Асноўныя палажэнні стратэгіі распрацаваны на аснове аналіза досведу Беларусі па ўдасканаленню сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі з 1992 па 2015 год, а таксама міжнароднага досведу, паведамляе БЕЛТА.
''Сам факт з'яўлення такога кшталту стратэгіі мы ўхваляем, – адзначае Яўген Лабанаў з Цэнтра экалагічных рашэнняў. – Бо адсутнасць падобнага дакумента да сённяшняга дня спрыяла развіццю розных падходаў да абыходжання з адходамі ў розных гарадах. Цяпер жа з'явілася больш разумення, з улікам пяці асноўных накірункаў, пра якія ідзе гаворка ў стратэгіі''.
Адным з такіх накірункаў з'яўляецца развіццё раздзельнага збора смецця. Нягледзячы на тое, што за апошнія гады Беларусь мае пэўныя станоўчыя зрухі ў гэтай галіне, эксперт адзначае неабходнасць дапрацовак, каб сістэма сапраўды працавала добра. Так, на думку Яўгена Лабанава, не зашкодзіць уніфікацыя кантэйнераў для збора адходаў, удасканаленне лагістыкі. Пэўныя намаганні варта прыкласці і ў галіне перапрацоўкі, бо пакуль далёка не ўсё ў нашай краіне можна перапрацаваць. І асаблівую ўвагу трэба звярнуць на працу з насельніцтвам.
Згодна дадзеным стратэгіі, дыяпазон утварэння цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) на душу насельніцтва будзе знаходзіцца ў межах 320-380 кг з улікам росту ВВП. Штогод аб'ём утварэння ЦКА ацэньваецца ад 3,5 да 4 мільёнаў тон. А магчымае эканамічнае абгрунтаванне па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў складае ля 25%, з якіх 15,6% ўжо збіраецца.
Ухваляе эксперт намер увесці дэпазітную сістэму, якая зможа паспрыяць паляпшэнню раздзельнага збору і змяншэнню колькасці адходаў, якія патрапляюць у кантэйнеры для бытавога смецця праз закладны кошт.
''Калі разглядаць бягучую сітуацыю па Мінску, то самым эфектыўным метадам па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, з улікам іх чысціні і колькасці, – з'яўляюцца прыёмныя пункты'', – кажа Яўген Лабанаў.
Такім чынам пры рэалізацыі дэпазітнай сістэмы, як яна закладзена ў стратэгіі, можна будзе разлічваць на дадатковыя 10-15% збора другасных рэсурсаў праз нарыхтоўчую сістэму прыёмных пунктаў.
Аднак ёсць у дакуменце моманты, якія непакояць экспертаў, напрыклад, будаўніцтва завода па спальванню смецця. Як адзначыў Яўген Лабанаў, яго з'яўленне ў пэўнай ступені супярэчыць мэтам развіцця раздзельнага збора.
''Дзеля эфектыўнага функцыянавання завода неабходнабудзе спальваць дастаткова вялікую колькасць другасных рэсурсаў – пластыка і паперы. Бо пры спальванні ''хвастоў', неперапрацоўваемых адходаў, вялікага эфекта не будзе. Вядома, мы зараз маем шмат пластыка, які не перапрацоўваецца, але частка яго можа быць небяспечнай і шкоднай для спальвання. Таму тут хутчэй пытанні метадалагічнага плана, калі развіццё сістэмы збора накіравана яшчэ на павелічэнне долі перапрацоўваемых адходаў'', – зазначае ён.
Пакуль не вядзецца гаворкі пра тое, што завод пачнуць будаваць ужо заўтра. Па такім прадпрыемстве існуе даволі шмат экалагічных і тэхналагічных пытанняў, якія не варта абмяркоўваць без дакладных планаў, вытворцаў і інвестараў.
''Беларусь далёка не першая краіна, якая сутыкаецца з праблемай адходаў. І мы бачым, што раздзельны збор, акрамя таго, што дае больш рабочых месцаў, з'яўляецца больш устойлівым, дазваляючы пазбегнуць праблем накаплення адходаў на палігонах у выпадку няспраўнасцяў на прадпрыемстве ў будучым'', – абгрунтоўвае Яўген Лабанаў сваю пазіцыю ў дачыненні да найлепшага спосаба абыходжання з адходамі.
Аднак, бадай, самым прыярытэтным накірункам, які закранула стратэгія, – прадухіленне ўтварэння адходаў.
''Няхай у дакуменце няма дакладных інструментаў па гэтаму накірунку, але стратэгія мяркуе распрацоўку дадатковага 'плана'. І на наш погляд, гэтаму павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага, бо па выніку ні раздзельны збор, ні завод па спальванню не ў стане вырашыць праблему з адходамі цалкам. Асабліва ва ўмовах пастаяннага павелічэння ''аднаразавага'' смецця'', – падкрэслівае эксперт.