На адкрыццё фэсту прыйшло шмат людзей. На першым і другім паверхах гандлёвага цэнтру адбыліся тэматычныя лекцыі, конкурсы. Завіталі госці з Зялёнай сеткі і «Дзіцячых экамайстэрняў».
З імі разам можна было зрабіць папяровую ручку з нотамі ці адправіць сябру паштоўку, прысвечаную змяненню клімата.
Вакол раскінуліся кропкі з экатаварамі для дому, дзяцей, прыгажосці і з экалагічна чыстай ежай. Іх прадавалі гандляры — рамеснікі, беларускія вытворцы і пастаўнікі тавараў з-за мяжы, госці з экапаселішчаў («Росы» і «Звон-гара»). У такіх супольнасцях, па словах Андрэя Маранава, людзі цалкам сябе забяспечваюць усім неабходным і экалагічным, ад хлеба да вопраткі.
Сярод тавараў былі як разрэкламаваныя — папулярнае апошнім часам натуральнае мыла, — так і незвычайныя.
Да іх адносяцца творы прадстаўніка керамічнай артэлі — майстра Дзям’яна, што гандляваў вырабамі з гліны ручной працы, у тым ліку каларытнай чорнай керамікай, традыцыйнай для Беларусі. «Унікальныя рэчы, якія не паўтараюцца нідзе і зробленыя з натуральнага матэрыялу», — каментуе арганізатар Андрэй.
Як ні дзіўна, няшмат хто займаецца экалагічным салодкім для малых. «Натуральнага салодкага мала, і людзей, якія яго робяць, таксама», — кажа арганізатар. Але запрасіць на экадзень атрымалася дзяўчат са штукарскай пякарні і цукерні «Жорны».
Рэдкім Андрэй называе і экалагічны мёд. Знайсці яго прадаўца атрымалася праз доўгі ланцужок знаёмых. Чалавекам, які мае арганічны сертыфікат на сваю зямлю і прадае з яе мёд, стаў фермер з Магілёўскай вобласці. Там ён колісь набыў ужо знікаючы хутар і цалкам засеяў яго меданосамі.
«Такога мёду ва ўсёй Беларусі больш няма, гэта адзіны чалавек на ўсю краіну», — упэўнены арганізатар. Мёд у фермера каштуе досыць танна — па 120 тысяч за літровую пластыкавую ёмістасць.
Удзельнікаў-гандляроў Андрэю Маранаву давялося шукаць па ўсёй Беларусі, і сам ён з іх ліку. Ён — гаспадар крамы фермерскіх прадуктаў «Тук-тук, латук».
Фестывалі, дзе можна сустрэць Андрэя і падобных да яго людзей, бываюць рэгулярна, але не дужа часта. Экадзень «Канюшына», экамаркет «Пастэрнак» — што яшчэ можна назваць?
Нягледзячы на нешматлікасць кірмашоў і экапрадуктаў на рынку (арганічныя фермерскія гаспадаркі ў Беларусі можна палічыць па пальцах), іх вытворцы ёсць. І Андрэй пагадзіўся распавесці, адкуль яны бяруцца, на ўласным прыкладзе: «Усё пачалося з таго, што ў нас нарадзілася трэцяе дзіця, і мы хацелі яго максімальна забяспечыць якаснымі прадуктамі харчавання і жыццядзейнасці. Калі пачалі шукаць, то зразумелі: калі самі іх не прапануем, то хто гэта зробіць? Бо вялікага выбару ў Беларусі няма».
«Гэта прывабна, гэта цікава, і дазваляе заняцца бізнэсам — і я зрабіў выбар на карысць нашай экакрамы і нашага ладу жыцця», — абагульняе ён.
Так, колькі год таму суразмоўца сапраўды зрабіў выбар і сыйшоў са сферы продажаў. Магчыма, стыль жыцця такіх людзей, як ён, вызначаецца адносінамі:
«У гандляроў няма маніі спажывецтва, звычкі ісці за ўстаноўкамі маркетолагаў, — разважае Андрэй. — Я не вялікі спецыяліст у гэтым, але у нас зараз такая эра: тэлефоны, якія трэба памяняць раз на год, аўтамабілі, якія праз 3-5 год немагчыма адрамантаваць. Калекцыя вопраткі змяняецца два разы на год, і калі ты хочаш быць у трэндзе, то мусіць выглядаць модна.
А гэта не сапраўдныя каштоўнасці для чалавека. Калі ў яго кепска са здароўем — яму не цікавыя ні прыгожая вопратка, ні новы тэлефон.
Я лічу, што сапраўдныя каштоўнасці — гэта здароўе, сям’я і душа, тая вышэйшая мэта, дзеля якой ты жывеш. І гэтыя людзі, якіх вы тут бачыце, дапамагаюць знайсці гэтыя каштоўнасці».
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Фотарэпартаж: Што можна было паглядзець і набыць на экамаркеце «Пастэрнак»