10.09.2019 / 11:09

Ты ідзеш у кафэ, гадаванец чакае цябе на вуліцы. Як так? Цяпер з сабакамі можна шмат дзе, і ініцыятыва OkiDog робіць такія месцы заўважнымі. Pets-friendly пляцоўкі можна пазнаць па адмысловым сцікеры ярка-гарчычнага колеру на дзвярах.

Камусьці зручная думка, што сабакі і каты — вясковыя істоты, ім няма ў горадзе месца. Іншыя не ўяўляюць свайго жыцця без іх. Да радасці апошніх, у сталіцы з'яўляецца ўсё больш публічных прастораў, куды можна завітаць са сваім гадаванцам.

 

Хадзіць з гадаванцам на працу і сустрэчы – норма, але не ў нас

Уявіце карціну: раніцай вы забягаеце ў падземку, прабіваючыся праз натоўп. Цягнік пад'язджае да перона, дзверы адчыняюцца і насупраць, дзе надпісы "не прытуляцца", сядзіць сабака з высунутым языком. З яго марудна сцякае цягучая кропелька сліны, а сама пашча расцягнута нібы ва ўсмешцы.

Сабака моднай пароды лабрадор ці рослы дварняк — галоўнае, вялікі. Ён круціць галавой ва ўсе бакі, вітаючы новых пасажыраў. Гаспадар побач трымае ў левай руцэ паслаблены павадок, правай прагортваючы стужку навінаў чарговай сацсеткі.

Людзі прасоўваюцца ў вагон, намагаючыся хутчэй заняць вакантныя сядзячыя месцы. Механічны голас аб'яўляе наступную станцыю. Дзверы зачыняюцца. Сабака прычмоківае і падбірае сліну. Цягнік кранаецца і едзе далей.

Але ў вагоне не ўзнікае ні абурэння, ні позіркаў непаразумення накшталт "Што тут робіць гэта псіна?" Не турбуючы адзін аднаго, усе едуць па сваіх справах. Фантастыка, праўда?

Так – для нашых рэаліяў. Аднак у еўрапейскіх краінах норма, калі гаспадар з гадаванцам можа адносна свабодна перамяшчацца па горадзе любым грамадскім транспартам, быць на працы без адрыву ад працэсаў і сустрэч, а таксама наведваць кафэ.

Забягаючы наперад, хочацца сказаць: у Мінску не ўсё так дрэнна з pets-friendly культурай.  Ёсць з чым працаваць, але ад дна мы ўжо адштурхнуліся і выплываем на паверхню па светавой дарожцы. Напрыклад, у мінулым годзе The Village пісаў пра офісы, куды людзі прыходзяць са сваімі гадаванцамі.

Зялёны партал распавядаў пра дзіцячы цэнтр "Вера і Анфіса", дзе праходзяць заняткі па адаптацыі дзяцей з голдэн рэтрыверам Ямайкай, а таксама пра ініцыятыву "Мопс-шмопс", якая намагаецца развіць сабачую культуру ў шырокім сэнсе гэтага паняцця.

 citydog.by
citydog.by

 

“Правіла, якога варта прытрымлівацца, — павага адзін да аднаго”

Асабліва ўважлівыя маглі запрыкмеціць ярка-гарчычныя налепкі на дзвярах некаторых кафэ і пляцовак, з якіх маляваны сабака радасна паведамляе: "З сабакам можна". Гэта значыць, з гадаванцам не проста можна зайсці па-хуткаму, але і пасядзець ці правесці сустрэчу — тут будуць рады ў любым выпадку.

"Ідэя аб стварэнні dog-friendly месцаў не новая. У Еўропе і Амерыцы ўжо даўно развіваецца тэндэнцыя, што са сваім гадаванцам можна хадзіць не толькі на выгул, але і сумесна заходзіць у разнастайныя ўстановы. Сабака — гэта твой кампаньён", — распавядае Дар'я, менеджэрка праекта OkiDog, што рэалізуе ініцыятыву па распаўсюджанні адкрытых месцаў для людзей з гадаванцамі.

Мноства кафэ, бараў і пляцовак самі праяўляюць ініцыятыву стаць pets-friendly, удзельнікі праекта не ходзяць і не ўпрошваюць адкрыць свае дзверы. Са свайго боку OkiDog могуць зрабіць пляцоўкі заўважнымі: наклеіць сцікер, забяспечыць міскай для вады, нанесці на агульную мапу, каб гаспадары не тапталіся на парозе, гадаючы, ці не пакажуць ім на дзверы.

Калі ж нейкае кафэ забараняе ўваход з гадаванцамі, то трэба разумець: гэта выключна іх выбар, і яго варта паважаць. Так уладальнікі публічных месцаў абмяжоўваюць сябе ад прэтэнзій з боку санстанцый.

"Калі мы ўпершыню прысвойвалі статус dog-friendly установе, адзін з тэлеканалаў здымаў рэпартаж і браў інтэрв'ю ва ўрача Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Высветлілася, што сабакам нельга знаходзіцца і заходзіць непасрэдна на кухню ўстановы, а не ў яе памяшканне. Таму калі кафэ невялікага памеру з кухняй непасрэдна ў зале, то з сабакам туды нельга", — дзеліцца Дар'я.

Вядома, што негатыўна адрэагаваць могуць іншыя наведнікі рэстарацыі, магчыма, хтосьці мае кінафобію ці алергічную рэакцыю, і гэта давядзецца ўлічваць. Па словах удзельніцы праекта OkiDog, налепка на ўваходзе якраз папярэджвае пра тое, што ў кафэ могуць быць з жывёламі. Такім чынам сустрэча ўжо не зробіцца сюрпрызам.

Што ж тычыцца спецправіл для такіх кафэ, то яны практычна непатрэбны — міска для вады, па жаданні ўстановы і з дазволу гаспадароў пачастункі для жывёл. Усё астатняе – выключна на выбар самой пляцоўкі: спецыяльна адведзеныя столікі, ляжанкі, пазіцыі ў меню…

"Правіла, якога варта прытрымлівацца, — павага адзін да аднаго", — падкрэслівае дзяўчына.

 

Мы ніколі не хацелі быць закрытымі хоць для кагосьці

Зялёны партал не мог не пацікавіцца ў саміх устаноў, што іх падштурхнула стаць адкрытымі для жывёл.

Падаецца, зусім не так даўно ў Мінску шумна віталі акрыццё другога кафэ "MonkeyFood" на вуліцы Кастрычніцкай. У чарговы раз вакол яго сабралася прыязная да веганства і жывёл публіка, і ўстанова адсвяткавала набыццё статуса dog-friendly з размахам.

"Для многіх людзей іх гадаванцы — гэта сябры, члены сям'і, блізкія істоты, — кажа Марта Скугарэва, удзельніца каманды кафэ.

Вось ідзеш у кавярню, і трэба пакідаць яго звонку. Як так? Мы лічым, так не павінна быць, таму ад пачатку наша кафэ было animal-friendly.

Калі адкрыліся на Кастрычніцкай, заўважылі, што многія не заходзяць са сваімі гадаванцамі. Пакідаюць іх на вуліцы ці самі застаюцца з імі, пакуль хтосьці з кампаніі набывае ежу. З гэтай нагоды вырашылі афіцыйна далучыцца да OkiDog і публічна стаць dog-friendly установай. Цяпер сцікер вісіць на ўваходзе і ўсе ведаюць, што з хвастатымі сябрамі можна".

Яшчэ адна пляцоўка — экапрастора "Tiden", якая ад пачатку свайго стварэння рэалізуе самыя смелыя мары zerowaste-аматараў. Цяпер жа ў кафэ можна перахапіць свежага круасана з кавай разам са сваім гадаванцам.

 

 

"У нас у гэтым плане ўсё проста. Мы не хочам кагосьці абмяжоўваць у наведванні ўстановы. Галоўнае, каб наведвальнікі не прыносілі адзін аднаму нязручнасцяў і працы. І так, мы любім коцікаў", — каментуе свой выбар TIDEN.

Калі спытаць, дзе самая прыстойная кава ў горадзе, у большасці сваёй адказ будзе "Зерно", дзе цяпер амаль пастаянна можна будзе бачыць сабаку, што стаў часткай каманды ўстановы праз тое, што яго завяла гаспадыня кавярні.

"Наведвальнікі нашага кафэ — людзі, якія любяць выйсці на шпацыр з гадаванцам, забегчы ў кафэ па каву і ісці далей. Таму ў нас не ўзнікала пытання на конт жывёл. Калі з'явілася тэраса, усё часцей на ёй заставаліся людзі з сабакамі. Такім чынам, працэс адбыўся свядома і натуральна, — распавяла Марыя Пагарэлава, PR-дырэктарка ўстановы.

Негатыўных водгукаў мы таксама не атрымоўвалі. Наш пастаянны кліент, які мае даволі вялізнага сабаку, заўсёды дзякуе, што можа зайсці з ім да нас па каву, нахай і на вынас. Гаспадары выдатна разумеюць, што дзесьці можа быць некамфортна ад памераў іх гадаванцаў. Таму найчасцеў ва ўстанове можна пабачыць людзей з «кішэннымі» пародамі. Так, яшчэ адна пастаянная наша кліентка ходзіць з папільёнамі, адзін з якіх абажае пенку ад капучына. Што вельмі міла і забаўна".

 Instagram cafezerno
Instagram cafezerno

Лёс стаць pets-friendly быў і культавай для сталіцы пляцоўкі культ.цэнтр "Копус", дзе пасялілася котка Хімера. Сваім незалежным характарам яна цалкам адпавядае атмасферы прасторы, а свавольнымі павадкамі заслужыла асобае месца ў сэрцах і Instagram-наведвальнікаў.

"Мінулую зіму ў “Корпусе” мы ўзгадваем з уздрыганнем: тады ў нас яшчэ не было ацяплення <...>. Калі пацяплела, у памяшканнях пачалі сноўдаць мышы і пацукі. Мы пачалі змагацца з імі праз уключэння ультрагука і расікдванне попелу — хацелася пазбавіцца ад шкоднікаў гуманным чынам. Але аднойчы хтосьці сказаў: “Ды не парцеся, проста завядзіце котку”.

На другім паверсе працаваў канцэртны арганізатар Ваня Коневега, таксама вядомы як ратаўнік вулічных катоў. У той час ён толькі-толькі ўзяў котку з шасцю кацянятамі <...>.

Гэта была Хімера <...>. Наверсе ёй было цеснавата. Яна выла, Ваня выпускаў яе пагуляць — яна вярталася са здабычай. Калі ён прапанаваў аддаць Хіму нам, мы з лёгкасцю пагадзіліся. Сышліся на тым, што ёй больш падабаюцца прасторы “Корпуса”, а нам — тое, што яна пазбавіць памяшканні ад мышэй і пацукоў", — распавядаюць гісторыю аніманізацыі культпрасторы.

 Instagram cultkorpus
Instagram cultkorpus

Вам дакладна не давядзецце весці барацьбу за права зайсці са сваім гадаванцам ў кафэ Moby Dick, дзе такую магчымасць называюць не проста ініцыятыўнасцю, а адсутнасцю забарон.

 Instagram pozhaluj_net
Instagram pozhaluj_net

 

Замест P.S.

Праект OkiDog не абмяжоўвае сваю дзейнасць папулярызацыяй dog-friendly прастораў. Асноўнай мэтай з'яўляецца развіццё культуры сярод уладальнікаў сабак і людзей, у якіх гадаванцаў няма, каб спрыяць стварэнню асяроддзя, дзе б было камфортна ўсім.

Каб навучыць людзей быць адкрытымі і больш прыязнымі да чацвяраногіх, каманда праекта праводзіць шэраг адукацыйных праграм і мітапаў. У тым ліку шмат намаганняў прыкладае да выпрацоўвання звычкі ў гаспадароў прыбіраць за сваімі гадаванцамі на выгуле.

"Часцей людзі баяцца таго, у чым дрэнна разбіраюцца. Мы дапамагаем атрымаць карысную інфармацыю і зфарміраваць меркаванне на яе аснове", — рэзюмуе Дар'я.

 

Автор:
Фотограф:
Facebook праекта
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость