20.07.2018 / 09:07

Вакол двара па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава жарсці крыху пацішылі, перайшоўшы ў статус вывучэння дакументацыі і перапісак з дзярорганамі пасля абмеркавання ПДП квартала. Аднак літаральна напярэдадні абмеркавання на Сурганава ўзнікла яшчэ адна гарачая кропка.

Уздоўж вуліцы Сурганава, на бок Палаца воднага спорта і Інстытуту праблем інфарматыкі НАН Беларусі, 9 ліпеня пачалі высякаць дрэвы і бурыць катлаваны. Як удалося высвятліць мясцовым жыхарам, што на час прыпынілі работы паблізу дому на праспекце Незалежнасці, 72а, на гэтым месцы праводзяць новую каналізацыю для Палаца воднага спорта пад Еўрапейскія гульні 2019 года.

"На самым пачатку бурыць пачалі непасрэдна пад бярозай, — распавядае мясцовы жыхар Дзмітрый, паказваючы на дрэва, пад якім засталася пясочная пляма ад бура. — Па праекце пад знос ідуць і елкі, які растуць за ёй. А дрэвы гэтыя прыгожыя, мала дзе сустракаў іх у Мінску".

Фотаздымак прадастаўлены мясцовымі жыхарамі
Фотаздымак прадастаўлены мясцовымі жыхарамі

Разумеючы, што рабочыя не могуць вырашаць пытанні захавання дрэваў, Дзмітрый пачаў звяртацца ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мінгарвыканкам. На яго запыт на месца правядзення работ выехаў спецыяліст, які падцвердзіў, што сапраўды па ўсіх дакументах дрэвы падпадаюць пад выдаленне.

Фотаздымак прадастаўлены мясцовымі жыхарамі
Фотаздымак прадастаўлены мясцовымі жыхарамі

Згодна з пунктам 11 Палажэння аб парадку вызначэння ўмоваў правядзення кампенсацыйных пасадак альбо ажыццяўлення кампенсацыйных выплатаў кошту выдаляемых, перасаджваемых аб'ектаў расліннага свету колькасць кампенсацыйных пасадак змяншаецца ўдвая ў выпадках:

выдалення аб'ектаў расліннага свету, што растуць на ўчастку падземных інжэнерных камунікацый, — пры наяўнасці заключэння арганізацыі-ўласніка інжэнерных камунікацый пра неабходнасць правядзення работ з указаннем іх віда і колькасці (плошчы) выдаляемых аб'ектаў расліннага света, што растуць на падземных інжэнерных камунікацыях, на якіх плануюцца работы, з прыкладаннем схемаў участкаў падземных інжэнерных камунікацый.

"Першапачаткова ў іх быў катлаван 6х3, да ўсяго яшчэ трэба адступіць ад існуючага вадаправоду. У любым выпадку нейкае з дрэваў патрапляла пад выдаленне і рабочым усё роўна, якое з іх.

Мы пачалі размаўляць, прыехаў хтосьці з начальства, Мінпрыроды падключылася… І сёння бачна, што катлаван відавочна зменшаны. Рабочыя ўпэўніваюць, што ні бярозу, ні елку ўжо кранаць не будуць", — дзеліцца Дзмітрый.

Усяго па плане пры правядзенні работ гэта зялёная зона мусіць згубіць 23 насаджэнні. Чаму дзеля каналізацыі горад пагадзіўся знішчыць дарослыя і магутныя дрэвы, а не прабурыць яе пад пешаходнай сцежкай ці дарогай, ці насупрацьлеглым баку Сурганава, дзе абапал праезднай часткі стаіць шэраг сухіх каштанаў, мясцовы жыхар тлумачыць не бярэцца. Магчыма, такое рашэнне падалося найпрасцейшым з улікам пераносу чырвонай лініі — перспектыўнай зоны пашырэння дарогі, — аж да сцежкі ўздоўж Інстытута праблем інфарматыкі, пра што ўдалося даведацца ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму.

Пажоўклыя каштаны па абодва бакі вуліцы Сурганава
Пажоўклыя каштаны па абодва бакі вуліцы Сурганава

"З гэтай нагоды я напісаў ужо тры звароты. Акрамя ўсяго зрабіў прапанову: надаць тэрыторыі статус бульвара і ўнесці ў «Схему азеленных тэрыторый», што якраз абмяркоўваюцца зараз", — кажа Дзмітрый.

Праўда, са слоў маладога чалавека, зберагчы ўсе дрэвы не атрымалася, на самым пачатку ўжо "палягло" насаджэнняў пяць "у глыбіні" вуліцы Сурганава. Але тое, што рабочыя пайшлі насустрач, знайшлі рашэнне і намагаюцца захаваць бярозу і елкі, за якія ўступіліся мясцовыя, хаця маглі прытрымлівацца планаў — трэба казаць, лічыць Дзмітрый. Ды й пра тэхналогію замоўчваць не варта. Пры правядзенні падобных работ больш звыкла назіраць адкрытыя катлаваны, пасля якіх застаюцца пясочныя пусткі. Тут жа выбралі "капаць" праколам, што з большага дазваляе не відазмяняць наваколле. І рабочыя казалі пра існаванне яшчэ больш ашчаднай для асяроддзя тэхналогіі, але яна патрабуе навейшай тэхнікі, зазначае Дзмітрый.

У перспектыве мясцовым хацелася б захаваць яшчэ адно дрэва — разгалісты клён, што расце пры ўездзе на рагу дома па праспекце Незалежнасці, 72а. Ля яго таксама павінны з'явіцца катлаван, бо якраз у гэтым месца праходзіць старая траса каналізацыі, да якой неабходна падключыць новую.

"Рабочыя сцвярджаюць, што, згодна планам, клён дакладна давядзецца высекчы. Ды й работы ўжо будзе праводзіць іншая арганізацыя, што можа быць не такой згаворлівай. Нам бы хацелася звярнуць увагу на гэта дрэва! Нягледзячы на тое, што з боку намесніцы старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Вольгі Верамей паразумення мы не знайшлі. Магчыма, нас пачуюць у адміністрацыі раёна ці арганізацыя-выканаўца", — спадзяецца Дзмітрый.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость