26.10.2016 / 16:10

Пакуль гараджане толькі рыхтуюцца да новага дня, на сталічных вуліцах з'яўляецца служба, дзякуючы намаганням якой турысты называюць Мінск адным з самых чыстых і акуратных гарадоў. Белыя аўто «Remondis» складана зблытаць з любой іншай кампаніяй па вывазу адходаў. Менавіта такі колер — не выпадковасць. Як высвятляецца, белы быццам твар фірмы, якая бруднае ператварае ў чыстае. Зялёны партал правёў адзін дзень з кіроўцам і грузчыкам «Remondis», каб сваімі вачыма ўбачыць і ў падрабязнасцях расказаць пра іх штодзённую нялёгкую працу.

Пад'ём а чацвёртай гадзіне раніцы аказаўся не такім цяжкім, як спачатку падавалася такому аматару паспаць падаўжэй, як я. За акном густая цемра восені, і па бляшанаму казырку час ад часу стукаюць адзінокія кроплі дажджу. Я пачынаю сутаргава збірацца, паспяваю перахапіць цёплай гарбаты замест сняданку, і ў пачатку пятай ужо цалкам гатовая стартаваць з дому.

Выбягаю з пад'езда, на вуліцах пакуль ні душы. На дарогах таксама яшчэ пуста, толькі дзе-нідзе сустракаюцца сонныя таксісты. А вось бліжэй да вуліцы Ванеева з'яўляюцца першыя тралейбусы, і святло фар выхоплівае на прыпынках чорныя постаці людзей.

Кідаю сваё аўто на першым жа свабодным месцы на паркоўцы і з усіх ног бягу да велізарнага светлага будынка, які ў ранішняй цемры больш паходзіць на ледзяную глыбу — гэта і ёсць база сумеснай кампаніі «Remondis», якая займаецца зборам і вывазам адходаў з дваравых тэрыторый і прадпрыемстваў. І сёння мой дзень пройдзе з супрацоўнікамі гэтай установы, якія, бадай, найлепшым чынам дасведчаныя аб тым, што і ў якой колькасці выкідаюць мінчане штодня.

Ад варот ужо раз'язджаюцца смеццявозы: у кожнага свой маршрут і заданне. А я стаю крыху разгубленая на пляцы сярод гэтых бялёсых грузавікоў, пакуль мяне не агукае цвёрды мужчынскі голас:

Вы, напэўна, да нас?

Паварочваюся ў той бок, адкуль данёсся голас, і бачу, як з кабіны спускаецца высокі і моцны мужчына, ветліва запрашаючы далучыцца да вясёлай кампаніі.

Падыходжу да грузавіка і тут жа сутыкаюся з першай перашкодай: нават не ўяўляю, якім чынам можна залезці ў кабіну грузавіка MAN, з улікам, што першая падножка знаходзіцца на ўзроўні майго жывата.

Вы хапайцеся за ручкі абедзьвума рукамі, стаўце нагу на падножку і падцягвайцеся, — з усмешкай падказваюць мне. — Гэта сапраўды патрабуе некаторых навыкаў, прывыкніце за дзень.

У салоне даволі прасторна і цёпла, я ўладкоўваюся на цэнтральнае і самае высокае сядзенне, з яго ўся дарога быццам бы на далоні. Грузавік павольна кранаецца з месца і выязджае ў горад. На вуліцы яшчэ цёмна, пакуль складана зарыентавацца, куды мы едзем. Але дарогі ўжо поўныя аўтамабіляў і людзей.

Пачынаем знаёміцца: сёння маіх спадарожнікаў завуць Зміцер і Ігар, яны ўжо не першы год працуюць у гэтай сферы і выдатна знаёмыя з усімі цяжкасцямі працы ў ёй.

Я ўжо год 11 працую, адразу ж, як з войска прыйшоў, уладкаваўся, — кажа Зміцер, кіроўца смеццявоза.

У мяне недзе год 5 стажу, — удакладняе Ігар, што працуе грузчыкам.

А што вас прываблівае ў такой працы? — адразу ж пытаюся я.

Дынаміка, тое, што ты заўсёды ў руху, не стаіш на месцы, — адказвае Ігар.

Тым часам аўтамабіль заварочвае ў першы двор па вуліцы Харкаўскай. Зміцер акуратна праціскаецца між шчыльна прыпаркаваных легкавушак, ціхонька прасоўваючыся ў глыб двара да пляцоўкі з кантэйнерамі.

Якое смецце сёння вы забіраеце?

Сёння цвёрдыя бытавыя адходы, тое, што вывозіцца на агульную звалку, па Фрунзенскаму раёну, — тлумачыць Ігар, ужо выскокваючы з кабіны. Робіць ён гэта вельмі шпарка. Мне ж даводзіцца прыкласці намаганні, каб выйсці з аўтамабіля.

Глядзіце акуратней, бо кабіна высокая, — папярэджвае Ігар.

На пляцоўцы знаходзіцца ля 3 кантэйнераў, якія хутка загружаюцца ў смеццявоз. Як толькі справа зроблена, тут жа раздаецца каманда залазіць назад у кабіну, і я зноў пераадольваю перашкоду з высокімі прыступкамі, здзіўляючыся, як гэта лёгка даецца працаўнікам «Remondis». Аўтамабіль пачынае гудзець і дрыжаць.

Гэта працуе прэс, — пазначае Зміцер. Аказваецца, у аўтамабілі прадугледжана сістэма, што трамбуе смецце, а значыць, і змяшчаецца ў яе больш.

Якая максімальная загрузка?

Ля 15 тон, і столькі ж важыць сам аўтамабіль, — кажа Ігар. Лічбы ўражваюць.

А як вы разумееце, што машына ўжо поўная?

Вопыт, — смяецца Зміцер. — На самой справе мы глядзім, колькі смецця ў баку аўтамабіля.

Месца для манёўра ў двары няма, таму выязджаць даводзіцца заднім ходам. І гэта наступнае, што мяне здзіўляе, бо акрамя легкавых аўтамабіляў у двары ўжо з'яўляюцца людзі.

Як вы разумееце габарыты аўтамабіля?

Вопыт, зноў адказвае Зміцер. — Справа звычкі. А яшчэ не так даўно на кожны аўтамабіль усталявалі ззаду камеры, і стала значна прасцей. На самой справе ў смеццявоза менш сляпых зон, чым у той жа легкавушкі.

Мы едзем у наступны двор. На кантэйнернай пляцоўцы ўжо значна больш бакаў, але я заўважаю, што забіраюць яны не ўсе.

Частка з іх не нашая, а іншыя — не гэтым разам, тлумачыць мне Ігар.

І вы на памяць ведаеце, які сёння, а які заўтра?

Ну, так, па графіку, гаворыць Зміцер.

На вуліцы пачынае світаць. І, па словах хлопцаў, зараз настае самы цяжкі час, бо людзі пачынаюць раз'язджацца на працу, могуць здарацца і заторы ў дварах, калі аўтамабілі перакрываюць выязд ці, наадварот, смеццявоз.

У цэлым з якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся ў сваёй працы?

Вядома, гэта аўтамабілі. Часам трапляюцца неадэкватныя людзі, якія быццам бы спецыяльна і на злосць перашкаджаюць. Ёсць выпадкі, калі жыхары дамоў паркуюць свае аўтамабілі так, што немагчыма пад'ехаць да кантэйнераў, — распавядае Зміцер, рухаючыся ў наступны двор.

І што вы робіце ў такіх выпадках? Выклікаеце ДАІ?

Не, гэта толькі губляць час, бо яны ж не прыязджаюць імгненна. Мы робім фотаздымкі, каб падцвердзіць, што забраць смецце не было ніякай магчымасці, і едзем далей.

А як у цэлым у вас стасункі з ДАІ?

Ну, спыніць яны нас маюць права, бо мы такія ж удзельнікі дарожнага руху. Але ставяцца з разуменнем і, напрыклад, за дробныя нейкія парушэнні, калі табе даводзіцца выязджаць на сустрэчную, каб уехаць у двор, не чапляюцца, — адказвае суразмоўца.

І, сапраўды, ёсць некалькі дамоў з вельмі вузкімі праездамі да кантэйнераў, да якіх прасцей пад'ехаць менавіта заднім ходам, каб пасля не вукручваць на выездзе. Тым больш, як расказаў Зміцер, выезд лічыцца адным з самых небяспечных месцаў, акрамя таго, што там пастаянны рух аўтамабіляў, яшчэ ходзяць людзі, што не вельмі звыклі глядзець па баках.

Быў адзін няшчасны выпадак, калі аўтамабіль пераехаў хлопца, што ішоў у навушніках. А аднойчы на самым выездзе сутыкнуўся са смеццявозам веласіпедыст. Падаецца, і ўдар быў немоцны, хлопец устаў, сказаў, што ўсё нармальна. А дома ў яго разбалелася галава, выклікаў хуткую... Дык пасля кіроўцу хацелі пакараць за тое, што ён быццам бы пакінуў месца ДТЗ, — распавядае Зміцер.

З гэтай жа прычыны, каб папярэдзіць неўважлівых кіроўцаў і пешаходаў, а таксама, каб не скакаць пастаянна з кабіны і назад, грузчык у дварах пераязджае на спецыяльнай прыступцы ззаду аўтамабіля.

На вуліцы ўжо зусім становіцца светла, калі мы паварочваем на вуліцу Берута. Двор цалкам застаўлены аўтамабілямі, так, што дворнікі выцягіваюць кантэйнеры на праяздную частку.

Вядома, што нам было бы прасцей, каб у кожным двары існавалі спецыяльныя пляцоўкі, да якой пад'ехаў і ўсё забраў. Тым больш што яшчэ не кожны дворнік выцягне кантэйнеры ад пад'ездаў, кажа Ігар.

У адным з двароў маю ўвагу звяртаюць на спецыяльныя бакі для раздзельнага збору. У «Remondis» яны адрозніваюцца не толькі знешнім выглядам, але і якасцю металічныя з адтулінамі для адходаў.

Іх забярэ іншая машына, каб адвезці на лінію сартыроўкі «Экарэс». Яны зручней за «жоўтыя» для пластыка ці макулатуры, за «сінія» для шкла, але і на іх у людзей ёсць нараканні, маўляў, не ўсякую скрынку прапіхнеш у вузкую адтуліну, тлумачыць Зміцер.

А як вы ў цэлым ацэньваеце ўзровень сартыроўкі?

Узровень нізкі, на самой справе нізкі. На нашых кантэйнерах усё распісана: што, куды і як... Але людзі выкідаюць, на жаль, абы як, адказвае Ігар.

А вось вы сартыруеце смецце дома? пытаюцца ў мяне.

Я сартырую, нават сваіх бацькоў навучыла гэта рабіць, але ўсё роўна часам узнікаюць пытанні, ці перапрацоўваецца тая ці іншая пластмаса, бо сапраўды не хапае дакладных інструкцый. Але для мяне лепш на лініі сартыроўкі адкінуць непатрэбнае, чым яно патрапіць на звалку, адказваю я.

Ну, нам яшчэ агульную карціну псуюць дворнікі, скідаючы часам у кантэйнеры для раздзельнага збору апаўшую лістоту. Маўляў, звычайныя бакі перапоўненыя, а дзець жа яе некуды трэба, узгадвае Ігар.

Яшчэ ў адным двары маю ўвагу звяртаюць на незвычайныя «прыстасовы» а-ля кантэйнеры, зробленыя са звычайнай сеткі, у якія збіраецца шкло. Стаяць яны амаль ля кожнага пад'езда.

Праўда, не зразумела, як з іх выгружаць пасля ў смеццявоз, дадае ён.

Праехаўшы так некалькі дзесяткаў двароў, мы накіроўваемся на палігон «Паўночны».

Шкада, што надвор'е дрэннае. Бо зверху [звалкі] ўвесь горад як на ладоні, такія неверагодныя пейзажы адкрываюцца, — кажа Зміцер.

Паціху мы збочваем з кальцавой дарогі і пад'язджаем да палігона. Ля заезду перад вагамі сабралася невялікая чарга са смеццявозаў.

Давядзецца крыху пачакаць, заўважае Ігар.

Тут бываюць чэргі? — смяюся я.

Яшчэ якія, бывае ад самага паварота стаяць, дадае Зміцер. І сёння едзем на самую вышыню, ён ківае ў бок аўтамабіляў, што ездзяць на самым версе палігона. Каталіся калі-небудзь па серпанціну? Зараз будзе прыблізна тое ж.

Чарга рухаецца даволі марудна, і праз хвілін 15-20 мы толькі заязджаем на вагі. Перад тым, як згрузіць усё сабранае смецце, кожны аўтамабіль праходзіць праз узважванне. Затым рухаемся наверх, асцярожна размінаючыся з тымі, хто едзе ў новы рэйс.

Там, на версе, трэба быць вельмі асцярожнымі, бо звалка «дыхае». Яе ж як робяць: слой смецця, слой пяску. Мяне вось мінулы раз выцягвалі: аўтамабіль прасеў. А часам стаіш, згружаеш, і хтосьці праязджае побач, дык усё дрыжыць пад коламі, расказвае Зміцер.

А адкуль вы ведаеце, куды трэба згружаць адходы?

Супрацоўнікі палігона рэгулююць рух смеццявозаў і ўказваюць, куды скідаць, кажа Зміцер.

Наверсе нечакана зноў упіраемся ў невялікі затор. Пакуль чакаем, я азіраюся па баках і раптоўна заўважаю, што на насыпах то тут, то там растуць, цвітуць і пладаносяць гарбузы і іншыя культурныя расліны.

Ды тут і не такое можна знайсці, усміхаюцца мае спадарожнікі. — Кавуны растуць, праўда.

Мы аднойчы падышлі да аднаго, такі зусім маленькі вырас, бярэм у рукі, а ён лёгкі-лёгкі, пераварочваем, а аказваецца мышкі выелі сярэдзінку і сабе домік там зрабілі, — узгадвае Ігар.

Нарэшце трапляем на саму пляцоўку. І зноў мяне здзіўляе вялікая колькасць людзей, што працуюць на палігоне, а таксама птушкі.

Тут заўсёды так. Людзі глядзяць, што прывозяць смеццявозы, і робяць максімальную дасартыроўку, выбіраючы пластык і іншыя другасныя матэрыялы, удакладняе Зміцер. Ну а птушкі, зразумела, кормяцца.

На палігоне вельмі шмат харчовых адходаў, такое адчуванне, што да нас тут пабываў цэлы камаз з кавунамі і бананамі.

Зараз сезон такі, на самой справе ад крамаў, з рынкаў і дамоў вязем вельмі шмат «вады» — такія адходы цяжкія, а па сутнасці гэта нішто, сапраўды проста вада, падказвае Зміцер.

А ў які сезон найцяжэй працаваць: зімой ці летам?

Няма больш простай ці цяжкай пары года. Зімой сітуацыя ў дварах ускладняецца гурбамі снегу, праезды становяцца яшчэ вузэй, і кантэйнеры даводзіцца з іх выцягваць. Летам, можа, не так шмат аўтамабіляў, людзі больш у адпачынках і раз'язджаюцца. Тут на палігоне складана падняцца пры дрэнным надвор'і, бо з гары ўсё сцякае, пад коламі такая жыжа, — апісвае Зміцер.

Скідаем смецце, адгрузка займае ўсяго хвілін 5, аўтамабіль амаль што робіць усё сам. І зноў накіроўваемся ў новы рэйс. На гэты раз двароў будзе больш, а таксама яшчэ неабходна паабедаць.

Мы забіраем адходы з «Bylectrica» і там жа пры іх неблагая сталовая. Калі вы не супраць, можна паесці, — запрашае Зміцер.

Тым часам надвор'е значна палепшылась, стала цяплей, і скрозь шэрыя хмары прабіваюцца прамяні восеньскага сонца. Горад пры гэтым набыў зусім іншую афарбоўку, стаў яркім жоўта-барвовым, больш прывабным і вясёлым.

Мы працягваем ездзіць са двара ў двор. Зміцер і Ігар пастаянна перагаворваюцца, кідаючы нейкія незразумелыя для мяне выразы пра двары.

Што значыць двор-«відэлец»?

У нас існуе ўмоўнае абазначэнне двароў. Мы зараз заедзем, і вы ўсё зразумееце. Ёсць «Шанхай», «Відэлец», нават цэлы раён для бедных «Трушчобы», — з сарказмам пра апошні распавядае Ігар.

На адным з выездаў даводзіцца прастаяць даволі доўга з-за насычанага патоку аўтамабіляў на дарозе. Так здараецца нярэдка, з аднаго боку, ніхто і не абавязаны саступаць, а з іншага — гэта агульная культура на беларускіх дарогах.

Часам трэба самаму праяўляць ініцыятыву і быць крыху нахабней, — кажа Зміцер, літаральна па меліметру высоўваючыся на праяздную частку. — Дый тут, на скрыжаванні ля гандлёвага цэнтра «Скала», складаны ўчастак, заўсёды шмат аўтамабіляў, заўсёды заторы.

Выварочваем на вуліцу Прытыцкага, а з яе на Цімашэнкі.

У гэтым двары ў нас самыя ўдзячныя і зацікаўленыя гледачы, — смяецца Зміцер.

У якім сэнсе?

Ды тут шмат дзяцей. Кожны раз, як прыязджаем, яны збіраюцца вакол і, раскрыўшы рты, назіраюць за тым, як мы забіраем смецце. Нас нават бацькі просяць пасігналіць дзеткам пасля, а яны ў адказ нам хлопаюць ці махаюць ручкамі, — расказвае ён.

Аднак сёння, відаць, за прахалоднага надвор'я, гуляць выйшлі не шмат дзяцей. Але тыя, што ёсць, і сапраўды падцягваюцца да кантэйнераў і смеццявоза. І на развітанне яны ўсе чакаюць, калі аўтамабіль падась сігнал, ад задавальнення пляскаюць у далонькі і тупацяць сваімі маленькімі ножкамі.

Затым мы накіроўваемся бліжэй да выезду з горада, на вуліцу Брыкета. Па праўдзе, такога Мінску я яшчэ не бачыла: ціхі мікрараён з шырокімі раздзяляльнымі палосамі дарогі, дзе растуць высачэзныя дрэвы. Адсюль рукой падаць да кальцавой і больш індустрыяльнага раёна. І тут жа заканчваецца наш маршрут. Цяпер усё сабранае смецце зноў трэба завезці на палігон.

Колькі за дзень вы робіце заходаў на звалку?

У нас 2 рэйсы. Але колькасць смецця адрозніваецца ў залежнасці ад дня тыдня, па панядзелках яго заўсёды шмат, — адказвае Зміцер.

У другую палову дня на звалцы значна паменшылась смеццявозаў і амаль няма доўгіх чэргаў на гары, а вось людзей менш не становіцца.

Дарэчы, людзі тут гэта яшчэ адна небяспека, бо, як прыязджаюць смеццявозы, яны хутчэй кідаюцца да іх, — узгадвае Зміцер.

— А што ж яны могуць знайсці, у вас жа машына ўсё прэсуе?

Таму нас і не вельмі любяць, смяецца ён.

А ці былі ў вас якія цікавыя знаходкі сярод смецця?

Ой, шмат розных гісторый. Адзін раз у двары падбягае да нас мужчына і пытаецца, ці забіралі мы ўжо смецце ад такога-та пад'езда? Аказваецца, яго жонка па памылцы вынесла разам са смеццем пакет з новай вопраткай. Дакументы выкідаюць таксама памылкова, жанчыны ўпрыгожванні забываюць у старых сумках. Розныя бываюць выпадкі. А мы што можам зрабіць? Прапануем ехаць на звалку, іншых варыянтаў няма. Вядома, часцей людзі адмаўляюцца, распавядае Зміцер.

Дарэчы, пра жанчын: ці ёсць у вас работніцы на смеццявозах?

Відаць, трэба было вам пацягаць кантэйнеры, каб зразумець, наколькі гэта фізічна цяжка. Ніякага прыцяснення па палавой прыкмеце тут няма, уключаецца Ігар. З намі неяк таксама рабіў рэпартаж адзін журналіст. Прычым ад самой «трубачкі» (перад выездам кожны работнік праходзіць медагляд. — Дад. аўтара), сам кантэйнеры грузіў, цалкам у працу ўключыўся, каб зразумець, як гэта. Дык к канцу дня ён быў ледзь жывы.

А ці заўсёды вы па двое працуеце?

Не! На меншых смеццявозах таксама ездзяць двое: кіроўца і грузчык. А вось на аўтамабілі з маніпулятарамі адзін кіроўца спраўляецца, — адказвае Ігар.

Аднак нават калі вас двое, кіроўца не заўсёды дапамагае з бакамі. Як вы вызначаеце, калі трэба загружаць дваім?

Залежыць ад колькасці кантэйнераў і адкуль забіраем. Ад пад'езда, калі там іх стаіць па аднаму, то кіроўцу няма сэнсу вылазіць, а вось з пляцоўкі спрытней працаваць дваім, — кажа Зміцер.

Таксама я заўважыла, што пасля вас не застаецца смецця, яно не разлятаецца з бакаў.

У гэтым плюс кантэйнераў, яны закрываюцца крышкай, а выгружаюцца па сутнасці ў саму машыну, тлумачаць мне.

Разабраўшыся з грузам, аўтамабіль накіроўваецца назад на базу, але перад гэтым абавязкова трэба заехаць на аўтазапраўку.

У нас такія правілы, што бензабак заўсёды павінны быць поўным, кажа Зміцер.

На саму базу аўтамабіль вяртаецца, калі сонца пачынае хіліцца да гарызонту і на вуліцы заўважна становіцца свяжэй.

Вось так і праходзяць нашы дні, спадзяемся вы не расчараваныя, кажуць мне на развітанне Зміцер і Ігар.

Але як можна расчароўвацца і, тым больш, наракаць на працу людзей, якія дапамагаюць гораду справіцца са смеццем?! А вось задумацца пра тое, каб як мага менш ствараць адходаў, варта!

Зялёны партал дзякуе за дапамогу ў стварэнні матэрыяла сумесную кампанію «Remondis», якая адна з нямногіх падтрымала восеньскую акцыю па прыборцы смецця «Зробім!».

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Адзін дзень з валанцёрамі сабачага прытулку: «Лепш малая дапамога, чым вялікае спачуванне»

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость