04.01.2016 / 18:01

Колькі разоў вам даводзілася чуць у адказ на адмову ад пакета, што ён бясплатны? І нават калі гэты аргумент не пераконвае вас ўзяць пакет, прадаўцы са здзіўленнем паціскаюць плячыма. Бо, на жаль, пакуль мала каму прыходзіць ў галаву думка, што пытанне тут не ў цане, а ў празмернай колькасці такой аднаразовай палімернай упакоўкі, якая праз пару гадзін усё роўна пойдзе на сметнік. Сёння праблемай яе засілля занепакоіліся не толькі эколагі, профільныя дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы, але і прадстаўнікі гандлю. Так, спецыялісты гэтых галін сабраліся на круглым стале, арганізаваным МГА «Экапартнёрства», каб абмеркаваць пытанні экалагічнай бяспекі пры выкарыстанні палімернай упакоўкі.

Паводле Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», пакупнікам прадастаўляецца права на якасны і бяспечны тавар. Функцыі захавання яго спажывецкіх уласцівасцяў выконвае ўпакоўка.

У заканадаўстве аб гандлі адзіная норма, якая рэгулюе патрабаванні да ўпакоўкі, гэта пункт. 25 «Правіл рознічнага гандлю». Ён абвяшчае, што тавары перадаюцца пакупнікам ва ўпакаваным выглядзе без спагнання за ўпакоўку дадатковай аплаты. Від такой упакоўкі вызначаецца прадаўцом. Выключэннем з'яўляецца ўпакоўка для набора пірожаных і разліўных напіткаў, кошт за якую ўключаецца ў рознічную цану тавара. Гэта адзіная норма, з-за якой сёння ўзнікаюць праблемы па празмернаму спажыванню ўпакоўкі. Варта заўважыць, што не ўсе прадаўцы вызначаюць у якасці ўпакоўкі поліэтыленавыя пакеты, так як не існуе такога абавязковага патрабавання. Таму ў некаторых крамах можна сустрэць папяровую альтернатыву пластыку. Аднак, на жаль, сёння папера для ўпакоўкі мае вельмі нізкую якасць і не заўсёды можа выконваць функцыю захавання тавара.

«І відавочна, што перавагу прадаўцы аддаюць поліэтыленавым пакетам. Але нідзе не прапісана, што яны не маюць права ў адзін пакет класці розныя тавары. Гэта хутчэй сведчыць пра іх бязграматнасць, — кажа Ірына Барышнікава з Міністэрства гандлю. — Калі такія пытанні ўзнікаюць, то вядома, што іх трэба вырашаць не з канкрэтным прадаўцом, а з адміністрацыяй крамы».

Любы разумны кіраўнік, даведаўшыся, што яго працаўнікі растрачваюць маёмасць і абыякава ставяцца да эканамічнага інтарэсу прадпрыемства, усталюе пэўныя рамкі. Ёсць у гэтага медаля і адваротны бок — спажывец, для якога наяўнасць бясплатнай ўпакоўкі — стымул да халявы. І гэта сведчыць аб вельмі нізкай культуры спажывання. Тым больш што сёння тавар можа прадастаўляцца ў упакоўцы пакупніка. Аднак, як зазначае Ірына Мікалаеўна, у грамадстве ўжо няма звычкі выкарыстоўваць поліэтыленавую ўпакоўку паўторна.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: В Минске, Солигорске и Витебске развернулась антипластиковая кампания: «Спасибо» каждому, кто откажется от пакета!

Спецыяліст не бачыць сэнсу цалкам адмаўляцца ад такога кшталту ўпакоўкі, хаця і не выключае таго, што для пакупнікоў павінна прадастаўляцца альтэрнатыва і быць вытрымана разумная раўнавага. Ні пра пакеты, ні пра паперу ні ў якім разе нельга казаць як пра экалагічную ўпакоўку, бо ў большай ці меншай ступені яны ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя.

«На мой погляд, праблема заключаецца ў выхаванні людзей, іх інфармаванні і закладанні асноў паводзін з маленства. Толькі такім чынам мы зможам падтрымаць ініцыятывы дзяржавы ў галіне аховы наваколля», — падкрэслівае Ірына Барышнікава.

Увядзенне асобнага кошта на ўпакоўку можа мець адваротны эфект і ператварыць яе ў аб’ект гандлю, калі крамы будуць зацікаўленыя ў тым, каб як мага больш тавараў запакаваць і прадаць.

Дэпазіты і інвестыцыі для стымулявання сартыроўкі

Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №313 «Пра некаторыя пытанні абыходжання з адходамі спажывання» накіраваны, каб рэалізаваць мэты па скарачэнню адходаў, якія ідуць на палігоны, і ў цэлым папярэдзіць іх шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, а таксама павысіць узровень выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў у гаспадарчым звароце.

Менавіта гэтым указам ускладзена адказнасць на вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў, у тым ліку ўвезеных у Беларусь у якасці ўпакоўкі. Арганізацыі павінны забяспечыць збор і выкарыстанне такога віду адходаў ці заключыць дамову з Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў і за аплату рэалізоўваць збор і выкарыстанне адходаў. Памеры аплаты ўсталяваныя Пастановай Савету міністраў №708. Разлік вядзецца сыходзячы з колькасці тавара і ўпакоўкі, што выраблена і рэалізавана на тэрыторыі краіны, увезена ў рэспубліку.

«Аплата за арганізацыю збора, у прыватнасці за адходы пластмас, за 1 тону складае 1 млн беларускіх рублёў, — зазначае Наталля Кудырка, прадстаўнік ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Хачу таксама звярнуць увагу на тое, што ў адносінах да ўпакоўкі сацыяльна значных тавараў указам №313 прадугледжаны льготы. Гэта значыць, што вытворцы і пастаўшчыкі такога віду ўпакоўкі вызвалены ад гэтага абавязку».

Сёння у краіне функцыянуе разгалінаваная сістэма збору адходаў. Яна ўключае ў сябе 1325 нарыхтоўчых пунктаў, з якіх 1197 — гэта стацыянарныя і 228 — мабільныя; раздзельны кантэйнерны збор камунальных адходаў ад насельніцтва, сартыроўку змешаных камунальных адходаў на перапрацоўчых заводах і сартыровачных лініях, арганізацыю ўласнай сістэмы збору адходаў тавараў і ўпакоўкі вытворцамі і пастаўшчыкамі, набыццё другасных рэсурсаў у юрыдычных асоб.

  • На тэрыторыі рэспублікі дзейнічае 120 аб'ектаў, якія выкарыстоўваюць адходы пластмас, сумарнай патрэбай больш за 100 000 тон у год. За 9 месяцаў 2015 года пры плане сабраць 43 000 тон ужо паступіла 37 200 тон, перапрацавана за гэты ж час 11 900 тон. Прычым ад юрыдычных асоб паступіла 11 300 тон, ад фізічных усяго 643 тоны.

«Перспектыўным накірункам можа быць павялічэнне магутнасцяў па выкарыстанню забруджаных адходаў пластмас, якія ўтвараюцца ў насельніцтва, — падкрэслівае Наталля Валер'еўна. — Акрамя гэтага, павялічыць аб'ёмы збору і якасць другасных рэсурсаў дапамогуць больш высокія закупачныя цэны ў пунктах прыёму».

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Удзельнікі эксперыменту «Тыдзень без пластыка»: «Пластмаса — нядрэнны матэрыял, але ўпакоўка павінна быць больш экалагічнай»

Агульны аб'ём утварэння асноўных відаў упакоўкі сярод камунальных адходаў складае на сёння 770 000 тон у год, з іх 255 000 тон — палімерная ўпакоўка. Прычым апошняй сабіраецца і выкарыстоўваецца каля 50 000 тон у год. Ля 95 000 тон палімернай упакоўкі не перапрацоўваецца. Звязана гэта з вялікай яе колькасцю і адсутнасцю візуальных адрозненняў паміж некаторымі відамі, вытворчасцю з розных палімерных матэрыялаў, што ўскладняе сартыроўку. Акрамя гэтага для такой упакоўкі характэрна нізкая вага, адносна невялікі аб'ём утварэння, а таксама наяўнасць забруджвання хімічнымі і арганічнымі рэчывамі, што не дазваляе ажыццяўляць эканамічнавыгадную сартыроўку і наступнае выкарыстанне.

Немалазначным крокам на шляху да кантролю за спажываннем упакоўкі і зборам адходаў можа стаць дэпазітная сістэма. Прапануецца ўвесці закладны кошт на некаторыя віды ўпакоўкі. Але зразумела, што гэта не пытанне аднаго дня і нават году, бо ўкараненне такой сістэмы патрабуе не толькі вялікіх фінансавых укладанняў, але і фізічных, каб арганізаваць збор ад насельніцтва, і маральных, каб дамовіцца з вытворцамі.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Проверено на себе: Как я пыталась прожить день, не покупая лишний пластик

Што Еўрапейскі саюз робіць з адходамі ўпакоўкі?

Занепакоеныя засіллем пластыка ў паўсядзённым жыцці, нанясеннем шкоды наваколлю і ў краінах Еўрапейскага саюзу. Так, у 2015 годзе ў Дырэктыву ЕС 94/62/ЕС «Аб упакоўцы і адходах упакоўкі» былі ўнесены змены, якія датычацца поліэтыленавых пакетаў. Нягледзячы на тое, што сам дакумент мае даволі рамачны характар, і краіны самастойна вызначаюць інструменты для яго рэалізацыі, прытрымліваючыся прапісаных мэт. Напрыклад, яны запланавалі да канца 2015 года зменшыць колькасць пакетаў да 90 на чалавека ў год, а да 2019 года — увогуле да 40. Акрамя гэтага, існуе патрабаванне да канца 2018 года перастаць ў крамах прадастаўляць лёгкія пластыкавыя пакеты на бясплатнай аснове. З мэтай кантролю за рэалізацыяй дадзенага накірунку з сярэдзіны 2018 года будзе ўведзена справаздача па спажыванню пластыкавых пакетаў.

Ужо з лістапада 2016 года ў краінах ЕС будзе разгорнута інфармацыйная кампанія, якая закране праблемы шкоды ад выкарыстання лёгкай пластыкавай ўпакоўкі. Таксама вытворцы будуць абавязаны прымяняць меры па зніжэнню негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе.

  • Мяркуецца, што да 2025 года ў рэцыклінг трапіць 65% упакоўкі, 55% з якой будзе пластыкавай.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: В каких случаях пластик безвреден? Бытовые советы от токсиколога

«Сёння ў краінах ЕС павінна быць арганізавана сістэма вяртання выкарыстанай ўпакоўкі ад спажыўцоў ці яе збор з агульнага патоку адходаў. Нельга забываць і пра паўторнае выкарыстанне ўпакоўкі, што датычыцца так званай зваротнай тары, альбо калі яна такой не з'яўляецца, то арганізавана сістэма перапрацоўкі, — расказвае Аліна Бушмовіч, выканаўчы дырэктар МГА «Экапартнёрства». — Сістэмы па збору і перапрацоўцы павінны быць даступныя для ўсіх эканамічна зацікаўленых аператараў і кампетэнтных у такіх пытаннях дзяржаўных структур».

Уся ўпакоўка мусіць мець маркіроўку, якая будзе ўтрымліваць абазначэнні матэрыялаў, з якіх яна складаецца. Для пакетаў, што падлягаюць кампасціраванню, і біяразлагаемых пакетаў прадугледжана дадатковая маркіроўка, што дазволіць пазбегнуць дэзінфармацыі.

Аднак ужо сёння дырэктыва прадугледжвае істотныя патрабаванні да ўпакоўкі, якія ў абавязковым парадку павінны выконвацца ўсімі вытворцамі. Патрабаванні датычацца вырабу і складу ўпакоўкі, перапрацоўкі, у тым ліку ўлічваецца і ўздзеянне на наваколле пры абыходжанні з астаткамі ўпакоўкі. У сваю чаргу вытворцы абавязаны падцвердзіць адпаведнасць гэтым патрабаванням праз нацыянальныя стандарты сваіх краін.

Што датычыцца спажыўцоў, то, згодна дакументу, ім павінна прадастаўляцца дадзеныя аб упакоўцы, у якую абавязкова ўваходзіць інфармацыя аб сістэме збору і перапрацоўкі, аб ролі спажыўцоў у паўторным выкарыстанні ці перапрацоўцы ўпакоўкі, пра значэнне разнастайных маркіровачных знакаў і планах кіравання адходамі, якія існуюць у дадзенай мясцовасці.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Рециклинг пластика: как из вторсырья делают «конфетку»

Адзін у полі не воін

Адзіны дакумент, які ўсталёўвае патрабаванні на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу, — тэхнічны рэгламент Мытневага саюзу «Аб бяспецы ўпакоўцы», які быў распрацаваны згодна з пагадненнем аб адзіных правілах і прынцыпах рэгулявання ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліцы Казахстан і Расійскай Федэрацыі. Мэйтай яго распрацоўкі стала ўвядзенне адзіных і абавязковых для выканання патрабаванняў да ўпакоўкі, забеспячэння яе свабоднага перамяшчэння.

Рэгламент распаўсюджваецца на ўсе тыпы ўпакоўкі, якая з'яўляецца гатовай прадукцыяй і прыдатная для абароту на тэрыторыі ЕЭС незалежна ад краіны-вытворцы. Дакумент усталёўвае патрабаванні да ўпакоўкі і звязаныя з гэтым патрабаванні для працэсаў захавання, транспартавання і ўтылізацыі з мэтай абароны жыцця і здароўя людзей і навакольнага асяроддзя, а таксама папярэджання дзеянняў, якія могуць увесці спажыўцоў у зман адносна яе назначэння і бяспекі.

Разглядаюцца ў рэгламенце і пытанні перапрацоўкі. Так, у артыкуле 5 прапісана, што ў мэтах рэсурсазберажэння і выключэння забруджвання наваколля выкарыстаная ўпакоўка падлягае ўтылізацыі згодна з заканадаўствам дзяржавы-члена ЕЭС.

«Калі вялася распрацоўка тэхнічнага рэгламенту, то ў першапачатковым варыянце былі ўключаны ўпаковачныя матэрыялы і патрабаванні да ўтылізацыі. Але на паседжанні камісіі мытневага саюзу было вырашына падзяліць яго на 3 самастойныя рэгламенты: «Аб бяспецы ўпакоўкі», «Аб утылізацыі», «Аб матэрыялах, якія кантактуюць з харчовымі прадуктамі», — кажа Ірына Захарэнкава з РУП «Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі». — Затым, у 2012 годзе, было прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у рэгламент, у прыватнасці аб усталяванні патрабаванняў да ўтылізацыі ўпакоўкі. У праект былі ўключаны палажэнні аб ўтылізацыі. Але на стадыі публічнага абмеркавання праекта змяненняў рэгламенту 9-ы кансультацыйны камітэт краін-ўдзельніц ЕЭС па тэхнічнаму рэгуляванню прымянення санітарных мер вырашыў адмяніць пункты, якія датычыліся ўтылізацыі».

Такім чынам, палажэнні аб утылізацыі, узятыя з Дырэктывы ЕС 94/62/ЕС, выключылі. Прычынай гэтаму стала нязгода бізнес-структур, у асноўным Расіі і Казахстану, якія абгрунтоўвалі такое рашэнне вялікімі фінансавымі выдаткамі.

«Мы не губляем надзеі і рыхтуем ужо 4-е змяненне, куды ўвайшоў невялікі кавалачак з папярэдняга праекта наконт утылізацыі і маркіроўкі, — упэўніла Захарэнкава. – Але, на жаль, на паседжаннях калегіі ці кансультацыйнага камітэту адзін у полі не воін: вельмі цяжка адстаяць сваё меркаванне, калі ты адзіны прадстаўнік ад Беларусі, і цябе практычна не чуюць».

Рэцыклінг для эканомікі і экалогіі

У свеце вырабляецца ля 200 млн тон палімерных матэрыялаў. З іх прыблізна 40% складае упакоўка ўсіх відаў, дзе 50% — упакоўка для харчовых прадуктаў. Штогод прырост вытворчасці палімераў ацэньваецца ў 10%, што абумоўлена ростам дабрабыту насельніцтва і большым спажываннем такога віду матэрыялаў. З гэтай прычыны больш утвараецца і адходаў.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Правілы сартыроўкі смецця: што мусіць трапіць у жоўты кантэйнер, і для чаго там не знойдзецца месца?

«Самы вялікі працэнт адходаў — гэта ўпакоўка для харчовых прадуктаў, бо тэрмін яе службы максімум 48-72 гадзіны, а затым яна трапляе ў камунальныя адходы ці бытавое смецце», — зазначае Аляксандр Мануленка з Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту.

У сусветнай практыцы існуе некалькі шляхоў перапрацоўкі палімераў для другаснага іх выкарыстання. Бадай што самым мэтазгодным, у тым ліку і для Беларусі, з'яўляецца фізіка-механічны рэцыклінг, які ўключае ў сябе працэсы па зборы, раздзяленню, здрабненню, агламерацыі і грануляванню, давядзенню да неабходнага віду, каб можна было прадаць гэту сыравіну ці пусціць на вытворчасць вырабаў тэхнічнага прызначэння. Яшчэ адзін від — хімічны рэцыклінг. Але ён, па словах Аляксандра Філіпавіча, для Беларусі не зусім прымальны варыянт, бо спецзаводы з'яўляюцца вельмі дарагім задавальненнем і патрабуюць дастатковай колькасці сыравіны для свайго функцыянавання.

Тэрмічны рэцыклінг, які бывае некалькі тыпаў, у тым ліку і спальванне, за якое сёння спрабуюць учапіцца ў Беларусі.

«У нашай краіне, вядома, ён можа быць, але ўсе станцыі для ачысткі выкідаў вельмі дарагія і не паўсюль прымяняюцца. Перш за ўсё, нам трэба падумаць, чым жа будуць дыхаць нашы дзеці?» — звяртае ўвагу на праблему спецыяліст.

Для зваротнай тары варта прымяняць паўторнае выкарыстанне, што сёння ўжо рэальна нават у нашых умовах.

Аднак без датацый і ўкладанняў у перапрацоўку, без выхавання насельніцтва і прываблівання інтарэсу да гэтай справы бізнеса і дзяржавы праблема сама сабой не вырашыцца. І Аляксандр Філіпавіч упэўнены, што іншага выйсця ў нас няма, так як у цэлым перапрацоўка з'яўляецца эканамічна выгаднай і экалагічна мэтазгоднай.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость