— Хацеў бы павіншаваць усіх чытачоў Зялёнага партала са святам Божага Нараджэння — святам, якое з’яўляецца вельмі важным у жыцці кожнага хрысціяніна, кожнага католіка, — кажа ксёндз Ян.
— Божае Нараджэнне з’яўляецца напамінаннем аб любові Бога да чалавека. Пасылаючы Свайго Сына, Ён вучыць нас таксама любові да іншых людзей і любові да гэтага свету, які з’яўляецца Яго тварэннем.
Кожны з нас павінен шанаваць наваколе, у якім мы жывем, бо гэта з’яўляецца дарам чалавеку. І любоў, якой нас вучыць Бог, праяўляецца ў тым, што мы стараемся адпаведным спосабам карыстацца навакольным светам.
Сёння, як кажа айцец Ян, чалавек карыстаецца светам неадпаведна, і свет перапоўнены канфліктамі, нянавісцю і несправядлівасцю. Але мусіць быць па-іншаму. А як гэта — адпаведна?
— Гэта значыць памятаць аб тым, што наша планета з’яўляецца нашым Домам. І кожны з нас дбае аб сваім доме, каб ён выглядаў як мага лепш, каб там былі найлепшыя варункі для жыцця. І падобным чынам мы мусім ставіцца да нашай Зямлі. Бог нас заклікае дбаць аб гэтым Доме, аб знешнім і ўнутраным выглядзе нашай планеты.
— Пасылаючы Свайго Сына, Бог хоча паказаць, што гэты свет вельмі важны для Яго, свет, які ёсць домам кожнаму з нас, — кажа суразмоўца.
Ксёндз Ян зычыць усім правесці свята ў любові, справядлівасці і супакоі, а таксама спаўнення розных мараў.
А мы нагадаем, што ў сыходзячым 2015 годзе Папа Францішак выпусціў энцыкліку, прысвечаную экалогіі. У прыватнасці там гаворыцца пра глабальнае змяненне клімату.