09.03.2017 / 15:03

У хуткім часе шэрасць і мярзотнасць першых вясенніх дзён аздобіць свежая зеляніна на дрэвах. Але, на жаль, упрыгожыць сабой горад змогуць не ўсе насаджэнні. Прычына — няякасная і неправільная абрэзка галля. Зялёны партал звярнуўся да спецыялістаў, каб разабрацца, як трэба яе рабіць.

У мінулым годзе праблема няякаснай абрэзкі стала асабліва відавочнай, калі ў беларускіх гарадах замест разлогіх дрэваў пачалі з'яўляцца «слупы». З гэтай прычыны кампанія «Гарадскі Ляснічы» запусціла петыцыю па спыненню варварскай абрэзкі. За месяц яна сабрала рэкордную колькасць подпісаў — 1408.

 

Абрэзка абрэзцы розніца

Існуе некалькі відаў абрэзкі, у якіх нават просты гараджанін можа з лёгкасцю разабрацца. Так, напрыклад, з актыўнай маладой расліннасцю ў кроне, а таксама з суччам, якое перашкаджае лініям электраперадач ля праязных частак дарогі, спраўляецца фармовачная абрэзка. У асаблівасці добра яе пераносіць ліпа. Яна цалкам бяспечная для дрэва, тым больш што ў абавязковым парадку насаджэнні пасля падкормліваюць, часта паліваюць і апрацоўваюць стымулятарамі росту.

Але ў сталіцы, па словах кіраўніцы Службы па добраўпарадкаванню і ўтрыманню аб'ектаў гарадской гаспадаркі «Мінскзеленбуда» Анжалікі Пузанковай, прыкладаў такога віду абрэзкі сустрэнецца не шмат.

 

Наступны від — санітарная. Назва ўжо сама па сабе кажа пра мэты: праводзіцца для дрэў, у кронах якіх ёсць сухое і небяспечнае (бо хутка абломіцца і ўпадзе) галлё, якое ў тым ліку парушае эстэтычны выгляд насаджэння.

«Санітарную абрэзку можна праводзіць круглы год і на любых пародах дрэў. Яна дапамагае прыбраць хворыя, заражаныя ці сухія галіны, пазбавіцца ад шкоднікаў і не наносіць шкоды дрэву, а, нааадварот, паляпшае сітуацыю», — тлумачыць Анжаліка.

Не так даўно ўзнік яшчэ адзін від абрэзкі — амаладжальная, што прымяняецца ў выключных выпадках і для тых парод дрэў, якія здольныя яе перанесці.

Напрыклад, таполя хутка дае маладыя парасткі, таму на ёй можна праводзіць звычайнае амаладжэнне: выдаліць 1/3 ці 2/3 парасткаў.

Яшчэ можна «пасадзіць» іх на слуп ці пень, а затым выбраць самы лепшы, астатнія выдаліць і такім чынам даць дрэву другое жыццё.

«Калі дрэва дасягнула пэўнага ўзросту, можа прыпыніцца верхавінны прырост, і, каб стымуляваць насаджэнне, праводзяць амаладжальную абрэзку. Прычым робіцца яна ў некалькі этапаў», — дадае Аляксандр Суднік, загадчык сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.

 

 

Каму абрэзка «да лямпачкі»?

Важны момант у абрэзцы — наколькі тая ці іншая парода дрэва добра яе пераносіць. Таму пры назначэнні мерапрыемстваў па выдаленню галля трэба вельмі індывідуальна падыходзіць да таго ці іншага насаджэння. Аляксандр упэўнены, што ў разлік павінны брацца абсалютна розныя крытэры: агульны стан расліны, яе ўзрост і нават месца знаходжання.

З самых папулярных у горадзе парод каштан вельмі дрэнна адгукаецца на абрэзку, а вось ліпа пераносіць яе добра і хутка аднаўляецца.

«У горадзе шырока распаўсюджана абрэзка «пад пень», чаго, на мой погляд, катэгарычна нельга рабіць. Я забараняў бы такі догляд у парках і скверах, а шукаў бы творчыя падыходы да вырашэння праблемы. Давайце захоўваць векавых волатаў! У крайнім выпадку амаладжальную абрэзку можна праводзіць для таполяў, старых дрэваў і насаджэнняў, якія размешчаны ў такіх месцах, дзе існуе небяспека ад падзення сухога галля», — разважае вучоны.

На жаль, як зазначае ён, пакуль ў гэтай галіне вельмі мала інфармацыі, адчуваецца недахоп статыстычных дадзеных, да чаго прыводзіць той ці іншы від абрэзкі, якая доля адпаду дрэваў, іх высыхання і выжывальнасці, прааналізаваць па пародах і ўзроставых паказчыках і г.д.

 

Нельга абрэзаць і забыць

Спецыяліст падзяліўся цікавым назіраннем:

таполі, якія калі-небудзь абразаліся, абавязкова будуць пашкоджаныя гніллём, а вось дрэвы гэтай жа пароды без абрэзкі, нават ва ўзросце 70-80 год, — цалкам здаровыя.

«Трэба арганізаваць рэгулярны догляд за правядзеннем абрэзкі. Так, каб дрэва сфарміравала крону неабходнай формы, дастаткова раз у два гады рабіць фармовачную абрэзку. Дрэвы абапал дарог, для якіх назначаюцца разнастайныя віды догляду, павінны абразацца хаця б раз у 5 гадоў», — пералічвае Аляксандр.

Яму неаднаразова даводзілася рабіць экспертызы дрэваў, пра якія забываліся на дзесяткі гадоў пасля абрэзкі. Па словах спецыяліста, гэта сапраўды праблема, бо фарміраванне кроны адбываецца ўжо пры ўдзеле маладога галля.

«Уявіце сабе, таполя, якую калісьці зрэзалі «пад пень», дае ля 10-12 паросткаў — верхавінных новых ствалоў, кожны з якіх праз 10 год будзе па 10-12 сантыметраў у дыяметры. Калі забыць пра дрэва і не праводзіць зрэз «лішніх» галін і сукоў, то такі пук галля проста разрывае ствол», — кажа вучоны.

 

Да дрэваў падпускаюць выключна спецыялістаў

Правесці, падавалася б, такую простую працэдуру, маючы адно толькі жаданне, нельга ні ў якім разе. Як заўважае прадстаўніца «Мінскзеленбуда», мерапрыемствы па абрэзцы павінны адбывацца пры наяўнасці пэўных умоў і вострай неабходнасці.

 

Так, калі дрэва стварае пагрозу аварыйнай сітуацыі (можа ўпасці і стварыць буралом), вісіць над дратамі, дарогай, трэба мець заключэнне ад такіх арганізацый, як Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Істытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, якое падцвярджала б неабходнасць правядзення абрэзкі.

На дваравых тэрыторыях прычынамі для абрэзкі могуць быць скарга жыльцоў на цень у памяшканнях ці парушэнне інсталяцыі. Але і ў гэтым выпадку на правядзенне работ трэба мець дазвол. І любая арганізацыя, якая плануе абрэзку, павінна разумець, што пры яе выкананні неабходна прытрымлівацца пэўных правіл.

«Найлепш, калі абрэзку праводзяць спецыялісты. Тады дакладна гарантуецца якасць праведзеных работ. Бо нават да зрэзаў існуе асаблівы падыход. Напрыклад, яны абавязкова зафарбоўваюцца, акрамя тых парод, якія выдзяляюць смалу. Але найперш яны павінны рабіцца правільна: на пэўнай адлегласці, на канкрэтную пупышку. Гэта патрабуе ад спецыяліста, які такую працу выконвае, ведаў фізіялогіі», — тлумачыць Анжаліка Пузанкова.

Яе словы цалкам падтрымлівае Аляксандр. На жаль, сёння дзейнасць па абрэзцы не ліцэнзуецца, як гэта было 20 гадоў таму. Зараз у жыллёвых арганізацыях, на прадпрыемствах праводзіцца тэндар і выбіраецца тая ўстанова, якая згодная выканаць абрэзку па найменшаму кошту, аднак яе супрацоўнікі не з'яўляюцца дэндролагамі ці батанікамі. З-за гэтага ўзнікае вельмі шмат нараканняў на якасць праведзеных работ.

«Так, мы сутыкаемся з наступствамі няякаснай абрэзкі, дрэвамі, якія пасля даводзіцца выдаляць», — зазначае Аляксандр.

«У сваю чаргу, спецыялісты «Зеленбуда» бачаць такія выпадкі, ствараецца камісія, і Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выклікае на разгляд арганізацыю, якая праводзіла работы. Ёй могуць выпісаць штраф, каб у будучым хібы пры абрэзцы не паўтараліся», — дадае Анжаліка.

Автор:
Фотограф:
Зялёны партал
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость