Не толькі веласіпедзікі і кубачкі: як прыцягнуць людзей да сур’ёзнай экалагічнай дзейнасці?

Праблема спажывецкага стаўлення да грамадскіх арганізацый відавочная. Аднак самі  экалагічныя актывісты не лічаць сябе «пажарнымі» камандамі і жадаюць бачыць больш уключанасці грамадзян у працэсы праняцця рашэнняў. На V Форуме экаНДА ўзяліся разабрацца, чаму грамадскія экалагічныя арганізацыі Беларусі застаюцца сёння без актыўнай падтрымкі людзей.

25.07.2017 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Вялікая панэльная дыскусія, прысвечаная галоўнай тэме Форума экаНДА па прыцягненні людзей, сабрала прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і медыйнай сферы.

На самым пачатку Ірына Сухій, член савета грамадскага аб'яднання «Экадом», шчыра зазначыла, што ўжо стамілася «ўгаворваць» грамадства ўключацца ў важныя экалагічныя пытанні, самастойна брацца за абарону сваіх правоў.

Ірына Сухій

Маючы 20-гадовы вопыт грамадскай дзейнасці, а таксама несуцяшальную статыстыку даследавання, калі 70% грамадзян нічога не ведаюць і жадаюць толькі праводзіць час з сям'ёй, яна бычыць адно выйсце:

«Найлепшай стратэгіяй будзе ўзмацняць працу з невялікім працэнтам актыўнага насельніцтва. Магчыма, калі такая схема запрацуе, то атрымаецца пасунуць і масы», — працягвае яна.

Аляксандр Каралевіч

Падтрымаць яе бярэцца Аляксандр Каралевіч з 34 mag.net, кажучы пра тое, што патрабаваць чагосьці ад «зялёных» НДА бяспраўна.

«Я разумею, калі людзі патрабуюць ад ЖЭСаў, бо плацяць падаткі. А да грамадскіх экалагічных арганізацый можна звярнуцца, папрасіць, заклікаць, але не патрабаваць», — не стрымліваецца ён.

Магчыма, праблема сапраўды ў тым, што НДА не маюць адчувальнай падтрымкі ад насельніцтва, як таго хацелася б. На думку Яўгена Лабанава з Цэнтра экалагічных рашэнняў, гэта не толькі гарантавала б большую незалежнасць ад еўрапейскіх крыніц фінансавання, але паўплывала б на людзей больш уключацца ў дзейнасць арганізацыі.

Яўген Лабанаў

Найбуйнейшая арганізацыя Вялікабрытаніі «Каралеўскае таварыства абароны птушак» мае 1,25 млн чальцоў і, адпаведна, 20 млн фунтаў стэрлінгаў у год складкоў. Вядома, што яна моцна ўплывае на вырашэнне экалагічных пытанняў у краіне, заўважае Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

І датычылася б гэта не толькі грамадскага незадавальнення зносамі ці высечкамі дрэваў, а праблемамі ў маштабах краіны.

Аляксандр Вінчэўскі

Пры ўсім НДА варта змірыцца, што ім даводзіцца «граць» на спажывецкім полі па правілах бізнэсу. Таму, як лічыць Іван Шчадранок з фонда «Інтэракцыя», варта больш актыўна карыстацца ўсялякімі інструментамі, каб прыцягнуць людзей: праца з лідэрамі меркавання, актыўнасць у сацыяльных сетках, правядзенне нефармальных сустрэч, фестываляў, мерапрыемстваў. А таксама добра вывучыць сваю мэтавую аўдыторыю і прапаноўваць прадукт, які прыйдзецца ім да спадобы.

Іван Шчадранок

І, як правільна зазначыла Анастасія Дарафеева, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя», нельга зацыклівацца выключна на фінансавым унёску людзей, варта шукаць паплечнікаў, якія падзяляюць з арганізацыямі каштоўнасныя рамкі.

«А якім чынам яны ўключацца ў дзейнасць: фінансава ці фізічна, ужо будзе пытаннем іншым», — сцвярджае яна.

 

Як за модай на экалагічнасць не прафукаць будаўніцтва АЭС

«Праблем НДА, калі глядзець з боку простых людзей, — не бачна вашых гісторый поспеху. А пра паразы і няўдачы чуць не хочацца», — зазначыў блогер Антон Матолька.

Таму ў спробе прыцягнуць людскую ўвагу варта акцэнтавацца на пазітыўных момантах, дасягненнях каманды, на гісторыях, якія могуць мець працяг, лічыць ён.

Антон Матолька

У якасці прыкладу ён прыводзіць нядаўна запушчаную сумесную кампанію Цэнтра экалагічных рашэнняў і Зялёнай сеткі па выкарыстанні сваіх тэрмакубкаў у кафэ як альтэрнатыву папяровым шкляначкам.

«Я веру, што гэта кампанія выстраліць. І праз 5-10 год людзі прывыкнуць адмаўляцца ад аднаразовага. Проста пакуль не ўсе маюць тэрмакубкі, і няма звычкі браць іх з сабой», — мяркуе Антон.

І вось тут здараецца непаразумелае: з аднаго боку, лайтовыя і простыя тэмы сапраўды могуць быць добрай кропкай уваходу людзей у больш сур'ёзную дзейнасць. Але пакуль НДА  будуць займацца «кубачкамі» і «веласіпедзікамі», хто будзе змагацца з больш сур'ёзнымі праблемамі?

«Мімішныя тэмы — гэта выдатна, але ў нас будуецца АЭС. Пакуль гэтай праблемай займаецца адзін “Экадом”, Беларуская партыя “Зялёныя” і парачка “адмарожаных” вучоных-пенсіянераў. Пры гэтым мы пастаянна заклікаем да грамадскай супольнасці, але яна на веласіпедзіках з кубачкамі», — зазначае Ірына Сухій.

Яна хацела б, каб такія цудоўныя метады прыцягнення ўвагі, як «кубачкі» і «веласіпедзікі», прыводзілі да таго, што людзі пачыналі браць адказнасць за сваю краіну. Якраз гэтага не хапае ў сектары НДА.

«Тут варта, каб актывісты размаўлялі з людзьмі на адной мове і пачалі падтрымліваць адзін аднаго ў сваёй жа сферы. Няхай вы займаецеся рознымі накірункамі, але ідзяце да агульнай мэты. І не імкніцеся прыцягнуць людзей у арганізацыі і партыі, калі яны гэтага не хочуць! Няхай у грамадскасці будзе вотум даверу да аднаго “вашага” чалавека, а людзі будуць ведаць, да каго звярнуцца», — рэзюмаваў Антон Матолька.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.07.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.