У чым соль кампаніі?
Ініцыятыва выпускнікоў навучальнай праграмы “Экастарт” Цэнтра экалагічных рашэнняў наглядна дэманструе, як адно простае дзеянне можа прынесці карысць наваколлю і невялікі плюсік у карму чалавека.
У свой час неабходнасць спрасціць некаторыя жыццёвыя працэсы і мінімізаваць час на прыемныя дробязі, каб тварыць сапраўды вялікія справы, падарыла нам аднаразавыя рэчы: скарыстаў і выкінуў, ніякіх турбот. Вядома, такая ідэя прыйшлася да спадобы прадстаўнікам сферы паслуг, і ў хуткім часе на шыльдах многіх кафэ сталі з’яўляцца вабныя надпісы “Кава з сабой”, “Кава на вынас”.
Каб людзі хутчэй падхапілі гэты трэнд – рэклама зрабіла стаўку на дэманстрацыю стыльных, незалежных, паспяховых і дзелавых людзей, якія атрымліваюць асалоду ад любімага напою ў штодзённай мітусні: “Будзь як яны!”.
Вось толькі апынулася, што няма нічога больш сталага, чым аднаразовае. І ў наш час праблема смецця, непрапрацоўваемых адходаў, якія перажывуць некалькі чалавечых пакаленняў, стала асабліва відавочнай. Дык ці варта тое імгненнае задавальненне такіх наступстваў? Лагічна сказаць, што не! Тым больш, што аднаразовай прапанове з’явілася рэальная альтэрнатыва – тэрмакубкі, якія можна прыхапіць з сабой у горад ці ў дарогу.
Вядома, што ідэя зрабіць з тэрмакубка ўласна аксэсуар прыйшлася да спадобы некаторым прасунутым ў пытаннях праязнасці да наваколля людзям.
“Мой тэрмакубак з’явіўся даволі даўно, калі я была ўжо ў экаруху. З большага мяне прывабліваў сам антураж – набыць кавы ў свой кубачак і адправіцца шпацыраваць па горадзе. Хаця па праўдзе, карыстаюся я ім мала, бо люблю піць каву ў кафэ”, – распавядае Зялёнаму парталу Марыя Гуліна, сябра грамадскага аб’яднання “Экадом”, рэдактарка 34 travel.
Але не ўсе спажыўцы і кавярні адразу ацанілі выгоды кавы ў свой кубак: актывісты кампаніі штодня робяць шмат працы, каб атрымаць станоўчы водгук на сваю прапанову. Атрымліваецца не заўсёды.
“Зараз я часта бываю на вуліцы Кастрычніцкай, заходжу за кавай у Лаўку і ДЭПО – бачу, што там для ўсіх наведвальнікаў каву і іншыя напоі наліваюць у аднаразовыя шкляначкі. Плюсам да гэтага ідуць саломенкі і крышачкі… Мне ад гэтага прыкра – вельмі не люблю бессэнсоўнае выкарыстанне рэсурсаў. Менавіта гэта прымусіла мяне дастаць тэрмакубак з шафы”, – дзеліцца ўражаннямі Марыя.
Дзяўчына ўпэўнена, калі б у кошт посуду была ўключана рэальная цана неаднаўляемых рэсурсаў і смецця, якое не разлагаецца, то і кава каштавала б значна даражэй.
Па словах Наталлі Блышчык, эксперткі Цэнтра экалагічных рашэнняў і адной з удзельніц кампаніі, на жаль, не ўсе сталічныя кафэ адгукаюцца на ініцыятыву, абгрунтоўваючы свой выбар стандартамі і патрабаваннямі санітарных службаў. Але пра гэтую праблему экалагічная ўстанова паклапацілася яшчэ да запуску кампаніі. Згодна з афіцыйным адказам Міністэрства аховы здароўя, пытанні могуць узнікаць толькі да матэрыялаў, з якіх выраблены посуд, і ягонай цэласнасці.
Згодна з пунктамі 66 і 67 санітарных нормаў і правіл “Санітарна-эпідэміялагічныя патрабавпанні для аб’ектаў грамадскага харчавання”, посуд, які выкарыстоўваецца ў арганізацыі, павінны быць выраблены з матэрыялаў, дазволеных для прымянення пры кантакце з харчовымі прадуктамі; паверхня посуду павінна мець гладкую паверхню, без шчылін, дэфектаў, зазораў, выступаючых балтоў ці заклёпак і іншых элементаў, што перашкаджаюць санітарнай апрацоўцы. Не дапускаецца выкарыстанне ў арганізацыі ёмкасцяў, посуду з пашкоджаным пакрыццём, адбітымі краямі, дэфармаваных, з трэшчынамі і іншымі дэфектамі. Іншых санітарна-гігіенічных і эпідэміялагічных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да посуду для напояў і страў ў аб’ектах грамадскага харчавання няма.
Дзе ў Мінску напоі нальюць у ваш кубачак?
Ініцыятыву ўжо падтрымала 16 кафэ, сярод якіх Monkey Food, Мануфактура, Moby Dick, Why not, Утопія, Пельменная №1 і іншыя. Поўны спіс можна пабачыць на сайце кампаніі.
Няма кубачка – выйграй яго!
Падтрымаць кампанію “My cup, please!” узяўся Куфар, запусціўшы розыгрыш 50 фірменых тэрмакубкаў – “Мой кубачак, калі ласка”.
Каб атрымаць кубачак удзельнікам трэба зарэгістравацца на Kufar GO, знайсці аб’яву з тэрмакубкам “Мой кубачак, калі ласка” і даслаць аўтару асабістае паведамленне “Я прымаю ўдзел у акцыі «Мой кубасак, калі ласка»”.
Пры вынікі розыгрыша можна будзе даведацца з сацыяльных сетак Куфара 10 лістапада бягучага году.
Замест пасляслоўя
Пакуль беларускія актывісты і актывісткі стараюцца прасунуць ідэю скарачэння адходаў праз адмаўленне ад выкарыстання аднаразовых рэчаў штодня, іх расійскія калегі ўжо не аднойчы адзначалі ініцыятыву “My cup, please!” у сябе.
“На фотаздымку побач стаіць мой кубак і кубак экалагічнай актывісткі з Ніжняга Ноўгараду, што гасціла ў Мінску. З Верай я шмат размаўляла пра ініцыятывы па захаванні дрэваў у нашых гарадах. Цяпер жа яна спрабуе запусціць падобную кампанію “My cup, please!” у сябе на радзіме”, – прыгадвае Марыя.