Мінскае роварнае таварыства: 47% жыхароў горада маюць ровары, і гэта непазбежна

У лістападзе таварыства “Зялёная сетка” святкуе сваё дзесяцігоддзе. З гэтай нагоды Зялёны партал запускае серыю інтэрв’ю з арганізацыямі-таварышамі, у якім мы будзем імкнуцца распавесці пра тое, чым жыве сетка і што ў планах тых, хто ў яе ўваходзіць. І першы наш герой – Мінскае роварнае таварыства.

10.11.2017 Грамадства Аўтар: Ганна Валынец Фота: Мінскае роварнае таварыства, Віталь Ціхаміраў, Яўген Харужы, Аляксей Басалай, Ганна Валынец, minsknews.by, copenhagencyclechic.com

Задача Мінскага роварнага – не захоп свету, але нешта каля: яны хочуць, каб горад быў зручны для перасоўвання, ціхі і чысты. Яны няспынна варушаць грамадства з 2010 года, застаўшыся адначасова пляцоўкай для экспертаў і месцам сустрэчы людзей.

 

Ровар робіць людзей адказнымі

Раварыст – не толькі гік у спартовай форме, а ровар – не толькі для прагулак уздоўж Свіслачы. Зрабіць Мінск роварным не першы год мараць у Мінскім роварным таварыстве (МРТ). Ёсць поспехі: 8% гараджан лічаць сябе актыўнымі раварыстамі і амаль штодня ездзяць на ровары, калі цёпла. Цалкам вынікі свежага і ўнікальнага сацыялагічнага даследавання МРТ прэзентуюць на велафоруме 24-26 лістапада).

Складана зразумець, што ёсць здабыткам МРТ ці іншай арганізацыі, а што непазбежна ў плыні часу – так разважае Павал Гарбуноў, старшыня праўлення Мінскага роварнага таварыства. Хаця ўнёсак МРТ тут дакладна ёсць, і немалы.

Павал прыйшоў на месца старшыні праўлення два гады таму і яшчэ чатыры гады перад гэтым займаўся экалагічнай грамадскай дзейнасцю.

“Я удзельнічаў у акцыях, валанцёрыў для Мінскага роварнага таварыства, працаваў у Цэнтры экалагічны рашэнняў. А потым лёс зацягнуў зусім у ровары, – кажа ён. –  Люблю ровары, езджу часта. Гэта і хобі, і сродак адпачынку, і транспарт. Да ровара я стаўлюся нават шырэй: гэта з’ява. Роварны рух робіць людзей больш адказнымі за сваё здароўе і экалогію асяроддзя. Зрэшты, гэта маё стаўленне. Я спрабую знайсці сэнсы”.

 

Тры кіты: інфраструктура, папулярнасць, актыўнасць

Мінскае роварная таварыства – гэта людзі: моладзь, якая хоча валанцёрыць; тыя, хто сочыць за навінамі; сябры арганізацыі, якія падтрымліваюць яе праз сяброўскія штогадовыя ўнёскі, ды шмат іншых. Людзі з розных сацыяльных груп: кіраўнікі аддзелаў банкаў, праграмісты, студэнты, пенсіянеры, беспрацоўныя…

Блакітная мара роварнага руху – развіццё інфраструктуры, прыцягванне людзей і барацьба са стэрыятыпамі. Паляпшэнне роварнай інфраструктуры – тое, што найперш цікава шэраговаму раварысту. Граматна зробленая, яна дае магчымасці кожнаму быць мабільным, незалежна ад прыбытку, полу і ўзросту (у адрозненне ад аўтамабіля).

“Напрыклад, мы кажам раварыстам: ёсць сайт 115.бел. Дамагайцеся праз яго самі, каб вам паніжалі бардзюры. Не чакайце, што МРТ зможа зрабіць усю гэту працу, – тлумачыць Павал Гарбуноў. І працягвае – “Ровар – гэта таксама пашырэнне зоны ўнутранага камфорту”.

Дмитрий Кохно, Минск

Праца са стэрыятыпамі суседнічае з папулярызацыяй: запэўніць, што пацеюць на ровары летам не больш, чым у тралейбусе, патлумачыць, што восень і зіма – таксама час для ровару (гэта адмаўляюць не толькі канапныя каментатары, але і самі ўладальнікі ровараў).

Шмат людзей прыцягвае велапарад – прыклад прасторы для стасункаў, пошуку аднадумцаў і валанцёрства. Папулярная і роварная школа – валанцёрскі праект, які дапамагае дарослым навучыцца катацца на роварах.

Велапрабег “Слова мае значэнне”

Мінскае роварнае таварыства не імкнецца зрабіць усё за ўсіх, але можа быць пляцоўкай, якая гатовая падзяліцца рэсурсамі. Так адбываецца з грамадскай веламайстэрняй “Гараж 38”.

“Ён адасоблены, але мы яму дапамагаем, – кажа Павал Гарбуноў. – Там ёсць самастойная працоўная каманда”.

Гараж 38

 

Заканадаўчая ўлада зацікаўленая

Павал – адзін з тых, хто накіроўвае арганізацыю. Яму цікавыя рэчы, што не вельмі папулярныя ў большасці раварыстаў, але дзякуючы якім іх чуюць – дыялог з мясцовымі уладамі.

“Дыялог спрыяе грамадзянскай актыўнасці і выцягвае нашу краіну, пафасна кажучы, у бок дэмакратызацыі. Мы вучымся быць актыўнымі, атрымліваць вынік і вучым гэтаму людзей вакол”, – упэўнены ён.

Роварны рух, магчыма, адна з самых удалых пляцовак, дзе грамадскасць можа размаўляць з дзяржавай прадуктыўна. У выніку дыялогу, напрыклад, з’явілася Нацыянальная стратэгія развіцця роварнага руху, МРТ уплывае на змест тэхнічных дакументаў і выказваецца датычна правілаў дарожнага руху.

Велагаражы ў Лошыцы і Серабранцы, адкрытыя ў 2017 годзе

“Нацыянальная стратэгія – сведчанне таго, што заканадаўчая ўлада зацікаўленая ў развіцці роварнага руху”, – кажа старшыня праўлення.

 

1% гарадской мабільнасці – роварная

Сёння можна ўпэўнена сказаць: ровар у Мінску выкарыстоўваюць як транспарт. Па дадзеных праектнага інстытуту “Мінскграда” (ён жа звычайна займаецца генпланам сталіцы), 1% паездак у 2016 годзе адбываўся на ровары.

“Гэта прыкладна ў 7 разоў больш, чым было 7 гадоў назад. Але ў 12 разоў меньш, чым у Берліне зараз, – ілюструе старшыня праўлення Мінскага роварнага таварыства. – Думаю, ровар паўсюль выкарыстоўваюць як транспарт. Вы можаце прыехаць у Оршу і ўбачыць, колькі ровараў прыпаркавана на чыгунцы – яны належаць тым, хто там працуе. У вёсцы, магчыма, яго меньш выкарыстоўваюць для адпачынку і больш – як транспарт. У Менску – наадварот. Думаю, няма месцаў у Беларусі, дзе было б інакш”.

Ровары ля смеццеперапрацоўчага заводу ў Брэсце

 

47% мінчукоў маюць асабісты ровар

Як выглядае тыповы раварыст у Менску?

“Я б даў такое вызначэнне: раварыст – чалавек, які час ад часу выкарыстоўвае ровар для адпачынку ці ў якасці транспартнага сродку. Не абавязкова гэта фрык, для якога ровар – асноўнае, а любы карыстач, – кажа Павал. – З такім вызначэннем раварыстаў багата, у Менску – каля 47% людзей. Даючы такое вызначэнне, мы пазбягаем стратыфікацыі – падзялення на аўтамабілістаў і раварыстаў.

Гэта шкодна. Мы хочам, каб кожны для сябе убачыў для сябе нейкую карысць. Чым больш людзей убачыць магчымасці ровара, тым лепш будзе грамадству. Ровар – гэта пашырэнне магчымасцей кожнага чалавека, будзе ён катацца раз на месяц ці раз на год”.

 

“Каб людзі стаялі за намі”

Мінскае роварнае таварыства запэўнівае людзей пашырыць магчымасці толькі ў сталіцы і вобласці, але дапамагае роварным ініцыятывам і актывістам з любых гарадоў Беларусі.

“Мы грамадская арганізацыя і хочам ёй заставацца. Нам важна выконваць экспертна-сэрвісныя функцыі, але найперш мы мусім прадстаўляць цікавасці людзей і быць з гэтымі людзьмі ў кантакце.

Каб людзі стаялі за намі як фармальна – у якасці сябраў – так і нефармальна, як тыя, хто прыходзіць да нас на мерапрыемствы, валанцёрыць і сочыць за жыццём у сацсетках”.

Да МРТ можна звярнуцца з любымі пытаннямі, якія тычацца ровараў ці роварнага руху, па экспертную ці юрыдычную падтрымку. Калі вы раварыст і прадстаўляеце лакальную роварную супольнасць ці вандруеце – тут радыя такім знаёмствам. Кепская навіна для пачаткоўцаў: тут наўрадці падкажуць, які ровар выбіраць.

“Мы лічым, што тлумачыць і прадаваць ровары – праца бізнэса, – гаворыць Павал. – А па Мінску зараз можна катацца на любым, не абавязкова за 600-700 долараў. Можна і за 100”.

Як звязацца?
Праз электронную скрыню: info@bike.org.by
Ці праз сацсеткі: Facebook  ці VK
Сайт МРТ

 

 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 10.11.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.