Антураж быў своеасаблівым флэшбэкам з папраўкай на сучаснасць: прастора «ЦЭХ» у былым памяшканні завода, савецкага ўзору кардонныя тэчкі, якія мусілі дадаць антураж для актыўнасці навуковай думкі. Канферэнцыя задумвалася як спроба аналізу вобразу катастрофы ў памяці людзей з найбольш пацярпелых краін.
«Але мы вельмі хутка зразумелі, што справа не толькі ў памяці», — кажа Алесь Смалянчук, навуковы кіраўнік Беларускага архіва вуснай гісторыі (БАВГ). Гэты архіў збірае і даследуе ўспаміны беларусаў пра найбольш важныя падзеі гісторыі ХХ стагоддзя.
Больш важным за факталогію даследчыкам падалося разгледзець месца чалавека і грамадства ў постчарнобыльскім свеце, праблему адказнасці навукоўцаў за сітуацыю.
«Праблема застаецца актуальнай, бо сітуацыя катастрофы працягваецца: Фукусіма і падобныя аварыі пра гэта сведчаць», — лічыць Алесь. Але сама катастрофа, як гэта ні іранічна, апынулася на перыферыі навуковага даследавання і грамадскай цікавасці.
Чарнобыль ёсць у соцыуме, але не ў навуцы
Калі б цікавасці было больш, зрабілася б відавочнейшым назіранне Таццяны Вадалажскай, каардынатаркі Лятучага ўніверсітэта, які з’яўляецца суарганізатарам канферэнцыі:
«Мне падаецца, Чарнобыльская катастрофа і наступствы маюць магічную супярэчнасць, — лічыць яна. — З аднаго боку, яны прысутнічаюць у ладзе жыцця і шмат змянілі ў сацыяльнай структуры беларускага грамадства. Але з іншага боку, яны вельмі мала заўважныя ў сацыяльных і гуманітарных ведах пра грамадства і асэнсаванне сябе».
Перажыць не значыць забыць
Асэнсаванне сябе праз катастрофу здаецца дзіўнай ідэяй для сучаснага паспяховага чалавека. Тайм-мэнэджмент дазваляе яму зрабіць лепш, дасягнуць больш, але бракуе сілаў на рэфлексію ў адносінах да падзеяў 30-гадовай даўніны.
А дарма. Пэўны ўжо час таму даследчыкі з гуманітарнай сферы разглядаюць гэту і падобныя катастрофы як траўму, якую грамадства мусіць перажыць. Прычым перажыць не значыць забыць. Хутчэй наадварот, хаця параўнанне і недакладнае.
З чаго даследчыкі ўвогуле ўзялі, што гэта трэба? Ці не прыдумалі яны «траўму» самі?
Вопыт нямецкага гісторыка Аляксандра фон Плато кажа, што траўмуючая падзея — тая, расповед аб якой рэспандэнту даецца нялёгка: той можа плакаць ці пацець, свядома пазбягаць адказаў на вострыя ці ключавыя пытанні, нават мець псіхалагічныя праблемы.
Паводзіны, якія кажуць аб траўме, бачныя як мінімум у некаторых з людзей, што пагадзіліся распавесці аб катастрофе, ці, напрыклад, у ліквідатараў, якім «баліць».
Твар да твару са сваім мінулым
Ліквідатараў толькі сёння налічваецца больш за 72 000, а раней, па некаторых ацэнках, — да 140 000. Ёсць і тыя, хто ільготамі так і не скарыстаўся. Людзей, якім давялося зрабіцца перасяленцамі, каля 140 000, і 1800 тых, хто не захацеў нікуды з’ехаць. Гэта толькі тыя, на каго ўплыў катастрофы найбольш відавочны. Яшчэ больш за мільён чалавек жывуць на забруджаных тэрыторыях.
У маштабе 9,5-мільённага грамадства лічба з’яўляецца больш чым заўважнай і, паводле сацыялагічнай літаратуры, можа прывесці да таго, адкуль пачалася гісторыя:
«Рана ці позна надыходзіць момант, калі грамадства ізноў апынаецца твар да твару са сваім траўматычным мінулым, якое яно намагалася выціснуць. Так адбывалася ў Германіі пасля 1945 года, калі немцы намагаліся забыцца пра нацызм, у Францыі, якая намагалася забыць Вішы і калабарацыянізм, у Іспаніі, дзе ў перыяд пераходу да дэмакратычнага рэжыму спрабавалі забыцца пра грамадзянскую вайну…» (прафесар Бруно Гропа, Францыя)
Перасяленцы: закрытыя для стасункаў, пакрыўджаныя маўчаннем
Магчыма, гэта не пра нас, але лепш звярнуцца да практыкі. Аб адлюстраванні катастрофы ў памяці людзей распавяла Вольга Іванова, кандыдат гістарычных навук і прадстаўніца БАВГ. Амаль паўсотні інтэрв’ю сабрана было для архіву, і ў працэсе збору даследчыкі заўважылі пэўныя асаблівасці:
«Рэспандэнтаў шукалі праз асабістыя кантакты. Групы перасяленцаў і ліквідатараў аказаліся дастаткова закрытымі для стасункаў. Было цяжка ўвайсці ў гэтую групу, наладзіць кантакты і пачаць размову», — кажа Вольга.
Апытаныя хваравіта рэагавалі на тое, як мала кажуць аб катастрофе ў грамадстве, ліквідатары — на пазбаўленне іх гэтага статусу і перавядзенне ў разрад ахвяр. Апошнія часта бачылі сэнс свайго ўдзелу ў ліквідацыі як жыццё не для сябе, а дзеля іншых. Напружанне ў соцыуме ў час перасялення і татальнага дэфіцыту выклікала і тое, што перасяленцам было даступнае ўсё, нібыта яны лепш за іншых.
Такім чынам, апытаныя перасяленцы на самай справе не змаглі забыць гэтую катастрофу, і яна жыве ў іх індывідуальнай памяці.
Салдат не можа без вайны
Адначасова катастрофа слаба прадстаўленая ў калектыўнай памяці. А такі яе аспект, як ліквідацыя, існуе ўвогуле ў «памяці адной вузкай групы», шматэтнічнай і шматнацыянальнай. Гэтая памяць не перайшла да памяці народа, не была этнізаваная, зазначае Андрусь Мастыка, супрацоўнік БАВГ.
Памяць пра ліквідацыю ў прыватнасці і катастрофу агулам засталася толькі ў пэўнай часткі грамадства, якая так і не змагла яе адрэфлексаваць і забыцца. Сукупнасць фактараў вядзе да наступнай сітуацыі:
«Ліквідатары звычайна станоўча ацэньваюць атамную энергетыку, — заўважае Андрусь. — Пераважная большасць кажа, што Чарнобыль — гэта дрэнна, што былі зробленыя памылкі, але агулам атамная энергетыка — гэта добра і прыносіць карысць. Так адбываецца, бо ліквідатар без атамнай энергетыкі не можа.
Гэта як у салдата: ён павінен быць на вайне, і таму вайна мусіць быць. Але яна мусіць быць справядлівая і г.д. Так і ў сітуацыі з энергетыкай: яна мусіць існаваць, але атам мусіць быць мірным».
А другая частка людзей не была на ЧАЭС, не перасялялася і не перажывае Чарнобыль як праблему. Яны ведаюць катастрофу толькі як гістарычны факт, які іх не асабліва турбуе, як і новая Астравецкая АЭС.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: «ЧАРНОБЫЛЬ У ТВАРАХ»