Сонечнае Глыбокае за возерам; школьнікі з мясцовых экаклубаў збіраюць смецце на беразе і пасля нешта смажаць на агні – такі дзень аднаго з праекта Еўразвязу ў Беларусі – “Малыя рэкі – вялікія праблемы”.
Глыбокае стаіць на кальцы азёр, праз чатыры з іх праходзіць рака Бярозаўка, і прыбіраюцца школьнікі акурат ля аднаго з іх. Гэты і падобныя выезды ў Шаркаўшчынскім і Пастаўскім раёнах прайшлі 27-29 кастрычніка. Яны - частка двухгадовага праекта, мэта якога – праз чысціню малых рэк зрабіць чысцей Балтыйскае мора.
Смецце на берагах вадаёмаў – адна з прычын забруджання малых рэк басейну Дзісны, якая ўпадае ў заходнюю Дзвіну і пасля ў мора. Бярозаўка ёсць ачышчальнікам для азёр, яна нясе далей па плыні ўсе бруд і смецце. Стан ракі ўплывае на стан пітной вады і вады, якую карыстаюць у гаспадарцы мясцовыя жыхары.
Хімічныя рэчывы і маніторынгУ рэкі трапляюць рэчывы з несанкцыянаваных сметнікаў, рэшткі фасфатных і нітратных угнаенняў з палёў, выкіды, якія спараджае гарадскі асяродак, і вада, якой так любяць гараджане мыць машыны на беразе – яна праз глебу ідзе ў глыбіню.
Як вынік – шмат вадаёмаў рэгіёну маюць падвышаныя, хоць і ў межах нормы, дапушчальныя канцэнтрацыі фасфатаў і нітратаў, паказнік кіслотна-шчолачнога балансу. Дзе-нідзе сустракаюцца перавышэнні: напрыклад, на возеры Кагальным высокі шчолачны асяродак. У асобныя дні ph дасягае 9:
“Гэта кепска, можна сказаць, мыльны раствор. Асабліва з наветранага боку”, - тлумачыць Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева, кіраўніца экаклубу Кіраўскай школы.
Маніторынг рэк праводзяць экаклубы і экапасты, дадаючы звесткі аб хімічным складзе вады на reka-disna.org (на сайце звесткі за верасень-кастрычнік). Сайт - адзін з артыкулаў выдаткаў для праекта, агульны бюджэт якога 331 000 еўра.
З чаго складаецца праект89,95% бюджэту выдзеліў Еўразвяз у межах праграмы “Недзяржаўныя структуры і мясцовыя органы ўлады ў дзейнасці па развіццю”. Штогод на яе даюць каля 3-4 мільёнаў еўра, а праект, аб якім ідзе гаворка, выйграў удзел разам з дзясяткам іншых. Яшчэ каля сарака не прайшлі конкурс.
Сродкі пайшлі на арганізацыю чатырохдзённага летняга дзіцячага лагера для сотні ўдзельнікаў. Яны з экспертамі вучыліся праводзіць маніторынг і вывучалі іншыя экалагічныя тэмы. Для кожнага экаклубу набылі абсталяванне для маніторынгаў і аналізу вады жыхароў горада. Аналізатар для тых жа мэтаў цяпер мае рэгіянальная арганізацыя “Прырода і мы” ў Глыбокім.
У межах праекта складаюцца пашпарты галоўных для рэгіёнаў рэк – Мядзелкі, Бярозаўкі, Мінюты і Шошы. А самыя вялікія выдаткі толькі плануюцца: у трох гарадах рэканструіруюць гістарычныя паркі. Зараз архітэктары і дызайнеры займаюцца планам прац. На кожны парк ёсць каля 40 000 еўра.
Рэгіён атрымае План устойлівага развіцця на 5 годЯк вынік менеджэр праекта Ірына Іванова бачыць тое, што прырода стане крышку чысцей, “у школах будзе актыўная дзейнасць, нават рух па ўратаванню малых рэк і водных рэсурсаў. І ўсё мясцовае насельніцтва будзе беражліва ставіцца да водных рэсурсаў і актыўна браць удзелу іх захаванні”.
Адно з апошніх праектных дзеянняў - распрацоўка Плана ўстойлівага развіцця малых рэк басейну Дзісны на пяць год. Канчатковая рэдакцыя з’явіцца ў 2015 годзе (праект да мая). У Плане адзін з блокаў прысвечаны маніторынгу рэк. Ірына мяркуе, што было б выдатна, калі б гэта ўвайшло ў школьную праграму і сталася базай для такой дзейнасці ў вобласці. Таксама ёсць ідэі па асветніцкай працы з людзьмі і па ўладкаванню інфраструктуры вадаёмаў, абапіраючыся на планы, складзеныя яшчэ ў 90-я гады.
Сярод прыярытэтаў Еўразвязу ў працы з Беларуссю мясцовае развіццё і ахова наваколля. Вельмі важныя мясцовыя арганізацыі і мясцовая супольнасць, дыялог – “гэта па-над усім, - кажа Алена Ракава, менеджэр праграм ЕЗ у галіне энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя. - Таму гэты праект мы лічым вельмі паспяховым”.