04.07.2016 / 16:07

Шаркаўшчанін Валерый Кавалёнак зноў стаў пераможцам IV Чэмпіянату Беларусі па фотабёрдзінгу, які праходзіў у Брэсце. З 81 віда птушак, якіх змаглі зафіксаваць удзельнікі спаборніцтва, Валерыю ўдалося сфатаграфаваць 59. Сярод іх такія рэдкія віды, як чайка-рагатуха, авяльга, круцігалоўка. Віцебскі Зялёны партал пагутарыў з пераможцам аб яго захапленнях і дасягненнях.

У Беларусі чэмпіянат па фотабёрдзінгу прайшоў ужо ў чацвёрты раз. Апошні адбыўся восенню 2015 года. На ім Валерый таксама стаў пераможцам.

Па магчымасці ён імкнецца удзельнічаць у розных арніталагічных спаборніцтвах. Так, у 2013 і 2015 гадах шаркаўшчанін у складзе каманды з чатырох чалавек прыняў удзел ў расійскім чэмпіянаце па бёрдзінг-раллі. Турнір праходзіў спачатку ў Ярапольцы, а потым у Смаленскім Паазер’і. Удзельнікі перамяшчаліся па спецыяльнай трассе на аўтамабілях. І абодва разы беларуская каманда заваёўвала першае месца.

Пераможцы бёрдзінг-раллі ў Смаленску, 2015 год
Пераможцы бёрдзінг-раллі ў Смаленску, 2015 год

— Удзельнічалі па ўласнай ініцыятыве, скінуліся на бензін і паехалі на спаборніцтвы. Не дзеля ўзнагароды, а дзеля ўдзелу. Каб паказаць, што мы, беларусы, не горш, чым расіяне, ведаем птушак. І, канешне, праверыць свае сілы. Сілы правяралі і фізічныя. Бо ў адрознені ад расіян на крутых пазадарожніках наш старэнькі Volkswagen прыходзілася ратаваць уласнымі намаганнямі. Добра, што каманда з чатырох чалавек, — успамінае Валерый і смяецца. — Цяпер вось і не ведаем, ці варта больш ехаць. Нас там ужо баяцца!

Не абмінае наш герой і восеньскія арніталагічныя спаборніцтвы ў Беларусі. Так, з 6 да 18 гадзін зборная з чатырох чалавек рухаецца па маршруту ў пошуку відаў птушак. Здымаць там не абавязкова, але неабходна, каб птушку засведчылі ўсе ўдзельнікі каманды.

— У мінулым годзе мы самі пабілі свой рэкорд: зарэгістравалі 124 віды птушак, — кажа ён.

Захапленне птушкамі стала вынікам шматгадовых назіранняў і неабыякавых адносін да прыроды роднага краю. Малая радзіма Валерыя Кавалёнка — вёска Васількова — знаходзіцца на ўскрайку балота Ельня. З усіх бакоў яё абступае лес. З дзяцінства грыбы і ягады былі не толькі звыклым заняткам Валерыя, але і спосабам заробку. Паступова неабходнасць бываць у лесе падштурхнула яго да назіранняў за прыродай. А пазней прыйшло ўсведамленне важнасці Ельні.

Як мясцовы жыхар, Валерый часта выступаў у ролі правадніка для навукоўцаў, якія наведваліся на балота. Гледзячы на іх працу, сам захапіўся такой дзейнасцю. Асабліва вабілі яго птушкі. Арнітолагі, з якімі Валерый нярэдка вандраваў па балоце, дзяліліся сваім вопытам і назіраннямі, якія ён прагна і цярпліва назапашваў. Так несвядома і захапіўся птушкамі. Пазней сам стаў вясці палявыя дзённікі назіранняў, маніторынг, рабіць справаздачы, што затым выкарыстоўваліся арнітолагамі для вывучэння птушак Ельні.

— Атрымалася так, што дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, — сціпла дадае суразмоўца.

Пажары, якія нярэдка здараліся на балоце, выклікалі шмат пытанняў у навукоўцаў. Але адказ на іх мог даць толькі чалавек, які доўгі час назіраў за дынамікай экасістэмы, мог параўноўваць і рабіць высновы. Такім чалавекам і стаў Валерый. Ён рэгулярна, на працягу года, праводзіў замер узроўню вод, складаў справаздачы і падаваў іх у даследчы інстытут. На аснове дадзеных навукоўцы прыйшлі да высновы, што ўплыў на водны рэжым Ельні аказалі ў сукупнасці міліярацыя і глабальнае змяненне клімата. Разгарнулася вялікая і шматгадовая праца па павышэнню ўзроўню вод на балоце. Дзякуючы сваёй назіральнасці і дапытлівасці эколаг-аматар змог зрабіць справу, якая стала трывалым падмуркам у аднаўленні найбуйнейшага на тэрыторыі Беларусі верхавога балота Ельня.

Валерый Кавалёнак вызначаецца выключнай сціпласцю, таму, нягледзячы на свае заслугі, вельмі неахвотна расказвае пра дасягненні. Між тым яго прызналі лепшым грамадскім эколагам Беларусі ў 2015 годзе. Адбылося гэта дзякуючы ініцыятыве начальніка Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Івана Міхалёнка.

Іван Міхалёнак віншуе Валерыя Кавалёнка
Іван Міхалёнак віншуе Валерыя Кавалёнка

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Как стать общественным экологом в Беларуси?

Сергея Магонова признали лучшим общественным экологом Брестчины

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая, Валерый Кавалёнак
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость