Найчасцей канфлікты разгараюцца на стадыі, калі змяніць рашэнне па забудове ці ўзвядзенні вытворчага прадпрыемства ў непасрэднай блізасці ад населеных пунктаў бывае ўжо позна: праект прайшоў усе стадыі ўзгаднення і катлаван ужо пачынаюць капаць.
"Праблема заключаецца ў тым, што ў апаведнасці з нашым заканадаўствам людзей інфармуюць на стадыі, калі ўжо распрацаваны праект, — будзь гэта архітэктурная дзейнасць: Генплан, план дэтальнага планавання, будаўніцтва асобных дамоў і бізнас-цэнтраў ці абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай дзейнасці. Гэта дзве розныя магчымасці для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў. Аднак людзі інфармуюцца пра такія грамадскія абмеркаванні праз сайт мясцовага выканкама ці публікацыю ў мясцовай газеце. Ні тое, ні другое звычайна людзі не адсочваюць. Акрамя таго, аб'яўкі зфармуляваныя так, што нават прачытаўшы яго, не заўсёды магчыма зразумець, што на самой справе будзе абмяркоўвацца", — тлумачыць Марына Дубіна, актывістка грамадскага аб'яднання "Экадом".
І ўсё ж рукі адразу апускаць не варта. У вас ёсць некалькі варыянтаў для дзеянняў, якія могуць паспрыяць, калі не вырашэнню сітуацыі, то хаця б яе паляпшэнню.
- Як можна вырашыць экалагічныя праблемы самастойна — алгарытмы дзеянняў ад Зялёнага тэлефона.
-
Что делать в случае уплотнительной застройки: руководство для местных жителей
- Когда люди с чем-то не согласны, их называют некомпетентными, а их комментарии – необоснованными
Варыянт 1: Пасіўны
Калі вас хвалюе несправядлівасць сітуацыі, але вы не адчуваеце ў сабе сіл уключыцца ў ініцыятыўную групу мясцовых жыхароў па шэрагу прычын (сям'я, праца, страх), то ваш варыянт — падпісаць петыцыю, ці аддаць "жывы" голас пад калектыўным зваротам. Акрамя таго, вы можаце ўзяцца за пошук экспертаў, аналіз дакументацыі і распаўсюджванне інфармацыі.
Платформы, на якіх звычайна размяшчаюцца петыцыі:
- zvarot.by
- Зручны горада
- change.org — петыцыі з гэтага рэсурса могуць не разглядацца дзяржаўнымі органамі, так як іх форма не адпавядае беларускаму заканадаўству.
"Самі па сабе подпісы не гарантуюць, што праект адменяць ці ўнясуць змяненні ў плануемую дзейнасць. Звычайна камісія пра правядзенні грамадскіх абмеркаванняў іх та прыме і адзначыць у пратаколе абмеркаванняў, які пасля пойдзе па ўсім стадыям разгляду і ўзгаднення дакументацыі. Але чым болей подпісаў і зваротаў, тым больш паказана і адлюстравана грамадская пазіцыя ў дачыненні да дадзенага аб'екта. Таму вельмі важна, што менавіта вы пішаце ў звароце, на што спасылаецеся і чым аргументуеце сваю пазіцыю, ці знайшлі вы якія-небудзь неадпаведнасці, парушэнні. Вядома, без экспертнай дапамогі падрыхтаваць аргументаваны зварот складана".
У аб'яве пра правядзенне грамадскіх абмеркаванняў заўсёды ўказана, куды менавіта і ў які тэрмін трэба накіраваць каментары і прапановы. Але вы таксама можаце накіраваць іх непасрэдна ў тыя органы, што могуць паўплываць на прыняцце рашэнняў. Напрыклад, калі для аб'екта патрабуецца дзяржэкспертыза і вы знайшлі парушэнне ў галіне аховы наваколля — пішыце ў Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Непасрэдна ён будзе праводзіць экспертызу і разглядаць пры яе правядзенні вашыя заўвагі.
"Можна пісаць і ў іншыя дзяржаўныя органы, але варта не забываць, што ў кожнага з іх свая кампетэнцыя — пішыце звароты з гэтым улікам. Аднак у рамках грамадскіх абмеркаванняў важна накіраваць вашы звароты з подпісамі менавіта ў тэрмін і па кантактам указаным у аб'яўцы, у камісію па правядзенні грамадскіх абмеркаванняў
І не варта па ўсіх пытаннях пісаць прэзідэнту, міністру і ва ўсе вышэйшыя інстанцыі — вам гэта не дапаможа і вы толькі згубіце час. А дзяржорганы будуць пастаянна перасылаць звароты "уніз", — кажа экспертка Марына Дубіна.
Варыянт 2: Актыўны, але з пэўнымі "але"…
Калі ўсё ж вы разумееце, што быць назіральнікам барацьбы вы проста не можаце, то нырайце ў гушчу падзей з галавой. Толькі ўлічыце, што дамагчыся праўды будзе вымагаць шмат сіл і часу.
Пастарайцеся падключыцца да ініцыятыўнай групы ці аб'яднаць аднадумцаў вакол сябе. Вам давядзецца шмат працаваць з вузкаспецыяльнай дакументацыяй і экспертамі, удзельнічаць у перамовах, абмеркаваннях, у крайнім выпадку нават ісці ў суд. Дзеля гэтага абавязкова трэба выпрацаваць агульную пазіцыю, якая б была прымальна для мясцовых жыхароў, а таксама распрацаваць план дзеянняў, каб нічога не выпусціць з віду.
