18.11.2015 / 17:11

Ці болей пачалі спажываць пакетаў, калі тыя зрабіліся «бясплатнымі», і як правільна ад іх адмаўляцца ў краме, у час правядзення «Тыдня без пластыку» даведаўся Зялёны партал.

Праз некалькі год на тры кілаграмы рыбы ў акіяне будзе прыходзіцца адзін кілаграм пластыку. А ўжо зараз большасць акіянскіх птушак глытае пластыкавыя адходы, блытаючы іх з рыбай. Аб гэтым сведчаць вынікі навуковага даследавання Нацыянальнай акадэміі навук ЗША.

Ад нас да акіяну далёка, але праблема пластыку для Беларусі ня менш актуальная: перапрацоўваецца крыху больш за 10% адходаў, а з утылізацыяй рэшты ўзнікаюць парадаксальныя праблемы.

Тым часам адзін з буйнейшых (і нешматлікіх) перапрацоўнікаў пластыку, замежнае прадпрыемства «РэПлас-М», у 2013 годзе сведчыла: сыравіну часткова даводзілася імпартаваць з Расіі.

Бясплатны платны пакет

Ажыятажу сітуацыі з адходамі дадало знакамітае рашэнне аб тым, што ўпакоўка для спажыўцоў мусіць быць бясплатнай. Аб гэтым гаворыцца ў 25 пункце Пастановы Савета міністраў №703, што выйшла ў мінулым годзе.

У Германіі, за якой так падабаецца назіраць беларусам, палітыка ідзе ў зваротным накірунку згодна з новай дырэктывай ЕС. Паводле яе, да 2025 года краіна мусіць у два разы зменшыць колькасць выкарыстаных пакетаў на душу насельніцтва.

Пастанова магла прывесці да павелічэння колькасці пакетаў, але ці прывяла?

У 2014 годзе прадстаўніца сеткі крам «Родны бок» (па-руску «Родная сторона») зазначыла нязначны рост колькасці пакетаў, якія атрымоўваюць пакупнікі. А ў лістападзе 2015 года ва ўніверсаме «Першамайскі» сказалі, што за год выдаткі на поліэтыленавую ўпакоўку выраслі ў два разы.

«Канешне, пакетаў пачало сыходзіць больш. І тут нават не ў адных іх справа», — кажа дырэктарка ўніверсама Зінаіда Паборцава. Паводле яе слоў, часам значную ролю ў павялічванні колькасці пластыкавай упакоўкі граюць самі прадаўцы.

Сардэчныя жанчыны ў розных крамах гатовыя падказаць, які пакет платны, а які не. Калі нешта падцякае, ці каб было зручней несці, прапануюць: «Давайце пакладзем у яшчэ адзін пакет, гэта ж нічога не каштуе». Хаця на самай справе каштуе, і сума выдаткаў можа перавышаць адзін ці некалькі месячных заробкаў супрацоўніка крамы.

«Прадавец слёзна ўмольвала пакласці бананы ў пакет»

Але не заўсёды самі пакупнікі за пластык. Часам здараецца, што чалавек не хоча тавар запакоўваць, але адмовіцца не атрымліваецца.

Пра такі выпадак сведчыць Алена, наведніца гіпермаркета «Green»: «Я прасіла не заварочваць у пакет садавіну, а прадавец адказала, што не можа, што ў іх загад. А плёнка, маўляў, харчовая, за два гады мусіць раскласціся».

Варта дадаць, што біяраскладальныя плёнкі сапраўды існуюць, іх на рынку няшмат, і іх якасці неадназначныя.

Ліст са зместам, падобным да папярэдняга выказвання, прыйшоў на пошту Зялёнага партала:

«Сёння сутыкнулася з праблемай, — піша аўтарка. — У краме «Суседзі» па вуліцы Балтыйскай прадавец слёзна ўмольвала пакласці бананы ў пакет, таму што выйшла нейкая пастанова аб тым, што садавіна і гародніна мусяць рэалізоўвацца ў фасаваным выглядзе».

У самой краме адказалі, што ў працы кіруюцца пастановай №703.

Набыць запакаваны тавар можна, але не абавязкова

Аб выпадках, калі прадаўцы насамрэч абавязаныя адпусціць тавар толькі ва ўпакоўцы, Зялёнаму парталу распавялі ў грамадскім аб’яднанні «Спажывец». Гэта тычыцца салатаў, якія прадаюцца на вагу, і падобных тавараў. Таксама не адмовіцца ад упакоўкі напояў, тортаў, набораў пірожных. Але вернемся да садавіны.

Калі ў краме яе расфасавалі загадзя, то пакупнік мае права папрасіць вызваліць тавар ад упакоўкі. Калі расфасавалі з яго дазволу, тады гэта рабіць ніхто не абавязаны, хаця і могуць пры жаданні.

Калі пакупнік хоча набыць тавар запакаваным, але не ў пластык, а ў паперу, крама можа яму дапамагчы, але не абавязаная. Матэрыялы ўпакоўкі ў дакументах не рэгламентаваныя.

Такім чынам, пакупнік мае права на бясплатную ўпакоўку для пэўных тавараў, спіс якіх рэгламентуецца пастановай Савета міністраў №703 ад 22 ліпеня 2014 года. Але гэта не азначае, што ён абавязаны набываць ва ўпакоўцы.

Увогуле пакупнікам раяць на месцы ўдакладняць дакументы, у адпаведнасці з якімі адбываецца дзеянне, што турбуе іх.

Цывілізаваная ўпакоўка

Часам закон абавязвае да пластыку. Але часцей за ўсё сам пакупнік вырашае, ці сойдзе ён з крамы з яшчэ адным дадатковым пакетам. Праславуты чалавечы фактар і жаданне камфорту.

«На дадзены момант гэта самая цывілізаваная ўпакоўка, — кажа пра поліэтылен дырэктарка «Першамайскага». — У паперу тую ж рыбу не завернеш, бо працячэ. Хаця раней, калі не было пакетаў, прывозілі цэлыя 300-400-кілаграмовыя рулоны паперы і заварочвалі ў яе ўсё. Зараз у краме таксама ёсць папера, але меней. Сапраўды, перайшлі на пластыкавую ўпакоўку літаральна ўсе».

«А ўвогуле мы забруджваем планету, і збіраць смецце не ўмеем і не хочам», — з сумам зазначае суразмоўца.

Автор:
Фотограф:
scandinews.fi, nnm.me, vkyrse.info
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость