21.06.2018 / 14:06

Мінск смела можна назваць веласіпедным горадам. З кожным годам на вуліцах з'яўляецца ўсё больш велааматараў, развіваецца інфраструктура праз пашырэнне сеткі веладарожак і парковак, заніжаюцца бардзюры. Аднак нягледзячы на ўсе станоўчыя зрухі ў адаптацыі гарадской прасторы, застаюцца тыя, каму ўрбаністыячныя даброты да гэтага часу з'яўляюцца недаступнымі.

 

На сённяшні дзень у Мінску пражывае каля 6 тысяч чалавек з асаблівасцямі зроку. Але іх рэдка сустрэнеш у горадзе, што абумоўлена шэрагам аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын: як непрыстасаванасцю ўмоў пад патрэбы людзей з аслабленым зрокам і невідучых, так і негатоўнасцю іх саміх выйсці за межы вывучанага і асвоенага раёна.

Атрымоўваецца, што пры ўсім памкненні развіваць гарадское асяроддзе, робячы яго ў нейкай ступені прывабным і даступным, для вялікай часткі гараджан створаны штучныя перадумовы для іх дэсацыялізацыі.

Таму асаблівы інтарэс выклікае праект "Зялёны горад для ўсіх. Праект экалагічнай адукацыі і даступнасці для людзей з аслабленным зрокам”. Першапачаткова ідэя была скіравана на фарміраванне камфортных умоў для наведвання паркаў людзьмі з аслабленым зрокам і невідучых, маецца ў ім і экаадукацыйны кампанент. Такую неабходнасць убачыў Ігар Корзун каардынатар кампаніі таварыства "Зялёная сетка" "Гарадскі Ляснічы".

"Усё пачалося з таго, што на маю экскурсію па векавым і мемарыяльным дрэвам Мінска прышла незвычайная сям'я — мама з невідучым сынам, — расказвае Ігар пра ідэю на сайце праект. — Мяне здзівіла, што яму цікава такая экскурсія. Калі мы больш паразмаўлялі, я даведаўся, што мама малюе для свайго сына карту горада, каб ён мог у ім арыентавацца. Невідучым не хапае магчымасці быць у гарадской прасторы, не хапае магчымасці стасавацца. Так і ўзнікла ідэя экскурсій для людзей з асаблівасцямі зроку. Праз нейкі час прыйшло разуменне, што гэта хутчэй праект для нівідучых, бо у іх сваё, асаблівае разуменне і ўспрыманне свету, і для нас важна і каштоўна ў стасунках з імі пазнаваць і пашыраць свой светапогляд".

У час распрацоўкі праектнага канцэпта з кампаніяй "Гарадскі Ляснічы" актыўна супрацоўнічаў Кірыл Кудравец з грамадскага аб'яднання "Мінскае роварнае таварыства". Пра з яго ж пра праект даведаўся Максім Пучынскі, што праводзіў заняткі ў Велашколе. Так праз нечаканую супрацу некалькіх арганізацый праект пашырыўся і набыў свой актыўны накірунак — велаэкскурсіі па гарадскіх парках для людзей з асаблівасцямі зроку.

"Мы паразмаўлялі з менеджэркай праекта Аленай Хлопцавай і прапанвалі ёй сваё бачанне. Так, напрыклад, падказалі, што веласіпед тандэм можна браць у арэнду і навучаць ездзіць людзей у найбольш прыстасаваных для гэтага месцах", — распавядае Максім.

Маладыя людзі ўзялі на сябе ролю трэнераў у велаэкскурсіях. Каб лепш разумець спецыфіку навучання язды на тандэме, спецыяльна прайшлі праз заняткі ў Аляксандра Усікава, што трэнеруе паралімпійскую каманду.

Сваімі ж сіламі Кірыл і Максім распрацавалі некалькі маршрутаў для пакатушак: у Лошыцкім парку і скверы Янкі Купалы.

Пазней да трэнерства далучыўся Уладзь Сташкевіч. Такім чынам вырашылася веласіпедная частка. Аднак важнай задачай заставаўся пошук удзельнікаў сярод людзей з аслабленым зрокам і невідучых.

Камунікацыю з імі ўдалося выстраіць праз Святлану Малінок, якая сама з'яўляецца інвалідам 1 групы па зроку.

"Мая задача данесці інфармацыю да людзей, дапамагчы ім сустрэцца з тымі, хто хоча пазнаёміць іх са светам велапрагулак. Справа ў тым, што не кожны невідучы ці чалавек з аслабленным зрокам мае магчымасць пакатацца на веласіпедзе. Далёка не ўсе ўмеюць… Для гэтага ёсць свае прычыны: і страх, і не ва ўсіх ёсць тандэм", — зазначае Святлана.

Такога кшталту велаэкскурсіі, па словах дзяўчыны, шанс для многіх ажыццявіць сваю мару, для іншых — стаць бліжэй да спорта.

Непасрэдна зараз удзельнікаў Святлана шукае сярод сваіх калег, сяброў, знаёмых. Аднак, каб жадаючых станавілася як мага больш інфармацыя пра магчымасць праехацца на тандэме размяшчаецца ў спецыялізаваным гукавым часопісе "Таварыш", які выпускае грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку".

Таксама вялікую надзею дзяўчына ўскладае на сарафаннае радыё, маўляў, адзін чалавек праехаўся і падзяліўся ўражаннямі з трыма — ўнаступны раз яны прыйшлі спрабаваць і атрымоўваць свае эмоцыі.

"Прычым я спадзяюся не толькі на маладое пакаленне, а таксама і на людзей больш сталых. Усё ж у часы Савецкага саюза спорт для невідучых быў вельмі распаўсюджанным заняткам. Арганізоўваліся самыя сапраўдныя турыстычныя паходы на веласіпедах. На жаль, зараз такая практыка адсутнічае праз невялікую колькасць тандэмаў і адсутнасць тых жа інструктараў", — зазначае дзяўчына.

Таму велакаманда праекта спадзяецца, што на заняткі будуць прыходзіць сваякі, знаёмыя, сябры невідучых і людзей з аслабленным зрокам, якія б маглі пераняць навыкі кіравання тандэмам і пасля сканчэння праекта самастойна ездзіць з людзьмі з асаблівасцямі зроку.

Тым больш, што пра веласіпед для такіх мэт каманда ўжо паклапацілася, сабраўшы  сродкі на набыццё былога ў карыстанні тандэма на краўфандынгавай платформе Ulej, а таксама на яго рамонт і неабходныя дэталі.

У набыцці веласіпеда паспрыялі:

  • Яўген Ваўкаў;
  • Алена Піскуроўская;
  • Аднрэй Філіпчык;
  • Вольга Астаповіч;
  • Мікалай Фомін;
  • Ганна Чаркас;
  • Дзяніс Шэка;
  • Святлана Драгунцова;
  • Velotooler;
  • Павел Зайцаў;
  • Дзяніс Александрэнка;
  • Таццяна Жарнасек;
  • Сяргей Падолец;
  • Андрей Шадура;
  • Уладзіслаў Казлоў;
  • Сергей;
  • Аляксандр Мархвіда;
  • Дзяніс Кузменка.

А вось лідараў, як называюць вядучага тандэм чалавека ў камандзе, хацелася б навучыць і перадаць ім навыкі кіравання такім роварам, патлумачыць усе нюансы.

Як адзначае Максім, лідар павінны быць рашучым, здольным адрэагаваць на сітуацыю, умець навучаць і мець свой досвед язды на веласіпедзе. Усе гэтыя якасці важны ў першую чаргу таму, што кіроўца тандэма нясе адказнасць за "пасажыра", дадае Святлана. І звязана гэта хутчэй не з асаблівасцямі зроку, а са спецыфікай самаго веласіпеда — бо па сутнасці другі чалавек ніякім чынам не ўплывае на працэс.

"Пасутнасці ў «пасажыра» няма ні свайго руля, ні сваіх тармазоў. Можна параўнаць з яздой на аўтамабілі", — тлумачыць Кірыл.

Таксама неабходна ўлічваць большыя габарыты і вагу тандэмаў — а значыць веласіпед менш паваротлівы і даўжэй тармозіць, вельмі адчувальны да перашкод і пакрыцця дарогі. Адсюль варта загадзя прадумваць маршрут для язды, аддаючы прыярытэт нялюдным і зацішным месцам з магчымасцю здзейсніць той жа разварот без неабходнасці лішні раз злазіць з тандэма.

У цэлым жа, велаэкскурсіі для невідучых і людзей з аслабленым зрокам будуць праходзіць да канца верасня. Праводзяцца яны на бясплатнай аснове. Таму, калі сярод вашых знаёмых і сяброў ёсць людзі з асаблівасцямі зроку, прапануйце ім асвоіць веласіпед.

"Хацелася, каб людзі выйшлі з зоны свайго камфорта і зразумелі, што могуць нашмат больш, чым ім падаецца. Каб надалей яны самі маглі браць тандэм і са сваімі сваякамі і сябрамі ездзіць, нават па горадзе, самастойна, без прывязкі да нас", — кажа Максім. 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость