Утаймуй у сабе шапаголіка. Як жыць эканамічна, экалагічна і рабіць добрыя справы

Сучаснае грамадства называюць спажывецкім невыпадкова. Мы набываем, карыстаемся, ламаем, выкідаем і зноўку набываем. І рэдка калі задумваемся, ці ёсць альтэрнатыва шалёнаму спажывецву. А яна – ёсць.

Утаймоўваем свае звычкі і вучымся рабіць добрыя справы разам з Зялёным парталам.

Кожны раз як вы адкрываеце шафу разумееце, што вам няма чаго апрануць? Альбо пры эмацыйным спадзе бяжыце ў краму за чым-небудзь новенькім, каб падняць сабе настрой? Вы ўважлівы да модных тэндэнцый і стараецеся быць у трэндзе? Не можаце прайсці міма рэчаў на зніжках, нават калі зусім не планавалі іх набываць? Віншуем, вы – ахвяра сістэмы спажывання. І спецыяльна для вас кітайскія маркетолагі адной інтэрнэт-крамы прыдумалі Сусветны дзень шопінга, які адзначаецца 11 лістапада. Па задумцы ў гэты дзень зніжкі на тавары могуць дасягаць 50%, што стымулюе людзей набываць як мага болей! Сёння ініцыятыву падхапілі і некаторыя міжнародныя брэндавыя крамы.

Аднак экалагісты нагадваюць, што ёсць больш танныя і рацыянальныя спосабы карыстання рэчамі – шэрынг, што дазваляе ўтаймаваць спажывецкія звычкі.

Як гэта працуе? Напрыклад, у вас ёсць шрупавёрт і ўвесь астатні будаўнічы інструмент, але вам бы хацелася авалодаць кулінарнымі навыкамі. У вашага ж сябра ці знаёмага наадварот, на кухні ёсць сокавыціскалка, тостарніца і хлебапечка, але яму гарыць рамонт у кватэры. Каб не набываць рэчы, што могуць спатрэбіцца толькі аднойчы, дамоўцеся абмяняцца ці пазычыць ў тых, хто іх мае. Такім чынам вы зможаце задаволіць свае патрэбы і пры гэтым пазбегнуць непатрэбных выдаткаў, скараціўшы экалагічны след.

У цэлым такі ж прынцып дзейнічае на ўсе магчымыя рэчы, пра якія вы можаце дамовіцца з  людзьмі. Здараецца, што на шэрынг аддаюць нават прадукты харчавання.

Дарэчы, штосьці падобнае запусціў Цэнтр экалагічных рашэння – сервіс ''Зялёная шафа'' прапаноўвае рэчы некамерцыйным ініцыятывам для правядзення мерапрыемстваў за так.

Такога кшталту сэрвіс выдатна ўкладаецца ў канцэпцыю "нуль адходаў" і дазваляе папулярызаваць прынцып правядзення экасяброўскіх мерапрыемстваў сярод НДА і актывістаў.

Скарыстацца сэрвісам проста. Па-першае, уважліва азнаёмцеся з умовамі прадастаўлення тавараў і будзьце ўпэўненымі, што вы здольны іх выканаць. Абавязкова прачытайце дамову. Паклапаціцеся загадзя замовіць на пэўны дзень неабходнае вам абсталяванне, дзеля гэтага  скарыстайцеся формай. Затым вам неабходна заключыць дамову, у дамоўлены час забраць рэчы і такім жа чынам іх вярнуць.

Па ўмовахі дамовы рэчы прадастаўляюцца арэндатару і ён нясе адказнасць за іх, гарантуючы цэласнасць і чысціню. Пры гэтым абсталяванне замаўляецца толькі для некамерцыйных мэтаў. Камерцыйным ініцыятывам давядзецца заплаціць за арэнду, грошы з якой пойдуць на падтрыманне сэрвісу. Акрамя ўсяго арэндатар павінны ў сваёй дзейнасці імкнуцца спрыяць прасоўванню ідэі ''нуль адходаў''.

Вываз і вяртанне рэчаў ажыццяўляе сам арэндатар.

Дарэчы, калі вы хочаце падтрымаць ініцыятыву і прапанаваць якія-небудзь карысныя для правядзення мерапрыемстваў рэчы, запаўняйце форму ці звяжыцеся з арганізатарамі сэрвіса праз электронную пошту suma@ecoidea.by.

Не забывайце, што добрыя справы можна рабіць праз самыя элементарныя дзеянні. Напрыклад, каб зразумець увесь маштаб трагедыі з вашым гардэробам, перад тым як адправіцца ў краму за абноўкамі, перагледзьце ўсё, што маеце на дадзены момант. І раздзяліце яго максімальна хаця б на дзве катэгорыі: буду насіць і абавязкова аддаць. У першую патрапляюць рэчы, якія вы дакладна яшчэ зможаце выгуляць на працу, вечарынку ці за горад.

У другі стос адпраўляецца вопратка і абутак, што ўжо даўно забыты вамі і ніякім чынам не ўпісваецца ў ваш  сённяшні вобраз. І не арганізоўвайце ніякіх катэгорый: можа быць, трэба падумаць. Бязлітасна пазбаўляйцеся ад лішняга, але не спяшайцеся вынесці вопратку на звалку!

Існуюць варыянты пазбавіцца ад рэчаў з карысцю.

Першае, што адразу прыходзіць у галаву – прыміце ўдзел у FreeMarket, аддайце краме KaliLaska,  размясціце аб'яўку ў суполцы ''Аддам дарам'' ці арганізуйце вечарынку-барахолку ў сябе дома, запрасіўшы сяброў на яе.

Аднам, памятайце, якой бы ініцыятыве вы не аддалі перавагу, галоўнае, каб рэчы былі чыстымі, цэлымі і ў добрым стане. Прытрымлівайцеся падыходу ''аддаю не таму што дрэннае, а таму што самому ўжо не патрэбна''.

Не забывайце і пра разнастайныя сацыяльныя цэнтры, дабрачынныя арганізацыя, якія  з задавальненнем прымуць рэчы для шматдзетных сямей, людзей у бядзе і бежанцаў.

Напрыклад, праваабарончая арганізацыя Human Constanta другі год дапамагае чачэнскім бежанцам у Брэсце. І заўсёды з задавальненнем прымае сезонную вопратку - адзенне і абутак - як для дарослых, так і для дзяцей, сярод якіх ёсць нават немаўля.

Прымаюць рэчы і дзяржаўныя сацыяльныя установы.

Акрамя таго, рэчы для абяздоленых вы можаце праносіць кожныя выхадныя на кропкі раздачы ініцыятывы ''Ежа замест бомб''.

У суботу ў 13.20 у Міхайлаўскі сквер ці ў 15.00 у сквер Сімона Балівара, у нядзелю ў 14.00 на Усход праз дарогу ад Нацыянальнай бібліятэкі.

Дапамога людзям будзе актуальна заўсёды, але асабліва перад зімой існуе вострая неабходнасць у цёплых рэчах. Таксама ініцыятыва не адмовіцца ад дапамогі прадуктамі: крупамі, алеям, печывам.

І памятайце, што шчасце не ў новай вопратцы ці сматрфоне, шчасце – ў стасунках з людзьмі і з наваколлем, бо самыя галоўныя рэчы ў жыцці – гэта зусім не рэчы.

Куды аддаць кнігі, лекі, сродкі гігіены і з кім яшчэ можна падзяліцца прадуктамі харчавання, чытайце ў нашым ранейшым артыкуле: 6 рэчаў, якія лепш аддаць, чым выкінуць

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 12.11.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.