Андрэй Каўхута: «Забруджваючы сёння ваду і глебу, мы заўтра створым сур’ёзныя праблемы для сябе і нашчадкаў»

Як хутка ў Беларусі з’явіцца завод па перапрацоўцы батарэек? Ці плануецца павялічыць памер штрафаў за прычыненне шкоды наваколлю? Як паўплывалі пажары ў чарнобыльскай зоне на радыяцыйнае становішча ў краіне? Наколькі Беларусь здольная забяспечыць сябе энергетычнымі рэсурсамі? На гэтыя і іншыя пытанні чытачоў «Звязды» адказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута падчас «прамой лініі» ў рэдакцыі газеты.

26.08.2015 Эксперт Аўтар: Кацярына Радзюк Крыніца: «Звязда»

Планы для адходаў

— Нядаўна даведалася, што ўпакоўкі Tetra Pack нельга выкідаць у кантэйнеры з макулатурай. Ці з’явяцца для іх спецыяльныя кантэйнеры? Магчыма, у Беларусі існуюць тэхналогіі для перапрацоўкі такой упакоўкі? Таксама мяне цікавіць, ці плануеце ўстанавіць кантэйнеры для харчовых адходаў.

— У Беларусі пакуль не існуе тэхналогіі па перапрацоўцы тэтрапакаў. Я лічу, што ўсе другасныя адходы павінны перапрацоўвацца, на палігоны мусяць трапляць толькі тыя рэчывы, якія не паддаюцца гэтай працэдуры. Дарэчы, Мінпрыроды нясе адказнасць за тое, каб палігоны не забіваліся смеццем, якому можна даць другое жыццё.

Трэба адзначыць, што зараз мы працуем над пытаннем перапрацоўкі ўсіх відаў адходаў. Калі ў вас няма кантэйнераў для збору другаснай сыравіны, калі ласка, звяртайцеся да мясцовых жыллёва-камунальных гаспадарак і вырашайце з імі гэтае пытанне.

Што датычыцца кантэйнераў для харчовых адходаў, то пакуль іх ставіць не плануем. На абмеркаванне з Мінархітэктуры вынесена прапанова мантажу прылад па здрабненні харчовых адходаў у кухонных сістэмах каналізацыі. Падобная мадэрнізацыя дазволіць скараціць паступленне харчовых адходаў сумесна з іншымі.

— Дзе захоўваюцца сабраныя батарэйкі? Куды яны накіроўваюцца, і як хутка ў Беларусі з’явіцца завод па іх перапрацоўцы?

— На жаль, сёння батарэйкі ў нашай краіне таксама не перапрацоўваюцца. З гэтай мэтай яны ў нас збіраюцца і вывозяцца за мяжу. Існуе сістэма збору і ўтылізацыі элементаў сілкавання, якая дзейнічае на многіх прадпрыемствах і кантралюецца камунальнымі службамі ды Мінпрыроды. На сумеснай калегіі з Мінжылкамгасам мы разглядалі пытанне пра тое, каб асвоіць тэхналогію перапрацоўкі батарэек непасрэдна на прадпрыемствах. Мяркуем, што ў найбліжэйшы час гэта пачне здзяйсняцца. Магчыма, вы заўважалі, што ў супермаркетах з’явіліся кантэйнеры для збору батарэек — гэта сведчыць пра тое, што сістэма збору паступова наладжваецца. Таксама міністэрствам разглядаюцца пытанні аб стварэнні прадпрыемстваў па комплекснай перапрацоўцы адходаў.

— Тэлефаную з Салігорска. Пасля здабычы калійных угнаенняў тут утварыліся вялікія горы адходаў. Скажыце, ці плануецца з імі нешта рабіць?

— Сапраўды, праблема абыходжання з буйнатанажнымі адходамі вытворчасці, у тым ліку галітавымі адходамі, у нас існуе, бо такога «смецця» збіраецца вельмі шмат. Адходы, якія назапашваюцца ў выніку дзейнасці адкрытага акцыянернага таварыства «Беларуськалій», займаюць вялікую тэрыторыю. Акрамя таго, рыхтуюцца іншыя пляцоўкі для іх размяшчэння. Аднак спецыялісты імкнуцца мінімізаваць негатыўныя наступствы, якія з’яўляюцца з-за такога «смецця», напрыклад, засаленне тэрыторыі. Для вырашэння праблемы распрацоўваюцца планы па ўтылізацыі адходаў. Апошнія часткова выкарыстоўваюцца для стварэння фрыкцыйных супрацьгалалёдных сумесяў, якімі зімой пасыпаюць дарогі. Часткова адходы перапрацоўваюцца. Навукоўцы працуюць над прапановамі — якія тэхналогіі дапамогуць перапрацаваць гэта «смецце». Існуе сістэма загрузкі такіх адходаў у шахты, але гэта вельмі дарагое мерапрыемства.

— Больш за дваццаць гадоў займаюся перапрацоўкай адходаў. Хачу задаць пытанне: раней у рэспубліцы дзяржаўным аб’яднаннем «Белрэсурсы» праводзілася выстава, прысвечаная перапрацоўцы адходаў. На кожны з відаў было прадстаўлена па некалькі патэнтаў. Раней тыя ж батарэйкі як матэрыялы, узбагачаныя рудой, здавалі на металургічныя заводы і г.д. Як іх цяпер выкарыстоўваць? Ці ёсць магчымасць аднавіць выстаўку?

— Праблема абыходжання з адходамі — шматпланавая і міжведамасная, датычыцца не толькі Мінпрыроды, але і міністэрстваў гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловасці, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання. Ваша прапанова вельмі добрая. Мяркую, што мы ўзгаднім гэтае пытанне з іншымі ведамствамі. Дарэчы, на сёлетнім экалагічным форуме мы прадстаўлялі інфармацыю пра перапрацоўку адходаў. Усе ахвотныя маглі прыняць у ім удзел.

— Падкажыце, куды ў Мінску я магу здаць адпрацаваныя энергазберагальныя лямпачкі? Раней прымалі пажарныя часці, цяпер адмаўляюцца. Што рабіць?

— Цяпер ёсць прыёмныя пункты ў буйных гандлёвых сетках, напрыклад, кампанія «ОМА», гіпермаркет «Прастор». Азнаёміцца з пунктамі збору адпрацаваных лямпачак можна на сайце «Зялёная карта».

Чысціня павінна быць усюды: і ў паветры, і пад зямлёй

— Якім чынам пажары ў Чарнобыльскай зоне паўплывалі на радыяцыйнае становішча ў краіне?

Сітуацыя кантралюецца спецыялістамі гідраметэаралагічнай службы. Пакуль перавышэнняў за межамі зоны не выяўлена. Аднак у краіне адзначаны перавышэнні па цвёрдых часцінках у паветры. Сітуацыя зразумелая: ветры, спёка, адсутнасць ападкаў. Небяспекі для здароўя няма. Палепшыць становішча можна наступным чынам: рабіць паветра больш вільготным пры дапамозе палівальных машын, што дапамае знізіць канцэнтрацыю пылу. Распрацоўваюцца рэкамендацыі, каб мясцовыя камунальныя службы прымалі захады дзеля прывядзення паказчыкаў у норму. Нашы спецыялісты ў сваю чаргу адсочваюць, каб яны выконваліся. Вы ведаеце, што зараз устаноўлены забароны на наведванне лясоў — гэта робіцца для таго, каб выключыць магчымасць узнікнення пажару. У большасці выпадкаў бедства здараецца з прычыны неасцярожнага стаўлення чалавека да наваколля.

— Мяне вельмі ўразілі нядаўнія рэпартажы ў «Звяздзе» пра тое, што ў нас закопваюць старыя фермы, пабудовы ды звалкі — і ўсё гэта адбываецца ў гаспадарках літаральна на палях. Чаму Мінпрыроды так спакойна рэагуе на гэтыя выпадкі? Чаму не дзейнічае больш жорстка? Адходы атручваюць глебу, ваду і, як вынік, наша здароўе…

— У заканадаўстве аб ахове наваколля сказана, што пры будаўніцтве не павінна быць нанесена шкоды наваколлю. Пры зносе мусіць выконвацца заканадаўства ў галіне абыходжання з адходамі, аховы наваколля і атмасфернага паветра, вады. Вядома, што будынкі сельскагаспадарчага значэння складаюцца з металалому, драўніны, канструкцый, якія можна выкарыстоўваць. Добры гаспадар знойдзе паўторнае прымяненне для металалому альбо здасць яго і атрымае за гэта грошы. Тое ж датычыцца і драўніны. Што да сценавых канструкцый, то іх таксама можна перапрацаваць. Па нашых падліках, каля 90% фермы можна паўторна выкарыстоўваць. Але практыка паказвае, што часам людзі ўсе гэтыя каштоўныя матэрыялы, то бок рэсурсы, папросту закопваюць у зямлю. За падобныя парушэнні прадугледжана даволі жорсткая адміністрацыйная і крымінальная адказнасць, штрафы перавышаюць тысячу базавых велічынь.

— Свіслач называюць адной з самых забруджаных рэк Беларусі. Чаму так адбываецца? Якія меры прымаюцца па ачыстцы гэтага вадаёма?

— Сапраўды, Свіслач лічыцца адной з найбольш забруджаных рэк Беларусі на працягу многіх гадоў. Сёння 14 прадпрыемстваў скідваюць у яе сцёкавыя воды. Але па даных маніторынгу, на працягу сямі месяцаў гэтага года ў вадзе ў межах горада Мінска не назіралася перавышэнняў па асноўных забруджвальніках (арганічныя і біягенныя рэчывы). Адзначу, што для зніжэння забруджвання Свіслачы пастаянна распрацоўваюцца і праводзяцца комплексныя мерапрыемствы. Так, летась для паляпшэння экалагічнага становішча ў раку падсялілі шчупака, таўсталобіка, белага амура, карася.

— У Еўропе і Амерыцы за любыя дзеянні, якія наносяць шкоду прыродзе, прадугледжаны вялікія штрафы. Напрыклад, у Канадзе, калі выкінеш з машыны недакурак, заплаціш штраф у памеры 500 долараў. У нас жа штрафы за больш істотныя парушэнні складаюць ад сілы адзін мільён рублёў. Ці плануецца павялічыць іх памер?

— У нас таксама ёсць сістэма аховы прыроды, прадугледжваюцца штрафы, у тым ліку за выкідванне недакурка з машыны. Міліцыя адсочвае такія выпадкі, фатаграфуе. Нашы супрацоўнікі робяць захады для таго, каб такога не здаралася. Але, на жаль, негатыўных выпадкаў пакуль хапае.

Што датычыцца штрафаў, то ў нас яны вызначаюцца ў адпаведнасці з базавымі велічынямі: калі апошнія павялічваюцца, дык яны таксама растуць. Думаю, не ўсе людзі пагодзяцца, што мільён рублёў — невялікая сума для штрафу. Акрамя штрафаў парушальнікі аплачваюць шкоду, нанесеную прыродзе.

Прырода не церпіць умяшання

— Я жыву ў Мінску непадалёк ад берага Свіслачы і ўвесь час назіраю, як людзі кормяць качак, вавёрак і іншую жыўнасць у дзіцячым парку імя Горкага чым папала, напрыклад, батонамі. Мы думаем, што робім добрую справу, калі падкормліваем крылатых. Але насамрэч мы іх ледзь не забіваем сваёй «дабрынёй». Я ведаю, што ў некаторых краінах Еўропы прадугледжаны спецыяльныя пункты для кармлення дзікіх звяроў і птушак, дзе можна купіць неабходны і, галоўнае, бяспечны для іх корм. Ці прадугледжваецца ў нас развіццё такіх пунктаў?

