— Яраслаў, давай пачнем з таго, што вызначымся колькі на сённяшні дзень таварыства мае арганізацый і індывідуальных прадстаўнікоў?
— Мы сустракаемся кожны год, і да нас пастаянна далучаюцца. Гэта сустрэча паказала, што ўсяго ў Зялёную сетку ўваходзяць 16 грамадскіх арганізацый і 38 індывідуальных удзельнікаў.
— Якія тэмы абмяркоўваліся на мінулай сустрэчы?
— Акрамя справаздачна-выбарных спраў мы распрацоўвалі стратэгію на наступны перыяд, з 2016 па 2020 гады. Уласна на сустрэчы мы дамаўляліся пра агульныя мэты і задачы, улічваючы, што знешнія ўмовы вельмі моцна змяняюцца, адпаведна, і крэатыўна-перспектыўная стратэгія таксама.
— А калі больш канкрэтызаваць, напрыклад, што ўсё ж за змяненні адбываюцца?
— Развіццё нацыянальнай экалагічнай палітыкі паскараецца, і звязана гэта з шэрагам фактараў, напрыклад, з тым, што тэмы аховы навакольнага асяроддзя, змянення клімату і іншыя з'яўляюцца флагманамі ў міжнародным працэсе, а таксама становяцца асноўнымі ў рамках адносін, якія размарожваюцца паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Ужо пабудаваныя многія праграмы на гэтай аснове, некаторыя толькі ўзгадняюцца, у канцы мінулага года свет пераступіў мёртвую кропку перамоў па клімату ў Парыжы. Усё гэта становіцца стымулам для развіцця, у тым ліку і для нашай нацыянальнай экалагічнай палітыкі.
Беларусь заключыла шэраг пагадненняў па розных накірунках з Еўрапейскім саюзам, міжнароднымі арганізацыямі наконт таго, што нам цяпер з гэтым усім рабіць. Але паўстае пытанне: як наша краіна будзе штосьці ажыццяўляць, бо акрамя ўсяго існуюць яшчэ і пэўныя ўнутранія выклікі, якія тармозяць развіццё кожнай вобласці. Напрыклад, самі відавочны — эканамічны крызіс, затым геапалітычны крызіс, калі мы фактычна з'яўляемся адзінай краінай Усходняга партнёрства, якая не мае адкрытага ваеннага канфлікту са сваім суседам ці з якой-небудзь краінай Еўропы. Аднак, нягледзячы на такое становішча, мы ўсё роўна падвергнуты сацыяльным і эканамічным рызыкам, што існуюць вакол нас.
Міністр аховы навакольнага асяроддзя неаднаразова заяўляў пра развіццё энергетыкі, рост здабычы, выкарыстання і транзіту, перапрацоўкі вуглевадародаў, што ў прынцыпе на сённяшні дзень з'яўляецца ўжо рэтраградам сусветных трэндаў, бо цэны на нафту падаюць, зберагальныя, энергаэфектыўныя і альтэрнатыўныя тэхналогіі ў энергетыцы зараз актыўна субсідуюцца.
Таму задача, якую кіраўнік дзяржавы паставіў перад профільным міністэрствам, хутчэй супрацьдзейнічае нашаму развіццю, чым спрыяе яму.
Увязаўшыся ў эканамічны крызіс, краіна не можа дазволіць сабе інвестыцыі, якія гарантавалі б доўгатэрміновыя і стабільныя выгады. Адпаведна, арыентацыя зараз адбываецца на вельмі хуткія крэдыты з імгненнай іх рэалізацыяй. Адсюль мы атрымоўваем кітайскі індустрыяльны парк, расійскую АЭС, абсалютна нерацыянальныя рашэнні па развіццю гарадоў і іншае. Усе гэтыя моманты напрымую супярэчаць тым спрыяльным умовам развіцця экалагічнай палітыкі і праз яе ўсіх астатніх звязаных сектароў эканомікі: энергетыкі, сельскай гаспадаркі і ЖКГ, транспарту і г.д. Вось у такіх супярэчлівых абставінах мы сёння знаходзімся.
— І як адчуваюць сябе грамадскія арганізацыі ў такой сітуацыі?
— У такой сітуацыі назіраюцца два моманты. Першы, калі НДА усё больш выцясняюцца са сферы грамадскага інтарэсу. І адбываецца такое ў шэрагу тэматычных галін: адукацыйныя, асветніцкія, праваабарончыя арганізацыі губляюць, на жаль, свае пазіцыі.
А вось тэма абароны наваколля, наадварот, трапляе ў трэнд. Экалагічных арганізацый становіцца больш, яны пачынаюць быць больш заўважнымі, часцей пачынаюць СМІ звяртацца да «зялёных». Адпаведна, што і адказнасць, якая ўскладаецца на экалагічныя НДА, узрастае.
Аднак экалагічныя арганізацыі пакутуюць ад шэрагу традыцыйных «хвароб», напрыклад, ад залежнасці ад знешняга фінансавання. Звязана гэта і з малой грамадскай актыўнасцю ў валанцёрстве. І прычына тут не ў адсутнасці жадання ў людзей, а ў тым, што няма ў нас пакуль механізмаў арганізацыі і каардынацыі валанцёраў. Толькі-толькі пачынаюць з'яўляцца слушныя краўдсорсінгавыя і краўдфандзігавыя пляцоўкі, чаго даўно не было. Таму, трапіўшы ў залежнасць ад знешняга фінансавання, калі мясцовы бізнес не гатовы на доўгатэрміновай аснове падтрымліваць тую ці іншую ініцыятыву, чыноўнікі бяруцца толькі за самыя лаяльныя арганізацыі, а еўрапейскія краіны ў сілу свайго сацыяльнага і эканамічнага крызісу скарачаюць выдзяленне грошай, узрастае канкурэнцыя за донарскія рэсурсы і ўзнікае канфлікт інтарэсу.
Я лічу, што ў гэтай сітуацыі важна пачаць дзейнічаць зладжана, каб малымі сродкамі мастацкай выразнасці дасягаць большага эфекту, а з другога боку — пара злазіць з гэтай залежнасці і пераходзіць на традыцыйныя і максімальна грамадскія сродкі падтрымкі.
Найбольш прагрэсіўныя арганізацыі ўжо сёння паставілі перад сабой задачы працаваць з грамадскім меркаваннем, валанцёрамі, стварыць інстытут прыхільнікаў і іншае. Такім чынам, трэці сектар зараз перастае быць трэцім сектарам і вяртаецца ва ўлонне грамадскай супольнасці. Нягледзячы на тое, што гэта даволі балючы працэс, але мае ён пазітыўную афарбоўку.
На сустрэчы Зялёнай сеткі з усімі нашымі арганізацыямі і індывідуальнымі таварышамі мы абмяркоўвалі, як максімальна эфектыўна, не губляючы ні тэмпаў працы, ні якасці, ні амбіцый, адаптавацца да гэтых ўмоў і працягнуць людзей служыць сваім мэтам.
— Да чаго дамовіліся?
— На наступныя пяць год выбраны тры стратыгічныя накірункі. Першы — захаванне прыроды. І гаворка тут вядзецца не толькі пра захаванне ці кансервацыю наваколля, але і пра тое, што варта займацца аднаўленнем парушаных экасістэм, як лакальных, так і глабальных. Гэта не толькі пасадка дрэваў ці аднаўленне балот, але і развіццё заканадаўства, супрацоўніцтва і партнёрства з зацікаўленымі бакамі на міжнародным узроўні, дзяржаўным і бізнес-супольнасцю ў мэтах захавання прыроды.
Другі накірунак — гэта грамадскі ўдзел. Мы ўпэўнены, што дасягнуць устойлівых і збалансаваных вынікаў можна праз удзел грамадзян. А тым больш, што Орхуская канвенцыя дазваляе нам карыстацца інстытутамі і інструментамі грамадскага ўдзелу ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў. Таму гэтыя практыкі нам і варта прасоўваць. Тым больш што гэта культура і нормы ўдзелу паступова мігруюць і ў іншыя грамадска-значныя галіны.
Трэці накірунак — развіццё зялёнага руху як беларускага ў цэлым, так і рэгіянальнага. Для нас тут асабліва важны рэгіён краін былога Савецкага саюзу — ВЕКЦА (Усходняй Еўропы, Каўказу і Цэнтральнай Азіі — дад.рэд.), дзе мы ўжо шмат чаго прапанавалі і дасягнулі. І лічым, што гэты накірунак абавязкова трэба працягваць, каб больш людзей і арганізацый, больш суб'ектаў зялёнага руху з'яўлялася на карце, каб экалагічныя каштоўнасці сталі першачарговымі для ўсіх ігракоў. У першую чаргу мы, вядома, ускладаем надзеі на тое, што будзе з'яўляцца больш экалагічных груп, ініцыятыў і кампаній, якія будуць больш кампетэнтнымі, з моцным экспертным патэнцыялам для пабудовы грамадства з «зялёнай» павесткай. Таму мы прыкладаем намаганні, каб падтрымліваць і нейкім чынам песціць гэты рух і забяспечваць інфармацыйна, юрыдычны і г.д.
— А што тычыцца іншых арганіцый, ці пачалі далучацца да Зялёнай сеткі тыя, для каго экалагічная тэма хутчэй з'яўляецца пабочнай?
— Магчыма не на гэтай сустрэчы, але такая тэндэнцыя назіраецца, калі сталыя грамадскія арганізацыі паступова ўнікаюць у «зялёныя» тэмы і, адпаведна, усё больш штосьці робяць у гэтым накірунку. Напрыклад, апошнім часам такая арганізацыя, як «Трэці сектар», у свае адукацыйныя праграмы ўводзіць «зялёныя» кампаненты. «Гомельскі дэмакратычны форум» і іх навінавы рэсурс «Моцныя навіны» яшчэ ў мінулым годзе адным са сваіх стратэгічных накірункаў выбралі тэму «зялёнай» эканомікі. Шмат каму вядомая Святлана Каралёва, якая некалькі год узначальвала Саюз моладзевых арганізацый «Рада», цяпер з'яўляецца старшынёй каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, далучылася да Зялёнай сеткі ў гэтым годзе.
Мы бачым, што шэраг арганізацый паступова ўспрымаюць «зялёную» павестку, але ж гэта толькі вяршыня айсберга. Групай кампаній «SATIO» па нашай просьбе было праведзена даследаванне таго, як беларусы ўспрымаюць, і на што яны гатовы ў сувязі з экалагічнай сітуацыяй. Такое ж даследванне плануем паўтарыць праз год, каб прасачыць дынаміку, што памянялася ў свядомасці грамадзян, у рэпрэзентацыі гэтай тэмы ў СМІ і г.д. Тады можна будзе казаць пра тое, што адбываецца, як выглядаюць трэнды, і больш навукова падыйсці да ацэнкі.
— Напрыканцы года на арэну зноў выйшаў стары ігрок у новым саставе — Беларуская партыя «Зялёныя». Як складваюцца адносіны з ёй, і пра што ўдалося дамовіцца з прадстаўнікамі партыі на сустрэчы Зялёнай сеткі?
— Паколькі многія актывісты таварыства ўступілі ў партыю і аказаліся ў яе Цэнтральным савеце, мы вырашылі, што нам неабходна абмеркаваць пытанне, якім чынам будаваць цяпер адносіны з БПЗ. Таму на сустрэчу быў запрошаны прадстаўнік партыі, каб ён увёў нас у курс спраў, што з сябе прадстаўляе партыя, якія планы мае на будычыню, дзе нашы кропкі разыходжання і сыходжання. Неабходна гэта было для рэфлексіі таго, што адбылося, бо нічога такога не планавалася загадзя, і ў СМІ патрапілі словы некаторых партыўных кіраўнікоў, што, маўляў, мы цяпер бліжэй адзін да аднаго. Але так сталася не праз тое, што актывісты таварыства ўступілі ў партыю, а за кошт таго, што сама яна ажыла пасля доўгага знаходжання ў каматозным стане. А цяпер з прыходам новага старшыні Анастасіі Дарафеевай з'явілася надзея, што ў Беларусі створыцца яшчэ і партыўны «зялёны» рух, праз які будзе прасоўвацца экалагічная тэма ў грамадства. Не магу сказаць, ці будзе ён і палітычным, бо маю глыбокае перакананне, што палітыка робіцца ў нас не праз партыйныя інстытуты, парламент ці канкурэнцыю, а праз зусім іншыя інструменты, якія партыям таксама недаступныя. Аднак усё ж яны маюць спецыфічныя і дастаткова перспектыўныя механізмы стасункаў з шырокімі масамі. І, напэўна, гэта добра.
Увогуле, перад кампаніяй 2016 года многія палітычныя структуры страпянуліся і мелі спробу выйсці з намі на сувязь па тэме супрацоўніцтва. Не ведаю, што з гэтага атрымаецца, але дзеля справядлівасці хачу зазначыць, што мы адкрыты для ўсіх у межах разумнага. Але трэба памятаць, што Таварыства «Зялёная сетка» не з'яўляецца партыяй і не можа выступаць ў гэтай якасці, нягледзячы на тое, што экалагічная палітыка і грамадскі ўдзел з'яўляюцца фокусам нашага інтарэсу.
— А ці ўдалося дамовіцца да нечага канкрэтнага з партыяй?
— У самым пачатку прадстаўнік партыі сустрэў востры недавер з боку прадстаўнікоў Зялёнай сеткі, што прысутнічалі на сустрэчы. Не так даўно я перачытваў даследванне Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі на тэму патэнцыяла салідарнасці грамадскай супольнасці ў Беларусі і натыкнуўся на такі тэзіс, што грамадскія актывісты, асабліва з экалагічных арганізацый, з'яўляюцца найбольш скептычна настроенымі ў адносінах да любых палітычных структур і дзяржавы. Таму большасць нашых таварышаў і калег не схільныя камусьці давяраць, у тым ліку партыі «Зялёныя», нагледзячы на пэўную блізасць каштоўнасцяў і павесткі.
Аднак мяне як чалавека радуе, што партыя аднавілася, і я шчыра буду ўзрушаны любымі яе поспехамі. Думаю, мы як мінімум знойдзем некалькі відаў дзейнасці для супрацы, але хацелася б, каб гэта было не перад самым правядзеннем той ці іншай кампаніі, а больш раўнамерна і ў іх прамежку.