24.06.2016 / 20:06

Усё часцей можна пачуць прымаўку: «Не было зімы — не будзе і лета». Беларусаў здзіўляюць і палохаюць анамальна цёплыя зімы і непрадказальны вяснова-летні перыяд. Ужо не сакрэт, што нязвыклыя, некамфортныя ўмовы надвор’я — гэта вынік глабальнага змянення клімату.

Згодна з кліматычнымі даследаваннямі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, сучаснае пацяпленне найбольш істотна праяўляецца ў халодны перыяд года. За мінулыя 20 гадоў толькі адна зіма — у 1996 годзе — была сапраўды халоднай. Апошнія станоўчыя ваганні тэмпературы былі самымі магутнымі за больш чым 300-гадовую гісторыю інструментальных назіранняў. Верагоднасць выпадковасці такіх працяглых станоўчых анамалій тэмпературы менш 5%.

Віцебшчына — самы паўночны рэгіён Беларусі. Існуе меркаванне, што глабальнае пацяпленне пакуль неістотна паўплывала на дзікую прыроду Беларускага Пааазер’я і амаль не закранула сельскую і лясную гаспадарку. Паспрабуем разабрацца, як жа насамрэч складаецца сітуацыя ў Віцебскім рэгіёне ў сувязі з глабальным змяненнем клімату.

Тое, што яно закранула Віцебшчыну, — факт не толькі для метэаролагаў, якія фіксуюць анамальна цёплыя зімы, кароткую вясну і сухое лета, але і для простых дзяцей, якія знайшлі на школьным агародзе сухапутнаю сярэднеазіяцкую стэпавую чарапаху. З’явілася яна там, канешне, не выпадкова. Супрацоўніца Лужкаўскай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна, якая даглядае за жывёламі жывога кутка, памылкова палічыла яе загінуўшай і закапала ля школьнага агарода ў снежні 2014 года. Знайшлі школьнікі чарапаху ў маі 2016 года. Госці з сярэдняй Азіі пашчасціла перазімаваць дзве беларускія зімы і застацца пры гэтым здаровай і актыўнай.

Сярэднеазіяцкая чарапаха
Сярэднеазіяцкая чарапаха

Зразумела, што гэты выпадак — выключэнне з правіл, але сапраўдным правілам сталі рэгулярныя паведамленні аб знаходках на Віцебшчыне балотных чарапах, якія лічыліся жыхарамі паўднёвых рэгіёнаў Беларусі.

Неаднаразовы пераможца рэспубліканскага чэмпіянату па бёрдвотчынгу, арнітолаг-аматар Валерый Кавалёнак адзначае, што ўсё часцей сталі сустракацца ў паўночным краі і крылатыя паўднёвыя госці, такія як белая чапля, сірыйскі дзяцел, баклан і іншыя. А вось белая курапатка, якая была звычайным відам гідралагічнага заказніка «Ельня», па словах  начальніка Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Івана Міхалёнка, сустракаецца цяпер вельмі рэдка. Хутчэй за ўсё арэал яе распаўсюджання змяшчаецца на поўнач за межы Беларусі.

Белая курапатка
Белая курапатка

Дарэчы, цёплая зіма і незвычайна ранняя вясна ў краіне паўплывалі і на тое , што істотна ўзрасла колькасць майскіх хрушчоў і іксодавых кляшчоў, якія літаральна атакавалі лесапаркавыя зоны Беларусі. І калі ў мінулыя гады ад кляшчоў пакутвалі ў асноўным Гродненская і Гомельская вобласці, то сёлета няпрошаныя госці актыўна ўзяліся і за Віцебшчыну.

Майскі хрушч
Майскі хрушч

Нагадаем, што лічынкі майскага хрушча жывуць у глебе і з’яўляюцца актыўнымі шкоднікамі сельскагаспадарчых культур, а іксодавы клешч — пераносчык энцэфаліта і барэліёза. Энтамолагі не выключаюць, што прычынай такой высокай колькасці паразітаў з’яўляецца камфортны тэмпературны рэжым, які ўсталяваўся ў выніку глабальнага пацяпленя. 

Не радуе змяненне клімату і супрацоўнікаў лясной гаспадаркі. Ляснічы Лужкаўскага лясніцтва Дзісненскага лясгаса Іван Андзілеўка растлумачыў, што ў выніку цёплых маласнежных зім і сухога лета паніжаецца ўзровень грунтовых вод і ўзнікае недахоп вільгаці для елкі, якая з’яўляецца найбольш шматлікай дрэвавай культурай на Віцебшчыне. Гэта ўплывае на актыўнасць вегететыўнага перыяду. Як вынік — аслабленне дрэва і засяленне яго тыповым шкоднікам караедам-тапографам. Гэта і з’яўляецца прычынай шматлікіх фактаў высыхання елкі. Паражаецца звычайна дрэва ва ўзросце прыкладна 60 гадоў. Нагадаем, што спелай лічыццца драўніна ва ўзросце 80 гадоў.

Ельнік
Ельнік

Асабліва вялікіх памераў дасягнула высыханне ельнікаў у Аршанскім, Талочынскім, Багушэўскім лясгасах Віцебскай вобласці. Шыракалістыя пароды адчуваюць сябе ў паўночным рэгіёне краіны дастаткова камфортна. Планава павялічваецца колькасць бярозавых насаджэнняў. Але працэс росту драўніны доўгатэрміновы, таму хуткі эканамічны эфект ад замены хвойных парод на шыракалістыя немагчымы, ды і складана замяніць драўніну елкі, якая шырока выкарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял і сыравіна для лесахімічнай прамысловасці, дадае Іван Уладзіміравіч.

·         ТОП-7 привычек беларусов, которые меняются из-за климата

Нічога добрага ад змянення клімату не прыходіцца чакаць і вяскоўцам Віцебшчыны, якія працуюць на зямлі. Жыхары паўночнага рэгіёна краіны ніколі не маглі пахваліцца высокім банітэтам глебаў. На працягу дзесяцігоддзяў прымяняліся розныя міліяратыўныя мерапрыемствы па паляпшэнню ўрадлівасці. Цяпер змагацца за гэта прыходзіцца яшчэ актыўней. Невысокай колькасць ападкаў зімой і нізкае снегавое покрыва вядзе за сабой не адну бяду. Вынікам з’яўляецца і вымярзанне азімых пасеваў, і недахоп вільгаці на палетках, які вядзе да нізкай вегетатыўнай актыўнасці сельскагаспадарчых культур летам і адпаведнай ураджайнасці. Не абыходзіцца тут без матэрыяльных выдаткаў на перасеў і дадатковую мінеральную падкормку зерневых. Таму, абапіраючыся на ўласны жыццёвы вопыт, вяскоўцы з горыччу сцявярджюць: «Не было зімы — не будзе і лета». А значыць, зноў наперадзе бітва за ўраджай.

Нагадваем, што Таварыства «Зялёная сетка» аб'яўляе конкурс на правядзенне акцыі «Клімат, застанься!» у гарадах Беларусі. Калі вы хочаце арганізаваць у сваім населеным пункце цікавую імпрэзу і асвятліць важную экалагічную тэму,што хвалюе ўвесь свет, то гэты конкурс для вас! Спяшаецеся падаць заявы — дэдлайн 25 чэрвеня!

Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнет-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость