27.12.2016 / 17:12

Пачынаючы з 1990-х гадоў краіны Еўрапейскага звязу пачалі арыентавацца на ўстойлівае развіццё. Беларусь у гэтым плане не выключэнне: у нас існуе дакумент, які рэгламентуе такі пераход — «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года» (НСУР). Існуе і дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця, якая накіравана на ўстойлівую будучыню. Аднак да гэтага часу ніхто не браўся колькасна ацаніць праекты, што рэалізуюцца ў Беларусі ў межах інавацыйнай сістэмы, і наколькі яны сапраўды спрыяюць пераходу да ўстойлівага развіцця.

У 2016 годзе Беларусь падвяла вынікі па ацэнцы другога этапу інавацыйнага развіцця. З гэтай нагоды прадстаўнікі беларускіх інстытутаў і ўстаноў, што напрамую звязаны з інавацыямі ў розных галінах, сустрэліся з чальцамі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Іх асабліва цікавіць ацэнка нашай інавацыйнай сістэмы, бо гэта спрыяе пераходу краіны да ўстойлівага развіцця.

Але ці сапраўды інавацыі ў Беларусі даюць штуршок да ўстойлівага развіцця? Да гэтага часу цяжка было сказаць, так гэта ці не, бо ніхто не браўся ацаніць тыя інавацыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў рэспубліцы.

Упершыню падобную аналітычную працу пры падвядзенні вынікаў за другі перыяд (2011-2015 гады) рэалізацыі дзяржаўнай інавацыйнай праграмы зрабіў Віктар Ермаленкаў, эксперт у вобласці ўстойлівага развіцця, кандыдат біялагічных навук.

 

Беларуская стратэгія не з'яўляецца гарантам устойлівага развіцця

Адна з прапаноў у папярэднім варыянце справаздачы зводзілася да ацэнкі ступені адпаведнасці праграмы інавацыйнага развіцця і патрабаванняў НСУР да 2030 года.

Па словах эксперта, першае, што стала відавочным — беларуская стратэгія не можа гарантаваць пераход да ўстойлівага развіцця, і на гэта ёсць некалькі прычын. Адна з іх заключаецца ў тым, што недастаткова мець прыгожа напісаныя дэкларацыі, неабходна «дарожная мапа» — паслядоўнасць крокаў, якія тлумачылі б, як трэба рухацца да грамадства ўстойлівага развіцця і як гэтага рэальна дасягнуць. А яе якраз такі і няма.

Яшчэ адна прычына, па якой не варта разглядаць НСУР у якасці асноўнага дакумента, — хітрая сістэма, што склалася ў Беларусі. Згодна з ёй, 15 год пераходу да ўстойлівага развіцця разбіваюцца на два перыяды: 5 год адводзіцца эканамічнаму развіццю і 10 год — ужо самому пераходу да ўстойлівага развіцця. Аднак кожныя 5 год стратэгія перапісваецца: зноў жа з'яўляюцца гэтыя самыя перыяды. І па выніку атрымоўваецца, што наша краіна, маючы такі дакумент, на знешніх еўрапейскіх рынках выглядае прыгожа, а па факту займаецца «брудным» эканамічным ростам.

 

З 300 праектаў толькі 60 маюць дачыненне да ўстойлівага развіцця

На жаль, прадстаўнікі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, што прыехалі ў Беларусь зрабіць ацэнку інавацыйнага развіцця, мала зрузумелі праблемы з НСУР. Відавочна, што для іх больш важным з'яўляецца выкананне мэт устойлівага развіцця, абвешчаных ААН, як агульных і адзіных для ўсіх.

Таму невыпадкова, што, каб правесці аналіз, Віктар Ермаленкаў узяўся менавіта за гэтыя самыя 17 мэт і суаднёс іх з усімі праектамі, што прапісаны ў дзяржпраграме інавацыйнага развіцця Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіям.

Дзякуючы падрабязнай расшыфроўцы кожнай асобнай мэты з'явіліся тэмы, што могуць быць у праектах. А гэта, у сваю чаргу, дазволіла казаць пра іх ўстойлівасць ці неўстойлівасць. І дало падставы, каб з упэўненасцю растлумачыць Еўрапейскай камісіі, наколькі наша інавацыйная сістэма працуе на пераход краіны да ўстойлівага развіцця.

«У выніку ў мяне атрымаліся даволі цікавыя лічбы: з больш чым 330 праектаў прыблізна 21% у значнай ступені маюць адносіны да ўстойлівага развіцця, а 62% працуюць не на гэту задачу, а на традыцыйны эканамічны рост», — расказвае Віктар Ермаленкаў.

На жаль, пабодную тэндэнцыю даводзіцца назіраць і пры аналізе фінансавых сродкаў, што выдзяляюцца на рэалізацыю праектаў у межах дзяржаўнай праграмы. Так, больш за 67% ідзе на традыцыйны эканамічны рост і ўсяго 5,8% — на праекты, што датычацца ўстойлівага развіцця.

«Затым я ўзяў тыя праекты, што аднёс да ўстойлівага развіцця, і ўжо іх разбіў па мэтах ААН. І апынулася, што па важнейшых з іх, напрыклад устойлівае спажыванне, змяненне клімату, удзел грамадзян у прыняцці рашэнняў, адукацыя для ўстойлівага развіцця і г.д., няма аніводнага праекта. Затое цэлых 16 ёсць у галіне здаровага ладу жыцця, але амаль усе яны адносяцца да Міністэрства аховы здароўя і датычацца будаўніцтва новага дыягнастычнага комплексу, рэканструкцыі аперацыйнага блоку і іншае. Гэта значыць, што накіраваныя не на прафілактыку, хаця менавіта гэта прапісана ў мэце, а на працу з хворымі, на аднаўленне здароўя. Таму, магчыма, і адносіць такія праекты да ўстойлівых было не зусім карэктна», — заўважае эксперт.

Неблагія праекты аказаліся ў Міністэрства лясной гаспадаркі, што адпавядаюць мэце па абароне экасістэм і датычацца стварэння банкаў насення, саджанцаў ці лесапасадак. І ў той жа час пытанні выклікаюць праекты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія больш накіраваныя на выкарыстанне абмежаваных ці слабааднаўляльных прыродных рэсурсаў. Пры такім стаўленні да ўстойлівага развіцця можна назіраць заяўкі па наступных тэмах, як напрыклад, выпампоўка мінеральнай вады ці выпампоўка вады ў Мінскім раёне для забеспячэння сталіцы грунтовымі водамі, альбо здабыча будаўнічага камня.

«Пасля гэтага я пастараўся ўзяць праекты, якія тэарэтычна можна аднесці да ўстойлівага развіцця. Аднак па асноўных мэтах паказчыкі змяніліся нязначна, напрыклад, з'явіліся 4 адукацыйныя праекты. Але яны больш накіраваныя на развіццё традыцыйнай сістэмы адукацыі і павышэнне якасці аказання адукацыйных паслуг», — падкрэслівае Віктар Ермаленкаў.

Па крытэру лакацыі праектаў, як нядзіўна, больш актыўнымі аказаліся рэгіянальныя органы кіравання. На іх рахунку аказалася больш за 36% праектаў, якія звязаны з устойлівым развіццём, калі ў той жа час на рэспубліканскім узроўні такіх амаль 23%. Пры гэтым і бюджэтныя сродкі ў рэгіёнах аддаюцца пераважна такім праектам — 43%, а на цэнтральным узроўні ўсяго 6,85%.

 

Экспертны патэнцыял НДА можа паспрыяць пераходу да ўстойлівага развіцця

Дзякуючы такому аналізу ўдалося распрацаваць некаторыя рэкамендацыі, якія ў будучым могуць паспрыяць больш карэктнай ацэнцы і сапраўднаму пераходу краіны да ўстойлівага развіцця. Так, напрыклад, не варта спяшацца з назвай справаздачы, бо ў адпаведнасці з пажаданнямі камісіі яна павінна гучаць, як «інавацыі для ўстойлівага развіцця», што, як бачна, не зусім адпавядае праўдзе. Ці трэба больш пільна папрацаваць над змястоўнай часткай.

«Я прапанаваў таксама Дзяркамітэту па навуцы і тэхналогіям распрацаваць крытэрыі, якія дазвалялі б інавацыйныя праекты, што падаюцца ў час распрацоўкі праграмы, адразу суадносіць з мэтамі ўстойлівага развіцця. На вопыце Еўрапейскага звязу неабходна ўдакладніць тэрміны "ўстойлівае развіццё", "устойлівая сельская гаспадарка" і іншыя і даць тлумачэнні, якія дапамогуць абазначыць тэматычныя межы праектаў», — зазначае эксперт.

Не менш важным, па меркаванню Віктара Ермаленкава, з'яўляецца праца па комплекснаму выкананню ўсіх 17 мэт ААН, бо толькі такі падыход гарантуе, што краіна перойдзе да ўстойлівага развіцця.

«У нас жа атрымоўваецца, што некаторыя важныя мэты, важныя для змянення грамадства, проста не закранаць», — кажа ён.

Для якасці праектаў ніяк нельга абмінуць адукацыйны момант саміх заказчыкаў, менавіта такая праца, упэўнены эксперт, дазволіць на пачатковым этапе патлумачыць, што на самой справе будзе адпавядаць устойліваму развіццю і якую ролю ў гэтым могуць сыграць інавацыі. Як і немагчыма ігнараваць распрацоўкі, інавацыі, што з'яўляюцца ў беларускіх навукова-даследчых установах і працуюць на ўстойлівае развіццё, іх абавязкова неабходна выдзяляць як прыярытэтныя.

«Трэба ліквідаваць і тую дыспрапорцыю, што існуе сёння паміж рэгіянальнымі і рэспубліканскімі праектамі. Нам важна, каб любыя органы кіравання ў значнай ступені былі звязаныя з рэалізацыяй задач устойлівага развіцця», — падсумаваў аналіз Віктар Ермаленкаў.

Пры гэтым, як зазначыў эксперт, уся гэта праца праводзілася выключна для паляпшэння сітуацыі з пераходам Беларусі да ўстойлівага развіцця. На жаль, сёння людзі, якія ствараюць дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця, часам забываюць, што тая ж мадэрнізацыя на сусветным узроўні зараз звязана з «зялёнымі» тэхналогіямі, а не латаннем дзірак для атрымання традыцыйнага эканамічнага эфекту.

«Гэта звышважны дакумент, да працы над якім варта дапускаць экспертаў тых жа НДА, даць доступ і магчымасць абмеркаваць яго. Асабліва з улікам, што фінансаванне праектаў адбываецца за кошт бюджэтных сродкаў, значыць, дзяржава робіць штосьці ад імя людзей. Дык варта паказваць, што менавіта», — рэзюмуе Віктар Ермаленкаў.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская, ecopartnerstvo.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость