30.07.2016 / 00:07

Хто з нас не любіць пасядзець на беразе возера ці на лясной паляне ля вогнішча з песнямі пад гітару ў шумнай і дружнай кампаніі А пасмакаваць ежы, прыгатаванай на агні і вуглях? Але чым вегетарыянскім ці веганскім акрамя соевага шашлыку, запечанай бульбы ці нарэзкі з гародніны можна здзівіць сваіх сяброў? Праект «VeganFood» прапануе вам некалькі няхітрых, але вельмі смачных страў, якія на любым пікніку прыйдуцца ўсім па смаку.

Шашлык з шампіньёнаў у марынадзе з кропу і часнаку

Шампіньёны з'яўляюцца бадай што самымі распаўсюджанымі грыбамі ў свеце. І невыпадкова, бо, падавалася б, зусім непрыкметны і прыстасаваны для вырошчвання ў хатніх умовах і на спецыяльных фермах грыб валодае вялікай колькасць вугляводаў, тлушчоў, мініральных рэчываў, арганічных кіслот і вітамінаў.

Дарэчы, менавіта шампіньёны рэкамендуюцца ўключаць у дыетычнае меню, бо грыбы не занадта каларыйныя, але ўтрымліваюць шмат бялку (32%), большая частка якога лёгка засвойваецца.

 

Для шашлыка нам спатрэбяцца:

  • сярэдняга памеру моцныя шампіньёны;
  • 3-4 вялікіх зубчыка часнаку;
  • кроп;
  • алей;
  • соевы соус;
  • соль і перац па смаку.

 

Добра мыем шампіньёны і кроп, даем крыху сцекчы вадзе. Чысцім зубчыкі часнаку. Затым разразаем грыбы напалову і закідваем у цэлафанавы пакет, які будзе служыць «посудам» для марынавання.

Вельмі дробна наразаем часнок і кроп — гэта аснова нашага марынаду. Добра солім і перчым, дадаем соевага соусу і алею. Яшчэ раз добра праходзімся нажом, стараючыся ўсё змяшаць.

Затым марынад закідваем у пакецік да шампіньёнаў, завязваем яго як мага акуратней, каб крохкія грыбы не пакрышыліся, патрэсваючы, перамешваем інгрыдыенты. І адкладаем на хвілін 30-40 пастаяць у халаднаватым месцы.

Як толькі грыбы набралі марынаду, вельмі акуратна нанізваем іх на шампуры. Часнаком і кропам, што застануцца ў пакеціку, можна яшчэ крыху «прыправіць» грыбы.

Увага: рэшткі марынаду лепш не выкідаць, яны могуць спатрэбіцца для прыгатавання наступнай стравы.

Шампуры з грыбамі адпраўляем на мангал з распаленымі вуглямі. Не забывайце перыядычна пераварочваць шампуры. Як толькі грыбы набылі залаціста-буры колер і сталі мяккімі, іх можна здымаць.

 

«Веер» з баклажанаў з тофу і памідорамі

Тофу, ці соевы сыр — адзін з самых карысных прадуктаў. У ім утрымліваецца велізарная колькасць лёгказасвойнага расліннага бялку і амаль няма халестырыну. Акрамя гэтага, тофу з'яўляецца крыніцай амінакіслот, кальцыя, жалеза, магнія, селена, вітамінаў групы В і Е.

 

Для «веера» нам спатрэбяцца:

  • сярэдняга памеру баклажаны;
  • сярэдняга памеру памідоры (моцныя і спелыя) ;
  • ля 400 г тофу;
  • лісткі базіліку;
  • 3-4 зубчыкі часнаку;
  • посны маянэз (па жаданню);
  • соевы соус;
  • алей;
  • соль і перац па смаку;
  • фальга.

Мыем баклажаны, памідоры і базілік, чысцім зубчыкі часнаку.

Перш за ўсё пачнем гатаваць тофу. Дзеля гэтага наразаем брусок соевага сыру невялікімі скрылькамі і выкладаем на плоскую талерку ці дошку. Затым замешваем соус: дробна наразаем ці, калі ёсць магчымасць, націраем на тарку часнок і скідваем на сподачак ці ў любую іншую невялікую пасудзіну. Дадаем соль, перац, шчодна наліваем соевы соус і алей, перамешваем. Добра, не шкадуючы, прамазваем соусам скрылькі тофу, даем ім некаторы час увабраць марынад і адпраўляем на рашотцы на распаленыя вуглі. Падсмажваем да залацістага колеру і цвёрдай скарынкі. Дзеля гэтага не забываем перыядычна скрылькі пераварочваць.

У гэты ж час пачынаем наразаць баклажан калечкамі так, каб недаразаць іх да канца. Адтуленкі якраз можна прамазаць марынадам, што застаўся з грыбнога шашлыку.

Вострым нажом наразаем памідоры сярэдняй таўшчыні калечкамі і пачынаем фаршыраваць баклажан. У кожную адтуленку закладаем скрылёк тофу, калечка памідора і лісткі базіліку. Крыху прамазваем маянэзам і закручваем у некалькі слаёў фальгі.

Увага: калі скрылькі тофу занадта вялікія і вытыркаюцца з баклажана, то іх можна падзяліць яшчэ напалову.

Баклажаны трэба пастарацца закапаць у вуглях, каб жар раўнамерна іх пакрываў. Гатавацца «веер» павінны прыблізна 40-50 хвілін у залежнасці ад колькасці вуглёў. Час ад часу кулькі з баклажанамі можна правяраць на гатоўнасць і акуратна пераварочваць.

 

Морс з ягад

Добрым танізуючым напіткам на прыродзе будзе халаднаваты морс.

 

Для морсу нам спатрэбяцца:

  • 400-500 г ягад (чорная парэчка, журавіны ці любыя іншыя на ваш выбар);
  • пітная вада;
  • цукар.

Ягады абмываем і скідаем у марлю ці на дробнае сітца. Пачынаем старанна пераціраць таўкачыкам ці сталовай лыжкай над глыбокай міскай ці гарлачыкам. Ягадны жмых добра прамываем пітной вадой. У пасудзіну, куды сцякаў сок, дадаем астатні неабходны аб'ём вады і цукру па смаку. Усё добра перамешваем і разліваем па шклянках.

І шашлык з шампіньёнаў, і «веер» з баклажану лепш падаваць цёплымі. Да іх можна дадаць нарэзку з гародніны, варынай ці запечанай маладой бульбы, грэчневую кашу, салат з гародніны і зеляніны.

Смачна есці!

Праект «VeganFood» дзякуе за дапамогу ў распрацоўцы меню і прыгатаванні страў повара-аматара Алёну.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость