27.04.2016 / 15:04

У 2012 годзе ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі сталі называць інакш. Цяпер яны — усяго толькі пацярпелыя ад адной з найбольш буйных і трагічных тэхнагенных катастроф мінулага стагоддзя. Можна забраць статус, льготы... Аднаго не забярэш дакладна — памяці. 26 красавіка, у дзень трыццатай гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, у Полацку сустрэліся цяпер ужо былыя ліквідатары — супрацоўнікі Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы.

Ідэя зладзіць сустрэчу для гэтых людзей належыць кіраўніцтву бальніцы. «Запрасілі кожнага асабіста. З 23 чалавек адклікнуліся 18», — распавяла намеснік галоўнага ўрача па грамадзянскай абароне, мабілізацыйнай і ідэалагічнай рабоце Ірына Левіт. Усё запісвалі на відэа — для стварэння ўласнай хронікі.

Прыйшлі на сустрэчу і маладыя супрацоўнікі бальніцы, каб з першых вуснаў пачуць пра тое, як Чарнобыль перавярнуў жыццё беларусаў. Каб паслухаць, як страшная ідэалогія «звышдзяржавы», ад якой ужо тады засталося ўсяго нічога, не лічылася са здароўем і жыццём простых людзей.

…Васямнаццаць гісторый. Васямнаццаць лёсаў, якія адкарэктавала аварыя на Чарнобыльскай АЭС. У кожнага была свая задача, пастаўленая кіраўніцтвам тады яшчэ Савецкага Саюза. І яны выконвалі яе, часцяком не ўяўляючы нават, чым гэта можа абярнуцца.

Мы прапануем пазнаёміцца з іх аповедамі.

 

Барыс ГАРАВЫ, кіроўца:

— Па загадзе міністра абароны 28 мая нас пасадзілі ў машыну і павезлі, не сказаўшы нічога. Высадзілі... Пачалі будаваць намётавы гарадок... А пасля ўжо мы выконвалі свой грамадзянскі абавязак. Вось і ўсё...

Мы займаліся дэзактывацыяй жылых дамоў, у нас былі адмысловыя вадкасці. Здымалі дзёран і звазілі ў магільнікі. Давялося быць на адлегласці ў паўтары кіламетры ад рэактару. Там было страшнавата: пад’язджалі на ўазіках, нават рухавікі захлёбваліся. Па маладосці гэта здавалася цікавай прыгодай. Зараз, канешне, не... Прабыў там пяць месяцаў.

 

Пётр ШЫЛЬЧОНАК, прыбіральшчык тэрыторыі:

— У гэты час я служыў у вайсковай школе ў пасёлку Ветрына Полацкага раёна. У 1987-м арганізавалася цэнтральная група па ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Туды ўвайшла аператыўная група з нашай, беларускай акругі, з ленінградскай і маскоўскай. Я знаходзіўся ў Хойніках, у вёсцы Рудакова. Быў там старшынёй. Там было прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе мне давялося арганізаваць харчаванне ўсёй групы. Не раз прыходзілася рушыць на станцыю: апергрупа — 56 чалавек — выязджала туды, а мы вазілі ім абеды. Ад школы, дарэчы, нас ездзіла 6 чалавек. Не ўсе дажылі да сённяшняга дня… Адзін чалавек — у намёце з ім жылі — праз год сышоў. Намётавы гарадок, вецер як падзьме — што ён там прынясе, хто яго ведае?..

1987, 1988, 1989 — тры гады па месяцу мы там былі. Больш часу запар нельга было знаходзіцца.

 

Сяргей ГАЛІМБОЎСКІ, кіроўца «хуткай»:

— У 86-м годзе па лініі МУС мы займаліся аховай грамадзянскага парадку. Не дапушчалі вывазу прадукцыі з Гомельскай вобласці — з Хойнікаў, Брагіна. Там стаялі пасты. Два месяцы там прабыў. Шмат каго няма з тых, з кім працаваў. Не кажуць жа, што памёрлі ад радыяцыі: захворванні розныя былі…

 

Міхаіл СЯМЕШКА, кіроўца «хуткай»:

— Таксама ад МУС ездзіў туды. Мы займаліся насельніцтвам вёсак: адсялялі тыя, што знаходзіліся ў 30-кіламетровай зоне, а пасля ахоўвалі, каб ніхто не вяртаўся і не забіраў нічога. Бо як высялялі ж: вось чалавек сядзеў за сталом — прыехалі яго і забралі. Не дазвалялі браць абсалютна нічога. Па 12 гадзін мы дзяжурылі, пасля суткі адпачывалі. Гэта таксама быў 1986 год. Ніякімі прыборамі нас не забяспечвалі, не казалі нават, які там узровень радыяцыі. Увесь час запэўнівалі, што ў межах нормы. Адно што давалі рэспіратары. Але што рэспіратары?.. Апранеш — а ён праз некаторы час ужо чырвоны, бо ёд. Ніякіх іншых сродкаў абароны не было.

Шкада, канешне, людзям было ўсё сваё пакідаць. Толькі што апранулі на сябе — у тым і ехалі. Для людзей тады будавалі гарадкі там, дзе паменей радыяцыі, — кшталту як аграгарадкі сёння, толькі дамы шчытавыя.

Як справа да зімы ўжо была — вярталіся людзі, каб паспрабаваць забраць нейкія рэчы. Агародамі, лясамі, сцежкамі... За ўсімі было не ўсачыць, вядома. Чаго таямніцу трымаць — часам уваходзілі ў становішча, дазвалялі нешта забраць. Уявіце: у людзей нічога не было, зусім нічога. Ніхто ж не ведаў...

Нам давалі на суткі на дваіх паўхлеба, банку згушчаніны і па банцы марской капусты. Ад гэтай марской капусты — мне зараз ёд пакажы, мне ўжо кепска стане.

 

Алена ЛЕАНОВІЧ, медсястра:

— Працавала медсястрой, прызвалі на ваенныя зборы. У 1987-м годзе былі ў пасёлку Рудакова, у медсанбаце. Знаходзіліся там каля двух месяцаў. Жылі ў інтэрнаце. Выезды ў нас былі з медыцынскімі камісіямі ў 30-кіламетровую зону. Быт быў наладжаны: добра кармілі, садавіны шмат у краме, іншых прадуктаў — такіх, што ў звычайных крамах не набыць. А праца звычайная...

 

Алена БЫКАВА, медсястра:

— Працавала ў той час у хірургічным аддзяленні, па загадзе з ваенкамата. Павестка прыйшла, адправілі выконваць... абавязак, напэўна, ці як яшчэ назваць. 60 сутак прабыла там. Медыцынскае абслугоўванне забяспечвалі ў першую чаргу для ваенных, аднак і простым людзям дапамагалі. Самыя частыя захворванні — прабадная язва і апендыцыт. Раз у тры-чатыры дні... Радыяцыя? Не ведаю... Можа, стрэсы...

Пасля, ужо калі вярнуліся, нам прапаноўвалі наведаць анкалагічны цэнтр у Мінску. З’ездзіла раз туды шчытападобную залозу праверыць. Але там усё так масава і на хуткасці было, толкам не сказалі нічога...

 

Таццяна ЛАШКОВА, акушэр:

— Я з таго ж, так бы мовіць, батальёна, 45 сутак адпрацавала там. Раней нас выклікалі ў ваенкамат як: павестку пакінуць і ўсё. А гэты раз прынеслі пад роспіс...

Мы ведалі, куды едзем, але не мелі права адмовіцца, бо былі ваеннаабавязанымі. «Трэба паслужыць Радзіме», — сказалі. Нас давезлі да Слуцка, ну а пасля ўжо мы пераселі ў «аўтобусы шчасця»...

Не магу казаць... — на вачах у жанчыны слёзы.

 

Людміла ХАЗІНА, медсястра:

— Нас прызвалі на два месяцы: верасень і кастрычнік. Я таксама медсястрой была. Што засталося ў памяці: вельмі багаты быў край у параўнанні з Віцебскай вобласцю. Дамы стаялі досыць заможныя. У садах садавіны было... Нічога, вядома, есці было нельга. Калі везлі туды аўтобусам, заўважылі: на палях агромністыя кучы гарбузоў!

Кожны дзень, помню, старанна мыліся. А так — канцэрты там нават нейкія былі... Камісіі прыязджалі — на верталёце генералы... Прысвоілі званне сяржанта, недзе фатаграфіі ёсць.

Наконт наступстваў... Вось дзяўчаты маўчаць, але нервы не ў парадку з-за шчытавідкі, у каго аўтаімунны тырэятаксікоз, у каго вузлавы валляк... Дзеля «птушачкі» правяраюць часам, канешне.

У Слуцку, калі прыехалі, ночылі — і там пыталіся ў дзяўчат, ці не цяжарныя. Былі хітрыя, хто казаў: так, цяжарная. А гінеколага там не было — верылі на слова. Іх адпраўлялі дамоў...

Жанатых мужчын да 30 год, дарэчы, калі не было ў іх дзяцей, таксама адпраўлялі дамоў. А ў нас, ваеннаабавязаных жанчын, ніхто не пытаўся: ёсць ужо дзеці, няма...

