Акцыя «Крытычная сама» вядзе сваю гісторыю яшчэ з 1992 года, калі ў Сан-Францыска адбыўся першы заезд веласіпедыстаў па вуліцах горада з мэтай звярнуць на сябе ўвагу. У хуткім часе рух за права аматараў велатранспарту ахапіў і іншыя гарады ў розных частках свету. Аднак ад самага пачатку мерапрыемства носіць выключна безгвалтоўны характар з сацыяльна-экалагічным падтэкстам.
Праходзіць акцыя і ў некаторых беларускіх гарадах. Так, у Мінску адна з першых адбылася ў 2005 годзе, а ў маі 2007-га прайшоў, бадай што, самы масавы заезд, удзел у якім прынялі ажно 300 чалавек.
Свой сезон «Крытычная маса» адкрывае ў маі і завяршае ў верасні. Кожную апошнюю пятніцу месяца збіраецца розная колькасць людзей на веласіпедах, каб прадэманстраваць сваё права быць раўназначнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, быць пачутымі, а галоўнае — заўважанымі ў патоку аўтамабіляў на праезджых частках гарадоў.
Як у Беларусі становяцца вязнямі за мірныя акцыі
Апошнія некалькі год удзельнікаў «Крытычнай масы» асабліва пільна прэсавалі органы ўнутраных спраў. Былі выпадкі праследавання актывістаў і разгону мерапрыемства непасрэдна на месцы збору. Аднак з-за таго, што акцыя не мае цэнтралізаваных арганізатараў, «задушыць» «Крытычную масу» цалкам было складана.
У красавіку 2016 года адбыўся выключны выпадак, калі супрацоўнікі АМАПа і ДАІ прымянілі сілавыя дзеянні да ўдзельнікаў заезду.
З таго самага моманту за кратамі знаходзіцца адзін з веласіпедыстаў — Дзмітрый Паліенка. Па словах Насты Лойкі, праваабаронцы з цэнтра «Вясна», па абвінавачаннях, якія высоўвае суд, хлопцу мінімальна пагражае ад 2 гадоў зняволення. Пры гэтым на яго пастаянна аказваецца ўціск.
Праваабаронцы чакаюць, што суд над Дзмітрыем адбудзецца якраз у канцы верасня.
Што тычыцца астатніх затрыманых, падчас вясенняй акцыі, яшчэ ў маі, прайшлі суды. Пратаколы справаў адпраўлены на дапрацоўку, аднак паўторна іх так і не вярнулі.
«За парушэнне правілаў дарожнага руху 5 удзельнікам акцыі былі прызначаныя штрафы. Трое з іх абскарджвалі такое рашэнне, прысуд па справе аднаго з веласіпедыстаў пакінулі без змяненняў. Яшчэ за дваіх — Дзмітрыя Пахомава і Кірыла Кажэнава — вядзецца барацьба», — удакладніла Наста Лойка.
Са Стаса Канавалава, якому таксама прыпісвалі крымінальную справу, былі знятыя падазрэнні, і яго перавялі ў статус сведкі.
«Крытычная маса» перастала быць масавай
Затрыманні веласіпедыстаў выклікалі бурную рэакцыю як у экалагічнай супольнасці, так і сярод грамадскіх актывістаў. Як вынік было зроблена некалькі заяў і флэшмобаў у падтрымку пацярпелых удзельнікаў.
І наступная «Крытычная маса» прайшла пры ўдзеле некаторых прадстаўнікоў «зялёнага» руху. Аднак усё наступныя заезды не адрозніваліся вялікай колькасцю людзей, а апошнія два ўвогуле не адбыліся.
Таму апантанныя ідэяй «Крытычнай масы» актывісты заклікаюць падтрымаць апошнюю ў сезоне акцыю.