----- Account: greenbelarus.info -----

Зялёны Мінск: канцэпцыі няма, але ўсё ў руках гараджан

Каб горад стаў па-сапраўднаму зялёным, недастаткова стварэння ў ім толькі сквераў і паркаў. Канцэпцыя ператварэння ў такое месца значна складаней і прадугледжвае развіццё экатранспарту, кліматычную нейтральнасць, ашчаднае стаўленне да прыродных рэсурсаў і шмат чаго іншага. Каб сабраць усе гэтыя кірункі ў адно цэлае, патрэбная стратэгія, якую пакуль ніхто не стварыў. Затое ў гараджан ёсць шмат спосабаў зрабіць свой унёсак — ад пасадкі дрэўца да імкнення ўплываць на гарадскую палітыку.

20.06.2016 Экалогія горада Аўтар: Ганна Валынец Фота: Ігар Шэлкуленка, Ганна Валынец, Марыя Фалалеева

Гарады — асноўная пагроза для планеты

Каб змяніць свет, трэба мяняць гарады, бо менавіта яны зрабіліся кропкамі крызісу цывілізацыі.

«54% насельніцтва Зямлі — гарадское. І асноўная пагроза для нашай планеты — гарады і іх рост, — так мяркуе Алесь Залеўскі, мадэратар адной з мінскіх тэматычных дыскусій аб урбаністыцы. — У беларускіх гарадах насельніцтва складае прыблізна 7,3 мільёна чалавек, а гэта больш за 70%».

Алесь Залеўскі (справа)

Гарады — адны з галоўных эмітэнтаў парніковых газаў. Каб прадухіліць іх негатыўны ўхіл і «азеляніць», неабходная стратэгія. Менавіта для Мінска такім дакументам мог бы быць Стратэгічны план устойлівага развіцця, распрацаваны эканамістамі з Акадэміі навук, мяркуе Зміцер Гаўрусік, рэдактар альманаха «Гарадскія тактыкі».

Зміцер Гаўрусік (крайні злева) і Ірына Сухій (крайняя справа)

«Але падыміце рукі, хто чуў пра яго? Гэта дакумент, напісаны чыноўнічай мовай, дзе фісуецца курс нашага развіцця», — адзначае ён. І годных стратэгій удзельнікі дыскусіі не знаходзяць:

«Мы не можам нават сказаць, ёсць яна ці не, калі не ведаем сваю мэту, — узбурыўся Ігар Корзун, каардынатар кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Таварыства «Зялёная сетка».

«Я менавіта пра гэта, пацверджвае Зміцер. У мінскім грамадстве, у чыноўнікаў, бізнеса няма стратэгічных мэтаў. І стратэгіі няма».

Пры такім узроўні свядомасці жыхарам толькі і застаецца, што «працаваць рукамі», бо, на жаль, Мінск не знаходзіцца зараз на стадыі стратэгічнага планавання:

«Гэта той узровень, на якім людзям адводзіцца нешта рабіць», — сцвярджае Аляксей Крывалап, культуролаг і сябра Беларускай партыі «Зялёныя», і звяртае ўвагу, што не ўсім гараджанам дастаткова такога нізкага ўзроўню.

Аляксей Крывалап у цэнтры

А механізм уплыву грамадзян на прыняцце экалагічна значных рашэнняў, на думку Ірыны Сухій, сябра савета ГА «Экадом», запусціць цяжка, але па-іншаму нельга: «Мы ж не можам чакаць, што гараджане Мінска выйдуць на вуліцу і будуць патрабаваць: “Хочам удзелу!”»

Існуюць і магчымасці больш высокага ўзроўню — далучыцца, напрыклад, да напісання Стратэгічнага плана ўстойлівага развіцця Мінска, што прадугледжана канцэпцыяй ўстойлівасці.

«Гэта не той дакумент, які пішацца спецыялістамі і зацвярджаецца чыноўнікамі», — кажа Ірына. Падобным чынам, на думку экалагічных грамадскіх арганізацый, распрацаваная Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця і СУР для абласцей. Таму фактычна у гараджан мала магчымасцей выявіць сябе на высокім узроўні.

Атрымліваецца, хтосьці не хоча праяўляць актыўнасць, а хтосьці не можа ці не ведае, як. Каб стварыць канцэпцыю і вызначыць крокі, трэба дыскусія на розных узроўнях, лічаць дыскутанты.

 

Спецыялісты раяць гараджанам

Аднзін са спосабаў зрабіць Мінск зялёным — літаральны: захаваць яго зялёныя зоны і зрабіць іх лепш і больш. Гэты спосаб дае жыхарам горада канкрэтныя, а не абстрактныя мэты, якія, магчыма, неўзабаве і складуць канцэпцыю азелянення Мінска.

Гэта была адна з тэм, што былі разгледжанны падчас круглага стала «Канцэпцыя азелянення горада Мінска», які зладзілі прадстаўнікі кампаніі «Гарадскі Ляснічы» на пачатку чэрвеня.

Пасадзіць у горадзе больш дрэваў

Людміла Краўчук

У Мінску гарадскія насаджэнні не спраўляюцца з паглынаннем шкодных рэчываў у паветры, іх трэба ахоўваць і садзіць новыя, мяркуе Людміла Краўчук з Інстытута прыродакарыстання НАН РБ. Праблема датычыцца не толькі сталіцы.

Адзін з папулярных і недарагіх рашэнняў — ствараць прыродныя паркі на базе наяўных прыродных аб’ектаў у гарадах. Гэта могуць зрабіць гарадскія улады, а для жыхароў шлях крыху іншы: проста саджаць дрэвы.

Гэта рабіць дазволена, запэўнівае Наталля Мінчанка, кіраўніца ўпраўлення ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У кожным канкрэтным выпадку яна раіць грамадзянам стасавацца з «Зелянбудам» і ЖЭСам.

 

Ніжні ярус зробіць горад утульным

Саджаць варта не толькі дрэвы, але і кустоўе. Ніжні ярус дадае ўтульнасці зялёным зонам, стварае зацішныя закуткі, а пасадзіць зялёную агароджу для горада каштуе столькі ж, колькі паставіць жалезную.

Ніжняга яруса ў Мінску выяўна не стае, лічыць Ігар Корзун. Тым больш кустоўе і трава ля яго створаць натуральны асяродак жыхарства для кляшчоў, ад якіх цалкам пазбавіцца нельга. А значыць, кляшчы будуць знаходзіцца воддаль ад людзей.

Ігар Корзун

Кустоўе зніжае ўзровень гарадскога шуму, а выглядае эстэтычна адразу — яго высаджваюць амаль дарослым, у адрозненне ад дрэваў. Густы падлесак дасьць птушкам дом, засцеражэ карані паркавых дрэваў ад вытоптвання, а дзяцей на пляцоўцы — ад развейвання пяску і спакусы выбегчы на дарогу.

Дарэчы, кустоўе прасцей выкапаць і перасадзіць, чым дрэва.

 

Дамагчыся абрэзкі па правілах

«Сам ты ліхтарны слуп!» — быццам злуецца дрэва на малюнку да петыцыі, якую месяц таму запусціла кампанія «Гарадскі Ляснічы» Таварыства «Зялёная сетка». Выглядае яно, мякка кажучы, непрывабна.

Петыцыя супраць такой абрэзкі сабрала амаль 1400 подпісаў. Гараджане за тое, каб працэдуру рэгламентаваў закон і ажыццяўлялі спецыялісты, бо сёння найчасцей выкарыстоўваецца спосаб абрэзкі, які называюць топінгам.

Ён, на думку навукоўцаў, з’яўляецца варварскім і «можа мець толькі адну мэту, на жаль, нікак не звязаную з дрэвамі — засвойванне сродкаў, вылучаных на ўтрыманне зялёных насаджэнняў», лічыць Ірына Вазнячук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. В.Ф. Купрэвіча.

Паводле пілотнага даследавання, пасля такой абрэзкі не меньш за 10% дрэваў не выжывае, а большасць астатніх мае ствалавую гніль.

Ірына Вазнячук

Прадстаўніца Мінпрыроды Наталля Мінчанка дадала, што ў міністэрстве ведаюць аб праблеме: «Пытанне [правілаў] ў распрацоўцы. Дзяржорганы і так разумеюць, што дакумент патрэбны».

 

Неабходна стварыць гарадскія зялёныя калідоры

«Колькасць зялёных тэрыторий на чалавека змяншаецца, а ў перспектыве забудова будзе ўшчыльняцца. Тэрыторыі для новых буйных ландшафтных аб’ектаў знайсці складана», — кажа Марына Сідарэнка, кандыдат архітэктуры і дацэнт кафедры ландшафтнага праектавання і садова-паркавага будаўніцтва БДТУ.

Нарматыўна праблему вырашаюць далучэннем да горада зялёных зон па-за Мінскам, але яны далёка ад большасці жыхароў. На думку архітэктара, ёсць іншы рэсурс — невялікія адкрытыя пляцоўкі і тэрыторыі, якія не маюць ландшафтна-рэкрэацыйнага статусу.

«Яны не існуюць самастойна, але могуць быць аб’яднаныя ў адзіную сістэму і занятыя зялёнымі гарадскімі калідорамі», — тлумачыць Марына. Пляцоўкі яна плануе знаходзіць у межах практыкі са студэнтамі. Прыклады рэалізацыі за мяжой — pocket park — ландшафт «на шляху», ці парклет — зялёная міні-зона.

Варта ўдакладніць: адзін зялёны калідор у Мінску ужо ёсць — водна-зялёны дыяметр, і ён паступова забудоўваецца.

Марына Сідарэнка

 

Дрэвы ў гарадах: ці аберагаць, ці не саджаць

Такім чынам, пакуль што гісторыя з зялёнымі насаджэннямі сумная: яны растуць у лунках між бетона, на іх сыплюць рэагенты зімой, і штодня лунае доза выкідаў ад машын. Высновы аб стане гарадскіх насаджэнняў і даглядзе за імі зрабіла Ірына Вазнячук на падставе 4-гадовага маніторынгу батанікаў ў Мінску і абласных гарадах.

Найбольш церпяць дрэвы ў першай лініі ад дарогі, і варта выбіраць для пасадкі там устойлівыя пароды. Дрэвы, а асабліва сажанцы, трэба агароджваць, бо адно пашкоджанне трымерам можа прывесці да гібелі.

Пералічаныя далёка не ўсе фактары рызыкі. Ірына тлумачыць, што гэта крытычна: калі гарадскія дрэвы не аберагаць, то лепш іх не саджаць, каб не марнаваць сілы. А значыць, удзел гараджанаў карысны, і патрэбны ён на ўсіх узроўнях.

Падзяліцца: 20.06.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.