04.04.2016 / 18:04

Нягледзячы на пахмурнае і ветранае надвор'е, 2 красавіка а 9 гадзіны раніцы ля 50 дабраахвотнікаў сабраліся ў Малінаўцы на выездзе з Мінску. Менавіта з гэтага месца ў гэты дзень для іх пачалася акцыя па пасадцы лесу, у якой традыцыйна прымаюць ўдзел актывісты кампаніі «Гарадскі Ляснічы». На гэты раз да іх далучыліся прадстаўнікі рабочай групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі».

Аўтобус з людзьмі накіроўваецца за 30 кіламетраў ад сталіцы ў вёску Каралёва, на ўскрайку якой ужо чакаюць працаўнікі Уздзенскага лясгасу, падрыхтаваўшы пасадачную пляцоўку і матэрыял. Па дарозе, як не дзіўна, неба становіцца больш ясным, і на змену шэраму, мокраму надвор'ю выходзіць сонца, што адразу настрайвае на вясёлы настрой і плённую працу.

Па прыездзе на месца ўдзельнікаў акцыі хутка просяць разбіцца па парах, узяць неабходны інвентар — мячы Колесава і двух-трохгадовыя саджанцы елкі. Каб не губляць час, ляснікі адразу праводзяць караценькі інструктаж па тэхніцы бяспекі і майстар-клас па пасадцы, тлумачачы немудрагелістую тэхналогію. Пасля чаго дабраахвотнікі хуценька размяркоўваюцца па дзялянцы, выбіраючы для сябе пасадачныя барозны.

І калі людзей не пужае фізічны працэс, то супрацоўнікі лясгасу прыбываюць у пэўным замяшанні, бо не чакалі такой вялікай колькасці жадаючых прысвяціць уласны выхадны дзень маладому лесу.

«Адкуль столькі людзей вы знайшлі? Мы і не разлічвалі... Таму, на жаль, і пляцоўку падрыхтавалі не вельмі вялікую», — дзеляцца яны час ад часу з арганізатарамі выезду, адчуваючы нейкую няёмкасць і радасць.

Улічваючы такія абставіны, Наталля, начальнік лясгасу, раз-пораз падыходзіць да «парачак», што справіліся з працай найхутчэй, і больш падрабязна распавядае пра працу дзяржаўнай установы па збору шышак, вырошчванню з насення саджанцаў, а таксама пра экаадукацыю школьнікаў.

«Праводзячы такія мерапрыемствы, мы стараемся прывіць любоў да прыроды. Тым больш што па паказчыках развіцця лясной гаспадаркі наш лясгас уваходзіць у тройку лепшых у рэспубліцы. Мы можаш падзяліцца сваім вопытам і дасягненнямі з людзьмі», — кажа яна.

Управіўшыся з працай па пасадцы, удзельнікі акцыі вырашаюць не спыняцца на гэтым і праяўляюць ініцыятыву па збору смецця на выдзеленай ім тэрыторыі. На жаль, звалкі ў лясах — гэта адзін з тых галаўных боляў, з якім таксама даводзіцца змагацца супрацоўнікам лясной гаспадаркі.

Калі ж і з гэтым было скончана, ляснікі запрасілі людзей да стала пачаставацца цёплай юхай і свежым бярозавым сокам, сезон збору якога якраз не так даўно распачаўся ў Беларусі.

У час перакусу ўдзельнікі дзяліліся сваімі ўражаннямі як паміж сабой, так і з ляснікамі.

«Мы спецыяльна засякалі: пасадка 7 дрэўцаў займае роўна хвіліну. Такім чынам можна разлічыць, за колькі засадзілі ўчастак у 1,5 гектары», — распавядае Іна.

«Для мяне гэта шыкоўны шанс вырвацца з гораду, ад аўтамабіляў... Ужо проста галава кругам ідзе, вар'яцееш у сталіцы», — кажа Уладзь.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Фотарэпартаж: За адзін дзень у лясах Уздзеншчыны пасадзілі больш за 2500 маладых хваінак

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость