Фотарэпартаж з першага VegFest'у: «Такім чынам людзей да двіжухі не прывабіш...»

«Дзіўнае нейкае мерапрыемства», — такія водгукі можна было пачуць ад наведвальнікаў і ўдзельнікаў першага VegFest'у, які няхай сабе і блізкі ідэйна да «Пастэрнаку» ці «Канюшыны», але атрымаўся менш масавым і насычаным.

27.01.2016 Жыццё ў стылі «эка» 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

І гэта нягледзячы на тое, што арганізатары пастараліся зрабіць пэўны акцэнт на сувязі вегетарыянства і ёгі, здаровага ладу жыцця, спорту і нават творчасці. Магчыма, віной таму — адсутнасць масавай рэкламы напярэдадні мерапрыемства і няправільна выбраны падыход у прывабліванні апантаных тэмай людзей. Ці проста мінчане ўжо «наеліся» сугучных фэстаў і маркетаў.

Першае, што выклікала здзіўленне, гэта сума на ўваходзе ў 250 тысяч беларускіх рублёў і далей амаль пустая прастора другога і трэцяга паверхаў Нацыянальнай школы прыгажосці, дзе якраз і праходзіў вегетарыянскі фестываль.

«Такім чынам людзей да двіжухі не прывабіш...» — падзяліўся з намі адзін з наведвальнікаў мерапрыемства.

«Атрымоўваецца, што ты заплаціў грошы за ўваход, а паглядзець табе і няма чаго асабліва. Толькі калі перакусіць ці набыць штосьці. Дык выгадней тады ў любы іншы дзень завітаць на кропку той жа крамы або ў кафэ, таней атрымаецца», — абураецца Вераніка, якая першы раз на такога кшталту фестывалі.

Крыху разрадзіла атмасферу забаўляльная праграма, якая складалася з тэматычных лекцый, майстар-класаў, танцаў і музычнага сэту. Спрабаваў павесяліць наведвальнікаў і вядомы расійскі гумарыст Святаслаў Ешчанка, аднак публіка відавочна была зусім не гатова слухаць гісторыі і анекдоты пра бландынак, ДАІ і адпачынак на прыродзе ў традыцыях кінафільму «Асаблівасці нацыянальнага палявання».

Нягледзячы на пэўныя хібы першага VegFest'у, усё ж карыснай справай на такіх мерапрыемствах з'яўляецца магчымасць ужывую пазнаёміцца з рынкам прадуктаў і вегетарыянска-веганскіх страў, такіх як вегбургеры з катлеткамі з морквы, сачавіцы, ламінарый ці пірожных і цукерак для сыраедаў. А таксама адтрымаць адказы на хвалюючыя пытанні ў дасведчаных людзей.

«Ну, так, мала наведвальнікаў прыйшло. Можа, не ўсё цікава і даступна, як хацелася б. Але гэта нядрэнная спроба звесці спажыўца з пастаўшчыком паслуг, — тлумачыць нам Зміцер, адзін з удзельнікаў фэсту. — А тое, што попыт на здаровае харчаванне, натуральныя прадукты і выхаванне ў сабе моцнай і самадастатковай асобы сёння існуе, наўрадці хтосьці будзе аспрэчваць. Таму, чым больш мы будзем папулярызаваць і праз падобныя сродкі заяўляць пра сябе, тым больш людзей зможам ахапіць. Вядома, трэба рабіць гэта без шалёнага фанатызму, каб не адпудзіць магчымых паслядоўнікаў».

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 27.01.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.