Нягледзячы на халаднаватае надвор'е і моцны вецер да акцыі далучылася ля 20 чалавек. Ляснікі забяспечылі ўсім неабходным інвентаром: пасадачным матэрыялам, «мячамі» Колесава, што значна аблегчылі працу па высадцы «расады» сосен.
Пасля невялікіх уводзін у працэс здабычы насення і атрымання з іх «расады», інструктажу па тэхніцы бяспецы і майстар-класу, валанцёры разбіліся на пары і адправіліся на дзялянку, дзе ўжо былі загадзя падрыхтаваныя спецыяльныя «барозны».
Дарэчы, такі спосаб высадкі маладняка - з'яўляецца адносна новай і значна больш дасканалай тэхналогіяй: пасля высечкі плошча не вычышчаецца цалкам ад галля і старыя пні не выкарчоўваюцца, вывозіцца толькі прамысловы кавалак драўніны. Рэшткі дрэваў застаюцца на месцы як біярэсурс для тых казурак і дробных жывёл, што прывыклі жыць на гэтай тэрыторыі. Такім чынам біяразнастайнасць і зямля лесу не бяднее.
Тэхналогія пасадкі «мячом» Колесава таксама якасна адрозніваецца ад звыклай «пад рыдлёўку»: «меч» уганяецца плоскім лязом у глебу, ім робіцца невялікая адтуліна, у якую акуратна закладаецца карэнчык дрэўца, затым ямку ўтрамбоўваюць, каб ў ёй ні ў якім разе не засталося паветра, а інакш сажанец можа не выжыць. Ці правільна пасаджана дрэва можна праверыць вельмі проста, неабходна злёгку пацягнуць за верхалінку і пры гэтым яно павінна моцна сядзець у глебе.
Дзякуючы агульным намаганням усяго за 4 гадзіны было высаджана каля 2500 сосен, аднак колькі з іх прыжывецца, на жаль, можна будзе даведацца значна пазней.
Такога кшталту акцыі - цудоўная задума, па меркаванню Ігара Корзуна, калі б кожны чалавек у нашай краіне хоць раз у сезон выйшаў на пасадку дрэваў, гэта быў бы самы масавы і карысны ўнёсак для навакольнага асяроддзя Беларусі.
Яго словы падтрымлівае начальнік лясгасу Наталля, работнікі дзяржустановы пастаянна праводзяць шмат работы з дзецьмі, арганізоўваюць цэлыя квэсты, напрыклад, па праверцы грыбоў на шкодныя рэчывы з таго ці іншага месца, па нарыхтоўцы шышак. І заўважна, што такім чынам адносіны дзяцей да прыроды змяняюцца, ім вельмі падабаецца. Зразумела, што калі людзі прыяжджаюць «дапамагаць» сюды «з-пад падкі», то яны ўсё робяць неахайна, з абыякавым падыходам да справы.
«Але той, хто пасадзіў дрэва ад душы, знішчаць ужо не будзе», - упэўнена яна.
У канцы «працоўнага» дня ляснікі прыгатавалі на вогнішчы ежу для валанцёраў, а для найбольш зацікаўлены правялі яшчэ экскурсію па мясцовасці.
Для тых, хто таксама жадае прыняць удзел у акцыі і пасадзіць свае дрэвы, запрашаем далучыцца да выезду 4 красавіка.