Гісторыя пытання
«Праект закону пачаў распрацоўвацца яшчэ ў 2001 годзе, у 2004-м ён нават прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, але з-за няўзгодненасці меркаванняў розных зацікаўленых бакоў у другім чытанні быў адазваны прэзідэнтам», — паведаміла Людміла Лагіноўская з Цэнтра этычных адносін да прыроды.
Наступным разам, у 2007 годзе, праект зноў не прайшоў, але ўжо з-за таго, што сакратарыят савету па бяспецы адміністрацыі прэзідэнта заявіў пра немэтазгоднасць прыняцця такога нарматыўна-прававога дакументу.
«У 2011 годзе да справы падключыліся прадстаўнікі заоабарончых арганізацый. І на гэты раз пры яго распрацоўцы сталі выкарыстоўвацца нормы мадэльнага праекту закона СНД, які быў падпісаны ААН. Але законапраект быў адазваны: адміністрацыя прэзідэнта палічыла, што прыняцце такога закону заўчасна», — з жалем зазначыла Людміла.
Чарговы праект рыхтаваўся для разгляду дэпутатамі ў 2015 годзе, аднак яго палажэнні выклікалі рэзкую крытыку з боку грамадскасці. На іх думку, ён з'яўляецца найгоршым варыянтам у параўнанні з папярэднімі праектамі і можа служыць прыкладам таго, як ні ў якім разе нельга абыходзіцца з жывёламі.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Зоозащитники о законопроекте «Об обращении с животными»: «Даже в таком виде он может быть полезен обществу»
Чаго хочуць заоабаронцы ад Закона аб абыходжанні з жывёламі
Прадстаўнікоў зоаабарончых арганізацый насцярожваюць моманты, што наўпрост супярэчаць заяўленым у прэамбуле закону прынцыпам. Напрыклад, пункты, якія дапускаюць прымяненне такога прэпарату, як «Дзіцылін», каб абезрухоміць жывёл, ці прымяненне электратока для забойства футраных звяроў.
«Гэта ніякім чынам не спрыяе развіццю гуманнасці і ўзмацненню маральнасці ў грамадстве. Так, прымяненне таго ж «Дзіцеліну» супрацоўнікамі адлову часта прыводзіць да пакутлівай смерці жывёл ад удушша, бо разлічыць яго правільную дозу, не маючы спецадукацыі, вельмі складана, — падкрэслівае Людміла. — Акрамя гэтага, у праекце закону адсутнічаюць механізмы па зніжэнню колькасці беспрытульных жывёл. А па афіцыйных дадзеных штогод у краіне адлоўліваюць і знішчаюць да 80 тысяч беспрытульных катоў і сабак».
Зоаабаронцы намагаюцца на заканадаўчым узроўні ўвесці забарону на прапаганду палявання і выкарыстанне капканаў і сілоў, як гэта было зроблена ў Украіне ў 2006 годзе, калі пад артыкул трапілі нават мышалоўкі, а таксама ў Расіі, дзе з 2013 года нельга карыстацца капканамі.
Недапушчальнымі ў нашай краіне, на думку абаронцаў жывёл, павінны быць і мабільныя заапаркі і цыркі, бо ў большасці сваёй яны дрэнна абсталяваны і не могуць задаволіць фізіялагічныя патрэбы іх гадаванцаў.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Расследование Зелёного портала: Имеют ли контактные зоопарки право на существование?
«Выклікае здзіўленне і тое, што праектам закону дапускаюцца дзеянні, якія могуць прывесці да гібелі ці калецтва жывёл пры выкарыстанні іх у культурнай дзейнасці і спартыўных мерапрыемствах. У мяне ўласна ўзнікае пытанне, якая ж гэта культурная дзейнасць, калі можна здзеквацца над жывёламі?» — не разумее Людміла.
Этыка ў заканадаўстве еўрапейскіх краін
Зусім іншую карціну можна назіраць у Еўрапейскім саюзе, дзе ўжо існуе даволі развітае заканадаўства ў галіне абыходжання з жывёламі. На міжнародным узроўні ў краінах ЕС распрацаваны базавыя прынцыпы, уведзены ў практыку канвенцыі па абароне правоў жывёл, а на нацыянальным — законы і нават нормы канстытуцыі, якія рэгулююць адносіны чалавека з хатнімі і беcпрытульнымі жывёламі, лабараторнымі, сельскагаспадарчымі і з прадстаўнікамі фаўны, якія выкарыстоўваюцца ў забаўляльнай індустрыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 плакатов против использования человеком животных
Вялікую ролю сыграла ўвядзенне ў заканадаўства прынцыпаў 3R, якія агадваюць скарачэнне эксплуатаваных жывёл, удасканаленне методык правядзення эксперыментаў і замену вопытаў на больш гуманныя альтэрнатывы. Гэта паспрыяла прыняццю шэрага рашэнняў, кардынальным чынам змяняючых становішча жывёл у стасунках з чалавекам. Так, напрыклад, ва ўстановах, дзе праводзяцца эксперыменты, функцыянуюць спецыяльныя камітэты, якія ажыццяўляюць этычную экспертызу таго ці іншага вопыту і даюць спецыяльны дазвол на яго правядзенне. Канвенцыяй па абароне пазваночных жывёл, якія выкарыстоўваюцца ў эксперыментах, уведзена забарона на правядзенне любога кшталту вопытаў пры наяўнасці гуманных альтэрнатыў.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: 24 апреля мир отмечает День защиты лабораторных животных. Беларусь пока в стороне?
Нямалаважным стала рашэнне ў адмове выкарыстоўваць жывёл у забаўляльнай індустрыі. Нідэрланды ў 2015 годзе далучыліся да спіса з 10 еўрапейскіх краін, якія забараняюць цыркавыя шоў з удзелам дзікіх жывёл праз іх празмерную жорсткасць. Пры гэтым некаторыя краіны максімальна распаўсюдзілі такі падыход, забараніўшы нумары і з хатнімі гадаванцамі.
Іспанія ў 2009 годзе стала першай краінай, якая сканцэнтравала сваю ўвагу на правах жывёл канкрэтных відаў. Прынятая краінай рэзалюцыя тычылася правоў буйных чалавекападобных малпаў, правы якіх былі прыраўнены да чалавечых. Гэта дазволіла ўвесці забарону на ўтрыманне іх у якасці аб'ектаў маёмасці, на ўдзел у цыркавых нумарах, на правядзенне лабараторных вопытаў. Дзякуючы закону, які пачаў дзейнічаць у 2008 годзе, у Швейцарыі жывёлы таксама перасталі прыраўнівацца да рэчаў ці маёмасці. А не так даўно, у 2013 годзе, Міністэрствам навакольнага асяроддзя і лясоў Індыі было прынята рашэнне забараніць утрымліваць дэльфінаў у няволі і выкарыстоўваць у забаўляльнай індустрыі. Прычынай гэтаму паслужыла прызнанне кітападобных разумнымі істотамі і наданне ім статусу асобы.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Праздник у китов и дельфинов, или Имеют ли дельфинарии право на существование?
Строгія правілы існуюць і ў дачыненні да сельскагаспадарчых жывёл, у тым ліку і да тых, што выкарыстоўваюцца ў футраной індустрыі. Такія краіны, як Велікабрытанія, Аўстралія, Харватыя і Славенія, увялі забарону на выраб натуральнага футра. У Швейцарыі пасля ўвядзенне строгіх правіл звераводства пачалі закрывацца фермы з-за невыгадных умоў іх утрымання. Быў уведзены рэгламент па ўмовах ўтрымання сельскагаспадарчых жывёл, дзякуючы якому ў краінах ЕС зараз нельга размяшчаць кур у батарэйных клетках. Аўстралія забараніла жорсткія метады інтэнсіўнага вырошчвання жывёл, куды ўваходзіць абразанне дзюбаў, утрыманне свінаматак у станках і г.д.
У большасці сваёй еўрапейскія краіны вырашылі пытанне з беспрытульнымі жывёламі, таксама створаны і дзейнічаюць механізмы стэрылізацыі і чыпіравання гадаванцаў, ліцэнзаванага развядзення і сістэма крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за пакіданне жывёл без нагляду.
Аднак найбольш прагрэсіўнай у гэтай галіне ва ўсіх адносінах з'яўляецца Германія, якая стала першай дзяржавай у свеце, дзе правы жывёл замацаваны Канстытуцыяй краіны.