VeganFood: Як быць з галавой Джэка?

 

Halloween – свята, якое грунтоўна заснавалася ў нашым календары. Ну хто не хоча на адзін вечар-ноч пераўвасобіцца ў нячысціка, стаць ваўкалакам ці якой злой чараўніцай.

31.10.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Неад'емным атрыбутам вечарыны злых духаў з'яўляецца гарбузовая галава Джэка, якая яшчэ выдатны і карысны харчовы прадукт. Праект VeganFood падрыхтаваў некалькі рэцэптаў, якія дапамогуць не толькі скарыстацца прынцыпам безадходнасці, але і дапамогуць прыйсці ў сябе пасля гулянкі.

У халоднае і вільготнае надвор'е хочацца сагрэцца хутчэй знутры. Таму для пачатку прапануем вам гарбузовы суп-пюрэ.

Для супу нам спатрэбяцца:

  • 1/4 гарбуза
  • 1 морквіна
  • 2-3 сярэднія бульбіны
  • 2-3 лустачкі салеры
  • 1 памідор
  • 1 цыбуліна
  • пучок зеляніны
  • 2-3 зубчыкі часнаку
  • 2 сталовыя лыжкі аліўкавага алею

Чысцім гарбуз, моркву і бульбу, наразам невялікімі кубікамі і кідаем у каструлю з невялікай колькасцю вады. Дадаем солі і перцу па смаку. Пакуль гародніна варыцца чысцім цыбуліну, дробна наразаем яе і абсмажваем на патэльні да залацістага колеру. Як толькі гародніна ў каструлі пачне мякчэць дадаем нарэзанай невялікімі кавалачкамі салеру. Варым яшчэ хвілі 10-15 і кідаем кубікамі нарэзаны памідор. Цяпер важна давесці ўсё да поўнай гатоўнасці.

Як толькі уся гародніна ў каструлі гатова закідваем абсмажаную цыбулю і блэндэрам узбіваем да аднароднай крэмавай масы.

Дробна наразаем зеляніну і ачышчаныя зубчыкі часнаку. Дадаем да супу-пюрэ і добра перамешваем.

Пры падачы кожную порцыю расыпаем ачышчанымі і падсмажанымі гарбузовымі семачкамі. У цэлым семачкі можна замяніць сухарыкамі з шэрага хлеба.

 

На другое прапануе печаны гарбуз з сачавіцай.

Для стравы нам спатрэбяцца:

  • 1/4 гарбуза
  • 1 цыбуліна
  • паўшклянкі сачавіцы
  • 1-2 зубчыкі часнаку
  • зеляніна
  • душысты гарошак
  • гваздзіка
  • лаўровы ліст

Загадзя замачваем сачавіцу, можна на ноч. Чысцім гарбуз і наразаем сярэдняга памеру кубікамі. Тое ж робім з цыбуляй. Закідваем гэтыя інгрыдыенты ў кірамічны гаршочак, солім і залівам з паўшклянкі вады. Чысцім і расціскаем зубчыкі часнаку, дадаем у заршочак. Туды ж кідаем 2-3 лісціка лаўрушкі, душысты гарошак і крыху гваздзікі.

Ставім гаршочак у разагрэту духоўку на хвілін 30 пры тэмпературы 200. Калі сачавіца за гэты час не дайшла да гатоўнасці, то яшчэ крыху трымаем у духоўцы.

Пры падачы страву можна пасыпаць дробна нарэзанай зелянінай.

 

На дысерт прапануем падаць вам сок свежага водціску і печыва.

Для соку нам спатрэбяцца:

  • гарбуз
  • яблыкі
  • морква

Ачышчаем гарбуз, наразаем кубікамі і кідаем іх у выціскалку. Практчна тое ж прарабліваем з морквай і яблыкамі.

У залежнасці ад вашага густу кансістэнцыя таго ці іншага інгрыдыемнта можна пераважаць.

 

Увага: калі ваша тэхніка добра аддзяляе сок і мякіш, то раім захаваць рэшткі ад гарбуза, каб кухня была зусім безадходнай.

 

Для печыва нам спатрэбяцца:

  • 1/4 гарбуза
  • 3 бананы
  • аўсяныя шматкі
  • цукар
  • цынамон

Непоўную шклянку аўсяных шматкоў перамалваем у муку. Чысцім і націраем на тарку гарбуз. Дарэчы вось тут нам можа спатрэбіцца мякіш з гарбуза, што пайшоў на сок. Кідаем у глыбокую міску чышчаныя бананы і расціскаем іх відэльцам. У міску закідваем гарбуз, аўсяную муку і добра ўсё перамешваем, каб маса стала аднароднай (дзеля гэтага цеста можна ўзбіць брэндэрам). Дадаем цукар і паўлыжачкі цынамону, але асцярожна, печыва не павінна быць вельмі салодкім.

Затым сталовай лыжкай зачэрпваем цеста і акуратна выкладаем яго на разагрэты процвень. Ставім у духоўку на 40 хвілін пры 180-200 градусах.

 

Вясёлага вам Halloween і смачна есці!

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 31.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.