20.04.2016 / 20:04

Васіль Жынгель — адзін з тых, хто з першых дзён выбуху на Чарнобыльскай АЭС выконваў свой доўг. Служыў так, як мог і як быў абавязаны. Уражанні, якія атрымаў маладым хлопцам, з ім усё жыццё. Яго маналог — гісторыя без тэрміна даўнасці. Слухаеш Васіля, і не верыцца, што прайшло 30 гадоў. Здаецца, гэта было ўчора…

— Мая гісторыя пачалася з 27 красавіка 1986 года. На наступны дзень пасля выбуху. Я тады служыў ва ўнутраных войсках каля Львова, на захадзе Украіны, — узгадвае наш герой. — Раніцай пастроілі нас усіх на пляцы і далі каманду: «25 крокаў наперад афіцэрам і прапаршчыкам». Мы адразу зразумелі, што нешта здарылася, бо ніколі раней такога не чулі. Далей быў загад збірацца: поўнае абмундзіраванне, са зброі — штык-нож. Ніхто нічога не тлумачыў.

Негалосна хадзілі чуткі, што нешта выбухнула. Ужо вечарам таго ж дня мы былі ў Кіеве, затым накіраваліся на ўсход. Куды мы едзем, зразумелі ў дарозе. Быў у мяне маленькі радыёпрыёмнік, і на хвалі «Радыё Свабода» мы пачулі, што Швецыя зафіксавала радыяцыю. Што мы зразумелі? Амаль нічога… Ніхто тады не ведаў, што такое радыяцыя. Ды і маладыя мы былі…

Праз кожныя 20 кіламетраў спыняліся. Хімузвод з дазіметрамі правяраў узровень радыяцыі, а мы слухалі, ці запішчыць. Запішчала…

Нарэшце прывязлі нас на месца. Паставілі полк у палявых умовах у лесе. Не дзіва, бо  мясцовасць там лясістая ў асноўным, хоць і размяшчаліся мы недалёка ад вёсак. Жылі ў намётах. Усе памятаюць, які той май быў цёплы, а я памятаю, якія былі халодныя ночы. Адзінае, што ратавала, — вогнішчы. Толькі пазней мы даведаліся, што да тых вогнішчаў бліжэй чым на 10 метраў нельга было падыходзіць: вельмі высокі ўзровень радыяцыі ля іх.

Выдалі нам сродкі індывідуальнай аховы — рэспіратары і асабісты дазіметр. Павінны былі кожны дзень здымаць паказальнікі і запісваць. Тыдні два запісвалі, а пасля кінулі — усё роўна іх ніхто не глядзеў.

Наш полк пастаянна пераносілі з месца на месца вакол зоны. Рэактар блізка — у залежнасці ад ветру змяняўся радыяцыйны фон. Калі быў ўжо вельмі высокі ўзровень радыяцыі, здымаліся з месца і накіроўваліся ў новае. Так праз два-тры дні і перасяляліся.

Вельмі ўразіла колькасць ваенных і тэхнікі. Калоны хадзілі, як у вайну. І нават рэгуліроўшчык стаяў, рухам кіраваў. А людзі бягуць некуды. Паніка ва ўсіх, невядомасць. Толькі спыніцца машына — людзі падбягаюць. «Што рабіць? — пытаюцца. — Нам тут жыць ці ўцякаць?» А што мы ім можам адказаць? Самі нічога не ведаем… Дзівімся толькі, што ў мірны час такое адбываецца. Цяпер, як ваенныя фільмы гляджу, заўсёды гэтае відовішча ўспамінаю. У такіх абставінах стараліся маральна падтрымліваць. Ці бунту баяліся, ці панікі, але канцэрты і агітбрыгады нам давалі ледзь не кожны дзень, фільмы паказвалі, часцей за ўсё камедыі… Паміж сосенкамі прасціну белую нацягнуць і весяляць…

Васіль Жынгель
Васіль Жынгель

Задачай нашай было ахоўваць 30-кіламетровую зону. Кантралявалі пасты. У тыя дні ішло масавае адсяленне. Людзей вывозілі на аўтобусах. Мы павінны былі сачыць, каб ніхто не застаўся, не згубіўся, не вярнуўся, бо ўсяго хапала. Былі і тыя, хто хацеў сваё, нажытае вывезці, і тыя, хто на чужое пасквапіўся. Многа выпадкаў было. На машынах людзі вярталіся за сваім дабром, бо вывезлі іх адтуль з аднымі толькі дакументамі. Памятаю адзін выпадак. Перахапілі мы жыгулі, якія з Зоны ехалі: па перасечанай мясцовасці БТР дагоніць любую машыну… Кіроўцу затрымалі і сталі чакаць нарад міліцыі. Дачакаліся міліцыі, «хімікаў». Яны тую машыну праверылі, а ў ёй радыяцыйны фон перавышае норму ў сто разоў. Вось і думай пасля, каму тыя жыгулі патрэбныя.

Яшчэ памятаю, як паслалі неяк ў разведку двух хлопцаў. Яны павінны былі на БТР аб’ехаць Прыпяць: можа, дзе хто схаваўся ці выпадкова застаўся. Здарылася патрэба выглянуць з машыны. Люк адкрылі на некалькі хвілін. А па прыездзе іх праверылі дазіметрам і адразу ізалявалі ад нас. Больш мы іх не бачылі…

Хапіла нам усім той радыяцыі... Пачалі заўважаць, што на расчосках застаюцца валасы. Многія пагаліліся. Я — не. Гэта справа ўжо перад дзембелем была. Не хацелася дамоў лысым вяртацца. Нам на змену полк з Данецка прыехаў, дык салдаты ўжо адразу ўсе паголеныя былі.

А мясцовыя людзі там добрыя. Ездзілі мы з хлопцам ў вёску за дошкамі, каб сталы рабіць. Набегла бабак, пачалі нас цягнуць ў розныя бакі — кожная да сябе. Усе накарміць хочуць. Шкада ім нас. Яны нас шкадуюць, а мы — іх.

Добрыя людзі там, да беларусаў вельмі падобныя… У Заходняй Украіне не такія ўжо…

Дзіўная была тая вясна… Лес нічым не пах… Звычайна ў лесе дыхаецца лёгка, ад хвоі аж галава кружыцца, а той вясной — не. Прырода там прыгожая: жывёл столькі, птушак, чарапах процьма, але паху нічога не мела. Можа, таму, што суш стаяла страшэнная. Пыл вельмі даймаў. З ім змагаліся: палівалі ў вёсках і гарадах дарогі палівачнымі машынамі, каб хоць трохі асадзіць. Цэлы месяц мы адбылі, а дождж так і не пайшоў.

Прыязджаў да нас намеснік міністра ўнутраных войскаў СССР. Узнагароды, грошы абяцаў за нашу работу. Маральны дух, напэўна, падымаў, бо больш мы нічога не ўбачылі.

Вярнуліся ў вайсковую частку праз месяц — 27 мая. А 31 мая я звольніўся. Даў мне маёр санчасткі спраўку, што знаходзіўся ў зоне радыяактыўнага абпраменьвання і маю патрэбу ў тым, каб па месцы жыхарства прайсці медыцынскі агляд. Прыехаў я дамоў, схадзіў у паліклініку, кроў здаў — і на тым мой медыцынскі агляд скончыўся. Акрамя той спраўкі ў мяне нічога і не было, што падцвердзіла б удзел у ліквідацыі наступстваў выбуху. Ільгот тады ніякіх не было. Калі пазней з’явіліся такія-сякія паслабленні для ліквідатараў, хацеў я даказаць свой удзел. Але пасля развалу Савецкага Саюза знайсці канцы было не так проста. Мясцовы ваенкамат мне нічым не дапамог. Выпадковы чалавек параіў звярнуцца ў Віцебскі ваенкамат, адкуль прызываўся. Там і атрымаў пасведчанне, а пазней — медаль ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адбылося гэта толькі ў 2004 годзе.

Так што ільготамі я не карыстаўся. Ды і не гэта галоўнае. Ажаніўся. Хапіла здароўя нажыць двух сыноў. За гэта ўдзячны лёсу. Цяпер усё часцей здароўе падводзіць. Думаецца, а можа, гэта рэха той радыяцыі? Але хварэць няма калі. Вясна ідзе.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ликвидация последствий аварии на ЧАЭС: государственные приоритеты сегодня

Трансформация памяти: во что превратился Чернобыль для беларусов?

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость