Стратэгія, якая зараз распрацоўваецца, па свайму аб'ёму пацягнула на 40 старонак, але не змагла ахапіць усё кола пытанняў, якія трэба вырашыць у галіне абыходжання з камунальнымі адыходамі.
Па словах Наталлі Блышчык, працэс распрацоўкі падобнай стратэгіі — звышважная рэч для нашай краіны. На жаль, да сённяшняга для ў Беларусі не існавала аніякага агульнага дакумента, у якім прапісваліся б палітыка і мэты смеццевай галіны.
Спецыялістка звярнула ўвагу на станоўчыя моманты: арганізацыю дэпазітнай залогавай сістэмы, якая дазволіць насельніцтву стаць больш арганізаваным і вяртаць тару непасрэдна ў крамы. Гэта будзе стымулявацца магчымасцю атрымаць зніжку ці капейку.
«У стратэгіі прапісваецца неабходнасць стварэння нарматыўнай і эканамічнай базы для ўкаранення дэпазітнай сістэмы. Якім чынам і ў якім выглядзе яе ўвядуць — будзе ў асобным нарматыўна-прававым акце», — падкрэслівае Наталля.
Уздымаецца і праблема кантэйнерных пляцовак, а менавіта іх агульнага санітарнага стану і знаходжання ў населеных пунктах, што звязана з неактуальнымi санітарна-гігіенічнымі нормамі.
«Так, напрыклад, смеццеправоды могуць размяшчацца літаральна ў 2 метрах ад кватэры. Для кантэйнерных пляцовак існуе норма ў 20 метраў ад дома, што выклікае непаразуменне. Не задавальняе многіх абавязковае патрабаванне да агароджы пляцоўкі з трох бакоў. Для тых жа кантэйнераў для другасных рэсурсаў гэта крыху неадэкватнае патрабаванне, бо пластык ці папера не прадстаўляюць шкоды і небяспекі для насельніцтва», — каментуе cпецыялістка.
Відавочна, з укараненнем зваротнай сістэмы ў крамах колькасць кантэйнераў у дварах павінна паменьшыцца, бо людзі хутчэй панясуць бутэльку назад у краму, чым адправяць яе ў сметніцу.
З таго, што занепакоіла спецыялістаў, — планаванае будаўніцтва пад Мінскам завода па спальванню смецця як вымушаная мера па змяншэнню колькасці адыходаў. І пры гэтым распрацоўшчыкі дакумента зусім не кажуць пра магчымыя метады прадухілення ўтварэння адыходаў.
Так, напрыклад, няма маркіроўкі ўпакоўкі і тары, якая тлумачыла б, што можна перапрацаваць, а што — не. Тады ў спажыўцоў і на сартыровачнай лініі не ўзнікала пытанняў, у які кантэйнер адправіць адыходы.
Тое ж стымуляванне адмаўлення ад спажывання аднаразовых тавараў, стварэнне такіх эканамічных умоў, калі самаму вытворцу нявыгадна вырабляць і выкарыстоўваць аднаразовую ўпакоўку ці прадукт. Апошняе можа датычыцца ў тым ліку неперапрацоўных матэрыялаў.
«У свой час “Greenpeace” сумесна з шэрагам іншых расійских арагнізацый стварылі альянс супраць спальвання, падрыхтаваўшы вельмі грунтоўную і якасную аргументацыю, чаму заводы па спальванню смецця не патрэбныя. Ад сябе магу дадаць, што гэта будзе вельмі дарагім “задавальненнем” для Беларусі, асабліва ачыстка выкідаў. Тут варта нагадаць, што ў нашай краіне няма лабараторый, здольных замерыць найбольш шкодныя забруджвальныя рэчывы», — кажа Наталля.
Аднак яна паспяшыла супакоіць: згодна стратэгіі будаўніцтва завода запланавана на другім этапе, да 2025 года. Можа, да гэтага часу падыходы зменяцца.