Асноўная прычына вясенніх выпальванняў даволі банальная і на першы погляд вельмі прадказальная — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні сухой мінулагодняй расліннасці. Але менавіта гэта ў 100 выпадках са 100 прыводзіць да сумнай статыстыкі ў зводках здарэнняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На жаль, сярод людзей да гэтага часу бытуе меркаванне, што прасцейшы спосаб пазбавіцца ад састарэлай травы, расліннасці ці смецця на ўчастку-полі — не прадпрымаючы ніякіх дадатковых дзеянняў па бяспецы, падпаліць усё, разлічваючы, што можна цалкам кантраляваць агонь.
«Пік падобных пажараў прыходзіцца ў розныя годы на сакавік-красавік у залежнасці ад таго, як сыходзіць снег. Прыгадваючы год, калі быў “Хаўер”, выпальванні адзначаліся ў красавіку. У гэтым годзе першыя адзінкавыя пажары ў экасістэмах былі зафіксаваны ўжо ў лютым», — паведаміў Зялёнаму парталу Віталь Навіцкі, прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі.
Вядома, што ўмовы надвор'я істотна ўплываюць на пажаранебяспечную сітуацыю ў краіне. Як толькі канец сакавіка — пачатак красавіка прынеслі з сабой пахаладанне і дождж амаль на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, колькасць пажараў зменшылася з 70-80 да 15 за суткі.
Але пацяпленне і выхадныя дні выправілі сітуацыю ў горшы бок: за мінулыя суткі адбылося 95 узгаранняў. Усяго за 2016 год па Беларусі ўжо ліківідаванае 501 выпальванне. У мінулым годзе анамальна засушлівае надвор'е спрыяла таму, што за дзень выратавальнікі ліквідавалі да 150 узгаранняў.
Зразумела, што пажары не застаюцца незаўважнымі ні для экасістэм, калі выгараюць сотні гектараў зямлі, а часам і лесу, дзе гіне дробная жыўнасць, ні для чалавека, калі шкода наносіцца пабудовам і маёмасці. Аднак самым страшным наступствам з'яўляюцца чалавечыя ахвяры. Так, падчас такіх здарэнняў у 2015 годзе ў сезон загінулі 20 чалавек. У 2016 годзе пакуль адзначаны толькі адзін пацярпелы ў Брэсцкай вобласці.
І гэта пры тым, што Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэгулярна ў сродках масавай інфармацыі праводзяць тлумачальна-прафілактычную работу з насельніцтвам пра небяспеку вясенніх выпальванняў. Дадаткова існуе ўрадавая тэлеграма за подпісам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна, у якой звяртаецца ўвага на тое, што адказнасць за парадак на тэрыторыі перш за ўсё нясе ўласнік. Акрамя гэтага, уведзена сістэма штрафаў за развядзенне вогнішчаў у экасістэмах ці вынішчэнне смецця пры дапамозе агня, сума якіх на сёння ўражвае, складаючы ад 10 да 40 базавых велічынь.
«Людзей сапраўды штрафуюць, згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой раслінасці, траў на карэнні, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях, — зазначае Віталь Навіцкі. — Больш таго, у калег са Следчага камітэту ёсць прыклад, калі справу па выпальванням давялі да суда, і чалавек панёс крымінальную адказнасць, бо ў пажары была нанесена шкода вясковым дамам і гаспадарчым пабудовам».
На думку прэс-сакратара МНС, самае галоўнае ў вырашэнні праблемы нават не штрафы і не прыцягненне да адказнасці, бо даюцца яны ўжо па факце здарэння. Асноўны акцэнт робіцца на папярэджанне і прадухіленне пажаранебяспечнай сітуацыі. Тым больш што не існуе прамой забароны спальваць ці разводзіць вогнешчы, проста пры гэтым неадбходна прыняць пэўныя меры па бяспецы.
«Трэба зрабіць акуратнае месца пад вогнішча, на адлегласці ад 10 метраў ад пабудоў, а пры наяўнасці лесу — крыху больш, акапаць яго і невялікімі «порцыямі» спальваць мінулагоднюю расліннасць, не пакідаючы агонь без нагляду. Пры гэтым абавязкова мець пад рукой сродкі для пажаратушэння: вядро з вадой ці пяском, рыдлёўку, вогнетушыльнік з машыны. Але ж гэта «складаны» шлях, бо ўсё трэба сабраць і арганізаваць. На жаль, людзі вырашаюць, што прасцей кінуць запалку, і яны ў стане без усялякіх прылад справіцца з агнём», — падкрэслівае Віталь Навіцкі.
Паўплываць станоўча на сітуацыю мог бы і іншы, больш гаспадарчы падыход да навядзення парадку на сельскагасрпадарчых землях і прыватных участках па восені. І супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях стараюцца звяртаць на гэта ўвагу, але напрамую ўплываць на ўласнікаў яны не могуць.
- «Это не мусор, а ценный ресурс!» Чем опасны палы, и как можно использовать сухую траву в земледелии?
Што рабіць, калі вы бачыце выпальванне:
«Пры любых сумненнях, калі чалавеку падаецца, што штосьці адбываецца не так, як мае быць. Калі ён бачыць задымленне, а тым больш адкрыты агонь, трэба неадкладна набраць нумар 101 і апісаць тое, што адбываецца, і максімальна дакладна паведаміць пра месца здарэння», — распавядае прэс-сакратар.
Ці прадпрымаць нейкія самастойныя дзеянні па тушэнні пажару, кожны павінны вырашаць сам, адэкватна расцэньваючы свае сілы і крытычнасць сітуацыі. Калі задымленне невялікае, без адкрытага агню, з якім можна справіцца, зразумела, трэба закідаць яго пяском ці іншымі сродкамі, пры гэтым пастарацца не дапусціць сур'ёзныя наступствы. У іншых жа выпадках варта перш за ўсё думаць пра ўласную бяспеку і прадаставіць магчымасць справіцца з сітуацыяй прафесійным выратавальнікам.
«Большасць загінуўшых у мінулым годзе — гэта людзі маларухомыя, сталага ўзросту. А агонь можа распаўсюджвацца з хуткасцю бягучага чалавека. У стрэсавых сітуацыях у людзей можа і ціск павысіцца, і рэакцыя быць не такой адэкватнай, што прыводзіць да няшчаснага выпадку са смяротнім вынікам», — папярэджвае Віталь Навіцкі.