20.07.2017 / 11:07

У той час, як розныя краіны свету адмаўляюцца ад выкарыстання жывёл ў забаўляльнай індустрыі з-за празмернай жорсткасці дрэсіроўкі і немагчымасці стварыць вартыя ўмовы жыцця для «артыстаў», Беларусь працягвае карыстацца ўсімі дасягненнямі гэтай галіны. Зялёны партал высвятляў, чаму мы пакуль не ў стане адмовіцца ад выкарыстання жывой прыроды ў сваё задавальненне.

У 1990-х гадах убачыць дзікіх ці экзатычных жывёл у няволі можна было бадай што ў цырку ці заапарку, альбо вылавіць дзядзечку-фатографа са стракатым ара ў гарадскім парку. Аднак сёння забаўляльная індустрыя «дорыць» спажыўцам багатую разнастайнасць прапаноў: «Хочаш замовіць сабе фотасесію з малпачкай?» — «Калі ласка!» ці «Наняць драпежніка на свята?» — «Няма праблем!».

У 2015 годзе ў Мінску адкрыўся першы кантактны заапарк, з чаго пачалася хваля іх папулярнасці па ўсёй Беларусі. І наўрад ці дэльфінамі можна кагосьці здзівіць у краіне без мора і акіяна.

Пры вялікім жаданні і фінансавых магчымасцях у нашыя дні людзі могуць нават набыць сабе дзікіх жывёл. Аб'яўкі такога кшталту можна з лёгкасцю знайсці, напрыклад, на папулярнай платформе Kufar.

«Як мне падаецца, на развіццё індустрыі ўплываюць адразу некалькі фактараў, напрыклад, недасканаласці ў заканадаўчай сістэме, жаданне ўладальнікаў бізнэса зарабляць грошы на жывёлах і попыт», — кажа Людміла Лагіноўская, дырэктарка Цэнтра этычных адносін да прыроды.

 

Заканадаўства: можна пакараць штрафам, але не канфіскаваць

Згодна з артыкулам 6 Закона «Аб жывёльным свеце» дзікія жывёлы, якія ўтрымліваюцца і/ці разводзяцца ў няволі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, знаходзяцца ва ўласнасці гэтых юрыдычных асоб, грамадзян. І адпаведна з артыкулам 42 утрыманне і/ці развядзенне дзікіх жывёл у няволі можа ажыццяўляцца для разнастайных мэт: ад рассялення, навуковых ці культурніцкіх да атрымання прадукцыі карыстання аб'ектамі жывёльнага свету, навучання паляўнічых сабак, лоўчых птушак і г.д.усяго таго, што не супярэчыць заканадаўству аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету.

 

Пры гэтым адлоў дзікіх жывёл з мэтай утрымання і/ці развядзення ў няволі ажыццяўляецца бясплатна. Дзеля гэтага неабходны дазвол на вынятак жывёл з асяродку. Аднак існуе пералік відаў, на якія дазвол не патрэбны. Ён зацверджаны пастановай Савета міністраў №700 ад 2 чэрвеня 2006 года. Умовы ж утрымання і/ці развядзення дзікіх жывёл у няволі ўсталяваны пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя №16 ад 27 лютага 2007 года.

Вядома, што дзікія жывёлы, якія ўтрымліваюцца ці разводзяцца ў няволі, павінны быць зарэгістраваны. Пад гэта патрабаванне трапляюць чырвонакніжнікі і жывёлы са спісу Канвенцыі CITES, якімі займаецца Мінпрыроды. І жывёлы, якіх вымаюць з дзікай прыроды згодна дазволу, знаходзяцца пад контролем тэрытарыяльных органаў міністэрства.

 

Канвенцыя аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES, Convention on International Trade in Endangered Species of Wild Fauna and Flora), лічыцца самым буйным міжнародным пагадненнем па ахове дзікай прыроды, якое было падпісана па выніку рэзалюцыі Міжнароднага саюза аховы прыроды ў 1973 годзе.

Мэта канвенцыі — гарантаваць, што міжнародны гандаль дзікімі жывёламі і раслінамі не стварае пагрозы іх выжыванню. Пагадненне прадстаўляе розныя ступені абароны для больш чым 33 000 відаў жывёл і раслін.

 

У абавязковым парадку датычыцца гэта мера юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, што вядуць эканамічную дзейнасць з удзелам дзікіх жывёл. Звярнуцца за рэгістрацыяй у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя яны мусяць яшчэ да пачатку выкарыстання жывых істот у якасці аб'екта прыбытку.

Аднак, нягледзячы на, падавалася б, дакладны заканадаўчы механізм па рэгуляванні ўтрымання дзікіх жывёл у няволі, усё ж маюцца ў ім хібы. Так, напрыклад, заканадаўствам аб адміністрацыйных правапарушэннях за жорсткае абыходжанне з жывёламі, парушэнне правіл утрымання ў няволі прадугледжаны штраф, але не канфіскацыя дзікай істоты. Такім чынам парушальнік аплочвае штраф і надалей можа мець у сваёй маёмасці жывёліну. Каб змяніць гэтую практыку, неабходны змяненні ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Пры ўсім Мінпрыроды ўжо распрацавала экалагічныя нормы і правілы ўтрымання дзікіх жывёл у няволі, якімі вызначаны нормы да клетак і вальераў. Але яго пастановай патрабаванні ўсталяваны не для ўсіх відаў. Напрыклад, пад выключэнне трапілі дэльфіны, што ўскладняе кантроль за імі.

Невыпадкова, што Цэнтр этычных адносін да прыроды звярнуўся ў Мінпрыроды з просьбай вынесці распрацаваны дакумент з нормамі і правіламі ўтрымання на грамадскія абмеркаванні.

Акрамя гэтага, у нашай краіне адсутнічае хоць нейкая сертыфікацыя арганізацый, якія выкарыстоўваюць жывёл у цырку. Таму становяцца магчымымі, напрыклад, гастролі цыркавой трупы, якую звінавацілі ў жорсткім абыходжанні з жывёламі.

Бо органы Мінпрыроды правяраюць выключна наяўнасць рэгістрацыі жывёл і ўмовы іх утрымання, усе астанія пытанні яны не кантралююць.

 

Праз мяжу з ветэрынарным сертыфікатам і канвенцыяй CITES

Аказваецца, каб перавезці жывёліну праз мяжу, не ўзнікае асаблівых праблем, акрамя як бюракратычных. Як патлумачыў Зялёнаму парталу галоўны ветурач Беларускага ўпраўлення дзяржаўнага ветэрынарнага нагляду на дзяржаўнай мяжы і транспарце Віталій Пятровіч, пры перавозцы дзікай жывёлы праз мяжу мытневага саюзу дастаткова мець ветэрынарны сертыфікат на істоту.

У выпадку, калі жывёлу вязуць у Еўразвяз, яна павінна быць чыпіраванай, мець пашпарт і ветэрынарны сертыфікат.

«Па ўсіх дазволах і нейкіх спецыяльных дакументах неабходна цікавіцца ў прымаючага боку. Што ж датычыцца мытневага саюзу, то дастаткова дазволу на ўвоз, і гэта не распаўсюджваецца на сабак і катоў да двух асобін», — кажа ён.

У сваю чаргу Таццяна Жэлязнова з Упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды нагадвае, што важную ролю ў гэтым пытанні грае канвенцыя CITES. У залежнасці ад таго ці іншага яе дадатку, пад які трапляе жывёліна, вызначаецца парадак выдачы дазволу на ўвоз-вываз:

«Калі працуе першы дадатак — від знаходзіцца на мяжы знікнення, неабходна атрымаць дазвол ад краіны-імпарцёра на ўвоз, а затым у экспарцёра — на вываз. Акрамя гэтага, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правярае ўмовы ўтрымання жывой істоты і дакументы на законнае набыццё жывёлы ўладальнікам. Калі гэта другі дадатак — патрэбны дазвол краіны-экспарцёра на вываз».

Па рашэнні №30 Еўразійскай камісіі на перамяшчэнне дзікіх жывёл выдаецца заключны дазвол. Ён распаўсюджваецца на чырвонакніжных жывёл краін Еўразійскага эканамічнага саюзу і звычайных дзікіх жывёл, асобных дзікарослых раслін і лекавую сыравіну.

Па словах Таццяны Жэлязновай, дазволаў на ўвоз жывёл, што не трапляюць пад канвенцыю CITES, можа быць усяго некалькі за год. А вось дазволаў на перамяшчэнне жывых істот, якія знаходзяцца пад аховай канвенцыі, за 2016 год было выдадзена ля 200.

«Большую частку з іх складаюць дазволы на перамяшчэнне ікры асятровых відаў рыб. Пры гэтым мы абавязкова правяраем афіцыйны ўвоз рыбы, каб яна была з гадавальнікаў, а не незаконна вынята з дзікай прыроды. Прывяраем таксама генетыку, каб ікра была ад канкрэтна ўвезенай рыбы, папярэджваючы такім чынам браканьерства», — падкрэслівае яна.

Найчасцей жа перамяшчаюць жывёл заапаркі ў межах абмену генафондамі. Сустракаюцца выпадкі, калі фізічныя асобы перавозяць сваіх гадаванцаў — пітонаў, удаваў, папугаяў — у асабістых мэтах.

 

Псіхалогія: для нас жывёлы — спосаб спазнаць новае

«Людзі любяць усё новае і незвычайнае, для іх цалкам нармальна жадаць убачыць тое, чаго раней яны не ведалі. Уласна на гэтым пабудавана ўся забаўляльная індустрыя», — каментуе Зялёнаму парталу Павел Зыгмантовіч, псіхолаг, папулярызатар навуковай псіхалогіі.

Асабліва, калі ўлічыць антрапагенны ландшафт гарадскога жыцця, вакол сябе мы бачым бетонныя сцены і асфальт, плітку пад нагамі. Таму нядзіўна, што на магчымасць судакрануцца з прыродай, жывёл людзі рэагуюць вельмі бурна і эмацыйна.

«Асаблівы ўсплеск выклікае, калі жывёліна робіць тое, што ў прыродзе ёй не ўласціва: мядзведзь ездзіць на мапедзе, дэльфін скача праз обруч ці заяц грае на барабане. Гэта незвычайна, і яно радуе. У чалавека ёсць памкненні да новага і разнастайнага, яно нас вабіць. Таму мы так дрэнна перажываем манатамію — аднастайнасць», — распавядае псіхолаг.

Аднак, калі разглядаць апошні выпадак, які падняў хвалю абурэння сярод грамадскасці, тыгрыцы Шакіры на свяце піўнога рэстарана «Сябры», то, на думку Паўла Зыгмантовіча, такая рэакцыя цалкам натуральная.

«Людзі бачылі, што тыгрыцу запіхнулі ў невялікую клетку, дзе яна не магла падняцца і нармальна сябе адчуваць. Мы асацыюем сябе з жывёлінай, з умовамі яе ўтрымання, і нам гэта не падабаецца. Падай яны тыгрыцу па-іншаму, калі яна магла б сама забаўляцца, свабодна хадзіць, то ніхто і не звярнуў бы ўвагі, бо ў тыя ж заапаркі мы ходзім і нам усё падабаецца», — падкрэслівае Павел Зыгмантовіч.

 

На момант падрыхтоўкі матэрыяла Зялёнаму парталу не ўдалося даведацца пра лёс Шакіры ў Мінску: хто выдаваў дазволы і ўсе неабходныя дакументы. Ні ўладальнікі тыгрыцы, ні піўны рэстаран «Сябры» не адгукнуліся, каб растлумачыць гэтыя пытанні.

Автор:
Фотограф:
hronika.info, fishki.net, islandhomesphuket.com, funtema.ru, wwportal.com, tut.by, kufar.by, pravo.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость