Упершыню інфармацыя пра высечку дрэваў прыйшла ў сакавіку з-пад Мінска: у Бараўлянах людзі выступалі супраць знішчэння зялёнай зоны пад будаўніцтва сістэмы дажджавой каналізацыі. Спробы жыхароў пасёлка дабіцца праўды ад мясцовых уладаў, калі і з кім абмяркоўвалі праект, а таксама звароты ў вышэйшыя дзяржаўныя інстанцыі ніякага выніку не далі — дрэвы пасеклі.
Гарачым у барацьбе за зялёныя зоны стаў красавік. Нягледзячы на намаганні жыхароў Зялёнага луга спыніць высечку ля Цнянскага водасховішча, дзе па плану павінны з'явіцца тэнісны цэнтр, ахвярамі пілы сталі 170 дрэваў. На сённяшні дзень усялякія працы на пляцоўцы прыпыненыя.
У гэтым жа месяцы з-за пашырэння праезднай часткі па вуліцы Карла Лібхнехта была знішчана частка найстарэйшага мінскага сквера — Лютэранскага. За дапамогай асвяціць праблему мясцовыя жыхары звярнуліся ў рэдакцыю TUT.BY.
У маі ў Сельгаспасёлку Савецкага раёна сталіцы адбыўся чарговы скандал вакол высечкі зялёнай зоны. Мясцовыя жыхары даведаліся пра намер разгарнуць будаўніцтва ў невялікім скверы «Котаўка», калі працаўнікі «Зеленбуда» прыехалі, каб правесці падрыхтоўчыя працы. На летні перыяд усялякага кшталту дзейнасць у скверы ўдалося прыпыніць. Аднак на пачатку снежня спробы пусціць дрэвы Котаўкі пад пілы былі здзейсненыя зноў. Агульнымі намаганнямі мясцовых жыхароў і актывістаў, што баранілі дрэвы ад супрацоўнікаў «Зеленбуда» ў літаральным сэнсе сваімі целамі, дабіліся яшчэ аднаго невялікага перапынку з мінімальнымі стратамі для сквера. А не так даўно стала вядома, што забудоўшчыку шукаюць іншае месца і Котаўку могуць пакінуць у спакоі.
Напружанай сітуацыя здарылася ў чэрвені, калі адразу ў дзвух раёнах Мінска з'явіліся канфліктныя кропкі: у Ленінскім людзі пратэставалі супраць пабудовы крамы «Міла», у Партызанскім — супраць «Віталюра».
Нягледзячы на гарачыя спрэчкі і пратэсты жыхароў Серабранкі, што выступалі катэгарычна супраць узвядзення крамы «Міла» і знішчэння зялёнай зоны паблізу іх дома па вуліцы Малініна, адміністрацыя ўсё ж прыняла бок забудоўшчыка, які купіў гэты ўчастак на аўкцыёне яшчэ ў 2014 годзе. Хаця людзі пра планы разгарнуць будаўніцтва пад іх вокнамі даведалася ўжо на пачатку прац. Забудоўшчык, бачачы негатыўную рэакцыю людзей, пайшоў ім насустрач, паабяцаўшы арганізаваць новую дзіцячую пляцоўку.
Не дапамаглі зборы подпісаў, хаджэнні па разнастайным інстанцыям і сустрэчы з чыноўнікамі жыхарам дома па вуліцы Захарава, дзе ў літаральным сэнсе ў некалькі метрах ад вокан запланавалі пабудаваць краму «Віталюр» з цэхам па перапрацоўцы мяса птушкі да 300 кг у суткі. Пры гэтым мясцовым актывістам сапраўды падавалася, што перамога будзе за імі: яны былі ўпэўненыя, што раскрылі цэлую карупцыйную схему пры выдачы ўчастка пад будаўніцтва.
У ліпені стала вядома пра запланаванае выдаленне раскідзістай таполі, што ўпрыгожвала архітэктурны ансамбаль на плошчы Перамогі. Прычынай стаў рамонт вонкавых сетак каналізацыі, якія знаходзіліся ў аварыйным стане. Нягледзячы на абурэнне грамадскасці і прапановы альтэрнатыўных рашэнняў, працаўнікі «Зеленбуду» вырашылі рабіць па звыклай схеме. У канцы верасня паўвекавое дрэва спілавалі. Пры гэтым, згодна з артыкулам 37-1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2003 №205-З «Аб раслінным свеце», кампенсацыйныя пасадкі ці выплаты ў такіх выпадках дагэтуль не ажыццяўляюцца.
У жніўні ў няроўны бой за таполю ў двары новага прэстыжнага жылога комплексу «Чайкоўскі» ўступіла яго жыхарка. Жанчыну абурыла тое, што дзеля пракладкі камунікацый высякаюцца сталыя дрэвы. Аднак ні кіраўнік праекта забудовы, ні эколагі з камітэта прыродных рэсурсаў ніякай каштоўнасці ў гэтых насаджэннях не ўбачылі.
У сярэдзіне кастрычніка стала вядома пра тое, што яшчэ адна частка водна-зялёнага дыяметра пайшла пад забудову: праз дарогу ад Палаца незалежнасці ўказам прэзідэнта быў выдзелены ўчастак пад будынак Вярхоўнага суда.
Праводзілася высечка лесу і ў Ваенным гарадку ва Уруччы, пра што паведамілі мясцовыя жыхары на гарачую лінію «Зялёнага тэлефона» Таварыства «Зялёная сетка».
Аднавілася хваля масавых высечак зялёных зон у лістападзе. Так, у парку 60-годдзя Кастрычніка, на перасячэнні вуліц Жудро і Матусевіча, былі выдаленыя елкі і бярозы. На іх месцы павінны з'явіцца чарговыя тэнісныя корты. Аднак пытанні выклікае, як такое магло адбыцца і па чыёй волі, калі на нядаўна зацверджаным Генплане гэтае месца захоўвалася як рэкрэацыйная зона.
Стала вядома таксама пра плануемыя высечкі пры рэканструкцыі Ракаўскага прадмесцця. Згодна з праектам, выдаліць павінны 108 дрэваў і 138 хмызнякоў. Пры гэтым дзяржаўныя эколагі нават ухваляюць такія меры, спасылаючыся на недагледжанасць насаджэнняў і іх аварыйнасць. Абмеркаванні справаздачы Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе скончыліся 22 снежня.
Непрыемным сюрпрызам для жыхароў дома па вуліцы Матусевіча ў Дамброўцы стала інфармацыя пра высечку часткі лесапаркавай зоны, што размешчана прама пад іх вокнамі. Сітуацыя нагадвала тую, што склалася ў Котаўцы: тут даўно плануецца пашырыць тэрыторыю касцёла, толькі мясцовыя пра гэта нічога не ведалі. Каб пазбегнуць напруджання і незадаволенасці жыхароў адміністрацыя Фрунзенскага раёна і забудоўшчык на сустрэчы адразу папярэдзілі, што ўсе працы будуць працягвацца, бо рашэнне аб выдзяленні ўчастка прымаў Мінгарвыканкам і ўсё ўзгадніў Савет міністраў.
На «Зялёны тэлефон» у гэтым жа месяцы паступіла інфармацыя пра высечку дрэваў у скверы па вуліцы Цікоцкага, дзе плануецца будаўніцтва паліклінікі, а таксама пра выдаленне зялёных насаджэнняў на тэрыторыі Акадэміі авіяцыі па вуліцы Убарэвіча.
Яшчэ адзін выпадак быў зафіксаваны па вуліцы Караткевіча, калі па скарзе мясцовай жыхаркі высеклі некалькі ліп, елак і туяк.
Снежань добрых навін таксама не прынёс. Нечыканым для жыхароў па вуліцы Бельскага стала варварскае знішчэнне елак экскаватарам пры зносе старых парнікоў. На вызваленай пляцоўцы павінны пабудаваць дзіцячы садок і школу, але людзі абураныя, якім чынам наводзіцца парадак на тэрыторыі. Як патлумачылі карэспандэнту Onliner.by прадстаўнік «Мінскзеленбуда», гэтыя дрэвы — самасеў, прадстаўляюць сабой некандыцыю і непрыдатныя для продажу.
Ва Уруччы частка зялёнай зоны таксама была адведзеная пад забудову, дзе, як недзіўна, на перасячэнні вуліц Нікіфарава і Старынаўскай павінны з'явіцца касцёл. На думку галоўнага архітэктара праектаў «Мінскграда» Вольгі Сцепановіч, размяшчэнне храма павінна задаволіць жыхароў... І з улікам, што нікога з мясцовых асабліва не цікавіць гэты аб'ект, пляцоўка ўжо агароджаная і на ёй вядуцца падрыхтоўчыя працы — высякаюцца дрэвы.