Сталічная гісторыя двух ганчароў скончылася ў 2011 годзе. Вера Каўзановіч і Уладзімір Матораў адвучыліся ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры і зрабіліся адмыслоўцамі ў галіне традыцыйных рамёстваў. Рамеснікі засталіся жыць у сталіцы, але хутка зразумелі, што гэта не для іх.
Пяць год відэазаняткаў па будоўлі і штодзённай працы — і цяпер яны маюць уласную ганчарню ў цэнтры Вілейкі, невялікага горада Мінскай вобласці. Майстэрню яны збудавалі перш, чым хату. Зараз пара гадуе дзіця і дабудоўвае жытло, але асноўны час прысвячае гліне і кераміцы.
«У 20 год ён ведаў, што будзе керамістам»
— Я скончыў дзяржаўны каледж мастацтваў у Магілёве, потым — універсітэт культуры. Мы вучыліся разам з Верай на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучасных мастацтваў. Пасля першага курсу было раздзяленне па спецыялізацыях, — распавядае Уладзімір.
— Я трапіла на кераміку выпадкова. Пасябравала з выкладчыцай-керамісткай, і яна сказала: «Бяру цябе да сябе». Іншае мне не падабалася: ткацтва з-за тэмпераменту. І габелены не маё, бо зрок кепскі. А гліна зацягнула, — далучаецца да размовы Вера. — Выкладчыца Тамара Васюк была манументальнай жанчынай і патрабавала такога ж стаўлення: рабіць не проста заданне, а звышзаданне. Гэта навучыла добраму падыходу да жыцця і справы. Праца мусіць быць на вынік, на рэалізацыю творчай мэты.
Там жа, у майстэрні, мы пасябравалі з Вовам. Я не магу сказаць, як Вова, што гліна — матэрыял майго жыцця. Ён вырашыў быць керамістам адразу. У 20 год, калі мы пазнаёміліся, ён ужо гэта ведаў.
Падвал, арэнда, сталіца — не наша
Уладзімір:
— На другім курсе я падпрацоўваў за невялікі заробак у кераміста Лявона Дзірванава. Потым, з 2007 па 2011 гады, мы арэндавалі ў Мінску падвал. І гэтага часу хапіла, каб зразумець, што падвал, арэнда, сталіца — не наша.
Вера:
— Ведаеш, пасля ўніверсітэта ўсе імкнуцца ў Мінск. Але нам хапіла некалькі год, і гэта быў не самы лепшы этап у жыцці.
Уладзімір:
— Зараз нам прапануй у любым месцы кватэру — мы не паехалі б. Чаму? Горад бярэ вельмі шмат энергіі.
Вера:
— Ён выкарыстоўвае цябе. Уяві: жывеш і працуеш у сталіцы, марнуеш час на дарогу да працы, на саму працу. Я была дызайнерам і атрымлівала нядрэнны заробак. Але сэнс? Я перастаю маляваць, а грошы сыходзяць на тое, каб забяспечыць існаванне. Для творчасці трэба харчавацца эмацыянальна, думаць пра яе, а ты заняты іншай працай.
У кватэры ля кальцавой я не адчуваю сувязі з прыродай. Мы з Вовам працуем з жывымі рэчамі, і харчавацца нам трэба таксама жывым, а не штучным. Мінск не даваў гэтай магчымасці.
У сталіцы бамонд, выставы. Але ты жывеш творчым жыццём іншых людзей. Так мы вырашылі пакінуць здымныя кватэры.
«Мы вывезлі 6 прычэпаў смецця»
Вера:
— Я вырасла тут, у бабулі. Калісьці яны з дзедам зарабілі грошы і набылі сабе пакойчык, дабудавалі астатняе. Суседзі з другой паловы дома ўтварылі прытон, ледзь не спалілі мяне аднойчы. Калі мы прыехалі, тут былі толькі разваленая хата і п’яніца на суседскай палове.
Раптам крытычны момант: сусед вырашыў прадаць сваю палову, бо ў хаце дзіркі насцеж і жыць немагчыма. І мы робім усё: пазычаем грошы, у каго можам, і за 5 тысячаў набываем.
Аднаго смецця вывозім 6 прычэпаў, 5 год бурым і наводзім парадак, бо хата пад знос. Потым жывём, будуем, у бабулінай частцы хаты нараджаецца сын Сцяпан, а ў нас усё яшчэ будоўля. Калі першы раз прыйшла дакторка — думала, што мы алкаголікі.
Але ў нас звышзадача — будова майстэрні. Нам не трэба шмат, і мы вельмі задаволеныя, бо ў сваёй плыні.
«Баялася, але трымала гіпсакардон на вышыні»
Уладзімір:
— На месцы майстэрні была лазня. Адразу вырашылі, што першы паверх будзе для керамікі, другі — для акварэлі. Будаўнікі сказалі, што старыя сцены могуць не вытрымаць, і за два месяцы склалі нам новыя, у два паверхі.
Вера:
— На гэтым грошы скончыліся. Гады два сваімі сіламі тут рабілі ўсё.
Уладзімір:
— Усё праз інтэрнэт: тынкоўка, кладка пліткі, гіпсакардон, уцяпленне…
Вера:
— Суседзі здзіўляліся, сябры таксама: як можна так хутка? Але разумееш, у жыцці ёсць момант, кал трэба лавіць жаданне. Не выкарыстаеш — яно перагарыць. У нас было сэрца, поўнае агню, і мы працавалі да 12 гадзін ночы. Мы жылі гэтым. Мы самі клалі падлогу. Я баюся вышыні, але на другім паверсе без падлогі трымала гіпсакардон.
Уладзімір:
— Прафесійныя будаўнікі ацанілі, сказалі: не падобна, што будавалі ў першы раз.
Бацька пад футбол лепіць коцікаў
Вера:
— Зараз нашае жыццё ўсё адно звязана са сталіцай. Мы часта ездзім у Мінск: там майстар-класы, туды аддаем працы. У Вілейцы рэалізоўваць сваю прадукцыю складана… Хаця, можа, мы не навучыліся.
— Што вы вырабляеце?
Уладзімір:
— Усё, што тут ёсць, мы возім з сабой на фестывалі (на фота. — Дад. аўтара). Бывае, мы працуем пад замову: проста адвозім выраб і забіраем грошы. А на фэстах вывучаем попыт.
Вера:
— Гэтых коцікаў пачаў ляпіць мой бацька, які не мае ніякага дачынення да керамікі. Ён рэлаксуе на пенсіі, вечарамі ўключае футбол і сядзіць, робіць іх. Мая маці марыць заняцца свісткамі, але пакуль працуе.
Але ў першую чаргу людзям трэба ўтылітарнасць: набыў і ўжываеш. Яны таксама звяртаюцца да экалагічнасці ў жытле, посудзе, побыце.
У нас былі прыватныя замоўцы з Гомеля, якія ў сваю драўляную хату хацелі посуд у этнастылі.
Як гліна пераўтвараецца ў посуд
— Вы займаецеся традыцыйнай керамікай?
Вера:
— Гэта скарэй неатрадыцыя — сучасная кераміка на базе традыцыйных форм і апрацоўкі, іх трансфармацыі. Асаблівасць такіх вырабаў — у спосабе і матэрыялах апрацоўкі.
Стварыўшы выраб і абпаліўшы яго, мы апрацоўваем, каб забіць поры. Здаецца, вось жбан, пі з яго. Але гліна — вельмі порысты матэрыял і нават пасля абпалу прапусціць ваду, калі тая пастаіць.
Ёсць розныя спосабу паліву (глазуравання) і дапаліваныя тэхнікі. Спосабы паліву на Беларусі адносяцца да ХХ стагоддзя, а іх масавае ўжыванне пачалося яшчэ пазней.
Дапаліваныя тэхналогіі з’явіліся раней. Калі? Кераміка ўзнікла ў эпоху неаліту, тэхналогіі — дзесьці з тых часоў, разам са штрыхаванай і вастрадоннай керамікай. Сярод традыцыйных, дапаліваных спосабаў — дымленне, васкаванне, гартаванне (абвар). Мы спрабавалі ўсё.
Абвар — гэта такая жыжка ад жытнёвай мукі. Яна скісае, пераўтвараецца ў брагу і смярдзіць. Брага мусіць стаяць гадамі. Нашая стаяла паўтары гады. Ты кідаеш нагрэты да чырвані выраб у кіслую бадзягу, яна кіпіць, запякаецца і ўтварае малюнак. Пасля посуд можна ўжываць.
Гэтак і з малачэннем: казеін з малака заклейвае поры, потым посуд зноў ставіш у печ.
Дымленне робяць з дапамогай горну альбо проста кінуўшы выраб пры высокай тэмпературы ў апілкі. Яго герметычна закрываюць, і дым забівае поры.
Жывы посуд
Уладзімір:
— Такое пакрыццё — гэта не шкло, неваскаваныя вырабы будуць захоўваць пах ежы і напояў. Калі з кубка п’еш каву — лепш піць толькі каву, калі гарбату — толькі гарбату. У кубках з малачэннем вадкасць надоўга лепш не пакідаць: папіў, памыў і паставіў сушыцца.
Вера:
Пра малачэнне мы чулі водгукі: калі доўга стаіць, то з’яўляецца раса на кубку. Чаму? Бо гэта мінус аўтэнтычнасці. Гэта посуд не для захоўвання, а для ўжывання. Раней для доўгага захоўвання былі іншыя тэхналогіі.
Вера:
— Васкаваны посуд больш пасуе для захоўвання прадуктаў, але кубкі для кавы і гарбаты пахнуць воскам. Калі вас гэта засмучае — значыць, гэта не ваш матэрыял. Можна выбраць альтэрнатыву — глазураваную кераміку.
Уладзімір:
— Я пачаў васкаваць піўныя куфлі, каб можна было цэлы вечар сядзець і піць піва. Біклагі, бутэлькі, талеркі…
Вера:
— Што датычыцца дагляду за посудам: калі яго старанна адмываць, то можна падрапаць. Але васкаваную талерку, якая з часам зрабілася матавай, можна ізноў нацёрці ваўнянай анучай да глянцу. Для мыцця непажадана выкарыстоўваць шмат рэчываў, не трэба кідаць у ваду і ў посудамыйку. А вось кіпень наліваць можна і трэба.
«Людзі баяцца натуральнага, але хімічнае і стэрыльнае іх не палохае»
Вера:
— Мы ў студэнцтве карысталіся гартаванай керамікай, усім падабалася. Але яна, асабліва першы час, усмоктвае тлушч, ад чаго могуць заставацца тлустыя пляміны.
- Разумееце, свет мяняецца. Зараз плямачка тлушчу людзей хвалюе, яны шукаюць стэрыльныя ўмовы жыцця і харчавання. Мы папярэджваем: калі вы такі моцны педант, то традыцыйныя спосабы жыцця і вырабу посуду вам не падыйдуць.
Гэта дзіўна: людзі баяцца натуральнага, але хімічнае і стэрыльнае іх не палохае. А мы не ўжываем ніякай хіміі. Тут гліна, агонь, вада, жытнёвая мука, дым, малако і воск, сапраўдны воск.
— А да якой коштавай катэгорыі адносіцца ваш посуд? Ці ўзаемазамяняльны ён са звычайным?
Уладзімір:
— Талерка — 15 рублёў, кубкі для гарбаты — па 10, жбаны з зорачкай — 15, піўныя куфлі — 13-14 рублёў, незалежна ад памеру. Мы свайго пакупніка на гэты кошт знаходзім.
Вера:
— Вырабы застаюцца адзінкавымі. Гэтая праца ручная, кожны лісток — непаўторны, бо ён выгарае пры абпале ў печы. Але такія лісткі не рабілі на традыцыйным посудзе, мы дадаём сваё.
Уладзімір:
— Зараз вельмі вялікая канкурэнцыя, і каб заставацца пазнавальным і цікавым, трэба прыдумваць нешта новае.
«Нам камфортна, бо мы разам»
Вера:
— Увогуле нас лічаць троху дзівакамі і пытаюцца: «За што вы жывяцё?»
Уладзімір:
— Нам хапае. А калі не хапае — мы не ўпадаем у дэпрэсію.
Вера:
— Выбар ужо зроблены, і што iрваць на сабе валасы…
Уладзімір:
— Няма грошай — трэба працаваць і шукаць замоўцу, каб яны былі.
Вера:
— Мы не кідаемся назад. Нам камфортна па той прычыне, што мы разам. Разам і па жыцці, і ў творчым аспекце. Мы разумеем падыход адзін аднаго і працуем на гэтую мэту абодва. А аднаму ісці такім шляхам, напэўна, складана.