19.07.2016 / 18:07

І рэч ужо не патрэбная, і выкінуць шкада. Знаёмая сітуацыя? Каб вас не мучыла сумленне, і добрыя рэчы сапраўды саслужылі камусьці яшчэ службу, Зялёны партал зрабіў карысны агляд. У ім — падборка разнастайных мінскіх ініцыятыў і арганізацый, дзе можа спатрэбіцца тое, што вам ужо не да душы і няма куды дзець.

Вопратка і рыззё — людзям і жывёлам

Як гэта часта бывае: шафа, поўная адзення, а апрануць няма чаго. Штосьці ўжо не моднае ці не адпавядае вашым сённяшнім густам, а штосьці проста не падыходзіць. І каб вызваліць месца пад новае, трэба пазбавіцца ад лішняга і неактуальнага.

Сёння ў кожным сталічным раёне функцыянуе аддзяленне «Чырвонага Крыжа». Прымаюць чыстую і ў добрым стане вопратку некаторыя манастыры і спецыяльныя арганізацыі, напрыклад «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» на вуліцы Сердзіча, 9 (тэл.: +37517 256 73 90) ці Дом начнога прыбывання асоб без пэўнага месца жыхарства на вуліцы Ваўпшасава, 42 (тэл.: +37517 273 96 98). Адрасы і кантакты астатніх арганізацый можна даведацца на «Зялёнай мапе».

Ужо некалькі год у Мінску існуе дабрачынны праект «КаліЛаска», які збірае рэчы і затым перадае іх ў разнастайныя сацыяльныя ўстановы,  цэнтры, дзіцячыя дамы. Дарэчы, стыльная і незвычайная вопратка знаходзіць сваіх новых уладальнікаў у краме «КаліЛаска».

Падзяліцца вопраткай, якую вы ўжо не носіце, можна з беспрытульнымі праз ініцыятыву «Ежа замест бомб». Але ім пажадана аддаваць жаночае і мужчынскае адзенне, абутак (не на абцасах) вялікага памеру.

Рэчы з натуральных тканін, якія ўжо адслужылі, яшчэ пойдуць на рыззё і анучы для прытулкаў жывёл: «Дом сабачай надзеі» (суполкі ВКонтакте і Facebook). У тым ліку падыйдуць і старыя коўдры, пледы на подсцілкі на ляжанках.

Не адмовяцца ад чыстага рыззя і на «Велакухне “Гараж 38”», каб праціраць інструменты і чысціць дэталі.

 

Любімыя кнігі — на паліцы буккросінгу і ў саццэнтры

Мала хто з моладзі памятае кніжны дэфіцыт канца 1970-1980 гадоў, калі за папяровымі выданнямі ўступалі ў розныя клубы кнігааматараў ці адстойвалі велізарныя чэргі, каб здаць макулатуру. Сёння ж цэлую бібліятэку можна змясціць у невялікую і лёгкую электронную кніжачку. А традыцыйным выданням усё больш адводзіцца роля пылазборнікаў на паліцах шафы. Аднак рука неяк не падымаецца, каб добрыя класічныя выданні проста вынесці пад пад'езд ці здаць у пункт прыёму макулатуры.

Таму добрым варыянтам тут сталі паліцы буккросінгу, якія дазваляюць вызваліць кватэру ад залішняй літаратуры. Знаходзяцца яны ў міні-кафэ на прыпынку станцыі метро «Уручча» (на выхадзе да мікрарёна Уручча-3), на Цэнтральным чыгунасным вакзале і ў кнігарні «Логвінаў» (праспект Незалежнасці, 37а).

Вычышчаючы сваю кватэру ад кніг, памятайце пра букіністычныя крамы, іх спіс можна знайсці на «Зялёнай мапе». Але найпрасцей занесці выданні ў зялёныя кантэйнеры для збору макулатуры «БелГіпс», бо цэлыя і найбольш цікавыя яны накіруюць ў разнастайныя цэнтры, а тэматычную літаратуру прапануюць спецустановам.

Дарэчы, газеты, якія па старой звычцы яшчэ многія выпісваюць, можна таксама перадаваць у прытулкі на подсцілкі для чацвяраногіх гадаванцаў. «Дом сабачай надзеі» (суполкі ВКонтакте і Facebook), суполка «О'Кош&КО — прытулак для катоў Мінска».

 

Непатрэбныя сродкі гігіены — жабракам

Ну, хто не цягаў з гатэляў разнастайныя маленькія мыльцы і бутэлечкі з гелямі для душу ці шампунямі? Калі з кожнага падарожжа везці такі сувенір, можа назбірацца прыстойная калекцыя, якая ў быце не асабліва карыстаецца папулярнасцю.

Але разнастайныя сродкі гігіены абавязкова спатрэбяцца людзям з малым сацыяльным даходам і беспрытульным. Перадаць іх можна праз ініцыятыву «Ежа замест бомб», у Дом начнога прыбыцця асоб без пэўнага месца жыхарства на вуліцы Ваўпшасава, 42 (тэл.: +37517 273 96 98).

 

Ежа — права, а не прывілей

 

Руплівая гаспадыня заўсёды клапоціцца, каб запасы прадуктаў своечасова папаўняліся. Але, як часта бывае, на распродажах замест адной неабходнай пачкі круп яна бярэ дзве, а то і тры і шчасна забывае пра іх. І вось падыходзіць тэрмін годнасці, куды падзець гэтыя запасы, калі дамачадцы есці кашу не хочуць?

Аказваецца, непатрэбнымі прадуктамі таксама можна дзяліцца. Напрыклад, усе вегетарыянска-веганскія харчовыя прадукты з вялікім задавальненнем прыме ініцыятыва «Ежа замест бомб», якая кожную суботу і нядзелю гатуе цёплыя стравы для беспрытульных і сацыяльна незабяспечаных людзей.

Сухія пайкі хуткага прыгатавання спатрэбяцца ў Доме начнога прыбыцця асоб без пэўнага месца жыхарства на вуліцы Ваўпшасава, 42 (тэл.: +37517 273 96 98).

Да спадобы прыйдуцца кашы і мясныя харчы гадаванцам многіх прытулкаў:

у суполках:

Дарэчы, некаторыя з прытулкаў могуць прыняць і крыху «падгуляўшыя» крупы, з невялікім пратэрмінаваннем.

 

Пілюлі на здароўе

Як часта вам даводзіцца набываць лекі, вітаміны для сябе ці разнастайныя ўмацоўваючыя дабаўкі, сродкі ад шкоднікаў для сваіх чацвяраногіх гадаванцаў і не выкарыстоўваць іх да канца тэрміна дзеяння? Памятайце, што эфектыўнага спосабу іх утылізацыі пакуль няма. Каб медыкаменты марна не прападалі, іх можна аддаць.

Якаснымі і актуальнымі па тэрміну дзеяння сродкамі для лячэння можна падзяліцца з ініцыятывай «Ежа замест бомб». Асабліва такая дапамога будзе актуальна ў сезон зімовых захворванняў, вясенніх алергій. Не лішнімі будуць і простыя расходнікі: бінты, пластэры, перакіс і іншае.

Перадаць лекі можна і ў Дом начнога прыбыцця асоб без пэўнага месца жыхарства на вуліцы Ваўпшасава, 42 (тэл.: +37517 273 96 98).

Тое ж датычыцца і лекавых прэпаратаў для жывёл. На іх заўсёды ёсць попыт у прытулках ці сярод валанцёраў: «Эгіда» (ВКонтакте і Facebook), «СуперКот» (ВКонтакте і Facebook), «Заашанс», «Дом сабачай надзеі» (ВКонтакте і Facebook), «Кот і сабака» (ВКонтакте і Facebook), суполкі: «Горад – дапамога беспрытульным сабакам і катам», «Жывёлы-інваліды і сталыя жывёлы», «Мае любімыя дварнякі», «Дапамажыце беспрытульным жывёлам Мінска», «Шчанюкі ў дар, у добрыя рукі», «Дапамога беспрытульным жывёлам Мінска», прытулку часовага ўтрымання на Гурскага, 42 (тэма неабходных лекаў), «О'Кош&КО — прытулак для катоў Мінска», «Домік выратаваных душ».

 

Палепшыць карму веласіпедыста

Веладэталі замяняюцца не толькі пры рамонце. Асабліва апантанныя гэтай справай цюнінгуюць свой двуколавы транспарт пры першай жа магчымасці. Ад чаго застаецца шмат амаль новенькіх запчастак.

Як і ў дзяцінстве, у многіх у падвалах, гаражах і на лецішчах стаяць старэнькія веласіпеды, на якіх сённяшняе маладое пакаленне гойсаць ужо не будзе. І атрымоўваецца, што з кожным годам веласіпед усё больш ператвараецца ў рэтра-рэч, трухлеючы і пастаянна замінаючы, але нагадваючы пра такое далёкае бестурботнае юнацтва.

І каб не ламаць галаву, куды дзець гэты «хлуд» па правілах сённяшняй сартыроўкі, аддайце цэленькія запчасткі і старыя, але яшчэ моцныя веласіпеды на «Велакухню “Гараж 38”» ці на офіс Мінскага роварнага таварыства на Смалячкова, 14а. Там ім дакладна знойдуць прымяненне на карысць мінскаму веларуху.

 

Ініцыятывы, пра якія варта ведаць:

Час ад часу ў Мінску і іншых гарадах праводзяцца бясплатныя кірмашы, на якія можна прыносіць разнастайныя рэчы ў добрым стане. Непатрэбныя вам прадметы абавязкова знойдуць новых гаспадароў калі не на самім фрымаркеце, то адрасна патрапяць ў які-небудзь з сацыяльных цэнтраў ці ўстаноў.

Каб такога кшталту мерапрыемствы праводзіліся як мага часцей, вы можаце дапамагчы ініцыятыве, напрыклад, з пошукам бясплатнага памяшкання.

Акрамя гэтага, у інтэрнэце існуе шэраг суполак «Аддам дарам», у якіх людзі дзеляцца ўсім: аддзенем, тэхнікай, мэбляй і іншымі рэчамі:

Дапамагчы не толькі рэчамі, але і сваёй увагай можна, далучыўшыся да ініцыятывы «Рабі добрыя справы».

Яшчэ адна магчымасць дзяліцца з іншымі людзьмі, але не пазбаўляцца ад рэчаў канчаткова, праз сумеснае выкарыстанне. З гэтай мэтай была створаная інтэрнэт-платформа праекта «Stuffmates», дзе людзі могуць абменьвацца на пэўны час непатрэбнымі ім прадметамі. Гэта не толькі дазваляе ўтаймаваць спажывецкія звычкі і станоўча ўплываць на наваколле, але і вызваляе прастору ў вашай кватэры.

Такім чынам, відавочна, што дзяліцца — гэта не толькі не сорамна, але і неабходна. Лепш падарыць камусьці прыемныя эмоцыі праз сваю любімую кнігу ці майку, якую апранаў ўсяго некалькі разоў, накарміць сабаку з прытулку і вылячыць малое кацяня, чым адпраўляць добрыя рэчы на звалку. 

Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнет-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость