/43/EWG аб ахове натуральных біятопаў, Еўрапейскі спіс ахоўных сапраксільных відаў, Чырвоныя кнігі Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Швецыі, Эстоніі і Фінляндыі.

Лічынка Борас Шнэйдэра
Лічынка Борас Шнэйдэра

Грыб спарафіс курчавы сустрэўся на ўчастку лесу ля пасёлка Вопытны толькі ў адным асобніку, але мясцовыя жыхары бачылі шмат такіх грыбоў у лясным масіве ўздоўж вуліцы Падлескай. Акрамя таго, у бліжэйшых лясах супрацоўнікамі НАН выяўлены яшчэ расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу: арніка горная, чына горная, аўсяніца найвышэйшая, пыльцагаловік даўгалісцевы, медуніца вузкалісцевая, шпажнік, грыбы трутавік ружовы і трутавік лакаваны, а таксама птушка - вераб’іны сыч. На думку актывіста Івана Вайтовіча, з улікам вялікай біяразнастайнасці, можна было б падумаць пра наданне ахоўнага статусу не толькі ўчастку ля пасёлка Вопытны, але і вялікай лясной тэрыторыі.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость