«Я не люблю хваліцца такімі рэчамі, але падзяку гэту разглядаю як маленькі крок і сведчанне таго, што нам атрымалася ўсталяваць кантакт. Відавочна, што інфармацыя пра ўстойлівае развіццё дайшла да людзей, бо ў цэлым ёй павінны валодаць кожны з нас. А тым больш людзі, якія вельмі шмат робяць у галіне прыродааховы», – ацэньвае сваю «ўзнагароду» Віктар Уладзіміравіч, дацэнт кафедры кіравання рэгіянальным развіццём факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат біялагічных навук. Яго аўтарскі курс распрацаваны ў рамках перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў.
Для чаго дзяржаўным інспектарам ўстойлівае развіццё
Даведка: Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей - Дзяржінспекцыя) з'яўляецца спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам, падначаленым Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за аховай і выкарыстаннем дзікіх жывёл, якія адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства, драўняна-хмызняковай расліннасці і іншых дзікарослых раслін, ляснога фонду.
На думку эксперта, ужо само стварэнне Дзяржінспекцыі можна лічыць вялікім дасягненнем ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Да яе з’яўлення, цяжка было нават казаць пра эфектыўнасць аховы наваколля. Тым не менш, на пасады ў інспекцыі прыходзяць розныя людзі, найчасцей былыя супрацоўнікі міліцыі, якія бачаць сваёй задачай выключна барацьбу з браканьерствам, абмінаючы праблему перагружанасці прыроды, што лоўляй парушальнікаў не справіш. Таму было вырашана мякка ўвесці інспектароў у глабальную сістэму ўстойлівага развіцця, каб яны ўбачылі сваё месца ў ёй.
«На пачатку распрацоўкі курсаў для інспектароў заказчыкам выстаўляліся вельмі вузкія спецыяльныя патрабаванні, напрыклад, работа з псіхолагам, механізмы рэалізацыі мяса насельніцтву, што рабіць з канфіскаванай тушай, як эканамічна вырашаць усе гэтыя пытанні», – кажа Віктар Уладзіміравіч. – Нам атрымалася знайсці баланс інтарэсаў, каб задаволіць і іх патрабаванні, і данесці каштоўнасці ўстойлівага развіцця. Мы патлумачылі, што ёсць дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь і што яна ўключана ў глабальныя палітычныя намаганні, дзе вялікая роля адведзена ў тым ліку і грамадзскім арганізацыям. Усё гэта рабілася ў неканфліктнай форме, бо ў першую чаргу для нас найважнейшым з'яўляецца вынік, каб працэс ішоў у правільным накірунку і зніжалася нагрузка на наваколле».
Вядома, што не для ўсіх беларускіх чыноўнікаў можа быць зразумелай гэта тэма, бо найважнейшым для іх застаюцца даведзеныя да планаў паказчыкі ў раёне. У сувязі з гэтым нельга было памыліцца з падборам экспертаў, каб пазбегнуць закрытасці слухачоў і адмаўлення ва ўспрыманні інфармацыі. Таму невыпадкова, што ў правядзенні курсаў былі задзейнічаны як спецыялісты грамадскіх арганізацый, так і дзяржаўных органаў.
«У нейкім сэнсе я выконваю ролю «мастка», механізма, які прываблівае людзей-прафесіяналаў у сваёй галіне. Важна ж, каб не проста адпрацоўваліся дзве гадзіны заняткаў, а разбураліся стэрэатыпы мыслення ў чыноўнікаў, яны прывыклі недаацэньваць гэту тэму. Але як толькі ім сустракаецца чалавек, які ўмее падабраць аргументы, то свядомасць чыноўнікаў змяняецца», – зазначае ён.
Асабліва важным у гэтым працэсе бачыцца перадача вопыта замежных эколагаў, якія на думку Віктара Уладзіміравіча больш разбіраюцца ў тэме. Акрамя гэтага выкарыстоўваюць прагрэсіўны падыход, калі ўсё, што можа прынесці прыбытак краіне з'яўляецца экалагічна мэтазгодным. А гэта значыць, што ў іх можна павучыцца «прадаваць» і прыгажосць прыроды, і чалавечы інтэлект. Засвоіць правіла ствараць больш паслуг, а не бруднай вытворчасці.
Лепшыя сярод краін былога СССР
На фоне краін Усходняга партнёрства, а гэта Малдова, Украінай, Азейрбайджан, Арменія, Грузія і іншыя, Беларусь выглядае найлепшым чынам. Меркаваць пра гэта дазваляюць тры паказчыкі: біяёмкасць, экалагічны след і індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу, па якіх робіцца ацэнка ўстойлівага развіцця. Першыя два з іх характарызуюць перагружанасць прыроды, чалавечы патэнцыял – паказвае ўзровель здароўя, даходаў насельніцтва і адукацыі, ён апісвае якасць жыцця. Такім чынам атрымоўваецца, што і высокі ўзровень жыцця і ў той жа час прырода спраўляецца з яго падтрыманнем на такой планцы – гэта і ёсць устойлівае развіццё.
«У параўнанні з перелічанымі краінамі ў Беларусі мінімальная перагружанасць наваколля, складае прыкладна 0,5 Га умоўнай прыроды на чалавека і ў той жа час мы валодаем самым высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу. У нас сапраўды лепшыя стартавыя ўмовы сярод краін Усходняга партнёрства», – падкрэслівае Віктар Ермаленкаў.
Што ж тычыцца краін Еўрапейскага саюзу, то Беларусі нядрэнна ўзяць сабе ў прыклад распрацаваную метадалогію Еўрапейскай стратэгіі ўстойлівага развіцця, дзе эканоміка, сацыяльная галіна і экалогія разглядаюцца ў сукупнасці. Такі падыход не дазваляе выдзяліць той ці іншы элемент у прыярытэт, а разглядае іх ва ўзаемазалежнай звязцы.