Найбольш верагоднай версіяй бачыцца, што здарэнне адбылося на прадпремстве “Расатама” – ''Маяк'', у печы па ашкляненню радыяцыйных адходаў.
Згодна з інфармацыяй Greenpeace Расіі, у канцы верасня-пачатку кастрычніка рутэній-106 быў зафіксаваны ў атмасферы шэрагу еўрапейскіх краін, пра што сведчаць дадзеныя МАГАТЭ. Нямецкае агенства па радыяцыйнай абароне зрабіла высновы, што крыніца выкіду знаходзіцца на Паўднёвым Урале. "Расгідрамет" зазначыў, што у канцы верасня найбольшая канцэнтрацыя рутэнія-106 якраз была ў гэтым рэгіёне, непадалёк ад прадпрыемства ''Маяк''.
Праўда ні "Расатам", ні прэс-служба "Маяка" не падцвярджаюць факт інцыдэнта. Наадварот, яны ўсяляк адмаўляюць верагоднасць якой-небудзь аварыі. Па словах Таццяны Новікавай, беларускай антыядзернай актывісткі і каардынатаркі ''Беларускай антыядзернай кампаніі'', іх шматлікія ''аправяржэнні'' больш паходзяць на галаслоўную заяву, кшталту, ''нічога не было''. І пры гэтым не прадастаўляецца інфармацыя па паказаннях дазіметрычных прыбораў, адабраных проб, вымярэнняў, лічбаў у цэлым, якія б падцвердзілі, што сапраўды нічога не адбылося.
-
Выброс радиации: Российские власти скрывают, экологи – бьют тревогу. Но уже поздно
-
Мнение: В атомной индустрии не может быть презумпции невиновности
Прадпрыемства ''Маяк'' з'яўляецца вядучым з часоў Савецкага Саюза, якое займалася напрацоўкай плутонія для ядзернай зброі, гэта была яго асноўная задача. На сённяшні дзень на прадпрыемстве працягваюць вымаць птутоній і ўран з адпрацаванага паліва атамных станцый.
''На камбінаце паліва падвяргаецца хімічнаму працэсу, які ў амерыканскай традыцыі называецца PUREX – Plutonium-Uranium Recovery by EХtraction, за кошт чаго радыяцыйныя элементы, у тым ліку цэзій, стронцый, ёд і той самы рутэній, павінны сканцэнтравацца ў адыходах'', – тлумачыць расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.
У свеце пакуль не існуе надзейнай, апрабаванай тэхналогіі па стварэнні магільнікаў для небяспечнага ядзернага паліва са станцый. У Швецыі і Фіналянды існуюць праекты па захаванні ядзерных адходаў на глыбіні. Аднак у мінулым годзе шведам давялося прыпыніць рэалізацыю праекта, бо няма ўпэўненасці ў стабільнасці геалагічных парод у доўгатэрміновай перспектыве.
Пры спробах хімічнай перапрацоўкі адходаў, відавочна, што рана ці позна радыянукліды выходзяць у наваколле. Як зазначае Андрэй Ажароўскі, бадай пакуль найлепшым рашэннем з'яўляецца захаванне адпрацаванага паліва на саміх АЭС.
Не выклікае даверу прадпрыемства ''Маяк'' і з-за мінулых інцыдэнтаў, што здараліся на ім. Адна з першых аварый адбылася 3 сакавіка 1949 года, калі камбінатам ''Маяк'', што ў Чалябінскай вобласці, быў здзейснены скід высокаактыўных вадкіх радыяактыўных адходаў у раку Цеча. Рашэнне прымалала кіраўніцтва атамнага праекта на чале з Лаўрэнціям Берыя. У выніку чаго аблучэнне атрымала ля 124 тысяч чалавек у 41 населеным пункце. Найбольшая доза дасталася 28тысячам 100 чалавекам, якія жылі найбліжэй да ракі.
Затым аварыя адбылася ў сховішчы радыяактыўных адходаў камбінату 29 верасня 1957 года, якая атрымала назву ''Кыштымская''. У сховішчы ўзарвалася ёмкасць, якая змяшчала 20 міліёнаў кюры радыяактыўнасці. Магутнасць выбуху была ацэнена спецыялістамі ў 70-100 тон у трацілавым эквіваленце.
Радыяактыўнае воблака прайшло над Чалябінскай, Свярдлоўскай і Цюменскай абласцямі, утварыўшы Усходне-Уральскі радыёактыўны след плошчай звыш 20 тысяч квадратных кіламетраў. З 1957 па 1959 гады адбывалася ліквідацыя наступстваў аварыі, удзел у якой прымала ад 25 000 да 30 000 ваеннаслужачых. Вядома, што ў савецкія часы здарэнне было строга засакрэчаным.
Аднак, на жаль, нават у эпоху галоснасці інцыдэнты, якія здараюцца па віне ''мірнага'' атама, застаюцца тайнай для шырокай грамадскасці.
''З канца верасня вядома пра буйны выкід, па французскім ацэнкам 100-300 Тбк – меней, чым Фукусіма і Чарнобыль, але яна найбуйнейшая пасля аварыі на японскай АЭС. Да гэтага часу не адна краіна не прызналася ў інцыдэнце, што ганебна. Бо пры такім маштабе выкіду неабходна, каб напрацягу некалькіх гадзін ці хаця б дзён пра аварыю стала вядома.
У той жа час, здарэнне сведчыць пра поўную непрацаздольнасць сістэмы папярэджання аб радыяцыйных аварыях, якую абяцалі чалавецтву пасля катастрофы на Чарнобылі і Фукусіме. Але найбольш жудасна мне, што людзі, якія дапусцілі ўцечку рутэнія, свядома нікога не праінфармавалі пра гэта. І на самой справе нетак важна краіна, дзе адбыўся інцыдэнт. У любым выпадку гэта атамнае прадпрыемства, частка сусветнай атамнай прамысловасці, якое дазволіла сабе такія безадказныя паводзіны. Гэта грубае парушэнне Канвенцыі аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі, што была прынята практычна ў першыя паўгады пасля падзей на ЧАЭС'', – кажа Андрэй Ажароўскі.
І калі ўсё ж здарэнне было на прадпрыемстве Расатама, на жаль, у такіх паводзінах дзяржкарпарацыі няма нічога дзіўнага, сцвярджае Андрэй Ажароўскі:
“Расатам” з'яўляецца прамым нашчадкам ведамства, якое стваралася кіроўцам ядзернага праекту Сталіна – Лаўрэнціям Берыя. Таму цалкам натуральна, што ў гэтай дзяржкарапарацыі засталася ідэалогія звышлюдзей, якія ствараюць бомбу, а ўсё астатняе для іх мізэрныя пытанні, у тым ліку наваколле”.
Словы расійскага эксперта падцвярджае Таццяна Новікава, прыгадваючы будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі, магчымасці грамадскасці ажыццяўляць кантроль за працэсамі ўзвядзення гэтага аб'екта сіламі і фінансавымі сродкамі Расатама.
''Розніца паміж БелАЭС і камбінатам ''Маяк'' у тым, што станцыя мае ''Ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе'', дзе фігуруюць пэўныя дадзеныя, што з прабеламі і нацяжкай характарызуюць праект. Такім чынам, чаму мы цешым сябе надзеяй наконт грамадскага ці незалежнага кантролю на аб'екце "Расатама"? Гэта не ў традыцыях расійскай дзяржкарпарацыі, тым больш не ў традыцыях беларускіх уладаў. Як у нас складваюцца справы з грамадскім кантролем наступстваў Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі? Такім жа чынам будзе пры любой аварыі на БелАЭС'', – раіць яна.
Што ж тычыцца наступстваў дадзенай аварыі. Вядома, што ў найбольшай небяспецы апынуліся людзі, якія знаходзіліся ў непасрэднай блізасці ад крыніцы выкіду. Канцэнтрацыі, што фіксуюцца над Еўропай даволі нізкія – ўзроўню калектыўнай дозы. Зразумела, што гэта не зберажэ ад ракавых захворванняў і захворванняў эндакрыннай сістэмы, статыстычны рост якіх будзе назірацца ў месцах фіксацыі радыяцыйнага воблака.