"Памятайце, што час іграе супраць вас. Трэба дакладна разумець у якіх абставінах вы дзейнічаеце, якія ў вас тэрміны, ад каго залежыць прыняцце рашэнняў, хто будзе ўзгадняць праект, хто і якія дазволы выдае. Вы можаце пісаць звароты, хадзіць на прыёмы. Але не забывайце інфармаваць грамадскасць, журналістаў пра вашыя дзеянні. Асвятленне праблемы — важна!"
"Каардынуйце сваю дзейнасць з іншымі актывістамі, арганізуйце сустрэчы па планаванні і распрацоўцы пазіцыі, — зазначае Марына Дубіна, — Старайцеся быць канструктыўнымі, мець абгрунтаванне вашай пазіцыі, экспертную ацэнку і заручыцца падтрымкай спецыялістаў. Дзеля таго, каб ваша пазіцыя мела большую вагу. Улічвайце, што людзі могуць па-рознаму ўдзельнічаць у дзейнасці, але ўнёсак кожнага важны: хтосьці збярэ подпісы, хтосьці знойдзе экспертаў, хтосьці будзе камунікаваць з журналістамі, а хтосьці гатовы здаць грошы на юрыстаў".
Асабліву ўвагу звяртайце на правядзенне грамадскіх абмеркаванняў. Прымаць удзел у такіх мерапрыемствах важна, хаця б таму, што вы можаце пачуць аргументы іншага боку і данесці свае. Таксама на грамадскіх абмеркаваннях вы можаце падаць свае каментары да праекта, але ніхто не дае гарантыі, што іх улічаць.
«Грамадскія абмеркаванні — гэта тая стадыя, калі ўсе рашэнні яшчэ не прыняты, і ад супольнасцяў чакаюць каментары і прапановы. Звычайна калі ў людзей атрымоўвагася штосьці адстаяць, змяніць праект, дамагчыся адмены дзейнасці — гэта была іх заслуга актыўнага ўдзела ў абмеркаваннях», — кажа Марына.
- «Калі людзі не жадаюць сыходзіць з зямлі, варта гэта ўлічваць». На грамадскіх абмеркаваннях зноў разгарэлася бойка за Асмалоўк
- Рэвалюцыя ў Бараўлянах: жыхары выступілі супраць забудовы пасёлку, і чыноўнікі да іх прыслухаліся
Аднак будзьце гатовыя да таго, што не кожны праект можа мець нулявое рашэнне — адмену рэалізацыі. Ёсць шэраг інвестыцыйна-палітычных аб'ектаў, якія пры ўсім нежаданні людзей прыпыніць практычна не магчыма. Таму ўзважвайце ўсе "за" і "супраць". У такой сітуацыі магчымым выйсце можа быць кампрамісны варыянт, калі прадпрыемства пабудуюць, але вы зможаце дабіцца якасных ачышчальных і маніторынгу яго выкідаў.
"Памятайце, што вашыя мэты могуць быць, як жадаемыя і ідэальныя, так часам і не зусім рэалістычныя і дасягальныя. Абмяркуйце з мясцовымі жыхарамі, ці гатовыя вы, напрыклад, дамагчыся не поўнай адмены праекта, а ўнясення змяненняў у яго: замест 9-ціпавярховага дома — 5-ціпавярховы, і патрабаваць будаўніцтва дзіцячых пляцовак, добраўпарадкаваць зялёныя зоны. Не апускайце рукі! Не губляйце час! Майце план "Б".
"Нават калі вам не ўдалося цалкам дабіцца адмены праекта, можна пастарацца дамагчыся кампенсацыйных мер — змяншэння вытворчасці, усталяванне больш сучасных ачышчальных, шумаізаляцыйныя экраны, аб'яздныя дарогі, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый".
"І нават пры запуску прадпрыемства, не апускайце рукі і не спыняйцеся! Ад ваша ўдзелу залежыць якім чынам гэта дзейнасць будзе ўплываць на вас і наваколле. Ажыццяўляйце пост-маніторынг", — падказвае экспертка.
Варыянт 3: Радыкальны
Ужо было не мала выпадкаў, калі мясцовыя жыхары ўступалі ў прамую канфрантацыю з будаўнікамі, выходзілі з пікетамі супраць будаўніцтва і ставілі намётавы гарадок. Дзесьці гэта сыграла на карысць кампаніі, а дзесьці толькі папсавала людзям нервы, не прынёсшы станоўчага выніку.
Аднак варта памятаць, што акрамя сапсаванага здароўя і некалькі соцен непрыемных каментароў, вы рызыкуеце атрымаць рэальныя штрафы і нават суткі за парушэнне правапарадку.
"Так, гэта рэчаіснасць. Трэба разумець, што за любую дзейнасць у нашай краіне можа быць адказнасць. Нават калі вы нічога не зрабілі".
"Калі людзей ніхто не хоча чуць, яны вымушаны ісці на прамую абарону сваіх правоў і інтарэсаў: залазіць на кран, станавіцца пад дрэвы, разбіваць намётавы лагер. Бо па-іншаму іх не чуюць і не хочуць чуць. Бясконцая перапіска ператвараецца ў бессэнсоўную руціну з мноствам адпісак, паходы на прыёмы становяцца пустаслоўем, грамадскія сходы — выглядаюць хаосам, дзе ніхто нічога не хоча слухаць: дзяржаўныя орагны ў чаканні, грамадскасць выпускае пару. Пасля ўсе разыходзяцца як быццам бы справа абмеркавана, усе праінфармаваны. Такая практыка непазбежна вядзе да сацыяльнай напружанасці, калі з людзьмі не лічацца. Калі людзі не будуць уключаны ў працэс прыняцця рашэнняў на раннім этапе і не будуць мець рэальных інструментаў для ўдзелу, будуць узнікаць канфлікты", — падкрэслівае Марына Дубіна.