Госці "Кухні 12 малпаў" друкарскі кааператыў "Лістоўка": "Нашыя каштоўнасці — гарызантальнасць і спроба экалагізаваць вядзення справаў"

Ці магчыма ўявіць сабе працу, дзе ты сам сабе начальнік і падначалены? Дзе калегі і каляжанкі знаходзяцца з табой на адной гарызанталі і вы маеце аднолькавыя абавязкі, нясеце цалкам раўназначную адказнасць?

20.08.2018 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Аляксандр Лібертад. Відэа: Аляксандр Лібертад

Друкарскі кааператыў "Лістоўка" ўзяў за аснову менавіта такі фармат вядзення справаў. Да ўсяго, важную ролю ў сваёй працы яны адводзяць экалагічнасці працэсаў і прадукцыі.

У праекце кафэ Monkey Food "Кухня 12 малпаў" можна пазнаёміцца з рознымі ініцыятывамі, што прасоўваюць ідэі ўзаемадзеяння, роўнасці, экалагічнасці ці веганства. На гэты раз госцям стаў друкарскі кааператыў "Лістоўка" — маладая і паспяховая ініцыятыва.

"Мы выбралі форму кааперацыі, бо яна найбольш блізкая нам па духу. Прынцып, якім мы кіруемся — гарызантальнасць, што значыць у нас няма іерархіі, няма начальнікаў і падначаленых. Кожны з нас можа брацца за любую задачу, асвойваць навыкі і рэалізоўваць іх, прасіць дапамогі і атрымоўваць яе", — тлумачыць Марына, адна з удзельніц кааператыва.

Для беларускіх рэалій такога кшталту фармат супрацы — новы і нязвыклы. Самі ж стваральнікі “Лістоўкі” выношвалі ідэю стварэння кааператыву напрацягу двух год. І нават сёння адгукаюцца пра яго, як пра эксперымент, які стаў важным жыццёвым этапам.

"У сучаснасці праца іграе вялікую ролю, хаця б таму, што чалавек прысвячае ёй шмат часу штодня. Мы ж вырашылі гэту частку арганізаваць для сябе самастойна. Вядома давялося прыкласці нямала сіл і намаганняў, нейкіх дзеянняў, каб усё атрымалася", — распавядае Яўген, адзін з удзельнікаў Літоўкі.

Вядома, што ў арганізацыі справы ўдзельнікам давядося сутыкнуцца са складанасцямі. На самым першапачатковым этапе стаў відавочным недахоп досведу стварэння прататыпу бізнаса, які б грунтаваўся на кааперацыі.

Удзельнікі ў літаральным сэнсе вывучалі гэты працэс з самых яго асноў: ад бюракратычных момантаў да выбудоўвання стасункаў паміж сабой. Да ўсяго, давядося павучыцца і друкарскай справе, бо да гэтага самага моманту, ніхто з удзельнікаў кааператыву нічога падобнага не рабіў, бадай што, дыплом дома раздрукоўваў, падкрэслівае Марына. У паспяховым асваенні новых навыкаў вялікую ролю адыграла ўзаемападтрымка і агульны інтарэс да справы.

Яшчэ адна асаблівасць “Лістоўкі” — адказнае і беражлівае стаўленне да наваколля. Акрамя таго, што ў сваёй працы кааператыў намагаецца максімальна выкарыстоўваць перапрацаваную паперу ці паперу, абазначаную FSC-сертыфікатам, яны асэнсоўваюць што, як і ў якой колькасці трэба зрабіць.

FSC — Forest Stewardship Council (Лясны апякунскі савет) — міжнародная некамерцыйная арганізацыя, асноўная мэта якой судзейнічаць экалагічна адказнаму, сацыяльна арыентаванаму і эканамічна ўстойліваму лесакарыстанню і кіраванню сусветнымі ляснымі рэсурсамі.
 Сертыфікацыя FSC — гэта глабальная сістэма, што прадугледжвае ацэнку лесагаспадарчых мерапрыемстваў. А таксама сертыфікаваная драўніна адсочваецца ад месца высечкі да выбворчасці і спажыўца. Такім чынам маркіраваная прадукцыя FSC гарантуе спажыўцам легальнае паходжанне рэсурсаў, з якіх зроблена прадукцыя і адказнае лесакарыстанне.

У Беларусі на момант студзеня 2017 года сертыфікацыю прайшло 90 лясгасаў і 7,7 мільёнаў гектараў ляснога фонду.

"Мы прымаем удзел у мерапрыемствах, на якіх праводзім майстар-класы па стварэнні экалагічных паштовак ці блакнотаў з другасных матэрыялаў і рэшткаў вытворчасці. Прапануем сваім кліентам, а таксама вырабляем для сябе, візітоўкі на чарнавой паперы, што і выглядае незвычайна, і дазваляе зберагаць рэсурсы", — апісвае Марына.
Імкнуцца ў кааператыве прапрацаваць і сам працэс вытворчасці, зрабіць яго больш экапрыязным.

За дапамогай у такім пачынанні ўдзельнікі "Лістоўкі" звярнуліся да спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. Вядома гэта не імгненнае пераўтварэнне, але ўдзельнікі кааператыву спадзяюцца атрымаць парады, што дазволяць зменшыць экалагічны след друкарскай справы.

 

Меню ад Лістоўкі

Фаршараваныя перцы (на порцыю ў 8 шт.)

  • 250 грамаў рыса;
  • 3-5 невялікія цыбуліны;
  • 3-5 сярэднія морквіны;
  • 8 зубчыкаў часнаку;
  • прыправы: цім'ян молаты, лаўровы ліст, кары, кумін, соль.

Памыць перцы і ачысціць ад унутранасцяў. Адварыць рыс да рассыпчатага стану. У разагрэты алей дадаць прыправы па палове чайнай лыжкі і крыху іх падсмажыць. Моркву і цыбулю пачысціць і нарэзаць дробнымі кубікамі, закінуць на патэльню  да прыпраў.

Затым змяшаць смажанку разам з рысам і добра перамяшаць. Асобна падсмажыць зубчыкі часныку. Начыніць перцы, уклаўшы ў сярэдзіну кожнага па зубчыку часныку.

Паставіць перцы ў разагрэтую духоўку на 15-20 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.

 

Шуба

  • 3-5 бульбін;
  • 3 сярэдніх бурачкі;
  • 5 морквін;
  • 500 грамаў марской капусты;
  • 250 грамаў поснага маянэза.

Памытую гародніну адварыць. Пачысціць і паасобку нацерці на буйную тарку. Салату неабходна выкладаць слаямі: марская капуста, бульба, маянэз, морква, бурак, маянэз. Соль дадаецца па смаку. Салату можна ўпрыгожыць зелянінай.

 

Crazy cake

  • 3 шклянкі мукі;
  • 2 шклянкі цукру;
  • 1 чайная лыжка солі (можна не дадаваць);
  • 2 чайныя лыжкі соды;
  • 2 сталовыя лыжкі воцату;
  • паўсклянкі какао-парашку;
  • 1 шклянка алею;
  • пакецік ваніліна (можна не дадаваць);
  • 1,5 шклянкі халоднай вады.

У адну глыбокую пасудзіну высыпаць усе сыпучыя інгрыдыенты. Дадаць воцат, ваду і алей. Змяшаць да аднароднай масы і выкласці ў змазаную алеям форму. Затым цеста паставіць у разагрэтую да 180 градусаў духоўку прыблізна па 30 хвілін. Гаторы пірог астуджаем.

Увага: замест соды і воцату можна ўзяць разрыхліцель.

 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 20.08.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.