Адаптацыя да змяненняў клімату непазбежна: пасля Масквы ахвярай стыхіі стаў Берлін

Падавалася, разгул стыхіі раней можна было пабачыць толькі ў фантастычных фільмах ці постапакаліптычных, сюжэт якіх будуецца на «прадказанні» будучага чалавецтва. Аднак усё часцей праліўныя дажджы, парывісты вецер ці засушлівая спякота становяцца нашай рэальнасцю. Вы яшчэ не верыце ў змяненне клімату?

31.05.2017 Вакол свету Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Reuters

29 мая у Маскве і вобласці назіраўся разгул стыхіі: ураган, які выкарчоўваў дрэвы, валіў слупы і варочаў аўтамабілі. Як перадае TUT.BY па інфармацыі расійскіх СМІ, парывы ветру дасягалі 30 м/с. На жаль, без ахвяр не абышлося: загінулі 16 чалавек, за медыцынскай дапамогай звярнуліся ля 170.

«Маскоўскія кадры, вядома, уражваюць. Гэта быў адзін з мацнейшых ураганаў за 100 год. Аднак хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў гэты самы час у Стаўрапольскім краі з-за павадкаў эвакуявалі жыхароў, а за Уралам сотнямі палаюць жылыя дамы ў вёсках, бо выратавальнікі не спраўляюцца з ляснымі пажарамі.

Ці з'яўляецца гэта ўсё прызнакамі змянення клімату — неактуальнае пытанне: нават у Расіі, якая адкладае ратыфікацыю Парыжскага пагаднення, не так даўно прайшоў «кліматычны тыдзень», на якім адбылася маса мерапрыемстваў з удзелам высокіх чыноўнікаў. Ніхто з іх не сумняваецца ў фактах, яны абмяркоўвалі, што з гэтым рабіць далей», — каментуе эксперт па кліматычнай палітыцы Таварыства «Зялёная сетка» Настасся Бекіш.

Сваю ўвагу яна звяртае на сітуацыю з папярэджаннем насельніцтва, калі расійскае МНС папрасіла аператараў сотавай сувязі разаслаць інфармацыю пра ўраган фактычна перад яго пачаткам. Настасся заўважае, што якраз спосаб адэкватнага рэагавання на экстрымальныя з'явы надвор'я — гэта адна з ключавых сфер адаптацыі да змяненняў. На жаль, Масква паказала, што яе сістэма далёкая ад ідэалу.

Дарэчы, у памяці беларусаў яшчэ свежыя ўспаміны пра падобны разгул стыхіі, якая мінулым летам закранула 510 населеных пунктаў па Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.

На наступны дзень пасля маскоўскіх падзей дажджы і вецер накрылі еўрапейскую частку кантынента: пад удар патрапіў Берлін. TUT.BY паведамляе, спасылаючыся на «Reuters», што з раніцы ў сталіцы Германіі ўсталявалася спякота да 34 градусаў па Цэльсію, а ўжо ў абед пачаўся праліўны дождж з моцным ветрам. Па дадзеных метыяслужбаў, за гадзіну выпала па 30 літраў вады на квадратны метр.

З-за экстрымальнага надвор'я быў парушаны рух гарадскога транспарту, у тым ліку часткова затапіла метро.

Пры гэтым суш назіраецца ў шэрагу іншых раёнаў Германіі, дзе з-за гарачыні ад удару маланкі адбылося некалькі пажараў.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 31.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.