— Сапраўды, у нашых гарадах жыве шмат птушак і жывёл. І вы маеце рацыю, што людзям трэба ведаць, чым карміць дзікіх жывёл. Зразумела, да кожнага чалавека інспектара не прыставіш. Трэба папулярна растлумачваць гэтыя пытанні, весці інфармацыйную работу. Мы падумаем над тым, як гэта можна ажыццявіць у вялікіх парках. Будзем прымаць меры, каб гэтую праблему вырашыць.

— Сёлета каля пасёлка Мачулішчы назіраю плантацыі баршчэўніка Сасноўскага. Каторы год змагаемся з гэтым злом, але, відавочна, непаспяхова. Што трэба рабіць для вырашэння праблемы?

— Хачу заўважыць, што, акрамя баршчэўніка, ёсць яшчэ адна агрэсіўная расліна — сумнік канадскі, які даволі хутка займае цэлыя палі. А самы эфектыўны метад барацьбы з баршчэўнікам — прымяненне гербіцыдаў з наступнай апрацоўкай глебы. У чэрвені-ліпені трэба праводзіць рэгулярнае скошванне расліны і іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы. Таксама ў законе «Аб раслінным свеце» сказана, што самі землекарыстальнікі нясуць адказнасць за распаўсюджванне інвазіўных відаў. Калі яны не праводзяць мерапрыемствы па барацьбе з небяспечнай раслінай, мы накладваем на іх штрафы. Па кожным землекарыстальніку складаюцца планы, дзе прапісана, якімі сродкамі і калі трэба змагацца з баршчавіком. Нашы службы гэта кантралююць. Адзначу, што ў Гродзенскай вобласці сістэма наладжана і барацьба вядзецца паспяхова. А вось на Віцебшчыне, на жаль, недапрацоўваюць. Дзіўна, аднак так атрымліваецца, што пакуль на людзей не накладуць штрафы, яны самі не пачнуць займацца вырашэннем гэтага пытання.

— Хацелася б даведацца, чаму скарачаецца плошча поле- і лесаахоўных палос — хіба гэта не наносіць шкоду глебам?

— Сапраўды, адсутнасць ахоўных лесапалос прыводзіць да зніжэння банітэту (якасці) глебы, адбываецца выдзіманне пасеваў збожжавых і траў, і ў выніку атрымліваем нашмат меншы ўраджай. Акрамя таго, у культурах, якія вырошчваюцца, павышаецца колькасць забруджвальных рэчываў, у тым ліку цяжкіх металаў. Яшчэ тры гады таму грамадзяне пачалі актыўна звяртацца ў Мінпрыроды па пытанні масавай высечкі зялёных насаджэнняў каля дарог. Падчас даследавання праблемы выявілася, што неабгрунтаванае высяканне праводзіцца пад відам навядзення парадку на зямлі.

Каб палепшыць сітуацыю, Мінпрыроды распрацавала комплекс даходаў па ўдасканаленні работ па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, улічваючы мерапрыемствы па захаванні і аднаўленні зялёных насаджэнняў, зацверджаных у 2012 годзе. Акрамя таго, спецыялістамі Інстытута лесу НАН Беларусі распрацаваны рэкамендацыі па стварэнні (рэканструкцыі) поле- і лесаахоўных лесапалос. Летась уздоўж аўтамабільных дарог былі створаны зялёныя насаджэнні на плошчы 35,4 км2.

За ўзнаўляльнымі рэсурсамі — неблагая будучыня

— Ці можа Беларусь цалкам забяспечыць сябе энергетычнымі рэсурсамі?

— Наша краіна мае запасы нафты, спадарожнага газу, торфу. Ёсць радовішчы бурага вугалю, гаручых сланцаў, але пакуль што распрацоўка іх тэхналагічна і эканамічна немэтазгодная. Па меры змяншэння на планеце карысных выкапняў любыя рэсурсы становяцца патрэбнымі. Рэаліі наступныя: пашыраюцца напрамкі эканамічнай дзейнасці ў Беларусі, нафтаперапрацоўчыя заводы маюць вялікія магутнасці і не толькі абслугоўваюць патрэбы краіны, але і экспартныя пастаўкі. Уласныя энергетычныя патрэбы сваімі сродкамі мы пакуль не забяспечваем. Даўно пастаўлена задача максімальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. Гэта і трэскі — біялагічныя віды паліва, і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі: вецер, сонца, вада. Выкарыстанне апошніх павялічваецца — у іх ёсць неблагая перспектыва. Вядзецца ў краіне і пошук радовішчаў нафты, спадарожнага і прыроднага газу.

— Ці плануецца сёлета прадставіць шырокай грамадскасці нацыянальны даклад пра стан навакольнага асяроддзя ў нашай краіне?

— Гэты дакумент Мінпрыроды рыхтуе адзін раз на пяць гадоў. Зараз вядзецца актыўная праца па падрыхтоўцы нацыянальнага даклада за перыяд 2010—2014 гадоў. Ён ужо ўзгоднены з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання і праўстаўлены на абмеркаванне грамадскасці. Тэкст размешчаны на афіцыйным сайце Мінпрыроды www.mіnprіroda.gov.by. Вы можаце азнаёміцца з ім, а калі ў вас будуць нейкія заўвагі ці прапановы, пакінуць іх на сайце. Яны будуць улічаны пры падрыхтоўцы канчатковай рэдакцыі нацыянальнага дакладу. Дакумент будзе прадстаўлены на канферэнцыі міністраў аховы наваколля еўрапейскіх краін «Наваколле для Еўропы» ў 2016 годзе, якая адбудзецца ў Грузіі.

— Прачытаў у інтэрнэце, што Альманскія балоты — самы вялікі балотны комплекс у Еўропе — забруджаны радыяцыяй яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Ці праўда гэта? І ці адкрыты доступ для турыстаў на гэтую тэрыторыю?

— Адзначу, што Альманскія балоты адносяцца да ляснога фонду, іх землекарыстальнікамі з’яўляюцца Столінскі і Палескі лясгасы. У Столінскім лясгасе сапраўды адзначаны такія плямы, дзе ёсць перавышэнні па радыенуклідах. Уся астатняя тэрыторыя не мае перавышэнняў, яна актыўна выкарыстоўваецца ў турызме, на ёй распрацоўваюцца экалагічныя маршруты. Даволі даўно тут дзейнічаюць прыродаахоўныя ўстановы «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты». Тэрыторыю рэспубліканскіх заказнікаў раю наведваць з гідам, які добра ведае гісторыю гэтых мясцін. Дарэчы, нядаўна Прэзідэнт прыняў рашэнне, згодна з якім госці з-за мяжы мусяць плаціць за наведванне Альманскіх балот.

— Вядомы факт, што вы свабодна размаўляеце па-беларуску і нават чыталі на роднай мове лекцыі па структурнай геалогіі. Ці будзеце і далей выкарыстоўваць яе (магчыма, на нарадах у міністэрстве)? Ці ёсць такая практыка?

— Безумоўна, як іншыя жыхары нашай краіны, мову ведаю і люблю. Сапраўды, чытаў лекцыі па структурнай геалогіі і геатэктоніцы. Зараз назіраем такую сітуацыю — ва ўніверсітэтах шмат замежных студэнтаў, якія вучацца разам з нашымі. Выкарыстоўваецца ў асноўным руская мова, каб інфармацыю разумелі ўсе. На беларускай мове пішам загады, якія ўносім на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта. Мова шырока выкарыстоўваецца ў справаводстве, думаю, і на нарадах у міністэрстве будзем размаўляць па-беларуску.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.08.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.