12.07.2017 / 11:07

На павестцы дня зноў усплыла тэма Беларускай атамнай станцыі. Паcля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць шукаць, куды накіроўваць электраэнергію пасля ўводу АЭС, стала вядома пра распрацоўку праекта пункта захавання радыёактыўных адходаў са станцыі.

Як  паведамляе TUT.BY, Аляксандр Лукашэнка чакае ад ураду прапаноў па збыце электраэнергіі з БелАЭС. Маўляў, неабходна ўлічыць будучыя змяненні энергетычнага балансу краіны пасля ўводу першага энергаблока АЭС у 2019 годзе пры распрацоўцы новых тэхналогій і вытворчых праграм.

Па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, Беларусь не збіраецца экспартаваць энергію з БелАЭС, яе рэсурсы разлічаны на ўнутраны рынак. Хаця на Міжнароднай выставе «ЭКСПА-2017» у Астане намеснік міністра энергетыкі Вадзім Закрэўскі ў сваім выступленні абураўся наконт адмовы шэрагу краін набываць электраэнегію з БелАЭС.

Стала вядома і пра распрацоўку праекта пункта захавання радыёактыўных адходаў, што будуць утварацца пры эксплуатацыі станцыі. На сайце Міністэрства энергетыкі зазначана, што ў мэтах забеспячэння захавання і ізаляцыі адходаў АЭС былі распрацаваныя рэкамендацыі па ўдасканаленні метадаў і тэхналагічных схем іх перапрацоўкі. Акрамя гэтага, падрыхтаваны прапановы да праектных рашэнняў па перапрацоўцы радыёактыўных адходаў БелАЭС, іх часовым ўтрыманні на тэрыторыі самой станцыі з далейшым захаваннем.

На сённяшні дзень вядзецца распрацоўка канцэптуальнага праекта пункта захавання радыёактыўных адходаў, выконваюцца даследаванні, неабходныя для яго збудавання, зроблены рэкамендацыі па стварэнні агульнай сістэмы абарончых бар’ераў сховішча радыёактыўных адходаў для забеспячэння іх бяспечнага захавання.

Са слоў міністэрства, узвядзенне дадзенага пункта дазволіць ізаляваць адходы АЭС і папярэдзіць іх магчымы негатыўны ўплыў на наваколле.

Аднак, як зазначыў «Радыё Рацыі» старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук:

«Тэхналогіі па перапрацоўцы радыёактыўных адходаў у свеце не існуе.

Сітуацыя з гэтым могільнікам прывядзе да таго, што Беларусь стане сметнікам для радыёактыўных адходаў. Бо калі ёсць атамная станцыя, то адходы павінны захоўвацца і перапрацоўвацца на тэрыторыі той краіны, дзе яны выпрацоўваюцца. Адпаведна, можна забыць пра развіццё курортнай зоны на Астравеччыне, пра развіццё аграрнай галіны, бо ніхто не захоча купляць прадукты харчавання адтуль».

Міністэрства энергетыкі паведамляе пра правядзенне аналіза варыянтаў абыходжання з высокаактыўнымі адходамі, якія будуць утварацца пасля перапрацоўкі ў Расіі адпрацаванага ядзернага паліва БелАЭС і прадстаўлены рэкамендацыі па заключнай стадыі паліўнага цыкла АЭС.

Нагадаем, што першапачаткова планавалася, што Расія будзе захоўваць у сябе радыёактыўныя адходы з Беларускай атамнай станцыі. Але быў прыняты закон, які забараняе захаванне небяспечных адходаў з АЭС на тэрыторыі суседняй краіны. Таму, патлумачыў Зміцер Кучук «Радыё Рацыі», цягам 10 год яны перапрацуюцца і пасля вярнуцца на тэрыторыю Беларусі і будуць захоўвацца тысячы гадоў, пакуль чалавецтва не прыдумае тэхналогію цалкам іх абясшкодзіць.

Дарэчы, праблема радыёактыўных адходаў стала адной з прычын для адмаўлення Швецыі ад атамных станцый.

«На сёння ва ўсім свеце не існуе гатовага плану па вырашэнні гэтай праблемы. Бадай што Фінляндыя і Швецыя найбольш прасунуліся і дасягнулі поспехаў па арганізацыі і забеспячэнні захавання адходаў з АЭС. Урад краіны даверыў аднаму з прадпрыемстваў, што займаецца гэтай дзейнасцю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, распрацаваць канчатковы варыянт захавання адходаў. Ідэя заключаецца ў тым, што ядзерныя рэшткі са станцый будуць закладвацца ў медныя капсулы, якія, у сваю чаргу, закопваюцца на глыбіні 500 метраў. Але існуе некалькі гіпатэтычных версій, і ніхто не ведае, як з часам гэта адаб'ецца на грунтовых водах, што будзе з капсуламі пры сур'ёзных кліматычных змяненнях і г.д.», - зазначыла Зялёнаму парталу Ліса Нодзін, член парламента ад партыі «Зялёныя» па энергетычных пытаннях.

Автор:
Фотограф:
regnum.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость