«Я гатова зрабіць усё, каб у скверы можна было гуляць з дзецьмі і адпачываць!» Жыхары і актывісты дамовіліся ўпарадкаваць Котаўку

Пакуль жарсці вакол Котаўкі прыціхлі і ўсе чакаюць афіцыйны адказ пра яе далейшы лёс, экаактывісты, урбаністы разам з мясцовымі жыхарамі выкарысталі час на карысць зялёнай зоне. Памятаючы словы старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца, яны правялі першую сустрэчу, каб дамовіцца, хто будзе каардынаваць працы па добраўпарадкаванню сквера.

25.01.2017 Грамадства 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

 

Нягледзячы на даволі неўстойлівае зімовае надвор'е, сустрэчу было вырашана саарганізаваць у самім скверы. І людзей гэта зусім не спужала: зацікаўленых у навядзенні парадку ў Котаўцы аказалася шмат.

 

 

Першапачаткова прадстаўнікі Мінскай урбаністычнай платформы прапанавалі мясцовым крыху пазнаёміцца з іх вопытам працы з такога кшталту праектамі, а таксама з замежнымі прыкладамі арганізацыі зялёных зон з улікам пажаданняў і патрэб саміх людзей.

«Мы (Мінская урбаністычная платформа. — Дад. аўтара) сабраліся дзеля таго, каб зразумець, як па-іншаму можна развіваць гарадское асяроддзе», — прадставіўся Андрэй Карпека.

 

 

Яго калега Надзея Царонак распавяла пра канкрэтныя практыкі, у тым ліку тыя, з якімі паспела папрацаваць платформа, — стварэнне альтэрнатыўнага двара ў Аўтазаводскім раёне.

«Мы праводзілі даследаванне і распрацоўвалі праект, але на аснове анкетавання і непасрэдных стасункаў з жыхарамі высвятлілася, што асноўная іх патрэба — пляцоўка для дзяцей, бо ім зусім не было дзе гуляць. Сыходзячы з гэтага мы прапанавалі жыхарам новы праект, у выніку якога атрымалася зрабіць дзве пясочніцы, пляцоўкі, усталявалі лавачкі», — кажа яна.

 

 

Па словах Надзеі, калі яны «сыходзілі» з двара, было адчуванне, што так і не атрымалася стварыць супольнасць і арганізаваць мясцовых жыхароў, бо працэс па далейшаму добраўпарадкаванню тэрыторыі расцягнуўся ажно на год. Але час паказаў, што зрэшты людзі здольныя разам дабівацца пастаўленых мэт.

«Я хачу звярнуць увагу: калі толькі пачынаўся праект, ніхто не верыў у яго поспех. У ЖРЭА мне казалі: “Вы спрабуйце, але нічога не атрымаецца...” Жыхары былі прыблізна такога ж меркавання з вопыту пяцігадовай перапіскі з уладамі, якая вынікаў не прынесла», — дадае Надзея.

Аднак у жыхароў атрымалася дабіцца правільнай абрэзкі дрэваў, упарадкавання іншай расліннасці ў двары. На думку Надзеі, гэта стала магчымым дзякуючы намаганням людзей і абстрагаванню ад негатыўнага ўплыву з наваколля.

 

 

Што ж датычыцца Котаўкі, то, як зазначылі ўрбаністы, зараз асабліва важна паказаць гораду неабходнасць у гэтай зялёнай зоне і максімальна з карысцю для раёна ператварыць сквер ў месца актыўнага адпачынку і камунікацыі.

«Я гатова! — тут жа адгукнулася адна з жанчын. — Я гатова зрабіць усё, каб у скверы можна было гуляць з дзецьмі і адпачываць... Мне нават зараз зусім не цяжка выходзіць на прыпынак пазней і прайсціся праз сквер, каб сабраць крыху смецця ў ім. Няхай таксама сабачнікі прыбіраюць за сваімі гадаванцамі, як на Захадзе».

 

 

«На жаль, за ўвесь час я толькі аднойчы бачыў дзяўчыну, што прыбірала за сваім сабакам. А калі людзі робяць, значыць, гэта не складана», — працягнуў думку мужчына сталага ўзросту.

 

 

Яго словы ўхвальна падтрымалі ўсе мясцовыя, што сабраліся на сустрэчы. Хаця сярод людзей знайшліся тыя, што з непаразуменнем ставіўся да неабходнасці прыводзіць сквер у парадак сваімі сіламі, калі дзеля гэтых жа мэт людзі плацяць падаткі, з якіх пэўныя арганізацыі атрымліваюць зарплаты.

 

 

«Самае галоўнае, чаго мы хочам, — каб вы, як мясцовыя жыхары, і мы, як эколагі, маглі прымаць удзел у прыняцці рашэнняў, якія датычацца сквера. А вось добраўпарадкаванне, суботнікі — гэта ўжо цалкам на дабраахвотнай аснове, толькі па ўласнаму жаданню», — зазначыў Яўген Міхасюк з Таварыства «Зялёная сетка».

 

 

Яшчэ адно пытанне, што не магло пакінуць у спакоі мясцовых жыхароў: чым канкрэтна можа дапамагчы Мінская ўрбаністычная платформа, і адкуль будзе ісці фінансаванне?

«Мы можам прапанаваць вам дапамогу ў афармленні праекта, яго узгадненні ў адпаведных інстытуцыях, можам запрасіць прараба, што будзе кантраляваць увесь працэс, можам дапамагчы знайсці рэсурсы для рэалізацыі ідэі», — паспяшаўся супакоіць людзей Андрэй.

Але, вядома, што без грамадскага ўдзелу ўсе намаганні будуць дарэмнымі, дадаў ён, бо самы першы этап, з чаго пачынаецца рэалізацыя праекта, — гэта збор інфармацыі, ідэй і патрэб мясцовых жыхароў, высвятленне, чаго ім не хапае ў скверы. Далей распрацоўваецца папярэдні праект, які таксама павінны ўхваліць жыхары. Вядома, што працэс зойме не адзін месяц, і ўсім трэба ўсведамляць рызыку, бо канчатковага рашэння ў адносінах да Котаўкі яшчэ няма.

 

 

«Ячшэ хацелася б удакладніць, што, калі мы робім праект і пачынаем рэалізоўваць яго з людзьмі, ахапіць усё і адразу — вельмі складана. Таму мы самі будзем вырашаць, за што канкрэтна бярэмся, будзем усё ажыццяўляць па этапах», — падкрэсліла Надзея.

«Важным тут будзе падтрыманне кантакту. Для нас важна сувязь з ініцыятыўнай групай, якая зможа інфармаваць усіх жыхароў Сельгаспасёлка.

Спецыяльна для Котаўкі была створана электронная пошта, на якую вы можаце дасылаць усе свае ідэі і думкі, патрабаванні і жаданні. Не байцеся, калі яны будуць падавацца вам цалкам абсурднымі», — дадаў Андрэй.

 

 

Адразу ж пасля гэтых слоў жыхары пачалі накідваць спіс прапаноў і ідэй па добраўпарадкаванню Котаўкі, а таксама рэкамендацый, як пазбегнуць вандалізму і як падтрымліваць далейшы парадак.

У завяршэнне Яўген заўважыў, што адносіны да сквера ў людзей зменяцца, як толькі яны зробяць штосьці сваімі рукамі, самі пачнуць сачыць за парадкам. Аднак ніхто не здымае адказнасці з «Зеленбуда», бо сквер усё роўна застаецца ў іх на балансе. Таму так важна кантраляваць, на колькі яны будуць адказна падыходзіць да гэтай справы.

У перспектыве наступная сустрэча павінна адбыцца ў бліжэйшы месяц.

 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.01.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.