14.07.2017 / 15:07

Чарговая навіна пра беларускую АЭС усхвалявала грамадства. Ад Мінэнерга становіцца вядома, што вядзецца праца над праектам пункта пахавання радыёктыўных адкідаў. Але ж абяцалі, што выпрацаванае паліва будуць вяртаць у Расію! У Мінэнерга ад каментарыяў адмаўляюцца. Ці можам мы адмовіцца захоўваць ядзерныя адкіды ў сябе і колькі нам гэта будзе дадакова каштаваць, тлумачыць расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

Да апошняга часу беларусы былі ўпэўненыя, што ўсе ядзерныя адкіды БелАЭС будуць вывозіцца ў Расію…

Справа ў тым, што ў адпаведнасці з сусветнай практыкай, краіна, якая вырабляе адкіды, нясе поўную адказнасць за гэтыя адкіды. Таму думаць, што ў Беларусі атрымаецца адправіць свае адкіды ў Расію і такім чынам іх пазбавіцца, не варта. Гэта падман, які, як я разумею, прыхільнікі атамнага праекта запусцілі ў грамадства. Магчыма, што частка адпрацаванага ядзернага паліва часова паедзе ў Расію на перапрацоўку, але пасля адкіды зноў вернуцца ў Беларусь. Таму правільна, што ўжо цяпер рыхтуюцца да будаўніцтва сваіх пахаванняў для гэтых адкідаў. Іх можа быць некалькі: адзін ― для высокаактыўных, другі ― для нізка і сярэднеактыўных. Гэта дастаткова дарагая рэч: можа спатрэбіцца да 1 мільярда еўра на будаўніцтва. Добра, што Мінэнегра Беларусі пачало гаварыць пра пункты пахавання ўжо цяпер, але неабходна запатрабаваць ад іх поўны аналіз і ацэнку кошту будаўніцтва пунктаў пахавання. Бо калі станцыя ўсё ж пачне працаваць і выпрацоўваць адкіды, то гэта будуць адкіды беларускія, ваш галаўны боль.

Але, можа, Беларусь мае нейкія экслюзіўныя умовы…

У пагадненні паміж Расіяй і Беларуссю аб будаўніцтве атамнай станцыі гаворыцца, што «адпрацаванае ядзернае паліва, набытае ў расійскіх арганізацый, падлягае вяртанню ў РФ для перапрацоўкі на ўмовах, вызначаных бакамі ў асобным пагадненні». Але гэтага асобнага пагаднення дагэтуль няма. І мы не ведаем, ці рыхтуецца яно і калі будзе падпісанае. А пакуль няма пагаднення, няма і прававой падставы для адпраўкі ў Расію на перапрацоўку адкідаў БелАЭС. Да ўсяго, паводле расійскага заканадаўства, у Расію дапускаецца «часовы ўвоз адпрацаванага ядзернага паліва» з абавязковым вяртаннем прадуктаў перапрацоўкі ў краіну паходжання. Таму не трэба рабіць выгляд, што высокаактыўных адкідаў у Беларусі не будзе. Перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва ― гэта хімічны працэс. У выніку яго ўтвараецца вялікая колькасць вадкіх радыёактыўных адкідаў, якія будуць «выпараныя», запакаваныя ў шкло і адпраўленыя ў Беларусь. Бо вы павінны несці адказнасць за тое, што пабудавалі ў сябе станцыю.

Якія пункты захавання адкідаў неабходна пабудаваць?

Для нізкаактыўных адкідаў будуюцца спрошчаныя пункты захавання ― траншэйныя ці шахтныя. Падыход такі: закапаць і забыць. На жаль, гэты падыход не працуе. І вядомыя прыклады, калі нізкаактыўныя адкіды складваліся ў саляной шахце, а потым высветлілася, што шахта працякае. У выніку, утварылася падземнае радыеактыўнае возера. Што да высокаактыўных адкідаў, то існуе меркаванне, што іх трэба закопваць на глыбіню 500 метраў, але пакуль у свеце няма ніводнага такога аб’екта. Больш за тое, у свеце нават не прыйшлі да канчатковага разумення таго, у якую пароду лепш тыя адкіды закопваць. У любым выпадку, неабходна, каб адкіды былі ізаляваныя на ўвесь час, пакуль яны небяспечныя для ўсяго жывога. Для некаторых радыёнуклідаў гэта сотні тысяч гадоў.

Наколькі небяспечнымі вернуцца ў Беларусь тыя адкіды, якія мы накіруем на перапрацоўку ў Расію?

Такімі ж небяспечнымі, якімі яны і туды паедуць. Расія толькі выцягне з тых адкідаў уран, які не выгарэў, і плутоній, што там утварыўся ― каб выкарыстоўваць у ваенных мэтах. Сумна вядомыя па Чарнобылі цэзій, стронцый ― усё гэта вернецца вам.

Яшчэ пытанні перавозкі гэтых адкідаў туды-назад…

Перавозіць адкіды з Астраўца на, хутчэй за ўсё, Краснаярскі горна-хімічны камбінат ― гэта асобны дарагі і вельмі небяспечны працэс. Патрэбныя спецэшалоны. Пытанняў тут шмат. І, магчыма, менавіта таму, што адказаў на гэтыя пытання няма, няма і дадатковага пагаднення па адпрацаваным паліве.

Нічога пакуль не вядома і пра месцы будаўніцтва будучых пахаванняў для адкідаў. Якая практыка ў свеце?

Звычайна для нізка і сярэднеактыўных адкідаў пункты пахавання будуюцца побач са станцыяй. Для высокаактыўных адкідаў, пра якія ваш Мінэнерга яшчэ і не ўзгадвае, працэс выбару ўчастка для будаўніцтва больш цяжкі. У Еўропе з пошукам месца ўзнікаюць вялікія праблемы. Мяркую, што і ў вас мясцовае насельніцтва будзе супраць таго, каб на іх зямлі будавалі такі пункт захавання.

А, можа, нам проста недзе ў «чарнобыльскай зоне» яго пабудаваць?

Вы прапануеце будаваць пункт захавання побач з ракой Прыпяць, у балотах?! Трэба такое месца, якое гарантуе, што шмат гадоў адкіды не будуць выходзіць у навакольнае асяроддзе. На маю думку, такіх месцаў на зямлі проста не існуе. Дарэчы, менавіта немагчымасць на працяглы час вырашыць гэтую праблему прымушае краіны адмаўляцца ад выкарыстання ядзернай энергетыкі. Магчыма, абмеркаванне гэтага пытання прымусіць і Беларусь адмовіцца ад будаўніцтва атамнай станцыі. А калі яшчэ і стане зразумелы кошт будаўніцтва пунктаў пахавання спачатку нізка і сярэднеактыўных, а потым і высокаактыўных адкідаў, тады стане зразумела, што танней гэтую станцыю недабудаваць.

Чаму Мінэнерга нічога не кажа, пра неабходнасць у будучым рыхтавацца да захоўвання хай і перапрацаваных, але высокаактыўных ядзерных адкідаў?

Пакуль няма магчымасці пра гэта казаць ― няма пагаднення з Расіяй. Я мяркую, што расійскі бок наўмысна зацягвае падрыхтоўку і падпісанне гэтага пагаднення. Бо калі станцыя пачне працаваць, то ў Беларусі не будзе магчымасці сказаць, што яны не хочуць працаваць на ўмовах, прапанаваных расійскім бокам. Тады Расія зможа дыктаваць свае ўмовы. З іншага боку, калі цяпер пачаць усё гэта абмяркоўваць, то гэта стане яшчэ адным аргументам для праціўнікаў будаўніцтва АЭС.

Праект БелАЭС па выніку стане яшчэ даражэйшым?

Цяпер будаўніцтва АЭС ацэньваецца ў 10 мільярдаў долараў, і гэта дзяржкрэдыт РФ. Калі будзе гэтае асобнае пагадненне, мы зразумеем кошт працы з высокаактыўнымі адкідамі. Бо і перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва ― гэта не бясплатная паслуга. І Беларусь павінна будзе плаціць Расіі не толькі за пастаўку паліва, але і за перапрацоўку яго. Потым трэба будаваць пункты захавання адкідаў, а пазней траіцца на ахову гэтага аб’екта. Думаю, час ужо пачаць лічыць грошы, якія па выніку пацягне ваша АЭС.

Источник:
Автор:
Фотограф:
LiveJournal
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость