02.05.2017 / 20:05

Большасць зваротаў на «Зялёны тэлефон» Таварыства «Зялёная сетка» датычыцца высечкі, абрэзкі ці пашкоджання зялёных насаджэнняў. Гэта звязана з тэндэнцыяй апошніх гадоў, калі зялёныя зоны аддаюцца пад забудову і ўсялякім чынам скарачаюцца, разгараецца ўсё больш канфліктаў паміж забудоўшчыкамі і мясцовымі жыхарамі. Аператары «Зялёнага тэлефона» кансультуюць, што рабіць, калі вы бачыце, што ў вашым двары збіраюцца пілаваць дрэвы ці наносяць ім пашкоджанні.

Па словах каардынатаркі гарачай лініі Алёны Дубовік, звароты ў службу па тэме зялёных насаджэнняў вельмі разнастайныя. Аднак найбольш папулярнымі з'яўляюцца высечка і абрэзка дрэваў.

У выпадку, калі ў двары ці ля дома пачынаюць высякаць дрэвы, першае, што варта зрабіць, — высвятліць мэты і прычыны высечкі, раяць аператары «Зялёнага тэлефона».

«Падыдзіце да месца падзей і ацаніце, што адбываецца, якім чынам агароджана тэрыторыя. Калі ўчастак абазначаны спецыяльнай стужкай, відавочна, што на ім праводзіцца «звычайная» высечка дрэваў. У выпадку, калі рыхтуецца пляцоўка пад будаўніцтва, павінны стаяць плот і вісець пашпарт аб'екта», — кажа Алёна.

Акрамя гэтага, звярніце ўвагу на тых, хто выконвае працы. Найчасцей на працоўнай вопратцы напісана арганізацыя. Такім чынам можна зразумець, хто адказныя асобы, да якіх у ходзе справы можна звяртацца.

Важна засведчыць ўсё, што адбываецца на мабільны тэлефон: фота, відэа. Пры гэтым трэба абавязкова здымаць не толькі насаджэнні, якія высякаюць, але і якім чынам забяспечана бяспека ў месцы правядзення прац, ці выконваюцца правілы працоўнага рэгламенту.

На жаль, у гэтай сітуацыі не пазбегнуць і бюракратычнага моманту. Пры правядзенні «звычайнай» высечкі работнікі арганізацыі, адказнай за выдаленне насаджэнняў, павінны мець дакументы. У дазволе абавязкова ўказваюцца прычыны высечкі, орган, што выдаў дакумент, і дата выдачы. Аднак ніхто не абавязаны прадастаўляць гэтыя паперы простым грамадзянам. Таму абавязкова будзьце гатовы звяртацца ў раённы «Зеленбуд» ці мясцовы ЖЭС, каб высвятліць абставіны ці ўдакладніць інфармацыю, а таксама даведацца пра абвесткі наконт правядзення дадзеных работ, калі праводзіліся абмеркаванні.

«Не ва ўсіх выпадках патрабуецца правядзенне абмеркаванняў — гэта важна разумець. Калі дрэвы перашкаджаюць эксплуатацыі будынка ці камунікацый, ля якіх знаходзяцца, альбо прызнаны небяспечнымі, ці пашкоджаныя стыхіяй, то ніякай неабходнасці абмяркоўваць выдаленне такіх насаджэнняў няма. Дастаткова заключэння профільных устаноў», — тлумачыць каардынатарка гарачай лініі.

Увогуле пры любым падазрэнні на незаконнасць работ ці парушэнне тэхнікі бяспекі можна звярнуцца ў міліцыю. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, на месцы азнаёміўшыся з паперамі на дазвол, маюць права неадкладна спыніць высечку да высвятлення абставін. Найбольш верагодна, што гэта не ўратуе зялёныя насаджэнні, аднак дасць магчымасць на свае вочы ўбачыць дакументальнае абгрунтаванне высечкі.

Па словах аператараў «Зялёнага тэлефона», не толькі бензапілы ствараюць пагрозу зялёным насаджэнням. Часта даводзіцца прымаць паведамленні пра тэхнічныя пашкоджанні дрэваў і кустоўя.

Калі вы сталі сведкам, як тэхніка наносіць шкоду насаджэнням, перш-наперш варта зафіксаваць усе абставіны, зфатаграфаваць не толькі аўтатранспарт, каб былі бачныя нумары, але і саміх супрацоўнікаў, што прысутнічаюць на месцы.

Затым неабходна скласці пісьмовы зварот у мясцовую адміністрацыю, у якім максімальна падрабязна апісаць сітуацыю, прыкласці фотаматэрыялы і патрабаваць ацэнкі нанесеных пашкоджанняў, а таксама  пакарання адказных асоб.

«У зімовы перыяд нярэдка пад дрэвы адгружаюць саляныя сумясі. Існуюць пэўныя правілы: пад пясчана-саляныя кучы падсцілаецца цырата. Калі ж гэтага не зроблена, то варта паведамляць пра парушэнне на 115.бел ці звярнуцца непасрэдна ў ЖЭС», — рэкамендуюць аператары «Зялёнага тэлефона».

 

Автор:
Фотограф:
ufavesti.ru, kindercare.com, onliner.by, specpartner.ru, sadovodka.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость