Ураганы для Беларусі становяцца ўсё больш звыклай з'явай. Чаго толькі вартая ліпеньская стыхія мінулага году, што нанесла шкоду ў 510 населеных пунктах 26 раёнаў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Мінскай і Гродненскай абласцей. Парывы ветру не толькі звыралі дахі дамоў, але і ўкладвалі дрэвы бы запалкі.
Аднак выпадкі падзення дрэваў здараюцца і ў больш устойлівае надвор'е. Так, напрыклад, 18 верасня гэтага году пры ўзмоцненым ветры ў мінскім скверы Котаўка заваліліся дзве таполі. Зялёны партал звярнуўся да каардынатара кампаніі ''Гарадскі Ляснічы'' Ігара Корзуна, каб зразумець, ці заўсёды ў завалах вінаваты катаклізмы, альбо прычына крыецца ў іншым.
Глядзець лепей трэба
На думку Ігара, праблема заключаецца ў неналежным даглядзе за зялёнымі насаджэннямі і ў адсутнасці своечасовага маніторынга дрэваў. І тычыцца гэта не толькі аднаго мінскага сквера – праблема носіць сістэмны характар.
''Калі па вясне, у красавіку, у паркі прыходзяць людзі з піламі, задаеш ім пытанне ''што ўласна вы тут робіце?''. І чуеш ў адказ: ''выдалеяем небяспечныя і аварыйныя дрэвы?'' Але з чаго раптам яны ўзялі, што насаджэнні такімі з'яўляюцца? Бо заключэнне абследавання, якое было праведзена ў сакавіку, нельга лічыць адэкватным. Па знешнім выглядзе ў гэты перыяд цяжка вызначыць сухое дрэва ці не, вынайсці можна вонкавыя пашкоджанні. Тое ж тычыцца і ствалавога гнілля, як яго вынаходзяць? Наяўнасцю дуплаў на ствале?'' – абураецца каардынатар кампаніі па абароне гарадскіх насаджэнняў.
Найбольш правільна праводзіць такога кшталту работы два разы на год у перыяд вегетацыі: у пачатку лета, калі лістота распускаецца і можна ўбачыць, якое дрэва аслаблена, і на пры канцы лета, адсочваючы, дзе лістота пажоўкла, сухая і аблятае хутчэй.
Акрамя таго, за дрэвамі, якія выклікаюць падазрэнне і могуць лічыцца аварыйна небяспечнымі, варта арганізаваць дагляд, правесці шэраг абследаванняў.
''Калі б такая праца праводзілася сістэматычна, то можна б было своечасова выяўляць аслабыя і небяспечныя дрэвы, выдаляць іх. Такім чынам, я бачу неякасна праведзеную працу і ў мяне ўзнікаюць падазрэнні ці не было здаровых насаджэнняў сярод выдаленых раней'', – мяркуе ''Гарадскі Ляснічы''.
Такім чынам, упэўнены Ігар, ствараецца толькі бачнасць клопату аб дрэвах і бяспецы людзей. Котаўка ў чарговы раз стала індыкатарам сістэмных промахаў і недапрацовак, калі работы на зялёных тэрыторыях праводзяцца сыходзячы з фінансавай патрэбы арганізацыі і без удзелу спецыялістаў належнай кваліфікацыі. А стыхійнае надвор'е толькі дапамагае выяўляць праблемы.
Па газонах не ездзіць
''З таго, што мне ўдалося пабачыць па рэштках паваленых дрэваў у скверы: адно з іх было зусім трухлявым унутры, а вывернутае мела паламаную карнявую сістэму. І зламаны карані былі не пры падзенні'', – сцвярджае Ігар Корзун.
Адсюль можна вывесці яшчэ адну праблему па догляду – выкарыстанне цяжкой тэхнікі ў паркавых зонах і скверах, – пра што кампанія ''Гарадскі Ляснічы'' не аднойчы ўжо заяўляла.
Грузавы МАЗ, трактар ''Беларусь'' з прычэпам, франтальны пагрузчык і аўтамабіль з люлькай – асноўная тэхніка, якая выкарыстоўваецца работнікамі ''Зеленбуда''. Але яна мае габарыты і вагу, не прызначаныя для руху па дарожках сквераў і паркаў. Таму часта на ствалах можна пабачыць счасаную кару. Без належнай апрацоўкі гэтыя месцы з часам пачынаюць загніваць, а таксама выезджаны газон, які ў вільготнае надвор'е ператвараецца ў сапраўднае гразкае месіва. Пры ўсім, тэхніка наносіць пашкоджанні не толькі знешнія. Наязджаючы на карнявую сістэму, яна ламаецца пад вагой рабочых аўтамабіляў, пачынае загніваць і дрэва асуджана на пагібель.
''Прымусьце вашых рабочых выконваць іх працу. А то бачыце ім лянота на тачцы падвесці папілаваныя ствалы да грузавіка 30-40 метраў і загрузіць іх. Каб хутчэй усё зрабіць, на газоны заганяецца франтальны пагрузчык, у коўш якога закідваецца драўніна, а ён, у сваю чаргу, выгружае гэта ўсё ў кузаў МАЗа. Вясной і восенню такая тэхніка вязне ў вільготнай глебе, знішчаючы травяністае покрыва'', – кажа Ігар Корзун.
І атрымоўваецца двайная праца і двайное выдаткаванне фінансаў, бо так ці іначый, але газон мусяць аднаўляць.
''Рабочыя, якія ўсё сапсавалі і рабочыя, якія прыехалі спраўляць – атрымоўваюць за гэта зарплату. Якую аплочваюць ім гараджане са сваіх кішэняў. Аднак хіба гэта правільна? Бо падрадчык, які нанёс шкоду не павінны атрымаць аплаты за працу і справіць усё абавязаны за свой кошт'', – упэўнены ён.
Акрамя гэтага, ёсць у Ігара нараканні і да ўродлівых металічных кантэйнераў для смецця, якія ўсталёўваюцца ў парках, маўляў, для падтрымання чысціні. Акрамя таго, што яны псуюць эстэтычны выгляд, да іх у любым выпадку мусяць пад'язджаць смеццевозы. Гэта спецтэхніка выходзіць сваімі габарытамі за дарожкі, псуючы газон.
''Дзеля прыборкі ў парках і скверах ёсць супрацоўнікі спецарганізацый, супрацоўнікі ''Зеленбуда''... Чаму яны зараз займаюцца тым, што зграбаюць лістоту на ўсіх зялёных зонах, хаця рабіць гэта зусім нетрэба! Няхай зоймуцца прамымі сваімі абавязкамі. Выдзеліце ім мотаблок з прычэпам, куды можна згружаць смецце, састаўляць перапоўненыя ўрны і складаць галлё. Ён лёгкапраходны і не нанясе шкоды!'', – тлумачыць Ігар Корзун.
Каардынатар кампаніі ўпэўнены, што за парушэнне працоўных нормаў і абыякавасць у выкананні сваіх прафесійных абавязкаў адказныя асобы мусяць несці, калі не адміністрацыйную, то хаця б дысцыплінарную адказнасць.