 

Людміла АБЖЫГАЙЛАВА, рэнтгеналабарант:

— Працавала у клінічнай лабараторыі. Павестка з ваенкамата, зборы... Мы служылі ў арміі! Пастраенні былі кожны дзень, пераклічкі, пад’ёмы, адбоі... Шчыравалі мы ў лабараторыі, нас пяць чалавек было. Вакол 30-кіламетровай зоны стаялі нашы воінскія часткі. Там былі і салдаты тэрміновай службы. Ездзілі па гэтай зоне, бралі аналізы: гемаглабін, лейкацыты... Штодзённа правяралі. Гэта ж не адразу ўсё праяўляецца.

 

Ала РУСАКОВІЧ, медсястра:

— На момант аварыі мне было 14 год. Я родам з Гомельшчыны. Праз год я паступіла ў медвучылішча. Праз тры з паловай гады па медыцынскіх паказаннях была вымушана ўехаць адтуль. Зараз маю праблемы са шчытападобнай залозай, стаю на ўліку...

 

Надзея ЗАЛАТАНОША, медсястра рэгістратуры:

— Скончыла Полацкае медвучылішча, па размеркаванні ў 1988-м накіравалі працаваць на Гомельшчыну. Паўгады працавала ў вёсцы з прыгожай назвай Харошаўка. Лячыла людзей. У той час там праводзілі дэзактывацыю: прыбіралі верхнія пласты глебы, мылі на дамах дахі... Людзі там вельмі добрыя. І мужа адтуль прывезла. А зараз той вёскі ўжо няма. Ездзім часам туды, там яго бабуля, дзядуля пахаваныя...

 

Алена КРАЎЧАНКА, медсястра:

— Працавала старшай сястрой прыёма-сартыровачнага ўзводу. Былі там тыя ж хлопцы, афіцэры... Аказвалі ім неадкладную дапамогу. Дапамагалі і жыхарам вёсак, якія былі паблізу.

 

Людміла ЖДАНАВА, урач-тэрапеўт:

— Толькі-толькі наступіў новы год, 1987-мы. Прыйшоў галоўны ўрач і сказаў: едзеш у той край. Хочаш, не хочаш — ніхто не пытаўся. З намі павінны былі ехаць медсёстры з Наваполацка... Яны разбіліся на машыне. Дзве загінулі...

Спачатку планавалася, што мы будзем ездзіць у 30-кіламетровую зону, але нас пакінулі ў Брагіне. З медработнікаў там толькі галоўны ўрач застаўся, усе астатнія з’ехалі, збеглі. Жылі мы ў раддоме. Умоваў, вядома, не было ніякіх. Неяк здабылі электраплітку, гатавалі там вячэру, а на абед хадзілі ў мясцовы рэстаран. Баня не працавала — знайшлі нейкі напаўпадпольны душ, мыліся там. Цэлы дзень працавала ў паліклініцы. Месяц была ў Брагіне. Заўсёды казалі, што радыяцыі там няма. Прыязджаў нейкі начальнік з Масквы — прадукты ў краму завезлі!..

Калі ж мы з’ехалі ўжо адтуль, высветлілася, што радыяцыя там была, ды яшчэ якая. Усялякія балячкі павылазілі пасля... Добра хоць, што прафсаюз даў магчымасць тройчы ў санаторый з’ездзіць.

Быў выпадак: калега калі мыла валасы, заўсёды вада чырванела. Што гэта было?.. Ёд?.. Дык распацца мусіў жа... Так і не высветлілі...

 

Тамара СЕРАФІМАВА, участковы тэрапеўт, зараз на пенсіі:

— Таксама была ўчастковым тэрапеўтам у паліклініцы ў Брагіне. Некалькі дзён працавала ў паліклініцы, але асноўная мая задача — у вёсках 30-кіламетровай зоны аб’язджалі насельніцтва, бралі аналізы, здымалі ЭКГ. Ніхто нам не казаў, які там узровень забруджанасці...

Людзі нас частаваць спрабавалі садавінай, гароднінай, казалі: хоць нам забараняюць, але мы ядзім, і ўсё добра. Засталіся там тыя, хто не захацеў адсяляцца, сталыя людзі ў асноўным. Моладзь, канешне, з’язджала... Мы запаўнялі бланкі адмысловыя, людзям жа гэта не дужа падабалася... Такая была наша праца. Праз два тыдні нас памянялі.

 

Таццяна КАЗЛЯКОВА, акушэр-гінеколаг:

— Патрапіла туды па загадзе Міністэрства аховы здароўя. Тады я праходзіла навучанне ў ардынатуры ў Мінску. Была ў Чачэрску 35 дзён — студзень-люты 1987 года. Вазілі ў 30-кіламетровую зону... Сказалі пасля, што пяць год не варта заводзіць дзяцей — прыйшлося выконваць параду.

Амаль усе ўрачы адтуль збеглі. Застаўся галоўны ўрач, яшчэ хірург, са мной — таксама з ардынатуры — быў стаматолаг. Брала з сабой срэбраныя ўпрыгожванні — усё чарнела, і кожны дзень гэты стаматолаг мне срэбра гэтае начышчаў, як каронкі. Жылі ў гасцініцы, харчаваліся ў рэстаране...

Накіроўвалі туды шмат каго. Хто адмаўляўся — выключалі з прафсаюзу. А члены партыі адмовіцца не маглі ў прынцыпе... Ды і выхаванне было такое: трэба — значыць трэба. І да чаго прывяло?..

 

Валерый ЯРАВЫ, экспедытар па дастаўцы кіслароду:

— Быў тады ваеннаслужачым, у хімузводзе. Праводзілі дэзінфекцыю — змывалі дахі дамоў, плоты, сцены... Звычайным пральным парашком пажарныя машыны залівалі дарогі.

Ехаў на тры месяцы — адбыў дзевяць. Забылі неяк пра мяне, дакументы мае згубілі, аказваецца. Асабістая справа мусіла быць у дывізіі, а пасылалі з палка. Полк думаў, што асабістая справа была ў дывізіі, дывізія — што ў палку... А я быў у Чарнобылі. Пакуль сам не занепакоіўся, пра мяне і не ўзгадалі.

 

Вітольд КАСЕВІЧ, урач-тэрапеўт:

— Працаваў побач з Брагінам — у Барадзінскім. Ездзілі на ўазіку: шафёр, урач-лабарант, медсястра ЭКГ і я. Аказвалі па неабходнасці дапамогу, асноўная праца заключалася ў кантролі стану насельніцтва. Працавалі інтэнсіўна: у 8 раніцы выехалі, у 8 вярталіся. Выхадны быў толькі ў нядзелю. Штодня ў розныя месцы ездзілі — з аднаго фельчарска-акушэрскага пункту ў іншы. Машына, канешне, фаніла... А нас нават не пускалі саміх праверыцца на ўзровень радыяцыі.

Я хварэў на радыкуліт, і як толькі мы прыехалі ў Брагін — так страляла ў першы дзень!.. Але затое пасля ніводнага прастрэлу не было, хоць радыкуліт, канешне, нікуды не падзеўся. Помніце, пры хранічным абвастрэнні радыкуліту прымянялі раней апрамяненне?

На ФАПах працавалі маладыя дзяўчынкі, і гэта напружвала вельмі. Навошта іх туды адпраўлялі?.. Няўжо ў дзяржавы не было грошай прапанаваць добры заробак сталым спецыялістам, навошта было губіць лёсы гэтым дзецям, па сутнасці?..

 

Ірына МЕКІНА, інструктар ЛФК:

— Я працавала ў лабараторыі ў 1987 годзе. Штотыдзень мы выязджалі ў 30-кіламетровую зону і бралі аналізы крыві. Дзяўчаты ўжо ўсё расказалі, не буду паўтарацца...

Мы неяк праязджалі праз Гомель, на нас была вайсковая форма, боты кірзавыя — усё як трэба. Падышлі два сталых мужчыны, я так зразумела, што гэта былі ветэраны вайны, і кажуць: «Можна на вас паглядзець? Мы даўно не бачылі жанчын у вайсковай форме!»

Прысягу прымалі. Аўтаматы нам давалі, праўда, страляць не дазволілі…

 

***

Нехта ўсміхаўся, іншыя ледзь стрымлівалі слёзы. Чарнобыль пакінуў важкі след у лёсах гэтых людзей. Як і тады, яны па-рознаму асэнсоўваць перажытае. Аднак чырвонай ніткай у іх словах, сказах, інтанацыях прасочваецца: а ці зрабілі з той трагедыі высновы вы, «магутныя свету» сённяшняга часу?..

Прайшло трыццаць год. Тры дзясяткі. Але Чарнобыль дагэтуль жыве не толькі ва ўспамінах. Толькі мы прывыклі гэтага не заўважаць.

Можа, ёсць яшчэ час падумаць?..

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:  

«ЧАРНОБЫЛЬ У ТВАРАХ»

Трансформация памяти: во что превратился Чернобыль для беларусов?

«Чернобыль не ушёл — он рядом с нами и иногда становится злее»

Салдат не можа без вайны, а постчарнобыльскае грамадства — без АЭС

Автор:
Фотограф:
Ігар Палынскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость