----- Account: greenbelarus.info -----

Чым запомніўся 2016 год для таварышаў і сяброўскіх арганізацый Зялёнай сеткі?

Таварыства «Зялёная сетка» — гэта не адна арганізацыя, а цэлы шэраг аб'яднанняў і людзей з розных куткоў Беларусі, для якіх абарона навакольнага асяроддзя і клопат пра прыроду — агульная каштоўнасць, тое, на чым грунтуецца «зялёны» рух. Аднак тэматычнае поле дзейнасці таварышаў Зялёнай сеткі вельмі шырокае і разнастайнае. Зялёны партал вырашыў пацікавіцца, чым жа запомніўся ім 2016 год і якія мэты і планы ёсць на 2017-ы.

29.12.2016 Грамадства 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Зялёны партал, Ірына Агейчык, Facebook, tut.by, hutorkomaryszki.by, ecoschool.by

Яраслаў Бекіш, Таварыства «Зялёная сетка»

 

— Пачаўся 2016 год неяк вельмі напружана і заканчваецца таксама... Як гэта ацэньваць? Напэўна, мы рухаемся ў правільным накірунку. Засталося толькі прымірыць усе бакі апошніх канфліктаў, патлумачыць адзін аднаму бачанні і супрацоўнічаць.

 

Асабіста мне год запомніўся тым, што ў мяне нарадзіўся сын, жаніўся брат, а па дарозе на СОР у Касабланцы ледзь не абакраў жабрак, ну і, вядома, што бульдозер «наехаў».

Ад 2017-га хацелася б, каб ён пачаўся па-іншаму... Хацелася б паспяхова перафармаціраваць Зялёную сетку, каб яна стала мацней, больш разгалінаванай, канкурэнтназдольнай. Каб з'явіліся першыя дамоўленасці па рэальным механізмам удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў, хаця б у Мінску. Каб не давезлі другі корпус рэактара... Хочацца таксама, каб з'яўлялася як мага больш прыкладаў кансалідацыі і супрацы людзей, напрыклад у акцыі «Зробім!»: каб выйшлі на ўборкі не 23 000, а як мінімум 56 000 чалавек. Прыкладаў таго, як людзі ўмеюць браць на сябе адказнасць за наваколле і могуць дамаўляцца адзін з адным без гвалту і сварак, як могуць рабіць рэчы, якія ў мінулым падаваліся зусім фантастычнымі і нерэальнымі, шмат. Сярод іх — падпісанне Парыжскага пагаднення, якое зараз трэба імплементаваць. Хочацца, каб з'явілася каманда, якая магла б працаваць над будучай Стратэгіяй устойлівага развіцця. Каб з'явіліся стратэгіі для гарадоў па адаптацыі да змянення клімату. Хочацца дыялогу з урадам наконт альтэрнатыўных сцэнараў энергетыкі, зразумела, што яны павінны быць безядзернымі. Каб у кожным населеным пункце з'явіліся зялёныя дазорныя, і каб яны бачылі не толькі праблемы вакол сябе, але і рашэнні. Каб забудоўшчыкі пачалі пераацэньваць уласныя дзеянні сыходзячы не толькі з камерцыйных інтарэсаў, але і з уліку сваёй сацыяльнай адказнасці. Хочацца, каб метрапаліт Кандрусевіч і вернікі зразумелі, што мы стараемся ў тым ліку і дзеля іх, і знайсці б з імі шляхі для нармальных стасункаў, а не толькі папрокаў...

 

Уладзімір Зуеў, Эколага-краязнаўчае грамадскае аб'яднанне «Неруш»

— У гэтым годзе ў нас не было вялікіх праектаў, але, нягледзячы на гэта, амаль штомесяц у аб'яднання была свая грамадская актыўнасць, у многім дзякуючы падключэнню да праграм Таварыства «Зялёная сетка».

Прыемна здзівіў інтарэс гараджан да нашых акцый, бо мы не праводзілі «агрэсіўных» рэкламных кампаній: размяшчалі інфармацыю выключна ў сваіх сацсетках і працавалі з журналістамі. Аднак людзі прыходзілі на нашы мерапрыемствы і акцыі, і рэзананс быў вельмі добры. Нас яшчэ больш пачалі пазнаваць, як грамадскую арганізацыю, і ёсць меркаванне, што змяніліся адносіны да нас і ў гарадскіх уладаў. Бо звычайна любой грамадскай арганізацыі яны цураюцца, а тут убачылі, што разам можна нешта зрабіць і зрабіць так, што гэта пойдзе на карысць гораду.

Разам з універсітэтам і гарвыканкамам мы, напрыклад, правялі «Гадзіну Зямлі». І ўлады добра аднесліся да ідэі адключэння святла, што інфармацыя пра горад будзе разыходзіцца. Мы зладзілі таксама «Еўрапейскі тыдзень мабільнасці», прынялі ўдзел у акцыі «Зробім!» вясной і восенню. Тыя ж міні-праекты праграмы «Зялёнкі» рэалізаваліся ў цесных стасунках з дзяржаўнымі ўстановамі.

У 2017 годзе не чакаецца вялікіх змяненняў. Нашаму аб'яднанню споўніцца 20 год. З гэтай нагоды мы будзем рабіць шэраг юбілейных акцый, якія завершацца ў лістападзе міжнароднай канферэнцыяй пад назвай «Баранавіцкія краязнаўчыя чытанні». На ёй абавязкова будзе ўздымацца пытанне ролі грамадскіх арганізацый і валанцёраў у вырашэнні розных рэгіянальных і лакальных праблем.

У кантэксце працы з дзяржаўнымі органамі мы бачым сваю ролю ва ўплыве на рэгіянальным узроўні: на гарадскі і раёны Саветы дэпутатаў, і плануецца ўзаемадзеянне з імі па распрацоўцы нарматыўных актаў. Зрухі ўжо можна назіраць: напрыклад, нас вельмі ўсцешыла, што ліст, які мы накіравалі спачатку ў санстанцыю, а пасля ў ЖКГ наконт прыбірання лістоты ў зялёных зонах, атрымаў пазітыўны водгук. І калі генеральны дырэктар гарЖКГ кажа пра тое, што лісце не трэба прыбіраць, яго варта пакінуць для ўгнаення глебы, нас гэта, безумоўна, радуе. Вядома, што гэта не нарматыўны дакумент, але словы чалавека, які прымае рашэнні на гарадскіх прадпрыемствах. І мы не будзем адступаць ад накірунку далейшай супрацы.

Хочацца пажадаць беларусам змяніць свой лад жыцця на «зялёны», бо, як паказвае час, калі гэтага не зрабіць, то і жыць добра мы не будзем. І прыклад нашых бліжэйшых суседзяў таму падцверджанне.

 

Ірына Сухій, Грамадскае аб'яднанне «Экадом»

 

— У гэтым годзе «Экадому» споўнілася 20 год... І мы цудоўна справілі свой дзень нараджэння: на беразе Мінскага мора, канцэрт «Drum Extasy», заход сонца, шмат людзей... Я ўзгадваю гэта, і мне так усё падабаецца.

Хаця ў цэлым год быў вельмі складаным, і цяжка прыгадаць штосьці пазітыўнае, калі яно і ёсць, то больш датычыцца Таварыства «Зялёная сетка».

Ну, вось пад канец года з добрага — зноў «стукнулі» корпус рэактара. Вядома, неправільна радавацца такім рэчам, але, як мне падаецца, гэта карма.

У 2017 годзе хацелася б... сыходзячы з падзей, што адбываліся зусім нядаўна, — міру і кахання, няхай і гучыць банальна. Аднак, калі глядзіш, да чаго прыводзіць вайна, што здараецца з людзьмі і іх успрыманнем свету, сапраўды хочацца міру і кахання. Каб не было ніякіх новых рэвалюцый і войнаў...

Хочацца, каб у Таварыства «Зялёная сетка» усё атрымалася, рэалізаваліся ўсе амбіцыйныя планы і задумкі.

Неяк цяжка мне зараз зразумець і сказаць, чаго я хачу, хаця гэта звышважна, трэба ж накіраваць свой пасыл у Космас. Таму... у нас перастануць высякаць дрэвы, канчаткова паставяць крыж на будаўніцтве АЭС, чыноўнікі пачнуць прыслухоўвацца да меркавання грамадскасці.

 

Сяргей Казлоў, Фонд «За чыстую Прыпяць»

— Для нас гэты год быў насычаным і вельмі прыбытковым, не ў сэнсе фінансаў, а тых людзей, сяброў нашай арганізацыі з «зялёнага» руху. Нам прапанавалі паўдзельнічаць у шматлікіх актыўнасцях: у «Зробім!», «Зялёным дазоры». І нам удалося зрабіць вялізарнейшую працу ў гэтых накірунках, дзякуючы чаму пра нас даведаліся і пачулі людзі.

Лічу, што для мяне гэта самыя вялікія дасягненні ў 2016 годзе, бо сябе я неадрыўна звязваю з фондам.

У 2017 годзе мне хочацца фінансавага дабрабыту для маёй арганізацыі. Вядома, што без гэтага нікуды. На жаль, не ўсё можа атрымацца выключна на валанцёрскіх пачатках.

У нас ёсць мара, якую мы спадзяемся ажыццявіць, — набыць самаходны пантон на сонечных батарэях. Ён будзе выконваць адразу дзве функцыі: сам пантон — для кантролю і даследавання ракі Прыпяць, а сонечныя батарэі — для дэманстрацыі сілы альтэрнатыўных крыніц энергіі. Тым больш што дапаможа нам такі сродак перасоўвання і ў акцыях па ўборках, калі можна будзе непасрэдна з вады збіраць смецце.

Дзякуючы ўдзелу ў першай беларускай канферэнцыі «Зробім!» мы зразумелі памылкі, якія дапускалі ў працэсе падрыхтоўкі да акцыі, дзе ўзялі крыху не тыя напрамкі. На жаль, стала відавочным, што грамадства пакуль не гатовае да вялікіх спраў. Таму мы зараз сканцэнтруемся на экалагічным выхаванні, на павышэнні экалагічнай культуры.

У канцы 2016 году пачаў праглядацца яшчэ адзін накірунак нашай дзейнасці — арганічная сельская гаспадарка, будзем яго развіваць разам з Установай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і аграрным каледжам у Калінкавічах.

У цэлым жа хацелася б, каб людзі змянілі свае адносіны да прыроды, каб яны змаглі адчуць шчасце і радасць толькі ад таго, што прыбралі смецце і зрабілі родную зямлю чысцей, каб людзі пранікліся «зялёнымі» каштоўнасцямі».

 

Ігар Пастухоў, індывідуальны таварыш

— Дзякуючы Таварыству «Зялёная сетка», Яраславу Бекішу і Ірыне Белай у мяне ёсць магчымасць быць каардынатарам Зялёнага дазору, і за 2016 год я зрабіў столькі, колькі раней змог бы за год 10. Калі падлічыць, то ў мяне 32 кейсы па парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства, з якіх толькі 7 пакуль не вырашаныя, пры гэтым 6 пытанняў ужо ў стадыі вырашэння. Я не буду пералічваць усе, магу адзначыць самыя асноўныя.

Па-першае, у сыходзячым годзе нам удалося не дапусціць будаўніцтва фермы буйной рагатай жывёлы на 4000 галоў ля возера Нарач. Па-другое, у супрацы з «Багнай», «Экадомам», Зялёнай сеткай удалося выйсці на дыялог з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі нацыянальнага парку «Нарачанскі». Атрымалася пераканаць іх, што рэкамендацыі Нацыянальнай акадэміі навук пажадана разглядаць ні як штосьці фармальнае, а сапраўды выконваць, пры умове, што мы хочам захаваць унікальнасць прыроднага комплексу «Блакітныя азёры». Дзеля гэтай сустрэчы спатрэбілася 14 год супрацьстаяння... Вядома, мне хацелася б, каб такі станоўчы вопыт распаўсюджваўся ў Беларусі.

На жаль, ёсць і негатыўныя прыклады. Мне даводзіцца адзначыць, што ў Астравецкім раёне вельмі дрэнная экалагічная сітуацыя. У заказніку «Сарачанскія азёры» і на адзінкавых асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, дзе адбываецца нераст ласосей, даводзіцца назіраць смеццевыя звалкі. Чаго каштуе гісторыя з векавымі дубамі! Складваецца ўражанне, што людзі жывуць адзін дзень, а заўтра запусцяць БелАЭС — і там ужо ратуйся хто можа!

Адсюль і маё пажаданне на 2017 год: каб узніклі хаця б перадумовы таго, што заказнік «Сарачанскія азёры» ўвойдзе ў чацвёрку «дзікіх топ-месцаў Беларусі», якім ён быў да 2016 года.

Калегам жа хачу пажадаць здароўя і каб здзяйсняліся сакральныя мары і жаданні па прынцыпу «будуй сваё шчасце, не абядняючы навакольны свет». Калі б кожны чалавек прытрымліваўся яго, то ўсё было б у нас добра.

Хочацца яшчэ, каб да акцыі «Зробім!» далучылася як мінімум у 2 разы больш людзей.

 

Надзея Куляшова, Культурна-экалагічная ўстанова «Эка-Майстэрні»

— Гэта быў першы год, калі «Эка-Майстэрні» дзейнічалі як зарэгістраваная арганізацыя. Было рэалізавана некалькі праектаў: традыцыйны «Зялёны weekend» у межах Таварыства «Зялёная сетка» і разам з Галерэяй «Ў» праект ў вобласці энэргаэфектыўнасці ў беларускіх школах. У навучальных установах ствараліся каманды школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў, яны атрымоўвалі новыя веды, праводзілі эксперыменты, распаўсюджвалі інфармацыю па тэме. А літаральна напярэдадні Новага года скончыўся азнакамляльны тур трэнераў «Эка-Майстэрань» і «Школы экалагічнага актывіста», пад час якога яны ўкаранялі канкрэтныя практыкі ў навучальны працэс.

На 2017 год у нас запланавана праца па экалагічнай тэме праз мультыплікацыю. Хочам таксама рэалізаваць праект са школьнымі «фірмамі». Што гэта значыць? Задумка такая: унутры навучальнай установы ствараецца мадэль функцыянуючага прадпрыемства, на якім дзеці вырабляюць нейкі прадукт, вучацца яго прасоўваць, каб па сканчэнні школы мець навыкі ў нейкай справе.

У новым жа ўсім годзе хочацца пажадаць, каб людзі не забывалі пра тое, што сапраўды мае каштоўнасць, больш часу праводзіць з блізкімі, усміхаліся адзін аднаму. Каб мы бачылі ў тых, хто вакол нас, не функцыянальныя адзінкі, а людзей з іх каштоўнасцямі, жаданнямі, пачуццямі, эмоцыямі.

 

Павел Гарбуноў, Грамадскае аб'яднанне «Мінскае роварнае таварыства»

— У 2016 годзе да нас звярнуліся грамадскія актывісты з Магілёва са словамі: «Мы хочам роварны рух, давай, Мінскае роварнае таварыства, дапамажы нам!» Мы распрацавалі для іх канцэпцыю, зараз яе павінны прыняць.

А так, увесь мой год прайшоў у веламаршрутах. Асабліва шчыльна працавалі ў Валожынскім раёне. Атрымоўваецца, што ў некаторай ступені наша дзейнасць пераключылася са сталіцы на рэгіёны, з гарадской на турыстычную. З-за гэтага, магчыма, у Мінску мы не дапрацавалі некаторыя накірункі, будзем у наступным годзе даганяць.

У 2017 годзе мы хочам выйсці на больш высокі ўзровень працы ў горадзе і стварыць рабочую групу з тымі міністэрствамі, з якімі яшчэ не даводзілася ўзаемадзейнічаць, напрыклад з Міністэрствам транспарту. Гэта як наступны ўзровень. А таксама будзем ствараць сетку веласіпедных арганізацый Беларусі, таму, відавочна, шмат намаганняў укладзем туды.

Пажадаць жа хочацца, гледзячы на апошнія падзеі, супрацоўніцтва паміж людзьмі з рознымі поглядамі і большага разумення.

 

Грыгорый Цярэнцьеў, Брэсцкае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Час Зямлі»

— Мы падключыліся да правядзення «Гадзіны Зямлі». І з гэтым быў звязаны вельмі смешны момант: калі мы арганізавалі гэта мерапрыемства, а пасля ў адным з артыкулаў напісалі, што гарвыканкамі разам з БРСМ і «зялёнымі» правялі акцыю... У нас было вельмі шмат нейкіх непаразуменняў па «Гадзіне Зямлі», бо яе хацелі адмяніць літаральна за пару дзён да самага дня «Х», але па выніку анонсаў на тэлебачанні ўсё ж да арганізацыі падключыўся выканкам разам з саюзам моладзі, ну а пасля перацягнулі коўдру на сябе.

У 2016 годзе ў нас прайшло некалькі «Школ экалагічнага актывіста» першага ўзроўню. З вясенняга выпуску людзі падавалі свае праекты на «Зялёнку», а з зімовым наборам мы будзем працягваць навучанне па асобным семінарам, якія будуць фарміравацца сыходзячы з патрэб у ведах удзельнікаў.

Дарэчы, са школай таксама ёсць цікавы выпадак. Адзін з набораў мы праводзілі ў Белавежскай пушчы, і адразу па сканчэнні выпускнікі пайшлі прагуляцца па лесе і знайшлі парушэнні ў абсталяванні ачышчальных збудаванняў. У гэты ж дзень мы напісалі ў камітэт прыродных рэсурсаў. Вядома, што падняўся хай, і парушэнне хутка выправілі. Вось ён актывізм: атрымаў веды — прымяніў іх на практыцы.

У 2017 годзе хацелася б, каб у Брэсце з'яўлялася больш экалагічных арганізацый, магчыма, вузкатэматычных, каб можна было пакрыць як мага шырэйшае кола людзей і інтарэсаў, вырашыць больш праблем.

Пажадаць жа хочацца, каб людзі ў любых сітуацыях заставаліся людзьмі. І не думайце, што за вас хтосьці прыйдзе і штосьці зробіць, бярыце адказнасць на сябе. Памятайце, што кожнае ваша рашэнне мае канкрэтныя наступствы, якія могуць адгукнуцца наступным пакаленням. Станавіцеся больш экапрыязнымі, чым былі ў мінулым, і не бойцеся рабіць добрыя справы для наваколля, будзьце бадзёрымі і актыўнымі.

 

Юля Каляда, Грамадскае аб'яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна»

— З апошняга і тое, што адбылося ўпершыню, — мы паўдзельнічалі ў шэсці Дзедаў Марозаў. Аднак самай вялікай падзеяй для мяне стала рэалізацыя праекта па арганізацыйнаму развіццю, накіраваны ён на ўзмацненне арганізацыі. З традыцыйнага: праходзіў марафон «Суседзі» і іншыя спартыўныя мерапрыемствы.

У 2017 годзе мне хацелася б фінансавай устойлівасці для «ВелаГродна». Мы ўжо не ў тым узросце, каб працаваць на валанцёрскай аснове і яшчэ ўкладацца са сваіх сродкаў. І маючы мноства планаў і ідэй, самай вялікай праблемай тут становяцца грошы. Замест таго, каб планаваць нейкае мерапрыемства ці акцыю, мы трацім энергію, каб прыдумаць, з чаго заплаціць арэнду і камунальныя, заробкі супрацоўнікам. Напрыклад, мы будзем праводзіць мерапрыемствы для прыцягнення спонсарскай дапамогі і ахвераванняў. Але я выдатна разумею, што велаінфраструктура сёння — гэту зусім не тое, на што людзі гатовы аддаваць грошы. Як бы хапае сваіх уласных праблем, ёсць больш звыклыя тэмы для дабрачыннасці: хворыя дзеці і няшчасныя жывёлы. З членскімі ўзносамі таксама атрымоўваецца замкнёнае кола: зараз мы распрацоўваем нашу сяброўскую праграму, з якой я ўжо бачу, што мы мусім укласці больей, чым зможам атрымаць... У мяне, як у старшыні арганізацыі, галава баліць ад гэтага.

У цэлым, што датычыцца веларуху, то ён развіваецца. Я спадзяюся, што з'явяцца яшчэ арганізацыі ці ініцыятыўныя групы, актывісты, якія змогуць арганізаваць мерапрыемства ці прабег, тое, з чаго мы ў свой час пачыналі. У сваю чаргу мы гатовы апантанных ідэямі прыкрываць юрыдычна. У раёнах мы будзем дапамагаць са спартыўнымі мерапрыемствамі, марафонамі.

Рознага забаўляльнага, напэўна, планаваць не будзем, яно неяк само спантанна прыходзіць і робіцца.

Пажадаць магу тое ж, што і 5 год таму: трэба жыццё браць у свае рукі. Калі вы хочаце, каб штосьці змянілася, то прыкладайце намаганні, а не сядзіце і не наракайце.

А яшчэ хачу пажадаць, каб у кожнага з'явілася магчымасць набыць сабе веласіпед. Каб у горадзе гэта стала новым відам транспарту, якім людзі карысталіся б кожны дзень ці хаця б на выхадныя выбіраліся куды. І каб удзельнічалі ў нашых мерапрыемствах...

Па веласіпеду ў кожны дом!

 

Канстанцін Чыкалаў, Грамадская арганізацыя «Багна»

— Нашай арганізацыі пайшоў трэці год з моманту рэарганізацыі, і другі год мы вядзем Рабочую групу аховы дзікай прыроды Таварыства «Зялёная сетка».

З самага яркага за год можна адзначыць даволі складаны выпадак — паездкі па балотах заказнікаў «Ельня» і «Балота мох». Як зацікаўленая арганізацыя мы вырашалі гэтую праблему. І няхай пра яе было шмат напісана і сказана, але ў гэтай сітуацыі мы не прыйшлі да лагічнага і агульнага канца. Але, безумоўна, мы рады, што дзякуючы актыўнасці нашай і іншых грамадскіх арганізацый вырашылі ўзбудзіць крымінальную справу. Бо, на жаль, не атрымалася данесці арганізатарам пра выкананне законаў... А з іншага боку, наладзілі дыялог з арганізатарамі масавых мерапрыемстваў, што і працягваем далей. Бо, нягледзячы на тое, што былі ўнесеныя змены ў Закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя», усё ж гэта не вырашае існуючай праблемы.

Яшчэ адзін цікавы вопыт — арганізацыя першай у Беларусі прыродаахоўнай талакі. Дапамог эстонскі Фонд аховы прыроды, дзякуючы якому мы пазнаёміліся з працай валанцёрскіх летнікаў: калі арганізацыя дамаўляецца з адміністрацыяй заказніка, што людзі дапамогуць вырашыць прасцейшыя праблемы, напрыклад, прыбяруць тэрыторыю ад смецця ці адрамантуюць інфраструктурных аб’екты і г.д. У нашым летніку прынялі ўдзел 14 чалавек, большасць з іх былі валанцёры з Эстоніі, аднак праводзілі яго ў Гродзенскай вобласці ў заказніку «Азёры». І, падаецца, усім усё спадабалася.

У межах дзейнасці Рабочай групы арганізавалі Школу дзікай прыроды, што для нас саміх і для Беларусі ў цэлым было чымсьці новым. Накіравалі гэтыя мерапрыемствы на працягнення ўвагі людзей да тэмы запаведнасці і ААПТ, іх кіравання. У якасці выкладчыкаў мы запрасілі лепшых экспертаў як беларускіх, так і з бліжэйшага замежжа. Пры гэтым усе людзі, што зарэгістраваліся на лекцыі, могуць працягваць весці з імі камунікацыю і далей. Мне падаецца, гэта вельмі важна. Наведваць школу можна было вочна і завочна: усе лекцыі з першай па апошнюю змешчаны на спецыяльнай платформе.

Сумесна з іншымі арганізацыямі мы праводзім праект «Сoalition Сlean Вaltic». Запланаваны шэраг цікавых публікацый, дарэчы, ужо выйшла іх ля 8. Гэта дазваляе тым, хто сёння не ведае, чым заняцца, выбраць прыродаахоўную дзейнасць ці навуковую, набыць нейкую ўпэўненасць і пайсці па правільнаму накірунку.

Мы працягваем развіваць інфармацыйны цэнтр, куды людзі могуць звяртацца з пытаннямі па захаванню дзікай прыроды, кіраванню тэрыторыямі. Дзякуючы вялікай базе спецыялістаў, якія самі праявілі жаданне выступаць у якасці экспертаў, любы жадаючы можа атрымаць адказ ад практыкаў.

У 2017 годзе для нас вельмі актуальнай будзе праблема, звязаная з рэгіёнам Прыпяці. Бо ў 2016 годзе стала вядома пра праект аднаўлення воднага шляху Е40, які закранае гэтую раку. Зараз мы вывучаем пытанне, але ў надыходзячым годзе нам хацелася б пачуць на дзяржаўным узроўні, што праект не будзе рэалізаваны. Бо ўжо сёння мы разумеем і бачым тыя пагрозы, што нясе водны шлях для многіх беларускіх ААПТ і ракі Прыпяць, мы абмяркоўвалі гэтую праблему са спецыялістамі.

Хочацца яшчэ сказаць пра адзін праект, да якога мы таксама маем некаторыя адносіны, — стварэнне Грамадска-навуковага савету на базе Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсам НАН РБ, які стане новай пляцоўкай для абмеркавання паміж грамадскасцю і навуковай супольнасцю праблем, звязанных з кіраваннем дзікай прыродай, біяразнастайнасцю, захаваннем ландшафтаў. І хочацца, каб у наступным годзе гэта структура эфектыўна запрацавала, бо яе вельмі не хапала.

А яшчэ марыцца пра стварэнне новага нацыянальнага парка — Свіслачска-Бярэзінскага, падаецца, так ён будзе называцца. Для мяне гэта будзе вельмі добрым вынікам працы ўсіх людзей, што працавалі на мэту павелічэння ААПТ.

Не ведаю, ці можна будзе вырашыць за 2017 год праблему, якая ўжо даўно існуе ў Беларусі і да вырашэння якой прыкладаюць сілы многія грамадскія арганізацыі. Гаворка пра адкрытасць дадзеных. Бо вельмі шмат існуе напрацовак разнастайных дзяржаўных арганізацый, усе яны збіраюць інфармацыю, якой, на мой погляд, было б правільна дзяліцца, бо гэта дапамагло б як вучоным, так і грамадскасці ў захаванні прыроды і рэалізацыі новых праектаў.

З улікам тэндэнцыі, калі людзі імкнуцца ў гарады, мне б хацелася пажадаць, каб яны не забываліся на нейкую экалагічную складаючую свайго жыцця. Нельга абмяжоўвацца ад жывога, бо гэта крыніца энергіі. Па магчымасці будзьце актыўнымі, захоўвайце сувязь з жывым, лясамі, паркамі, жывёламі, будзьце актыўнымі ў іх захаванні і абароне. Выязджайце рэгулярна на прыроду, бо чым часцей мы будзем гэта рабіць, тым больш асэнсаваным і каштоўным будзе жыццё кожнага з нас.

Падзяліцца: 29.12.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.