20.11.2015 / 16:11

Сартыроўка смецця маруднымі, але ўпэўненымі крокамі ідзе па нашай краіне. Ужо толькі лянівы не звярнуў увагу на каляровыя кантэйнеры для збору другасных рэсурсаў ля дома. Але не кожны яшчэ гатовы ўзяцца раздзяляць свае адходы: кагосьці спыняе адсутнасць месца на кухні, а хтосьці проста не ведае, што і куды выкідваць. Таму на «Тыдні без пластыка» Зялёны партал вырашыў разабрацца, што ўсё ж варта і неабходна адпраўляць у жоўтыя кантэйнеры.

Ва ўсёй шматлікай разнастайнасці відаў пластыку аказалася не так складана вылучыць той, што можна і трэба сартыраваць і аддаваць на перапрацоўку. На жаль, пакуль у Беларусі гэта ўсяго некалькі ёмкасцяў.

«Можна выкідаць у жоўты кантэйнер самыя звычайныя поліэтыленавыя пакеты, тыя самыя, якімі кожны з нас карыстаецца ледзь не штодня», — кажа Анатоль Калач, супрацоўнік праграмы па хімічнай бяспецы ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў».

На Камунальным унітарным прадпрыемстве па абыходжанню з адходамі «Экарэс» нам падцвердзілі, што сапраўды яны выбіраюць для перапрацоўнікаў цэлафанавыя пакеты розных колераў.

«Зараз ёсць прадпрыемствы-спажыўцы, якім неабходныя пакецікі з-пад хлеба. Але ў нашых умовах аб'ёмы такіх адходаў ад насельніцтва вельмі малыя, і адбіраць іх з агульнай масы смецця складана. Хаця яны падлягаюць перапрацоўцы», — удакладняе Іна Савёлава, начальніца вытворча-тэхнічнага аддзела ўнітарнага прадпрыемства «Экарэс».

Ідуць у кантэйнеры для пластыка ПЭТ-бутэлькі — для вады, сокаў, з-пад малака і кефіру, пітных ёгуртаў, а таксама ёмкасці для бытавой хіміі і касметыкі — з-пад мыючых сродкаў, вадкіх парашкоў, паласкальнікаў, шампуняў і крэмаў.

«Пластыкавую бутэльку трэба сціснуць перад тым, як выкінуць, каб зменшыць яе аб'ём і закруціць корак, — дае інструкцыю Анатоль. — Можна сустрэць інфармацыю, што корак і калечка трэба звінчваць з ёмкасці і выкідаць у той жа кантэйнер, але гэта ідэальная карцінка. І зараз ёсць розныя прадпрыемствы, што займаюцца перапрацоўкай. Часткова на сваіх лініях некаторыя з іх могуць рабіць гэта самі».

Уласна на «Экарэс» коркі з бутэляк не скручваюць, ёмкасць перфаруюць і адразу адпраўляюць на прэс, пасля чаго клопат з коркамі ўжо кладзецца на перапрацоўніка:

«Сёння ў нашых пакупнікоў не паўстае пытання наконт таго, што гэта неправільна, і так не павінна быць, — зазначае Іна Мікалаеўна. — Але, вядома, выдатна, калі б ад пачатку корка ўжо не было. Гэта магло б скараціць выдаткі і тэхнічны працэс, напрыклад, не ўзнікала б неабходнасці перфарыраваць бутэлькі».

І калі ўсё ж падыходзіць да справы сартыроўкі апантанна, то пажаданна з ёмкасцяў здымаць яшчэ і этыкетку, бо не кожны яе від дазволіць адправіць на перапрацоўку і саму ёмкасць:

«Мы ставілі пытанне перад вытворцамі ўпакоўкі і харчовай прадукцыі, каб яны перагледзелі матэрыял, з якога вырабляецца этыкетка, але пакуль ёсць як ёсць...» — дадае яна.

Па словах начальніцы вытворча-тэхнічнага аддзела, не лішнім будзе спаласнуць усе ёмкасці, але ні ў якім разе нельга пакідаць у іх рэшткі вадкасці, бо ў такім выпадку тару не рызыкнуць адсартыраваць і накіраваць на перфаратар, каб не нашкодзіць тэхніцы. Аднак Анатоль скептычна ставіцца да таго, каб мыць бутэлькі, мяркуючы, што гэта дакладна ў экалагічным плане немэтазгодна. Спецыялісты прадпрыемства звяртаюць увагу і на тое, што не варта выкідаць пластыкавыя адходы ў завязаным пакеце: гэта адымае час у супрацоўніка сартыровачнай лініі на тое, каб разарваць яго і паглядзець, што менавіта ў ім знаходзіцца.

Самае месца ў кантэйнерах і для рэчаў са шчыльнага пластыка — вёдзер, тазікаў і місак.

Акрамя гэтага, на прадпрыемстве «Экарэс» прымаюць і больш габарытныя рэчы, напрыклад, дарожныя барты і адбойнікі, прамысловыя пластыкавыя каністры, крышкі ад тэлівізатараў і прадуктовыя скрыні. Усё гэта дробіцца ў гранулы, сартыруецца па колерах і атрымоўвае другое жыццё ў новых рэчах. Нядрэнным другасным рэсурсам для палімернай сыравіны з'яўляецца і цырата.

Чаму ў кантэйнеры не месца

На жаль, не патрапляюць на перапрацоўку з лініі сартыроўкі каробкі з-пад тортаў, пластыкавыя падстаўкі для цукерак, аднаразавы посуд, а таксама кантэйнеры ад яек — гэта вельмі крохкі пластык, і яго амаль не магчыма зпрэсаваць у цюкі: ён амаль увесь крошыцца на дробныя элементы.

Сыходзяць з дыстанцыі на канвееры і адпраўляюцца на палігоны шкляначкі з-пад ёгуртаў і смятаны, пакеты ад малака і кефіра.

Зубныя шчоткі — занадта дробныя і ў большасці сваёй па саставу вырабленыя не з чыстага пластыку — пойдуць на палігоны адходаў.

Не пажадана выкідаць бутэлькі з-пад алею: у сувязі са складаным працэсам іх далешай перапрацоўкі.

«Калі ў адной кіпе патрапіцца 2-3 бутэлькі, яшчэ нічога страшнага. Але ёсць вытворцы, у якіх у вялікай колькасці ўтвараюцца пластыкавыя адходы такога віду. І мы іх не забіраем», —  падкрэслівае Іна Савёлава.

Анатоль жа раіць ні ў якім разе не адсартыроўваць у жоўты кантэйнер ёмкасці з-пад маторнага масла з улікам, што яно ўжо па сваёй сутнасці хімічна небяспечнае, ад пластыка аддзяляецца вельмі цяжка, то і на перапрацоўку такім цыстэрнам лепш не трапляць.

Памперсы, тэтрапакі, пакецікі ад чыпсаў увогуле не апынуцца ў спісах пластыкавых адходаў, і выкідаць іх у жоўтыя кантэйнеры не варта.

Філасофскае пытанне сартыроўкі

«Сэнс перапрацоўкі і ўвогуле ўсёй смеццевай галіны скіраваны ці на тое, што небяспечна, напрыклад, батарэйкі, ці на тое, чаго вельмі і вельмі шмат упакоўка. Трэба спачатку разабрацца з гэтым, бо пакуль мы не можам сабраць большую частку ПЭТ-бутэляк, пакетаў. Таму думаць пра дробязі зараз не даводзіцца, калі не вырашана велізарная праблема. Вядома, што хочацца адразу імкнуцца да ідэалу, але ў гэтай сітуацыі такое амаль не магчыма», — разважае Анатоль Калач.

 

Па словах Іны Савёлавай, сёння «Экарэс» стараецца сабраць у насельніцтва той пластык, якога ўтвараецца сапраўды шмат.

«Няхай лепш у жоўты кантэйнер трапіць нават у змешаным выглядзе, але другасная сыравіна: пластык, бляшанкі, макулатура. За гэта мы скажам: «Дзякуй!» І добра, каб людзі не кідалі ў яго харчовыя арганічныя адходы, будаўнічае смецце, вопратку, гуму, скуру яно не перапрацоўваецца і стварае нам толькі праблем, замаруджваючы ўвесь працэс», — рэзюмуе спецыяліст прадпрыемства.

Таксама не трэба забываць, што многія пластыкавыя рэчы прыдатныя для паўторнага прымянення перад тым, як адправіцца на перапрацоўку ці палігоны. Напрыклад, бярыце ў краму свае фасовачныя пакеты, не набывайце новыя, шкляначкі з-пад ёгуртаў і смятаны саслужаць вашым бабулям і мамам добрымі гаршочкамі для расады, а некаторыя кантэйнеры ад харчовых прадуктаў могуць стаць зручнымі ёмкасцямі для захавання дробных рэчаў у камодзе ці лішкаў ежы ў халадзільніку і сыпучых рэчываў у шафе.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Биоразлагаемый пластик не решит проблему загрязнения Мирового океана

Проверено на себе: Как я пыталась прожить день, не покупая лишний пластик

Пластык у рознічным гандлі: як сысці з крамы без пакета?

В Минске, Солигорске и Витебске развернулась антипластиковая кампания: «Спасибо» каждому, кто откажется от пакета!

Автор:
Фотограф:
Ганна Дапшэвічуце, Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость